Вы тут

Як адзначаць залатое вяселле?


Цікавае пытанне мы атрымалі ад Ганны і Сяргея К. з Ельска Гомельскай вобласці. Яны пішуць: «2 лютага споўніцца 50 гадоў нашага сумеснага жыцця. Дзеці настойваюць, каб мы адзначылі залаты юбілей з размахам і абавязкова павянчаліся. Мы сумняваемся: ці трэба гэта рабіць, што гэта дасць, пражылі ж мы і так ладны век?»


Фота: vplate.ru

Сталася так, што толькі «круглыя» даты мы называем юбілеем, а астатнія маюць простую парадкавую нумарацыю, у той час як амаль кожны новы год існавання сям'і атрымаў сваю персаніфікаваную назву: палатнянае, драўлянае, сярэбранае, залатое, рубінавае... вяселле. Аднак і ў гэтым карагодзе свят былі свае адметнасці, дамінанты, абрадава маркіраваныя акцэнты. Асаблівай павагай карысталіся вясельныя юбілеі — дваццаціпяцігоддзе (пры гэтым заўважым, што ў асабістым жыцці чалавека 25-годдзе не вылучалася асобай павагай) — сярэбраны юбілей, пяцідзесяцігоддзе — залатое вяселле. У славянскай і найперш у беларускай народнай культуры самым галоўным лічыўся залаты юбілей у жыцці сямейнай пары.

Як правіла, залатыя юбіляры перадавалі свае заручальныя пярсцёнкі якой-небудзь навастворанай пары (сваім унукам або праўнукам) як сімвал даўгавечнасці, згоды, узаемаразумення. У сваю чаргу, маладая пара павінна была купіць новыя пярсцёнкі і падарыць іх бабулі і дзеду. Звычайна не раілі ў адной і той жа сям'і спраўляць у адзін год два вяселлі, а вось у выпадку залатога юбілею лічылася вельмі пажаданым прымеркаваць шлюб маладой пары да залатога вяселля патрыярхаў свайго роду.

Таму, шаноўныя юбіляры, безумоўна, святкаваць залатое вяселле пажадана ўсім вашым родам, як сказалі — «з размахам». Было б вельмі хораша, калі б да святкавання гэтай падзеі далучыліся б мясцовыя органы ўлады, каб у загсе адбылася ганаровая рэгістрацыя залатога вяселля, прычым паралельна з імянарачэннем чыйго-небудзь паблізу па часе народжанага дзіцяці.

А што датычыцца абраду царкоўнага вянчання, то адзіна правільнае рашэнне могуць прыняць толькі самі юбіляры. Пазіцыя дзяцей павінна быць толькі кансультатыўнай, але не вырашальна-прымусовай. Тут ёсць адзін нюанс. Пазіцыя царкоўных іерархаў на гэты конт вядомая: усе невянчаныя шлюбы — грэшныя, як і дзеці, якія нарадзіліся ад гэтага шлюбу. Залатое вяселле нічога не зменіць у справе гарманізацыі адносін паміж юбілярамі. Мы — дзеці свайго часу, і наўрад ці трэба гуляць у сучасныя навамодныя гульні. Няхай нашы ўнукі выпраўляюць становішча і шукаюць адпаведнае духоўнае апірышча свайму шлюбнаму саюзу. Але пакуль што мы пастаянна сутыкаемся з цікавым парадоксам. Пасляваенныя пары, які не тое што не вянчаліся, але і вяселля нармальнага не ладзілі, — жывуць па 50 гадоў і болей, гадуючы па 15—20 унукаў. А сучасныя пары ездзяць на багатых лімузінах, ладзяць вяселлі ў прэстыжных рэстаранах, вянчаюцца (назаўтра пасля добрага падпітку, не кажучы пра тое, што першая шлюбная ноч нават і не помніцца, калі была) у незразумелым адзенні, аднак, на жаль, палова з іх хутка распадаецца. Таму яшчэ раз: вянчанне — падзея адказная, знакавая, будзе яно ці не — вырашаць у кожным выпадку самім маладым або сталага веку юбілярам.

І, як вымушае традыцыя, ад шчырага сэрца жадаем добрага здароўя, лёгкасці ў ногі, яснасці розуму, радасці ў дзецях і рэалізацыі спадзяванняў — ва ўнуках і праўнуках. Пажаданне — не віншаванне, якое загадзя рабіць нельга.

Аксана КАТОВІЧ

Янка КРУК

  • Дасылайце свае пытанні на паштовы ці электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае»

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.