29 верасня, аўторак

Вы тут

«Каратэ — гэта шлях даўжынёй у жыццё»


Сваю дзейнасць старшы выкладчык кафедры фізвыхавання і спорту, трэнер зборнай каманды БДУ, прадстаўнік Сусветнай федэрацыі Сітару каратэ, уладальніца чацвёртага дана Кацярына ЛЫСЕНКА пачала 18 гадоў таму, першакурсніцай універсітэта фізічнай культуры. А пазнаёмілася з адзінаборствам у дзяцінстве: тады побач са школай у родным Бабруйску знаходзілася секцыя па гэтым відзе спорту. Ужо адзінаццаць гадоў яна працуе з некалькімі групамі: спартыўнага ўдасканалення, дзе займаецца каля двух дзясяткаў студэнтаў, і са зборнай БДУ, што складаецца з шасці чалавек, сярод якіх ёсць і члены нацыянальнай зборнай.


Трэнер Кацярына Лысенка (у цэнтры) з камандай на спаборніцтвах у Польшчы.

— Розніца паміж імі — у валоданні майстэрствам адзінаборства, а таксама ў гадзінах, адведзеных на трэніроўкі. Напрыклад, майстры спорту, члены нацыянальнай зборнай наведваюць секцыю кожны дзень, а іншыя — некалькі разоў на тыдзень. Упэўнена, што дзеці ідуць за трэнерам. Са мной яны пачалі займацца гэтым відам спорту, яшчэ калі былі маленькія. Тых, хто прыходзіць «з нуля», няшмат. Цікава, што яшчэ пяць гадоў таму была ўстойлівая цікавасць да гэтага віду спорту найперш хлопцаў, а цяпер юнакоў і дзяўчат — пароўну, — зазначыла трэнер.

Каратэ займаюцца для развіцця свайго цела, умацавання духу, для самаабароны ці для таго, каб пазбавіцца пэўных комплексаў. Уладальнікі чорных паясоў васемнаццацігадовая Марыя ЛЯШКОВА, якая вучыцца на факультэце сацыякультурных камунікацый БДУ, і сямнаццацігадовая студэнтка Інстытута бізнесу той жа ВНУ Яўгенія НІКАЛАЕВА аддалі перавагу каратэ яшчэ адзінаццаць гадоў таму.

— Мне падабаецца, што адзінаборства развівае каардынацыю, дае нагрузку на ўсе групы цягліц. Яно падобнае на медытацыю: падчас выступленняў мы канцэнтруемся не на гледачах, а на асабістых пачуццях. Хутка зразумела, што хачу займацца гэтым спортам прафесійна. У 2017 годзе разам з камандай мы ездзілі на чэмпіянат свету ў іспанскі Тэнэрыф, там занялі сёмае месца. Сёлета — на чэмпіянат свету ў Токіа, дзе ўзялі бронзавы медаль. Былі і на прэм'ер-лігах у Сафіі, Маскве, Стамбуле... З апошняга — удзел у Рэспубліканскай універсіядзе, якая адбылася ў лістападзе. Вынік — залаты медаль у раздзеле «жаночае каманднае ката» (ката — паслядоўныя рухі, звязаныя прынцыпамі вядзення паядынку з сапернікам ці іх групай). А Жэня там стала першай у раздзеле «асабістае ката», а таксама ў кумітэ (усе разнавіднасці бою падчас паядынку). Калі шчыра, я не ўспрымаю перамогу як галоўную мэту, мне важней удасканальваць сваё майстэрства, абмяркоўваць моцныя і слабыя бакі выступленняў, выконваць работу над памылкамі, — дзеліцца Маша.

Першакурсніца Марыя Ляшкова адпрацоўвае ка́та.

— Сумненняў, што хачу займацца менавіта гэтым відам спорту, не было, — працягвае Жэня. — З першых заняткаў спадабаўся дух, які пануе падчас трэніровак, эстэтыка рухаў, самі спаборніцтвы. Трэніроўкі, якія праходзяць у нас амаль кожны дзень, робяць мяне больш дысцыплінаванай і адказнай, я сапраўды атрымліваю асалоду ад працэсу.

Не трэба быць ваяўнічымі, каб быць моцнымі. Бо гэта парушае гармонію прыроды. А яшчэ не нападаць, а ўдала абараняцца, абыходзіцца без агрэсіі. У гэтым заключаецца галоўная філасофія каратэ.

— Любая задача па развіцці сябе як асобы можа быць рэалізавана з дапамогай адзінаборства. Мая задача як трэнера — паказаць шматграннасць таго, чым займаемся. Калі мы ездзілі на чэмпіянат свету ў Японію, назіралі за выступленнямі спартсменаў, якім было за 70 гадоў. Дзядулі і бабулі былі захоплены каратэ амаль усё жыццё, і гэта прыемна ўражвала. Каб у маіх навучэнцаў быў добры прыклад перад вачамі, я таксама выступаю з імі на спаборніцтвах. Калі да іх рыхтуемся, прапрацоўваем розныя тэхнікі, пры гэтым заданні для кожнага індывідуальныя. Перыядычна змяняем падыходы да трэніровак, напрыклад займаемся на прыродзе — там лепш адчуваецца свабодны дух адзінаборства, — расказвае Кацярына.

Амаль усе героі нашага аповеду маюць чорныя паясы, што паказвае іх высокае майстэрства.

— Упэўнена, што працавітасць заўсёды перамагае талент, — дадае суразмоўніца. — Студэнты, якія ўваходзяць у зборную ВНУ па каратэ, прысвяцілі адзінаборству не адзін год, таму і маюць званне майстроў спорту. Яны пацвердзілі свой прафесіяналізм, здаючы экзамен у Японіі, а гэта вельмі прэстыжна.

Яўгенія Нікалаева з трэнерам (крайняя злева).

Цікава, што экзамены на атрыманне пэўнага пояса — ад белага да чорнага, — можна здаваць штогод ці праз некалькі гадоў. Пасля пачынаецца ўзыходжанне па прыступках — данах (звычайна іх дзесяць, аднак у розных стылях і школах лік можа адрознівацца). Экзамены на валоданне майстэрствам уключаюць у сябе паядынак з сапернікам і выкананне комплексаў «ката». Каб атрымаць другі і трэці даны, патрабуецца не адзін год заняткаў. Уладальнікамі чацвёртага, пятага і шостага данаў звычайна становяцца вопытныя каратысты, якім больш за 35 гадоў. Сёмы, восьмы і дзявяты даны — у носьбітаў высокай духоўнай мудрасці, якая спасцігаецца з гадамі. Найвышэйшы дзясяты маюць японскія «гуру» каратэ.

— Кацярына, ведаю, што за апошні год вы наведалі семінары па каратэ ў Японіі, Партугаліі, Аўстрыі, Бельгіі. Але ёсць меркаванне, што можна навучыцца ўсяму па відэа з YouTube. Што датычыцца каратэ, гэта добрая ідэя?

— Каб зразумець новыя комплексы «ката», у арсенале можа быць шмат ведаў, але яны не працуюць без настаўніка. Таму і займацца каратэ трэба толькі пад назіраннем трэнера. Немагчыма вывучыць тэхніку, адчуць філасофію адзінаборства, прынцыпы работы з целам самастойна. Каратэ — гэта шлях даўжынёй у жыццё. Важна не спыняць навучанне ні на дзень, ездзіць да вопытных майстроў за мяжу, бо менавіта там першакрыніца ведаў.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.