Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук правёў рабочую сустрэчу з паслом Латвійскай Рэспублікі ў Беларусі Эйнарсам Семанісам. Асноўная тэма, якую абмеркавалі бакі, датычылася падрыхтоўкі правядзення чэмпіянату свету па хакеі, які з 7 да 23 мая 2021 года пройдзе ў Мінску і Рызе.
Сяргей Кавальчук адзначыў, што абедзве краіны маюць добры вопыт арганізацыі сусветнага першынства: у Латвіі чэмпіянат праводзіўся ў 2006 годзе, у Беларусі — у 2014-м. «І ў Мінску, і ў Рызе ёсць сучасная спартыўная інфраструктура, сабраны кваліфікаваныя спецыялісты, але самае галоўнае — людзі, якія разумеюць хакей і вельмі любяць яго. Упэўнены, мы здолеем стварыць сапраўднае свята для ўсіх балельшчыкаў, зрабіць нашы краіны больш адкрытымі і вядомымі», — прыводзіць словы Кавальчука афіцыйны сайт Міністэрства спорту і турызму.
Пасол Латвіі расказаў, што 15 кастрычніка гэтага года ўрад абнавіў склад распарадчага камітэта па маніторынгу арганізацыі чэмпіянату свету па хакеі, зацвердзіўшы кіраўніком камітэта прэм'ер-міністра Крыш'яаніса Карыньша. Нагадаем, арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні чэмпіянату свету ў Беларусі ўзначаліў прэм'ер-міністр Сяргей Румас.
Эйнарс Семаніс падкрэсліў, што абедзве краіны ўдзяляюць значную ўвагу маючаму адбыцца чэмпіянату. На яго думку, паспяховаму правядзенню сусветнага хакейнага форуму будуць спрыяць максімальнае спрашчэнне пагранічна-мытных працэдур, узгодненая маркетынгавая палітыка і сумесная работа па прыцягненні турыстаў.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Прэв'ю: sportsweek.org
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.