Вы тут

Як беларуская глыбінка рыхтуе спартсменаў для нацыянальнай каманды


Сёння ў шведскім Эстэрсундзе стартуе першы этап Кубка свету новага біятлоннага сезона. Трэнерскі штаб зборнай Беларусі яшчэ ў пачатку тыдня аб'явіў склад каманды. У Швецыю адправіліся пяць мужчын: Сяргей Бачарнікаў, Раман Ялётнаў, Антон Смольскі, Мікіта Лабастаў, Максім Варабей (ужо пачаў сезон на Кубку ІBU), а таксама пяць жанчын — Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Алена і Ірына Кручынкіны. Раней Кубак ІBU стартаваў у нарвежскім Шушэне.


Чэмпіёнам умовы не перашкода?

Абсалютная большасць спартсменаў зборнай, народжаных у Беларусі, прадстаўляюць менавіта рэгіёны краіны, а не сталіцу. Напрыклад, Максім Варабей — ураджэнец Барысава, Антон Смольскі — выхаванец Капыльскай СДЮШАР, Ганна Сола з гарадскога пасёлка Шуміліна Віцебскай вобласці, дзе і зрабіла свае першыя крокі ў спорце. Цяперашнія лідары беларускай зборнай, галоўныя надзеі балельшчыкаў у сёлетнім сезоне алімпійскія чэмпіёнкі Ірына Крыўко і Дзінара Алімбекава прадстаўляюць вядомыя біятлонныя школы краіны ў Сянно і Чавусах адпаведна. На старце сезона мы вырашылі звярнуцца да каранёў гэтых спартсменак, успомніць, дзе рабілі першыя крокі нашы чэмпіёнкі, і расказаць, што ўяўляюць з сябе іх родныя спартыўныя школы сёння.

Крос вакол Леніна

Адным з самых вядомых біятлонных месцаў на карце краіны сталі Чавусы, што больш чым за сорак кіламетраў ад Магілёва. У спецыялізаванай спартыўнай школе, якая існуе тут з 1967 года, выраслі прызёр Алімпійскіх гульняў Сяргей Новікаў, чэмпіён Еўропы Раман Ялётнаў, алімпійская чэмпіёнка Дзінара Алімбекава, а таксама шматлікія спартсмены, якія пакуль не дабраліся да нацыянальнай каманды, але з'яўляюцца маладымі і перспектыўнымі. Каля вытокаў біятлону ў Чавусах стаяў бацька Сяргея Новікава Валянцін Фёдаравіч. Умовы для біятланістаў-пачаткоўцаў тады, вядома, былі далёкія ад ідэальных, ды і цяпер пакуль што ў Чавусах можна ўбачыць юных спартсменаў, якія бегаюць крос па Цэнтральнай плошчы вакол помніка Леніну ці па касагорах у лесе, да якога ад школы яшчэ пару кіламетраў. Там жа ў лесе трэнеры ўласнымі сіламі абсталявалі стрэльбішча, дзе і адпрацоўваецца стралковая падрыхтоўка. Снежныя гарматы для падобных школ, вядома, хутчэй выключэнне, таму трэніроўкі зімой часцяком праходзілі ў Чавусах у тым месцы, дзе ўдавалася знайсці снег. «Трэніроўкамі на цэнтральнай плошчы ўжо даўно нікога не здзівіш. Вы б да нас зімой прыехалі, калі мы снег спрабавалі знайсці. Тры зімы ўжо, лічы, бясснежныя былі. Гармат, каб у запас накідаць штучнага снегу, у школе няма. Давялося выкручвацца. Рома Ялётнаў перад чэмпіянатам Еўропы 2014 года каля запраўкі на ўездзе ў горад трэніраваўся. Там тады захавалася трохі снегу — удалося кружок метраў 300—400 яму раскатаць», — расказваў у сваім інтэрв'ю 2016 года тагачасны намеснік дырэктара школы Аляксандр Дарафееў.

У 2010 годзе, пасля таго як выхаванец чавускай школы Сяргей Новікаў заваяваў «серабро» на Алімпіядзе, сітуацыя ў роднай спартыўнай школе павінна была змяніцца. У райцэнтры вырашылі рэалізаваць маштабны праект — пабудаваць біятлонны стадыён з сучаснай, складанай па рэльефе лыжаролернай трасай. Планавалася з'яўленне трыбуны, раздзявалак, трэнажорнай залы, але сродкаў хапіла толькі на падмурак падтрыбуннага памяшкання. Перамога Дзінары Алімбекавай у эстафетнай гонцы ў алімпійскім Пхёнчхане прымусіла зноў згадаць пра Чавусы, і тут ужо стала дакладна зразумела — вялікаму спартыўнаму комплексу быць! Сёння работы там ідуць поўным ходам, на месцы будучага аб'екта працуюць трактары і экскаватары. Ужо ўведзены будынак, у якім размесцяцца раздзявальні, пакой для падрыхтоўкі лыж, медыцынскі кабінет, гараж для снегаходаў і ратракаў. Разведзеныя камунікацыі для ўстаноўкі снегагенератараў. Насупраць асноўнага будынка з'явіцца стрэльбішча на 18 установак, тут жа будзе асфальтаваная асветленая траса працягласцю 1500 метраў і шырынёй шэсць метраў. Яшчэ адзін круг (кіламетровы гравійны) будзе выкарыстоўвацца толькі зімой.

Падарункі ад біятланістак і Беларускай федэрацыі школам алімпійскіх чэмпіёнак.

З кандытарскага цэха ў біятлонную школу

Ірына Крыўко — ураджэнка горада Сянно Віцебскай вобласці. Райцэнтр знаходзіцца за 60 кіламетраў ад Віцебска, яго насельніцтва — каля дзевяці тысяч чалавек. За біятлонам тут сочаць усе, ад дзяцей у пясочніцах да бабуль на лавачках, а мясцовымі спартсменамі жыхары невялічкага горада вельмі ганарацца. Ірына пачала займацца біятлонам у пятым класе, калі на яе звярнула ўвагу настаўніца фізкультуры Валянціна Гардзецкая і паказала трэнеру мясцовай спартыўнай школы Валерыю Міхайлавічу Лектараву. Неўзабаве ў біятлон прыйшоў і малодшы брат Ірыны Віктар.

У той час лыжныя гонкі і біятлон былі адзінымі відамі спорту ў Сянно, якімі маглі займацца дзеці, ужо пазней там з'явіліся залы для барацьбы і лёгкай атлетыкі. «Спачатку тут наогул нічога не было. Вінтоўкі старыя, усё вакол развальваецца і рассыпаецца. Я, малады трэнер, па першым часе нават вырашыў закінуць біятлон і пачаў развіваць лыжныя гонкі», — успамінаў неяк Валерый Лектараў. Але з цягам часу ўсё мянялася, біятлонная дзіцячая школа ў 2018 годзе значна перайначылася. Цяпер былы кандытарскі цэх, у якім яна размяшчаецца, выфарбаваны ў бела-блакітныя колеры, у будынку размясціўся 25-метровы цір, зброевае сховішча, душавыя, сушылка для лыж і пакоі адпачынку. Трэніровачная траса і стрэльбішча размясціліся ў парку 40-годдзя Перамогі (у народзе яго часцей называюць Сінайскімі гарамі, ці проста Сінаем). Рэльеф тут падыходзіць для трэніровак дзяцей. Першы трэнер Ірыны і Віктара Крыўко Валерый Лектараў, які ўжо больш за 35 гадоў працуе тут настаўнікам, дамогся ўладкавання на базе нават саўны. Сёння спецыяліст марыць знайсці новых чэмпіёнаў і таму стварае набліжаныя да ідэальных умовы для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак.

Так пакуль выглядае новы біятлонны комплекс у Чавусах.

Дарэчы, у гэтай жа школе вырас і Пётр Івашка, трохразовы чэмпіён свету па біятлоне, ён і быў першым з вучняў Лектарава, хто дасягнуў буйных поспехаў на сусветнай арэне. Цяпер у трэнера займаецца каля 30 хлопчыкаў і дзяўчынак ад трэцяга да адзінаццатага класа, двойчы на тыдзень аўтобусам на трэніроўкі прывозяць школьнікаў з блізкіх вёсак.

Перад стартам сезона Дзінара Алімбекава і Ірына Крыўко наведалі свае родныя школы. Біятланісткі сустрэліся з дзецьмі, для якіх сёння з'яўляюцца жывым прыкладам поспеху, і, акрамя пажаданняў, аўтографаў і фатаграфій на памяць ад сябе і Федэрацыі біятлона краіны, прэзентавалі каштоўныя падарункі — снегаходы і трасаўкладчыкі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота bіаthlоn.bу, sb.bу, sеnnо.bу.

Загаловак у газеце: Чэмпіёнам умовы не перашкода?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».