Вы тут

Адкрыўся праект «Сусвет Язэпа Драздовіча»


У Нацыянальным мастацкім музеі адкрыўся новы раздзел пастаяннай экспазіцыі — «Сусвет Язэпа Драздовіча». Цяпер у зале беларускага мастацтва канца ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя можна пазнаёміцца з жывапіснымі і графічнымі работамі мастака з фондаў музея (некаторыя з іх раней увогуле ніколі не выстаўляліся) і тактыльнымі карцінамі, прызначанымі для людзей з парушэннямі зроку ў межах інклюзіўнага праекта «Мастацтва на кончыках пальцаў».


— Наш новы праект складаецца з вітрын, дзе можна ўбачыць графічныя работы і альбом «Жыццё на Месяцы» пачатку 1930-х гадоў. Таксама прадстаўлены два тактыльныя рэльефы з аўдыёгідам (інтэрпрэтацыі карцін «Космас» і «Порт Нябеснай прасторы на кальцы Сатурна»). А яшчэ ў інфакіёску ў пастаяннай экспазіцыі і на афіцыйным сайце Нацыянальнага мастацкага музея размешчаны віртуальны архіў-музей Язэпа Драздовіча, дзе ёсць яго біяграфія і аўтарскія касмічныя тэксты. Рукапісныя кнігі знаходзяцца ў аддзелах рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы і навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі — пры дапамозе кандыдата філалагічных навук Ліі Кісялёвай яны былі расшыфраваны і перакладзены для гэтага праекта. Каля кожнай работы прысутнічаюць QR-коды, якія даюць спасылку на той ці іншы матэрыял на сайце музея на рускай, беларускай ці англійскай мове, — тлумачыць куратар праекта, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Вольга Архіпава. — Драздовіч выступае як мастак і астраном. Мяне ўвогуле найбольш уражвае яго здольнасць гарманізаваць свет. Бо калі перад ім узнікала пытанне, напрыклад, як пабудаваны свет, то ён знаходзіў адказ. Яго кніга «Дзе мы і хто мы?» (1937, з фондаў навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі) напісана ў форме пытанняў і адказаў. І я пераканана: мы павінны ведаць, што ў нас у Беларусі быў такі чалавек. Ужо ў 30-я гады дзякуючы сваім ведам і імкненню перадаць іх іншым ён даследаваў будову свету. І рабіў гэта па-свойму паспяхова, прычым у імя навукі, бо заробку Язэпу Драздовічу гэта не прыносіла. Для яго было вельмі важна паказаць людзям шлях да ведаў, да святла, таму што ён быў сведкам дзвюх войнаў і бачыў вынікі чалавечага злачынства. У яго ёсць карціна «Дух зла», дзе мы бачым выяву анёла — жаданне аўтара паказаць святло чалавечай душы і даць ёй правільны арыенцір.

Імя Язэпа Драздовіча ў кантэксце беларускай культуры — гісторыя жыцця чалавека, які за 66 гадоў праявіў сябе ў розных ролях: мастака, скульптара, этнографа, археолага, педагога, пісьменніка, гісторыка. Яго творчае станаўленне прыпала на перыяд беларускага нацыянальнага адраджэння. Сам ён апісаў аднойчы: «Наогул я зменная натура: праз кожныя тры гады што-небудзь новае пачну. Праз усё жыццё маё так. Тры гады быў пастухом у падурослыя леты, тры гады патраціў на мастацкую школу і агульнае развіццё, тры гады служыў у салдатах, тры гады аддаваўся грамадскай працы ды пісаў як пісьменнік. І вось ужо трэці год як вандроўны народны мастак».

У экспазіцыі і ў архіве-музеі цэнтральнае месца займаюць работы Язэпа Драздовіча, прысвечаныя космасу. Дарэчы, праект створаны на грант Прэзідэнта Беларусі. Шматлікія творы «касмічнага цыклу» (жывапіс, графіка, тэксты) — фенаменальная з'ява не толькі ў беларускай, але і ў сусветнай культуры. Праяўляць інтарэс да астраноміі мастак пачаў у 30-я гады, калі жыў у Вільні і ў яго быў перыяд беспрацоўя. Але яшчэ ў гады навучання ён расказваў маці пра нябесную сферу, выяву якой бачыў на скляпеннях Віленскай бібліятэкі. «Вучыся і пазнай нябесныя бегі, — сказала яна сыну аднойчы. — Светабудова — ці не найвялікшая гэта з таямніц?» Захапіўшыся астраноміяй, мастак начамі ў сне здзяйсняў «астральныя падарожжы» на далёкія зоркі і планеты. А ўбачанае на Месяцы, Марсе, Сатурне, Венеры — прыроду, гарады, жыццё — увасабляў у графіцы і жывапісе, апісваў у дзённіках і спецыяльных сшытках (большасць якіх захоўваецца за межамі Беларусі і да сёння не публікавалася).

Мастацкія творы і тэксты касмічнай тэматыкі непарыўна звязаныя, узаемадапаўняльныя. І якраз архіў-музей дазваляе спалучаць мастацкія творы, прысвечаныя космасу, з адпаведнымі ўрыўкамі, якія даюць падрабязнае вытлумачэнне графічных і жывапісных твораў мастака. Так, напрыклад, на Месяцы ён убачыў пушчу Заўрыдыю, дзе можна было сустрэць вярблюдастрауса і галаскурых заўраў (яшчараў), і ў рукапіснай кнізе «Дзе мы і хто мы?» напісаў: «...У гарах Пэрэнэях, пад экватар, жывець... цікавы зьвер, — можа, гэта каму і пакажацца сьмешным, што замейсц двухгорбага ды двухногі, — гэта лунны двухногі вярблюд. Гэтая абросшая касматаю бураю воўнай жывёла прыпамінаець сваім выглядам і нашага стравуса, а разам з тым і вярблюда. Тулава яго — як у стравуса, а ногі, шыя і галава вярблюджыя. Днём ён шляецца па цянёх лесу, а ноччы ўзьбіраецца дзе-небудзь на высокую скалу, становіцца ліцом к усходу слонца і, так стоячы, сьпіць зь вялікімі незаплюснутымі вачамі аж да самага раньня, аж пакуль першыя яркія лучы ўсхадзячага сонца яго не разбудзяць». Па-добраму здзіўляешся, наколькі быў захоплены тэмай чалавек, які днямі сядзеў у бібліятэцы і вывучаў астранамічную літаратуру, і пісаў уласныя навуковыя працы, адну з якіх — «Нябесныя бегі» — змог выдаць у 1931 годзе. Пасля касмічная тэма знаходзіла адлюстраванне таксама ў маляванках (роспісе дываноў), якія кармілі мастака і вучонага, калі яго сур'ёзныя работы і энцыклапедычныя веды не былі запатрабаваны. Увогуле Язэп Драздовіч меў цвёрдае перакананне, што ўся яго творчасць, якая мела дачыненне да Космасу, — галоўная справа яго жыцця. І важная яна не столькі як мастацтва, колькі як унёсак у развіццё навукі...

Алена ДРАПКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Касмічны палёт з Драздовічам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?