Вы тут

25 выбраных дакументальных фільмаў паказваюць у Мінску


Ужо з кастрычніка гледачы ў Брэсце, Гродне, Віцебску і іншых гарадах глядзелі фільмы з праграмы будучага міжнароднага кінафестывалю Wаtсh Dосs Bеlаrus, і вось нарэшце прыйшоў час самога форуму. З сённяшняга дня падборка нясумнага дакументальнага кіно аб правах чалавека, што ўпершыню ўтрымлівае ў сабе праграму беларускіх карцін, паказваецца ў культурных цэнтрах Ок16 і «Корпус», а таксама кінатэатры «Мір». Працэс над Алегам Сянцовым, закон «аднаго дзіцяці» ў Кітаі, барацьба нацыянальных меншасцяў супраць паліцэйскіх у Нью-Ёрку — сёлетні, ужо пяты фестываль ставіць задачу праз дваццаць пяць дакументальных фільмаў пазнаць межы свабоды і несвабоды.


Кадр з фільма «Мая Германія».

Праграма Wаtсh Dосs Bеlаrus уключае ў сябе работы апошніх некалькіх гадоў, згодна з прызначэннем форума як бы на тэму правоў чалавека, але без ментарства і ў шырокім разуменні падобных азначэнняў. Напрыклад, рыхтуецца да паказу карціна «Сустрэча выпускнікоў» правакацыйнай шведскай рэжысёркі Анны Одэл: першая частка работы ўяўляе сабой фантазію пра тое, як бы прайшоў вечар сустрэч, калі б Анна, якую туды не запрасілі, усё ж на яго прыйшла, а другая, ужо дакументальная, частка ўяўляе сабой паказ знятага матэрыялу былым аднашкольнікам і абмеркаванне праблемы булінгу.

Фільм «Нацыя аднаго дзіцяці» Ван Нанфу і Лін Чжан, што сёлета атрымаў Гран-пры ў катэгорыі дакументальнага кіно на кінафестывалі «Сандэнс», з'яўляецца чарговай рэфлексіяй на палітыку «адна сям'я — адно дзіця» ў Кітаі. Карціна мусіць проста расказаць, якімі траўмамі для чалавека абярнулася штучнае абмежаванне нараджальнасці з боку ўраду: як жанчын прымушалі стэрылізавацца; як дамы тых, хто аслухаўся, зносілі; як людзі самі пазбаўляліся немаўлят і тыя пакутліва паміралі. Нарэшце, фільм апавядае, што апроч чалавечых драм палітыка «адна сям'я — адно дзіця» справакавала больш глабальныя з'явы — сістэму кантрабанды дзяцей і змены ў менталітэце кітайцаў.

Леташняя польская карціна «Вырасла, пакуль ты спала» Марціна Саўтэра паказвае пераходы з Заходняй Еўропы ва Усходнюю, з багатага на падзеі падарожжа ў вёску Аханяны з насельніцтвам дванаццаць чалавек. Гераіню фільма Караліну Орсік выхавала бабуля, у пэўны момант яе заўважылі прадстаўнікі Беларускай музычнай акадэміі, а пазней запрасілі на вучобу ў Польшчу. Дзяўчына стала падарожнічаць па свеце і выступаць на канцэртах, але кожны раз яна вяртаецца да бабулі ў Аханяны.

Асаблівую цікавасць выклікае першы на Wаtсh Dосs беларускі конкурс, куды ўвайшло пяць карцін. У конкурсе ўдзельнічалі як здабыткі мінулых гадоў, так і свежыя работы. Кароткаметражны «Подых балот» Ігара Чышчэні з пяшчотаю паказвае мясціны і людзей у Беларусі, для якіх багна стала часткай жыцця і культуры. Шэсце па фестывалях працягвае кайфовая стужка «Стрыптыз і вайна» Андрэя Куцілы, у цэнтры якой дзядуля — падпалкоўнік у адстаўцы і ўнук-стрыптызёр, што жывуць разам. Фільм здымаўся чатыры гады і праз гэтае доўгае назіранне паказаў беларускую сучаснасць, дзе спалучаюцца два розныя светы.

27 лістапада ў Мінску адбылася прэм'ера новай карціны знанай беларускай дакументалісткі Галіны Адамовіч «Добрых дзяўчынак не б'юць» — другая магчымасць яе ўбачыць з'яўляецца на Wаtсh Dосs. Фільм прысвечаны тэме хатняга гвалту і паказвае гераінь, што прайшлі праз патавую сітуацыю, мусілі звярнуцца ў «Прытулак», абаранялі сваіх крыўдзіцеляў. Надзвычай актуальная, яшчэ і праз дыскусію аб законе супраць хатняга гвалту, тэма можа стаць на фестывалі найбольш дыскусійнай.

«Месца кахання» Любові Зямцовай засяроджана на групе дзённага знаходжання людзей з інваліднасцю і ўнутранай прыгажосці яе заўсёднікаў. Нарэшце, супярэчлівую, але надзвычай цікавую фактуру ўтрымлівае ў сабе стужка «Мая Германія» Аляксандра Свішчанкова: герой фільма ўсё жыццё жыве ў Беларусі, але з'яўляецца нашчадкам этнічных немцаў і мае нямецкі пашпарт. Галоўнай вартасцю карціны становяцца яго развагі, у якіх сярод іншага бачна відавочнае шкадаванне аб тым, што ён нарадзіўся не ў Германіі. Тры з пяці прадстаўленых у конкурсе фільмаў будуць адзначаны прызамі глядацкіх сімпатый і адпаведнымі грашовымі прэміямі.

Беларускія работы прадстаўлены таксама ў іншых праграмах, а фестываль апроч кіно прапануе некалькі мерапрыемстваў і ўдзел у прызначэнні антыпрэміі «Wаtсh Dосs памеціў» за антызаслугі ў галіне правоў чалавека. Прымеркаванымі да кінапаказаў, напрыклад, стануць дыскусія «Гэта ўсяго толькі дзеці?» пра гвалт у школе альбо абмеркаванне з беларускімі футбалісткамі стужкі «Хартум па-за гульнёй» пра суданскіх жанчын, якія, нягледзячы на забарону, іграюць у футбол. Поўны спіс паказаў і мерапрыемстваў, а таксама інфармацыю пра тое, як падтрымаць беларускіх дакументалістаў і паўдзельнічаць у прызначэнні антыпрэміі, шукайце на сайце wаtсhdосs.bу.

Цырымонія закрыцця з падвядзеннем вынікаў адбудзецца 13 снежня ў Ок16. Арганізатарам фестывалю выступае грамадская арганізацыя «Звяно».

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Усё пра чалавека

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».