Вы тут

Як жыве апошняя жыхарка вёскі Ацяты Маларыцкага раёна


Заўважаю, што многія героі маёй рубрыкі — дзеці ваенных гадоў. Часам даводзіцца здзіўляцца: колькі выпадзе на долю аднаго чалавека цяжкасцяў, выпрабаванняў, а ён годна пражыве, выгадуе дзяцей, не страціць цікавасці да жыцця нават у старасці. Ды што там здзіўляцца, бацькі іх яшчэ цяжэй жылі, асабліва маці, салдацкія ўдовы. Пра іх гаротную долю, слёзы цягам усяго жыцця хіба раскажаш? Але ж вытрымалі, дзяцей паднялі. Вось і Марыю маці адна гадавала.


Бацька

Марыя Іванаўна Дзямчук нарадзілася ў 1940 годзе. Бацьку забралі на фронт пасля вызвалення, у 44-м. Яны ж зусім маладыя з маці былі, яшчэ і пяць гадоў не пражылі разам. Бацька, ці, правільней сказаць, яго вобраз, адлюстраваўся ў яе дзіцячай памяці толькі раз. Ён адыходзіў на вайну, маці запрагала каня, каб падвезці яго на зборны пункт. Ён сядзіць на возе спінай, твар яго яна не бачыць, бо моцна ўхапілася за падол мамінай спадніцы, а малую сястрычку маці трымае на руцэ. Вось такая карцінка з дзяцінства. І ўсё, потым быў фотаздымак на сцяне, дзе ён назаўсёды малады і прыгожы. Яго забілі недзе перад Перамогай. Калі б ён вярнуўся, усё было б па-іншаму, яна, напрыклад, атрымала б адукацыю, паехала б хутчэй за ўсё жыць у горад.

Хлеб

А так яны выжывалі як маглі. У 47-м годзе маці дабаўляла ў цеста тоўчаныя жалуды, калі пякла хлеб. «Хлеб ад іх быў цёмны, нібы шакалад, але тады нам здаваўся смачным, асабліва свежы, цёплы», — згадвае Марыя Іванаўна. Хлеб для іх яшчэ доўга-доўга быў самым галоўным клопатам. Купіць бохан у магазіне можна было толькі ў Брэсце, і то калі выстаіш даўжэнную чаргу, якую займалі з ночы. Аднойчы маці ўзяла яе з сабой у горад у спадзяванні ўзяць два боханы, бо ў рукі давалі толькі адзін. Паставіла малую ў чаргу за некалькі чалавек ад сябе. «А калі падышла машына з хлебам, тая чарга стала сціскацца, нібы спружына, мяне то пнулі, то прыціскалі, я чаплялася за нечыя рукі, каптаны, а потым мяне нібы вынесла ўперад, там ужо выціскаліся тыя, хто паспеў купіць хлеб, і адзін чалавек нейкім чынам зачапіў мяне боханам па твары, цвёрдая скарынка разадрала шчаку. Я стаю, плачу, маці выскачыла з чаргі — адным словам, гора набраліся, а не хлеба, — гэта яшчэ адзін успамін дзяцінства Марыі Дзямчук. — А як мы з маці аралі, сеялі, цяпер страшна ўявіць. Яна, як і ўсе ўдовы, арала і касіла сама. Я была старэйшая, з самага маленства старалася дапамагаць. Пойдзем, бывала, араць, маці загадвае вадзіць каня, а ён мяне не слухае, я ў адзін бок вяду, а ён у другі мяне цягне. Аднойчы тут пры лесе кавалак зямлі дзікі парылі, маці вырашыла там жыта пасеяць, усё ж лягчэй араць, чым цаліну. А побач гаспадары-мужчыны ледзь не смяяліся з нас: «Што вы там робіце, там жа нічога не вырасце!» Маці адмахвалася, маўляў, што Бог дасць. Як у нас там урадзіла жыта, ні ў аднаго суседа не было такога! Маці тады казала, што гэта Бог зжаліўся над яе пакутамі. Хлеба ў той год елі амаль удосталь».

Сям'я

А калі скончыла сем класаў, пайшла наймацца пасвіць кароў у Маларыту. Іншыя аднакласнікі недзе паступалі, вучыліся. Яна ў школе вучылася добра, асабліва любіла матэматыку. Настаўнікі нават прыходзілі да маці, прасілі яе адпусціць дачку вучыцца. «Але ж
хіба маці вінаватая, што не адпусціла?» — разважае яе дачка, цяпер сама маці, бабуля і прабабуля. Вучыцца магчыма было толькі ў Брэсце. Адправіць туды ў сярэдзіне 50-х дзяўчынку трэба было абутую і адзетую. А за што купіць тое адзенне? Маці тады рэзка сказала: «Што ж я — апошнюю карову прадам?» Карову-карміцельку прадаваць не выпадала, і вучыцца таксама не выпадала. Таму пайшла 15-гадовая Марыя ў пастушкі. За лета, ці, правільней сказаць, за сезон, зарабіла два з паловай цэнтнеры жыта. Зіму пражылі з хлебам.

А праз колькі гадоў выйшла замуж за Васіля. Яшчэ і васямнаццаці не споўнілася, як прыйшла ў дом мужа. Адразу маладыя сталі будаваць сваю хату. У ёй Марыя Іванаўна жыве і цяпер. Цяжарная была, во з такім жыватом — паказвае рукамі — ездзілі з мужам у лес, хвоі пілавалі, на воз грузілі яшчэ ў красавіку. А ў чэрвені цэлы дзень палола бульбу, а вечарам зайшла ў хату і нарадзіла сына. Суседка прыйшла, пупавіну перавязала.

Калі ў хату сваю перайшлі, сыну ўжо два гады было, то адчулі сябе сапраўднымі гаспадарамі. Працавалі ў калгасе. Праца тады была цяжкая. Па гектары буракоў палоць даводзілася. Але ж год ад году жыць станавілася лепей і ў калгасе. Калі правялі меліярацыю, зямля на тарфяніках была ўрадлівая, з уласных сотак па дзесяць тон бульбы здавалі. Сваю гаспадарку трымалі. Марыя Іванаўна рада, што дзеці вывучыліся, у сына і дачкі добрыя сем'і. І яна цяпер шчаслівая бабуля, мае чатырох унукаў і пяцярых праўнукаў. Старэйшаму праўнуку 11 гадоў. Вядома, найбольшае шчасце для яе, калі збіраецца ўся сям'я. Для кожнай унучкі ў пасаг ёсць вытканыя рукамі бабулі пакрывалы — прыгажэнныя. Некаторыя забралі, другія яшчэ ляжаць у бабулінай шафе, чакаюць, пакуль замужнія ўнучкі ўладкуюць свае кватэры. А яшчэ яна кожнаму вышывае ручнікі, навалачкі, сурвэткі. Адна ўнучка нават у Італіі жыве, ёй асаблівы пасаг падрыхтаваны з многіх рэчаў — вышывала так, каб родныя мясціны яна не забывала, з мясцовымі ўзорамі і арнаментамі.

Вышыўка

Вышываць Марыя Іванаўна любіць. У хаце ў яе многа падушак, ручнікоў. Ёсць асаблівы, святочны фартушок, які яна вышыла яшчэ дзяўчынкай-падлеткам. Маларыцкі строй вядомы ва ўсёй краіне, тут кожная гаспадыня мела свой набор адзення і бялізны. Цяпер ёй гэтая работа служыць своеасаблівым рэлаксам, прыводзіць у парадак думкі, супакойвае нервы, асабліва калі засталася адна. Зранку яна праглядае часопісы, выбірае ўзоры, прыдумвае новыя камбінацыі з узораў, нават распускае старыя хусткі, каб атрымаць ніткі патрэбнага адцення. Кажа, каб не было гэтага занятку, ужо памерла б, пэўна. Яна, колькі сябе помніць, вышывала, а гаспадар любіў паляванне. У хаце многа трафеяў-рагоў служаць вешалкамі або проста ўпрыгажэннямі пакояў. Зімой яны з таварышамі абавязкова хадзілі на звера. Некалі шмат людзей у вёсцы было, весела жылі. А цяпер вось у Ацятах застаўся дзясятак жыхароў.

Назва

Цікавую гісторыю назвы сваёй вёскі расказала Марыя Дзямчук. Легенда, вельмі падобная на праўду, перадаецца з пакалення ў пакаленне. Казалі, што мясцовы пан, які жыў у Арэхаве, высылаў сюды асабліва свабодалюбных, непакорных жыхароў. Па-руску «Отяты» значыць «оттятый, отрезанный». І праўда, некалькі сем'яў нібы адрэзалі ад свету, пасяленне ўтварылася ў лесе ў балоцістай мясцовасці, адрэзанае ад дарог. У іх нават пры савецкай уладзе ў апошніх правялі святло, у апошніх з'явілася радыё. А за дарогу... усе ўдзячныя менавіта іх сям'і. Калі яшчэ дзеці хадзілі ў школу, вясной і восенню цэлае гора было, згадала жанчына. Сын кожны раз прыходзіў: абутак мокры, у гразі, штаны мыць трэба было амаль штодня. А калі сын вырас, да Дземчукоў прыехаў знаёміцца будучы сват, на той час пракурор раёна. Потым ён нібы незнарок прывёз сюды аднаго з кіраўнікоў раёна. Пасля гэтага да іх насыпалі дарогу. Не асфальт, вядома, але і цяпер без праблем заходзіць аўтобус, прыязджае аўтакрама, пошта, іншыя службы, а галоўнае — родныя і блізкія жыхароў-пенсіянераў.

Лясное становішча Ацятаў стала горам падчас акупацыі. Расстралялі тады каля 20 жыхароў, забівалі нават пры мізэрным падазрэнні ў сувязі з партызанамі. Марыя Іванаўна родам з суседняй вёскі. І ў іх таксама многіх пастралялі. Пра карную аперацыю тут ёй расказваў муж. Васіль тады быў малодшага школьнага ўзросту. У кастрычніку іх выгналі з дамоў усіх, выстраілі на той паказальны расстрэл. Ён стаяў босы, ногі страшэнна змерзлі. Як успамінаў потым, ад страху і холаду было толькі адно жаданне, каб хутчэй ужо стралялі. Але забілі не ўсіх. «Каб толькі дзеці нашы, унукі ды іхнія ўнукі не бачылі вайны, — уздыхае сталая жанчына і разважае далей. — Цяпер вось добра стала жыць, але жыць няма калі. Налета восемдзесят, здароўе зусім няважнае».

Унучка з Італіі часам звоніць: «Бабуля, ты жыві. Мы на юбілей летам прыедзем». «Вой, пагляджу я, як вы прыедзеце!» — не вельмі верыць бабуля. «Вядома, паглядзіш, калі святкаваць будзем», — гучыць у слухаўцы з далёкай Італіі. Нібы яна гаворыць з Маларыты. Сувязь добрая. ХХІ стагоддзе.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.