Што было, — было. Адзін мужчынка ў ЗАГС прыйшоў — з пашпартам і пачкам грошай. «Хачу, — кажа, — нацыянальнасць змяніць». — «У вас тут, — чытае загадчыца, — напісана беларус. Вы хацелі б што іншае?» — «Не, хай застаецца тое ж... Толькі наперадзе адно слоўка дадайце: «Новы».
З гэтым складанасцяў у чалавека, відаць, не ўзнікла, таму ён іншай праблемай задаўся: наняў спецыяліста, каб аблічыў, колькі дроў на зіму спатрэбіцца. Той доўга, з выездам на месца, вывучаў праект, нешта мераў, лічыў колькасць пакояў, печак-камінаў, вокнаў... А ўрэшце выдаў: ад 30 да... 300 кубаметраў. «Колькі-колькі?! — не паверыў вушам той новы. — За што я грошы плаціў? Чаму такая лічба прыблізная?» — «Дык скуль ёй дакладнай быць, калі ніхто не ведае, якая будзе зіма?»
Адно зразумела (прычым кожнаму) — яна будзе! І, відаць, таму апошні конкурсны здымак (можна яшчэ раз глянуць на верхні) падштурхнуў да творчасці многіх чытачоў: ва ўсякім разе, подпісаў — хоць каўшамі бяры! І ў кожным — нешта ёсць! А зрэшты, чытайце самі:
Пасля здаўна святых Пакроў,
Калі зямля адпачывае,
Пашчыраваць ля пабудоў
Пара, нарэшце, наступае.
Міхась прачысціў дымаход
(Спачатку свой, затым —
суседчын),
Каб сустракаць зімы прыход
Не абы-як — па-чалавечы.
Згадзіцеся, пахвальная пазіцыя! Не дзіва, што ёй, вось такой, прысвяціла свае радкі не толькі спадарыня Ніна Бурко з Бярэзіншчыны, але і спадар Мікола Кісель з Мінска:
Камінар такі смяльчак —
Бач, забраўся на вільчак:
Ранкам панядзелка
Трубы чысціць дзеўкам.
А ў іншых — не вам казаць — пасля выхадных свае гараць...
Зрэшты, тут і вось зараз не столькі пра іх, — з «падачы» спадарыні Соф'і Кусянковай з вёскі Лучын, што на Рагачоўшчыне:
Рады Ганна з Мойшам,
Што сусед харошы,
Дымаход пачысціў
І падладзіў юшкі
Без капейкі грошай,
Нават без чакушкі!
Гэткія ж у людзей і сваякі бываюць. Прыклад патрэбен? Ды калі ласка:
Кліч ад цешчы быў як SОS...
На яго й ляцеў Хвядос,
«Сеўшы» мігам ля трубы,
Комін чысціў — не абы...
Зараз будзе печка грэць,
Не капціць і не дымець —
Небяспека знішчана,
Дымаход ачышчаны! —
радуецца за цешчу спадарыня Іна Алісевіч з Уздзеншчыны, а Валянціна Гудачкова з Жыткавіч дык найбольш за камінара, бо:
Гаварыла так кума:
«Будзе пляшачка віна
І з вяндлінкай бутэрброд,
Як прачысціш дымаход».
Ясь згадзіўся...
Добра жыць!
Можа, бізнес свой адкрыць?
Ну чаму б і не, калі першапачатковы капітал амаль не патрэбен, вытворчыя памяшканні — таксама. Нават рэкламная абвестка ўжо гатовая: спадарыня Кусянкова прыдумала — задарма аддае:
«Чышчу коміны ад сажы!
Дзе патрэбна, там падмажу...
І вазьму зусім няшмат!»
Коля ў вёсцы — нарасхват.
Па якой прычыне, можна было б не тлумачыць, але ж спадар Віктар Сабалеўскі з Узды гэта зрабіў і нават перспектыву ўбачыў:
Многа ў вёсцы дымаходаў, —
«Верхалазаў?
Хіба Коля», —
Ад чаго (і з кожным годам)
За паслугу просіць болей:
То натуры, то валюты,
А як будзе спрытны,
За работу атрымае
Не адну паўлітру!
Што (на першы погляд), вядома ж, выгадна і таму (нават з таго ж канверта) —
...Хоць Мікола і з дыпломам,
Быць не хоча аграномам:
Прадаваў на рынку кветкі —
Разваліўся бізнес гэткі.
Каб не стацца дармаедам,
Плёў кашы з суседам-дзедам.
Дзед — памёр.
Няма больш пары.
Дык спрабуе камінарам...
Іншая рэч, ці так гэта проста?
Пачысціць комін яшчэ трэба ўмець, — заўважае спадар Іван Сіманёнак з Пастаў, — бо найболей сажы (нярэдка спрасаванай) «залягае» досыць нізка, амаль на ўзроўні юшкі. Але ж да яе і дабіраліся, і вычышчалі. І для гэтага ўсяго і трэ было, што ладны груз, кілаграмаў на пяць, моцная вяроўчына і елачка. А венік у коміне — гэта нейкая дурата, дзіцячая забава...
Адкуль:
Стась нагараваўся
З комінам над хатай,
Марна упіраўся
З венікам рагатым...
Дзецюку-мужчыну
Тут любы дарадзіць —
Слабенькім начыннем
Коміны не гладзяць!
З парадай наконт рыштунку выступае і спадарыня Гудачкова. «У мяне амаль такая ж труба, як на гэтым здымку», — заўважае яна. І дае цалкам прымальную параду:
Венік сажу не бярэ?
Нечым адкалупваць?
Трэба, хлопча, па трубе
Малатком пастукаць.
Альбо іншы спосаб пашукаць. А ўжо дзе? Падказкі ад спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:
Смелы і вясёлы
На каньку прымак,
Ды нейкі ж неталковы —
Усё ў яго не так!..
Калі не цяміш, Вася,
Як і што рабіць,
У цешчы пацікаўся —
Скажа, так і быць!
А зрэшты, шукаць інфармацыю ў людзей старэйшых маладыя цяпер не любяць. У іх — іншыя аўтарытэты:
Паўдня шукаў Афоня
Парады у смартфоне!
Бубніў адтуль прафесар
Пра трубы і кампрэсар...
А ўрэшце баба Капа
Звязала венік з лапак,
І ўнук
такой мятлою
Расправіўся з бядою.
Бо трэба... І ўжо даўно, як лічыць спадарыня Галіна Пятроўская са Смаргоншчыны:
Хаты цепліць нам пара —
Адступіла восень.
Нават кот прыйшоў з двара
І пагрэцца просіць.
Можа, на сваю галаву?.. Баялі, адзін вайсковец (зараджаючым на флоце служыў) на пабыўку ў вёску прыехаў. Матуля з той радасці і чарку яму наліла, і ад пуза накарміла... Да грубкі хлапчына ледзьве адпоўз; па звычцы падпаліў, узяў на калені катка і газету (можа, нават нашу...), пагладзіў, нешта пачытаў ды і задрамаў, шчаслівы — не ўбачыў, як з печкі вугольчык пстрыкнуў...
Што далей было, чытаць трэба хутка. Маці ў крык: «Агонь!» Сын — на ногі, ката — у печ, дзверцы на «замок», сам у струнку: «Гармата к бою гатова!»
Каб вось гэтак мы — да зімы. А то ж, згадзіцеся, халады часам заспяваюць знянацку, дзякуючы чаму той кот зусім не пацярпеў, бо, паводле спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка,
Печку затапіў Пятрок —
Штось на хату прэ дымок:
Ну зусім ніякай цягі...
Гаспадар —
а нуль увагі,
Што ў трубе, навідавоку,
Пасяліліся сарокі.
З тога ж канверта — яшчэ адна актуальная прычына:
Каля печы — дым, гамонка.
Не уцяміць зранку жонка:
— Мусіць, нам у каляду
Хтосьці «вынайшаў» бяду,
Якой зроду не было:
Палажыў на комін шкло?!
...Але ж — згледзелі чытачы (за што рэспект і ўважуха, як кажа моладзь) і безліч іншых тэм, часам — зусім нечаканых.
«Давайце яшчэ раз прачытаем «Мойдодыра», — прапануе спадар Мікалай Старых з Гомеля, — і звернем увагу на радкі:
«А нечистым
Трубочистам —
Стыд и срам!»
На думку спадара Міколы, не варта абражаць людзей, якія робяць хай брудную, але ж патрэбную справу.
Ад яго ж і слушная «папраўка»:
Майдадыр ты наш
шаноўны —
Чысціні баец галоўны,
Каб не праца камінара,
Люд цярпеў бы
ад пажараў...
Хто працоўных зневажае,
Мусіць, сораму не мае?!
Хоць часам — на жаль і на думку спадарыні Чыгрынавай — тыя самыя працоўныя іншага і не заслугоўваюць:
Развал у гэтай хаце
Зрабіўся не за раз,
Рабочых з біржы працы
Прымалі у калгас.
Жылі тут пустадомкі,
І запар...
тры сям'і,
Што хлеб шукалі лёгкі
І доўгія рублі.
З таго ж канверта і дасціпнае:
Не бурай дах парвала,
Трубу не гнуў віхор,
Шабашка працавала, —
Ёй ганьба і дакор...
Але ж аб'ект прынялі,
Хоць зроблена так-сяк,
Бо ўмела налівалі
Гарэлку і каньяк.
Як доўга вілася гэтая вяровачка, невядома, але ж канец ёй (паводле спадара Сабалеўскага) настаў:
Янку новая мятла
Ў камінары замяла:
Кіраваў, нібы, лясгасам,
СВК і камунгасам —
Горла драў аж да знявагі,
На рабочых — нуль увагі...
А пазбавіўся пасад —
І такой вось працы рад.
А зрэшты, ёю, як лічыць моладзь у асобе васьмікласніцы СШ № 3 г. Вілейка Карыны Цанунінай, тут якраз і не пахне:
Павер, чытач мой дарагі,
Не будзе іншай тут работы,
Бо гэты ўнук Бабы Ягі
Ізноў рыхтуецца да ўзлёту.
І для гэтага
Адабраў у Бабы Ёжкі
Сродак транспартны ўнук,
Па-над вёскаю пагойсаў,
Нібы ластаўка ці жук.
Ды за комін зачапіўся,
І куды падзеўся понт:
Трэба тэпаць з гэткай высі
Да Кашчэя ў капрамонт.
Гэта — зноў жа — спадар Сабалеўскі, а следам за ім і спадарыня Наталля Шкут са Светлагоршчыны:
Ёсць мятла...
Сюды б і ступу,
Лахманы і «макіяж».
Не глядзелі б зараз тупа:
Скуль жа гэты персанаж?
Досыць нечаканы адказ на такое пытанне ў спадарыні Чыгрынавай:
Пяць гадочкаў Пеця
Вучыўся на бюджэце.
Далей — размеркаванне,
Як тэст на выжыванне,
У слабенечкі калгас...
І жытло — на першы час.
Іншы, згадзіцеся, спалохаўся б — вось такога дома, жытла (можна яшчэ раз зірнуць на здымак), а гэты — здымаем капялюш — не: чым можа, чысціць свой комін, збіраецца жыць і працаваць. Аптыміст: на такіх, кажуць, шмат што атрымаецца, бо галоўнае для іх — не здавацца, выйсце шукаць з любой, нават, здавалася б, самай безнадзейнай сітуацыі, якую ўбачыла на здымку тая ж спадарыня Кусянкова:
Не звяртала Вера
Ўвагі на Валеру,
Тады гэты вастраслоў
З боку «цешчы» падышоў:
Комін ёй падладзіў —
Без віна, без грошай...
І прызнала Ўладзя:
Будзе зяць харошы.
Засталося дачку пераканаць...
Тую ж любоўную лінію адшукалі на здымку і сужэнцы Астроўскія з Мінска
Ходзяць чуткі, што у Яся
Ёсць суседачка Настасся
І ён ходзіць не абы...
Ўжо дабраўся да трубы.
А што будзе — паглядзім —
Паміж ёй і паміж ім.
...А зрэшты, вернемся (з падачы спадарыні Гудачковай) да таго, з чаго пачалі вось гэты агляд:
Кажуць вучаныя людзі,
Што зімы болей не будзе...
Толькі веры ў гэта мала —
Трубы чысцім дасканала.
Дроўцы сушым у запас —
МНС пахваліць нас.
Мо нават прэмію выдасць, бо не ўсё ж прадпісанні пакідаць ды штрафы налічваць за тое, што (паводле сужэнцаў Астроўскіх)
Мы жывём, як павялося,
Больш з надзеяй на Авося.
Хоць Авось той —
не вяльможа
І нашкодзіць гэтак можа...
Так што грэбуй ці не грэбуй,
А трубу пачысціць трэба!
Вось на гэтай аптымістычнай ноце і завяршылі б чарговы агляд, калі б не вынікі.
Такім чынам, паводле вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі пра самотную бландзінку-маляра (гл. нумар «Звязды» ад 2 кастрычніка) напісалі спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска і Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, спадары — тры Міколы — Касмачэўскі з Наваполацка, Кісель з Мінска і Старых з Гомеля, а таксама Валерый Гаўрыш з Чавус... З чым, павагаўшыся, згадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Такім чынам, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на першы квартал 2020 года накіроўваецца ў слаўны горад Чавусы.
Хочаце, каб газета пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: альбо аформіць падпіску, альбо ўважліва паглядзець на чарговы здымак, прыдумаць да яго подпіс (можна некалькі, але трапных, дасціпных і кароткіх — не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю. Шанц на перамогу мае кожны! Як той казаў, некалі мы сустрэнем шчасце, а пакуль будзем сустракаць Каляды і Новы 2020...
Спадзяёмся, разам?
Валянціна Доўнар
Фота Анатоля Клешчука
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.