Вы тут

Цукар. Чым яго замяніць і ці варта гэта рабіць


Гісторыя цукразамяняльнікаў пачалася ў 1879 годзе, калі ў лабараторыі амерыканскага прафесара Рэмсена хімік Фальберг праводзіў свае эксперыменты. Аднойчы падчас абеду ён звярнуў увагу на незвычайны смак хлеба — той здаўся яму занадта салодкім. Але прысутныя ніякай салодкасці не адчувалі. Тады Фальберг зразумеў, што салодкі не хлеб, а яго пальцы: перад абедам ён займаўся з прэпаратам са складанай назвай «сульфамінбензойная кіслата». Вынаходца памчаў у лабараторыю праверыць здагадку, і яна пацвердзілася: злучэнні сульфамінбензойнай кіслаты сапраўды былі дзівосна салодкія. Так быў сінтэзаваны сахарын. Рэчыва з такімі ўласцівасцямі хутка знайшло прымяненне: падчас Першай сусветнай вайны цукру катастрафічна не хапала. У пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя Наркамздраў дазволіў вырабляць сахарын і ў СССР.


Прайшоў час, і праз больш чым стагоддзе пасля выпадковага адкрыцця Фальберга попыт на падсалоджвальнікі стаў вялікі як ніколі. Многія цукразамяняльнікі не маюць энергетычнай каштоўнасці, да таго ж вельмі эканамічныя: адзін пластыкавы кантэйнер можа замяніць ад 6 да 12 кілаграмаў цукровага пяску. Але, нягледзячы на гэта, імі не варта захапляцца. Чаму гэтага не трэба рабіць, расказала загадчык аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кацярына Сухавер.

— Усе замяняльнікі цукру можна ўмоўна раздзяліць на дзве групы: натуральныя і сінтэтычныя. Натуральныя — а гэта фруктоза, сарбіт, ксіліт — цалкам засвойваюцца арганізмам і, як і звычайны цукар, забяспечваюць чалавека энергіяй. Яны бяспечныя, але, на жаль, каларыйныя, — тлумачыць Кацярына Сухавер. — Большасць сінтэтычных замяняльнікаў (сахарын, цыкламат, аспартам, ацэсульфам калія, сукразіт) энергетычнай каштоўнасці не маюць і не засвойваюцца арганізмам. Але згадайце, які апетыт у вас разыгрываецца пасля таго, як вы выпіваеце бутэльку нізкакаларыйнай колы ці праглынаеце 2-3 «дыетычныя» дражэ. Адчуўшы салодкі смак, страўнікава-кішачны тракт рыхтуецца да атрымання вугляводаў. Але мы адправілі ў яго нуль калорый. І арганізм у даўгу не застанецца, і любы вуглявод, які трапляе ў страўнік на працягу сутак пасля гэтага, выклікае нязвыклае пачуццё голаду.

Давайце разгледзім варыянты, якія нам прапануюць замест цукру.

  • Нектар агавы. Гэта самы свежы на сённяшні дзень замяняльнік ад індустрыі здаровага харчавання. Ён вырабляецца з кактуса і так апрацаваны і ачышчаны, што ўтрымлівае вялікую колькасць фруктозы (90 %)
  • і 10 % глюкозы. Акрамя таго, працэс стварэння гэтага сродку аналагічны працэсу сінтэзу кукурузнага сіропу з высокім утрыманнем салодкага рэчыва.
  • Аспартам. Вядома, што 90 % дыетычных газіраваных напояў і нават некаторыя сокі ўтрымліваюць аспартам — альтэрнатыву цукру, створаную ў лабараторыі. І гэтым рэчывам таксама не варта злоўжываць, бо яно спрыяе набору лішняй вагі. У некаторых даследаваннях выяўляецца сувязь аспартаму і анкалагічных хвароб. Вучоныя сыходзяцца на тым, што неабходны дадатковыя даследаванні ў гэтай галіне.
  • Сукралоза — штучны падсалоджвальнік, які не з'яўляецца каларыйным, таму што арганізм з усіх сіл імкнецца яго расшчапіць. Сукралоза прыблізна ў 600 разоў саладзейшая за сахарозу (сталовы цукар) і можа ўжывацца ў меншай колькасці. Яна ўтрымліваецца ў такіх прадуктах, як пратэінавыя парашкі. Спрэчкі наконт шкоды і карысці сукралозы не сціхлі дагэтуль, бо ў склад гэтага падсалоджвальніку ўваходзіць хлор.
  • Стэвія — натуральны раслінны экстракт, які прымяняюць у праграмах пахудзення. Акрамя паскоранага спальвання тлушчу, ён нармалізуе ціск, станоўча ўплывае на работу розных органаў. Даследаванні не выявілі пабочных эфектаў ад працяглага ўжывання стэвіі. Аднак нават тым, каго не палохае горкі прысмак, не варта перавышаць сутачную норму ўжывання.
  • Сарбіт — другая разнавіднасць натуральных падсалоджвальнікаў. Смакам ён нагадвае цукар, але не адносіцца да вугляводаў, таму не ўплывае на выпрацоўку інсуліну. У гэтым галоўная яго вартасць. Ужыванне больш за 30 грамаў сарбіту за адзін прыём прыгнятае дзейнасць страўнікава-кішачнага тракту, у рэдкіх выпадках выклікае халецыстыт.
  • Сахарын — штучны аналаг цукру, саладзейшы за яго ў 300 разоў. Адрозніваецца нізкай каларыйнасцю, устойлівы да ўздзеяння экстрэмальных тэмператур. Пры працяглым прыёме правакуе развіццё раку мачавога пузыра і вядзе да ўтварэння камянёў ў жоўцевым пузыры. У некаторых краінах афіцыйна прызнаны канцэрагенам.

— Эксперты дагэтуль не даюць адназначнага адказу, як падсалоджвальнікі ўплываюць на арганізм. Але ўсё больш звестак сведчыць пра тое, што яны здольны парушаць гарманальны баланс, аказваць негатыўны ўплыў на ўзровень цукру ў крыві, спрыяць страце кантролю над апетытам і нават парушаць кішачную мікрафлору. Таму мая парада: захацелася салодкага — звярніце ўвагу на правераныя і натуральныя прадукты — мёд і сухафрукты, — раіць Кацярына Сухавер.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: ecology.md

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.