Вы тут

Мікалай Чаркашын. Парушальнік раўнадушша


З даўняга часу, года з 1989-га, сярод маіх кніжных збораў вылучаецца сціплая кніжка ў мяккай вокладцы: «Сэрца камандзіра» Мікалая Чаркашына. Была некалі такая серыя — «Бібліятэчка часопіса «Советский воин». У 11-м выпуску гэтай серыі надрукавалі дакументальную аповесць Міхаіла Чаркашына «Сэрца камандзіра (Тры гісторыі з жыцця Абатурава)». Здарылася тое ў 1988 годзе.


А як яна патрапіла да мяне — гісторыя асобная. Раскажу про гэта кароткімі штрыхамі.

У 1988–1990 гады я жыў на Востраве Свабоды — паблізу ад кубінскай сталіцы. І досыць часта (раз, а то і два на тыдзень) зазіраў у Кнігарню савецкай кнігі імя Максіма Горкага ў Гаване. Месцілася яна тады непадалёку ад набярэжнай Малекон. Сябруючы з дырэктарам — кубінцам Арманда, любіў я пасядзець у яго кабінеце, пагартаць кніжныя навінкі. Сярод іншых і разгледзеў кніжку ваеннага марака Мікалая Чаркашына, пра якога і раней чуў як пра журналіста ды пісьменніка. Перагарнуў вокладку і прачытаў аўтограф: «Armando! Прапагандысту рускай кнігі на востраве Свабоды з самымі добрымі пажаданнямі. Мік. Чаркашын. 22.01.89. Масква». Далей намаляваны мачты парусніка. Ці сам Чаркашын быў на Кубе, ці кнігу хтосьці перадаў Арманда, прыехаўшы з Масквы — так я і не зразумеў. А гаспадар кнігарні, убачыўшы, як мае вочы загарэліся, аддаў кніжачку мне: «Табе болей патрэбна. Чытай»…

Пазнаёміўшыся з аповесцю пра капітана трэцяга ранга Абатурава, я не мог не прачытаць біяграфію пісьменніка, змешчаную на вокладцы. Уражлівым і тады было для мяне: «…нарадзіўся ў 1946 годзе ў горадзе Ваўкавыску Гродзенскай вобласці».

Шмат рознага прамінула з тых 1980‑х… Не аднойчы бываючы ў Маскве, я ўсё неяк хацеў знайсці Мікалая Чаркашына. Сярод ваенных пісьменнікаў заўсёды знаходзіліся знаёмыя. Нават пісаў ліст па яго, Чаркашына, хатняму адрасу. Ды пісьмы двойчы вярталіся назад… Але не буду расказваць пра гісторыю пошукаў. Мікалай Чаркашын, пісьменнік-зямляк, жывы-здаровы і цяпер, дзякуй Богу. І мы ўсё ж сустрэліся, пра што раскажу крышку ніжэй.

А цяпер — пра зробленае Чаркашыным, які жыве і працуе ў Маскве, працуе ў рускай літаратуры. Нарадзіўся Мікалай Андрэевіч 26 лістапада 1946 года. Мы ўжо згадвалі пра тое, што ён — з беларускага Ваўкавыска. Закончыў філасофскі факультэт і аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава. Займаўся гісторыяй рускай філасофіі. Служыў на Паўночным флоце на 4‑й эскадры падводных лодак — самым буйным ў свеце ваенна-марскім аб’яднанні падводных лодак. Удзельнічаў у далёкіх марскіх паходах у Атлантычным акіяне і Міжземным моры. Адзначаны ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных сілах СССР» ІІІ ступені, многімі медалямі.

У 1980‑я гады наш зямляк быў членам рэдакцыйнай калегіі літаратурна-мастацкага альманаха «Подвиг». Творчыя здабыткі яго былі высока адзначаны і чытачамі, і калегамі па літаратурнай працы. Вось што казаў Валянцін Пікуль: «З пісьменнікаў-марыністаў я вылучыў бы Мікалая Чаркашына. Ён — руплівец надзвычайны, і дай яму Бог здароўя. Так і трэба ісці па гісторыі, у ёй яшчэ шмат чаго загадкавага, што напоўнена драматычным характарам. І ён якраз вышуквае тэмы зусім невядомыя… Малайчына! Справа нават не ў тым, як ён піша, хаця і піша ён нармальна. Марыністыка павінна быць пазнавальнай…»

Вось назвы некаторых з кніг Мікалая Чаркашына: «Крык дэльфіна», «Напад на крэйсер», «Выбух карабля», «Апошні рэйс «Нахімава», «Адысея мічмана Д…», «Я — падводная лодка», «Авантуры адкрытага мора», «Адміралы мяцежных флатоў», «Мора любові», «Надзвычайныя здарэнні на савецкім флоце», «Аперацыя «Джэніфер», «Чорная эскадра»… Не пералічана і паловы з напісанага і выдадзенага пісьменнікам-земляком. Творчыя здабыткі Мікалая Андрэевіча ўганараваны прэміяй Ленінскага камсамола (1982), Міжнароднай прэміяй Андрэя Першазваннага, Усерасійскай літаратурнай прэміяй імя Аляксандра Неўскага, Прэміяй імя Г. К. Жукава — за выдатны ўклад у развіццё і ўмацаванне абароназдольнасці Расійскай Федэрацыі.

Часам кнігі Мікалая Чаркашына можна сустрэць у беларускіх кнігарнях. Вось і я нядаўна набыў невялікі томік — «Парушальнікі глыбінь», які выйшаў у маскоўскім выдавецтве «Вече» ў серыі «Ваенна-гістарычная бібліятэка». У падзагалоўку кнігі: «Сакрэтныя аперацыі савецкіх падводных лодак у гады халоднай вайны».

А што да нашай сустрэчы з Мікалаем Аляксандравічам, то яна адбылася сёлетнім кастрычнікам у час працы Пленума Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі ды Расіі, які праходзіў у Магілёве. Мікалай Чаркашын прыехаў у горад на Дняпры разам з дэлегацыяй Саюза пісьменнікаў Расіі. Паказаў пісьменніку яго кнігу з аўтографам, датаваным 1989 годам. Здзіўленню яго не было межаў. Надпісу ўсё ж трыццаць (!) гадоў «з хвосцікам». Мікалай Аляксандравіч дадаў да ранейшага малюнка мачтаў яшчэ адзін малюнак і сцвердзіў усё новым подпісам.

Высветлілася, што рускі пісьменнік падтрымлівае добрыя сувязі з Беларуссю праз многія апошнія гады. Супрацоўнічае з мінскай кінастудыяй «Беларусьфільм». Калі бывае ў Мінску, зазірае ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, у дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны. «Сябрую і з музейшчыкамі, краязнаўцамі з Баранавіч, Смаргоні, Гродна, Ваўкавыска, Слоніма, — расказаў пры сустрэчы ў Магілёве Мікалай Андрэевіч. — Цяпер ідзе мантаж майго дакументальнага фільма «Белостокский кровосток». Пра тое, як нашы савецкія войскі сыходзілі ў 1941 годзе з Беластоцкага выступа. Драматычныя падзеі! Ёсць ідэя па мемарыялізацыі гэтай шматпакутнай ваеннай дарогі.

…Ужо калі развітваліся з Мікалаем Чаркашыным, да нас падыйшоў празаік Валерый Казакоў, сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі, аўтар многіх кніг. Ён падоўгу жыве ў Беларусі, мае лецішча ў Карэліцкім раёне, на Гродзеншчыне. Валерый Мікалаевіч і сам многія гады аддаў ваеннай журналістыцы. І вось што заўважыў другі наш зямляк (нарадзіўся Валерый Мікалаевіч — на Магілёўшчыне): «Такіх, як Чаркашын, варта часцей прыцягваць да супольных клопатаў па ўшанаванні ваеннай, гістарычнай памяці ў Беларусі. Нераўнадушша Мікалая Андрэевіча як пісьменніка, як публіцыста са сваімі яркімі, часта крывавымі па сваёй драматычнасці тэмамі дарагога каштуе!..»

Алесь Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.