Вы тут

Як псіхалагічная служба БДУ дапамагае студэнтам


Сучасны свет часта прымушае людзей надзяваць маскі. Казаць пра свае сапраўдныя пачуцці становіцца сорамна і няёмка, а спроба падзяліцца перажываннямі можа скончыцца абвінавачваннем у «ныцці». Але з праблемамі сутыкаюцца ўсе, і гэта нармальна. Хтосьці не ўпэўнены ў сваіх сілах, а нехта пакутуе ад непаразумення з боку блізкіх... І самае галоўнае ў такіх сітуацыях — прыслухацца да сябе. Калі адчуваеце, што не можаце самастойна справіцца з цяжкасцямі, то не варта саромецца звярнуцца да спецыяліста. Дапамогу студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў вырашэнні гэтых пытанняў аказвае псіхалагічная служба БДУ. Наша суразмоўніца — педагог-псіхолаг Юлія Яцкевіч — выпускніца факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ па спецыяльнасці «псіхалогія, выкладанне псіхалогіі». Скончыла магістратуру таго ж факультэта і вось ужо каля пяці гадоў дапамагае студэнтам спраўляцца са складанымі жыццёвымі сітуацыямі.


— Псіхалагічная служба БДУ — шырокае поле для дзейнасці псіхолага, — кажа спецыяліст. — Тут я магу выкарыстоўваць розныя методыкі ў рабоце, бо з'яўляюся таксама і сертыфікаваным арт-тэрапеўтам. Арт-тэрапія (ад англійскага аrt — «мастацтва» + тэрапія) — кірунак у псіхатэрапіі і псіхалагічнай карэкцыі, ён заснаваны на выкарыстанні для тэрапіі мастацтва і творчасці.

У сценах універсітэта арганізоўваюцца розныя фэсты, групавыя сустрэчы. Ёсць такая практыка: студэнты навучальных груп могуць заказваць трэнінг на пэўную тэму — матывацыя, работа з пракрастынацыяй (адкладванне заданняў і абавязкаў на потым), тайм-менеджмент (эфектыўнае планаванне рабочага часу).

— У апошнія гады радуе тэндэнцыя знікнення стыгматызацыі вакол тых, хто звяртаецца да псіхолагаў. Прыходзячы на групавыя заняткі, студэнты да мяне ўсё часцей звяртаюцца ў прысутнасці сваіх аднагрупнікаў. Цікавяцца, як можна запісацца на прыём. Так што работы ў псіхолагаў цяпер даволі шмат, і па розных кірунках, — расказвае Юлія.

Паслугі абсалютна бясплатныя і канфідэнцыяльныя. Студэнт можа прыйсці з любой праблемай, і яна не выйдзе за межы кабінета, калі гэта не пагражае жыццю кліента або навакольным. Але важна разумець, што псіхалагічная служба БДУ — гэта ўсё ж такі кансультаванне, а не тэрапія, вырашэнне канкрэтнай праблемы за кароткі прамежак часу. А тэрапія — гэта працяглы і працаёмкі працэс, калі праблема сур'ёзная і знаходзіцца глыбока ўнутры.

Для вырашэння пэўнай задачы звычайна хапае 5-10 сустрэч, максімум 15. Але калі студэнт, які звярнуўся, не адчувае прагрэсу, то гэта падстава звярнуцца да псіхатэрапеўта. Псіхалагічная служба БДУ цесна супрацоўнічае з 33-й студэнцкай паліклінікай, дзе аказваецца такая дапамога. Лячэнне прызначаецца як медыкаментознае, так і без фармакалагічных сродкаў. У залежнасці ад глыбіні праблемы тэрапія можа доўжыцца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў.

— Работа са студэнтамі часцей за ўсё звязана з тэмай прыняцця сябе. Вакол сучаснага чалавека існуе велізарнае інфармацыйнае поле. Калі знаходзішся ў ім бесперапынна, унутраны перфекцыянізм перарастае ў жаданне стварыць з сябе ідэальны вобраз. Вельмі часта да нас прыходзяць дзяўчаты з расстройствамі харчовых паводзін, такімі як анарэксія, булімія. Іншыя звяртаюцца з праблемамі, звязанымі з асабістымі адносінамі: з бацькамі, з аднагодкамі, з каханым. Многія прыходзяць са скаргамі на адсутнасць матывацыі або нерэалізаваныя амбіцыі, — працягвае педагог-псіхолаг.

— На паліцах кніжных крам у апошнія гады з'явілася вельмі шмат псіхалагічнай літаратуры накшталт «Мастацтва пафігізму», «Мастацтва дамінаваць», «Як стаць паспяховым». Ці можна давяраць ёй?

— Спадзявацца на тое, што, прачытаўшы кнігу «Як стаць паспяховым», вы адразу паднімецеся па кар'ернай лесвіцы і пачняце зарабляць мільёны, — дакладна не варта. Аднак можна смела займаць пазіцыю даследчыка і аналізаваць, наколькі дапамагаюць або не дапамагаюць гэтыя кнігі ў той час, калі вы займаецеся рэальнай дзейнасцю, працуеце над сабой. Пакуль не пачняце дзейнічаць, ніякая літаратура не дапаможа, — даводзіць суразмоўніца. — Я часта чую фразу «Ніколі не позна падарыць сабе шчаслівае дзяцінства». І сапраўды, з дапамогай тэрапіі можна справіцца з траўмамі, атрыманымі ў дзяцінстве, пакінуць у мінулым многія непрыемныя падзеі і жыць далей.

  • Кнігі, якія Юлія параіла для чытання:
  • «Рэцэпт шчасця. Прымайце сябе тры разы на дзень». Аўтар — Кацярына Сігітава.
  •  «Парадак нараджэння». Аўтар — Альфрэд Адлер.
  • Серыя «Слухай сваё цела». «Пяць траўмаў, якія перашкаджаюць быць самім сабой». Аўтар — Ліз Бурбо.
  • «Варажба на рэальнасці. Азбука арт-тэрапіі». Аўтар — Ганна Яфімкіна.
  • «Інтуітыўнае харчаванне». Аўтар — Святлана Броннікава.

Паліна Пракапеня, студэнтка ІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Прыняць сябе самога

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.