Вы тут

Прэзідэнт сустрэўся з парламентарыямі шостага і сёмага склікання


Прэзідэнт звярнуўся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі шостага і сёмага скліканняў і ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды.


Прэзідэнт дэпутатам: Вы — эліта нашага грамадства, вас выбралі людзі

Гэту прамову чакалі, пра яе шмат гаварылі і ўжо загадзя назвалі гістарычнай і праграмнай. Але сам Прэзідэнт не згадзіўся з такой ацэнкай.

«Гэта добрая традыцыя сходу двух палат яшчэ не ўкаранілася ў нашай свядомасці. Для глабальных заяў існуе Пасланне Прэзідэнта народу і Парламенту. А сёння добрая традыцыя, якая ўстанаўліваецца ў краіне. Хутчэй за ўсё гэта нейкія ацэнкі, разважанні аб працы Парламента. Але не выключаю, што ў гэтай працоўнай залі мы можам паразмаўляць аб надзённых пытаннях нашай дзяржавы. Вы — эліта нашага грамадства, і асновай такіх маіх заключэнняў з’яўляецца тое, што вас выбралі людзі. Як бы выбарчая кампанія не праходзіла, падвялі рысу — і наперад, даказвайце людзям справай, што вы годныя гэтага высокага звання», — пачаў размову Аляксандр Лукашэнка.

Ён назваў сённяшні дзень важным і адначасова ўрачыстым у палітычным жыцці нашай краіны. І, дарэчы, паправіў старшыню Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча, які падзякаваў Прэзідэнту за магчымасць пачуць ацэнку працы і атрымаць наказы па рашэнні актуальных задач, а таксама за запрашэнне да сабе.

«Я запрасіў вас да нас. Гэта наш Палац Незалежнасці — і толькі потым працоўная рэзідэнцыя Прэзідэнта», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: Вытокі беларускага парламентарызму бяруць пачатак у Полацкім вечы, соймах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай

«Сімвалічна, што праведзеныя парламенцкія выбары супалі са знакавым для нашай краіны годам. У 2019-м мы святкавалі 25-годдзе Канстытуцыі — дакумента, які адыгрывае найважнейшую ролю ва ўмацаванні беларускай дзяржаўнасці. З прыняццем Асноўнага Закона мы юрыдычна замацавалі шматвяковыя традыцыі беларусаў, якія заўсёды імкнуліся да справядлівасці, незалежнасці і мірнага стварэння на сваёй зямлі, удзельнічалі амаль ва ўсіх вядомых у гісторыі відах і формах народнага прадстаўніцтва», — сказаў лідар краіны.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вытокі беларускага парламентарызму бяруць пачатак у Полацкім вечы, соймах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, Дзяржаўнай думе Расійскай імперыі, дзейнасці Усебеларускіх з’ездаў саветаў і скліканняў Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.

Краіна стаяла на краі прорвы — Лукашэнка

Прэзідэнт нагадаў, у які няпросты перыяд праходзіла фарміраванне рэспублікі: першыя гады перабудовы, развал Савецкага Саюза балюча ўдарылі па ўсіх сферах жыццядзейнасці краіны. І, лічыць кіраўнік дзяржавы, бадай што самым цяжкім выпрабаваннем стала несправядлівасць, з якой сутыкнуўся народ ў эпоху пераменаў: людзям, якія ўсё жыццё шчыра працавалі, няма на што было жыць і няма чаго было пакінуць дзецям.

«Па факце краіна стаяла на краі прорвы. У гэтых умовах на плечы беларускага народа лёг груз адказнасці за вырашэнне найскладанейшых задач. Апынуўшыся без залатога запасу (вы ведаеце, дзе ён быў), нафты і газу, неабходна было стварыць новую эканамічную мадэль. Нафта і газ былі рэсурсамі ўсёй вялікай краіны. У савецкі перыяд часу мы ўклалі нямала, каб прабурыць там, у Сібіры, гэтыя свідравіны, дабыць нафту, газ. У Беларусі павыпампавалі ўсю нафту і паставілі на экспарт. Каб вы ведалі, у Беларусі нафта нашмат якасней за расійскую, лёгкая нафта. Мы па дзевяць мільёнаў тон качалі і гналі на захад», — узгадаў Аляксандр Лукашэнка.

І сёння дзяржава засталася з двума мільёнамі тон нафты, якой, зразумела, не хапае для работы народна-гаспадарчага комплекса, працягнуў Прэзідэнт. 

«Таму даводзіцца поўзаць на каленях, вымаліваць дадатковыя тоны, каб загрузіць перапрацоўчыя заводы, якія тады былі пабудаваныя ў Беларусі. Праўда, каб было гэта зараз, мы б ніколі іх не будавалі, таму што ў нас няма тых 25 мільёнаў тон нафты, якія могуць перапрацаваць нашы прадпрыемствы. Ды і БелАЗ мы не будавалі б, бо паўтара аўтамабіля толькі выкарыстоўваем у Беларусі. Уся магутная тэхніка была для велізарнага Савецкага Саюза», — разважае лідар дзяржавы.

Ён параўнаў Беларусь, Украіну і Прыбалтыку савецкіх часоў з фільтрам — краіны былі высокатэхналагічныя, з развітай лагістыкай, маглі забяспечваць не толькі сацыялістычны блок, але і заходнія краіны. Больш за тое, ставіць свае ўмовы. 

«Краіна развалілася, яе кавалак застаўся не толькі без залатога запасу, але з паперкамі, якія за суткі ператварыліся ў пыл. Былі пустыя паліцы, людзям няма чаго было есці, апрануць. Давялося выкарасківацца з гэтай складанай сітуацыі, мы апынуліся ў той час ні з чым. Галоўнае, не было ніякай эканамічнай мадэлі, па якой можна было развіваць незалежную і суверэнную краіну», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ды і тую спачатку давялося будаваць: захаваць дзяржаўную агульнанародную ўласнасць, замацаваць сацыяльную накіраванасць унутранай палітыкі, усталяваць прававы парадак і спыніць экстрэмізм і бандытызм.

«Па дарозе праслаўленай Масква-Брэст да Берліна нельга было праехаць. Бандыты, перш за ўсё, адтуль, з усходу, спынялі аўтамабілі ад Смаленска да Брэста, расстрэльвалі людзей, адбіралі ўсё, што людзі везлі. Мы парадак навялі за месяц, разабраўшыся з бандфармаваннямі. У Мінску іх было 32 — дагэтуль памятую, і мы з імі справіліся на працягу аднаго года», — Прэзідэнт узгадаў жорсткія рашэнні, да якіх давялося прыбегнуць, каб выратаваць народ.

Нас хутка прызналі ўсе дзяржавы, працягнуў Аляксандр Лукашэнка, таму што ўсе былі рады распаду Савецкага Саюза, асабліва заходнія дзяржавы. Краіна мусіла выбудаваць новыя дыпламатычныя ўзаемаадносіны, а разлічваць пры гэтым было няма на каго.

«Трэба было вызначыць дзяржаўную сімволіку, якая б аб’ядноўвала грамадства, а не раз’ядноўвала; спыніць распальванне нацыянальнай варожасці і вырашыць адчувальнае для людзей моўнае пытанне. І шмат іншых праблем. Іншымі словамі, пабудаваць моцную, жыццяздольную дзяржаву», — падкрэсліў беларускі лідар.

Стварэнне двухпалатнага Парламента Нацыянальнага сходу Беларусі забяспечыла паслядоўнае і эфектыўнае правядзенне намечаных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў 

Прэзідэнт прызнаў, што для стварэння новай, сапраўды дэмакратычнай палітычнай мадэлі абставіны патрабавалі прыняцця хуткіх, бескампрамісных рашэнняў і прававога замацавання адпаведных паўнамоцтваў.

І, упэўнены кіраўнік дзяржавы, толькі дзякуючы сваёй мудрасці і гатоўнасці ўзяць на сябе адказнасць за будучыню краіны беларусы прынялі гэтыя найважнейшыя рашэнні на ўсенародных рэферэндумах: прагаласавалі за цвёрдую ўладу, стабільнасць і законнасць. У краіне быў сфармаваны па-сапраўднаму працаздольны прадстаўнічы і заканадаўчы орган.

На думку Прэзідэнта, стварэнне двухпалатнага Парламента Нацыянальнага сходу Беларусі забяспечыла паслядоўнае і эфектыўнае правядзенне намечаных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў.

«Вядома, з гадамі негатыў забываецца. З пункту гледжання праблем, з якімі сутыкнулася краіна ў 90-я, сёння многім беларусам, напэўна, нават у думках не хочацца вяртацца ў той час. Палова з вас і не памятае гэтага часу, дзецьмі яшчэ былі. І гэта нармальна. Нашмат правільней трымацца за лепшыя моманты, а адмоўны вопыт успрымаць з удзячнасцю. Для мяне, як кіраўніка дзяржавы, самым светлым успамінам тых гадоў назаўжды застанецца падтрымка народа», — не стаў хаваць пачуццяў Прэзідэнт.

І прызнаўся: заўсёды будзе ўдзячны людзям, якія паверылі ў абраны дзяржавай курс, сваёй добрасумленнай працай стварылі ўсё, што сёння называецца дасягненнямі нашай найноўшай гісторыі, захавалі найлепшыя традыцыі. А самае каштоўнае — зрабілі гэта ў рэкордна кароткія па гістарычных мерках тэрміны. 
Кожнае новае скліканне народнага прадстаўніцтва ўвайшло ў гісторыю незалежнай Беларусі сваім паслядоўным і адказным рухам па шляху прагрэсіўных пераўтварэнняў, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

За час сваёй дзейнасці беларускі Парламент прыняў больш за дзве тысячы законаў 

Па словах Прэзідэнта, дзякуючы Нацыянальнаму сходу ў дзяржаве практычна з нуля створана ўся сістэма заканадаўства. А гэта нашмат складаней, чым пабудаваць завод. Для вырашэння новых стратэгічных задач, якія стаяць перад краінай, дэпутаты не проста карэктавалі састарэлыя правілы і нормы савецкіх часоў, але ў цэлым запаўнялі прававы вакуум. Пры ўдзеле Парламента закладзеныя дэмакратычныя асновы беларускай дзяржаўнасці і грамадзянскай супольнасці ў законах, якія рэгулююць дзейнасць асноўных палітычных інстытутаў краіны.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што рэалізуючы свае канстытуцыйныя паўнамоцтвы, парламентарыі зацвердзілі праграмныя дакументы: асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі і ваенную дактрыну дзяржавы. Новыя кодэксы, якія прымаюцца ў Авальнай залі Парламента, развівалі асноўныя канстытуцыйныя правы грамадзян. Быў прыняты шэраг важных законаў, накіраваных на вырашэнне пытанняў пераводу эканомікі на сучасныя, рыначныя механізмы.

«У сферы пастаяннай увагі парламентарыяў знаходзілася сацыяльная накіраванасць рэспубліканскага бюджэта і штогадовых законаў аб яго выкананні. Важную ролю ў павышэнні якасці жыцця грамадзян адыграла прыняцце законаў, накіраваных на ўвядзенне мінімальных сацыяльных стандартаў, вырашэнне дэмаграфічных і экалагічных праблем, пераадоленне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Прыняты дэпутацкім корпусам закон аб міжнародных дамовах не толькі забяспечыў прасоўванне нацыянальных інтарэсаў на міжнароднай арэне, але і стварыў умовы для абароны правоў беларускіх грамадзян за межамі краіны», — працягнуў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што за час сваёй дзейнасці беларускі Парламент прыняў больш за дзве тысячы законаў. Амаль трыста з іх — вынік працы дэпутацкага корпуса, які завяршае працу.

Дзякуючы сваёй спакойнай, удумлівай дзейнасці беларускі парламент сёння вядомы і аўтарытэтны

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Мінск упершыню стаў важнай пляцоўкай для правядзення мерапрыемстваў міжнароднага ўзроўню — Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Парламенцкай асамблеі Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, пасяджэння Бюро Канферэнцыі рэгіянальных і мясцовых органаў улады Усходняга партнёрства. Прасоўванню Мінска як аўтарытэтнай міжнароднай пляцоўкі спрыяла і правядзенне вясной 2019 года міжнароднай канферэнцыі Групы падтрымкі Шоўкавага шляху Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

За мінулыя гады міжнародна-дагаворная база беларускага парламента папоўнілася новымі дакументамі аб двухбаковым супрацоўніцтве з парламентамі 16 замежных дзяржаў.

«Вялікую ролю парламентарыі адыгралі ў фарміраванні прававой базы Еўразійскага эканамічнага саюза, засяродзіўшы намаганні на абароне айчынных вытворцаў і прасоўвання нацыянальных інтарэсаў на рынку нашых суседзяў. Рашэнні па разняволенні дзелавой ініцыятывы, змягчэнні адказнасці за правапарушэнні ў сферы прадпрымальніцкай дзейнасці былі пазітыўна ўспрынятыя нашымі прадпрымальнікамі і ў цэлым бізнес-супольнасцю», — сказаў Прэзідэнт.

Шырокі грамадскі рэзананс атрымала правядзенне парламенцкіх слуханняў на тэму «Прававыя і практычныя аспекты паляпшэння інвестыцыйнага клімату ў Рэспубліцы Беларусь».

Па меркаванні кіраўніка дзяржавы, асаблівай увагі заслугоўвае праца парламента шостага склікання з моладдзю. У гэтым кірунку падрыхтаваны праект Палажэння аб Маладзёжным савеце пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, створана Маладзёжная палата пры Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі, сфармаваныя маладзёжныя парламенты пры абласных Саветах дэпутатаў.

«Усе дасягненні і высокія вынікі дэпутацкага корпуса сталі магчымыя перш за ўсё дзякуючы адсутнасці палітычных рознагалоссяў і накіраванасці парламентарыяў на канструктыўнае супрацоўніцтва з іншымі галінамі ўлады. Нацыянальны сход заўсёды выбудоўваў сваю работу такім чынам, што законапраекты, якія прымаліся, сапраўды адказвалі інтарэсам грамадства і дзяржавы. Перакананы, новаабраныя дэпутаты захаваюць пераемнасць прадуктыўнай і актуальнай законатворчасці», — акцэнтаваў увагу лідар краіны.


«Я перажываў, каб парламент быў працаздольным»

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чарговыя парламенцкія выбары прайшлі ў адкрытай канкурэнтнай барацьбе. Прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат было нават больш, чым у мінулую кампанію.

Прэзідэнт падкрэсліў, што не хавае: ён, паводле Канстытуцыі, як адказны за дзейнасць галін улады, павінен быў узначаліць работу па фарміраванні парламента. 

«Гэта натуральна, гэта мой абавязак. Я перажываў, каб парламент быў працаздольным, каб я ніколі больш не перажываў тое, што было ў сярэдзіне 90-х, калі я ўваходзіў у парламент, і перада мной на падлозе пад трыбунамі валяліся дэпутаты, менавіта валяліся, не сядзелі, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Такі быў, бачыце, пратэст. Нас цягнулі да таго, што перажываюць сёння суседнія дзяржавы, асабліва Украіна».

Кіраўнік дзяржавы заклікаў не шукаць ў сваёй пазіцыі адносна выбараў падводных плыняў. «Я казаў гэта напярэдадні выбараў: так, мы будзем падтрымліваць канструктыўных людзей. Парламент павінен быць зрэзам нашага грамадства па вертыкалі. Там павінна быць і моладзь, і сярэдняе пакаленне, і вопытныя, і нявопытныя, і ветэраны, пенсіянеры, глыбокія пенсіянеры. Няхай некалькі чалавек, але голас іх павінен быць чутны, бо 30 працэнтаў нашага насельніцтва — гэта вельмі дарослыя людзі», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў спыніць балбатню на тэму таго, хто абраны ў новы парламент. Цяпер перад краінай і перад дэпутатамі стяць надзвычай важныя задачы. І ўсе павінны гэта разумець. І важна не блытаць прыярытэты. Справа дэпутатаў — ствараць законы для людзей.

«Хто б вас ні падтрымліваў, як бы вы ні абіраліся, вы сёння -прадстаўнікі галіны ўлады, адной з трох (заканадаўчай, выканаўчай, прадстаўнічай), і пачынайце працаваць у інтарэсах сваіх выбаршчыкаў. Спрабуйце даказаць выбаршчыкам, што ў вас найцяжэйшая праца. І часам (кажу як дэпутат з пяцігадовым стажам) агідная, ненавісная: сядзець, выдумляць, увасабляць у форму законаў тое, што патрабуюць людзі. Але не рамонт вуліц, дахаў і балконаў», — абазначыў Прэзідэнт.

Побытавыя пытанні трэба браць на кантроль. Трэба чуць людзей, якія за дэпутата прагаласавалі, і ісці ў выканаўчыя органы, каб гэтыя пытанні вырашаліся там. Але пры гэтым трэба разумець, што кожны ў краіне павінен займацца сваёй справай. 

Прэзідэнт зноў падзякаваў усім членам участковых выбарчых камісій. «Гэта больш за 60 тысяч чалавек беларусаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія бескарысліва і сумленна выконвалі сваю працу пад пільнай увагай шматлікіх міжнародных назіральнікаў, — сказаў ён. — Іх была рэкордная колькасць. Мы не адмовілі нікому. Прынялі ўсіх жадаючых».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што зроблены беларусамі выбар у чарговы раз паказаў стабільнасць нашага грамадства, яго прыхільнасць традыцыйным каштоўнасцям і імкненне да мірнай працы. 

Беларускі лідар павіншаваў новаабраных парламентарыяў з паспяховай здачай «напэўна, аднаго з самых адказных экзаменаў у іх жыцці». Ён звярнуў увагу, што сярод дэпутатаў і членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання шмат дасведчаных кіраўнікоў і тых, хто ведае жыццё і вытворчасць знутры, — гэта работнікі аграпрамысловага комплексу і прамысловасці, таленавітыя выкладчыкі, урачы, юрысты, суддзі, сілавікі, яркія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, СМІ і моладзі. 
«Заахвочваючы імкненне маладых грамадзян удзельнічаць у палітычным жыцці краіны сёння, мы ўмацоўваем будучыню нашай суверэннай дзяржавы», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Яшчэ адна рыса новага парламенту — значная колькасць жанчын. «Гэта нядзіўна — жанчыны ў нас актыўныя, а галоўнае, самыя адказныя. Яны гатовыя займацца палітыкай, нягледзячы на груз паўсядзённых клопатаў — пра дом, сям’ю, дзяцей, іх здароўе, адукацыю і выхаванне, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Адпаведна, яны бліжэй за ўсіх да разумення самых актуальных сацыяльных пытанняў, з якімі трэба будзе працаваць у бліжэйшы час».

У цэлым у абраным парламенце прадстаўлены і адлюстраваны інтарэсы ўсіх слаёў насельніцтва, лічыць кіраўінк дзяржавы. «Перакананы, гэта дасць магчымасць паспяхова решатъ усе пастаўленыя перад вамі задачы і апраўдае чаканні нашых выбаршчыкаў», — звярнуўся ён да прысутных.

Наступствы змяненняў павінны быць пралічаныя на гады наперад

Прэзідэнт падзяляе агульнаграмадскае разуменне, што залог паспяховага развіцця краіны — гэта перш за ўсё палітычная стабільнасць і зладжаная праца ўсіх галін улады — парламента, урада і судоў. 

На яго думку, новы парламент павінен стаць «цэнтрам прагрэсіўнай заканатворчасці». У рэалізацыі гэтай мэты ён даручыў кіравацца двума галоўнымі правіламі. Па-першае, парламентарыям неабходна памятаць, што прынятыя папраўкі і законы перш за ўсё мусяць адлюстроўваць рэальныя патрэбы грамадзян. 

«Трэба глядзець на жыццё і рабіць усё, каб жыццё гэта было лепшым. А для гэтага трэба ісці праз закон», — дадаў Прэзідэнт.

Па-другое, наступствы любых змяненняў у заканадаўстве мусяць быць прааналізаваны і пралічаныя на некалькі гады наперад, каб людзі разумелі, куды ідзе краіна.

«У бліжэйшы час усім вам трэба будзе разам вырашаць найважнейшыя і актуальныя пытанні, якія хвалююць грамадства, а значыць, з’яўляюцца прыярытэтнымі мэтамі нашай дзяржаўнай палітыкі», — абазначыў задачы Прэзідэнт.

Беларусь камусьці — костка ў горле

Новаму парламенту Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу захаваць пераемнасць эканамічнага курсу, забяспечваючы ўстойлівае развіццё суверэннай беларускай дзяржавы, дынаміку росту эканомікі і дабрабыту грамадзян. 

Прэзідэнт папярэдзіў: будзе вельмі нялёгка. І не таму, што мадэль няправільная ці мова не тая, а таму, што Беларусь стала «косткай у горле».

«Вельмі ўжо камусьці карціць, бачыце: без рэсурсаў, без вяліках запасаў яны неяк жывуць. І мы мусім разумна перайці гэты складаны перыяд, тым больш, што вы бачыце турбулентнасць міжнародных адносін, палітыку, бязглудзіцу некаторых лідараў. І з імі трэба мець справу, будаваць адносіны. Да таго ж абяцаюць 12-гадовы перыяд эканамічнага крызісу, крый божа. Ужо колькі іх перажылі», — абазначыў сітуацыю лідар Беларусі.

Тэрмін паўнамоцтваў новых парламентарыяў прыйшоўся на няпросты перыяд, упэўнены Лукашэнка. 

«Барацьба вядучых геапалітычных сіл за сферы ўплыву, жорсткае лабіраванне краінамі сваёй эканамічнай выгады, гандлёвыя войны і бар’еры — рэальнасць, якая аб’ектыўна ўскладняе нам жыццё. Гэта з аднаго боку. З іншага — з’яўляецца рухавіком прагрэсу, прымушае нас шукаць новыя рэзервы эканамічнага росту, ствараць эканамічную сістэму, якая мінімальна залежыць ад рынку вуглевадароднай сыравіны і іншых кан’юнктурных тавараў. Гэта мы, дарэчы, пачалі рабіць — пачынаючы з Парку высокіх тэхналогій і па іншых кірунках», — растлумачыў Прэзідэнт.

Ён паведаміў, што сярэднетэрміновае эканамічнае развіццё нашай краіны будзе грунтавацца на чатырох апорах: стварэнні найлепшых умоў для прыцягнення інвестыцый у нашу эканоміку («Праўда, ужо не ведаю, што можна зрабіць лепш», — заўважыў Лукашэнка), павышэнні прадукцыйнасці працы за кошт стымулявання дзелавой актыўнасці, пашырэнні знешняга гандлю праз асваенне новых экспартных рынкаў («А тут мы значна недапрацоўваем. Відаць, мушу зноў у аснову пакласці экспарт. Будзе экспарт — будзе краіна», — пракаментаваў Прэзідэнт) і кардынальнае змяненне сітуацыі ў дэмаграфіі. 

«Калі і мы і надалей гэтак нараджаць будзем, шаноўныя жанчыны... Ведаеце, што будзе», заўважыў ён. 

Абазначыныя Прэзідэнтам чатыры кірункі — ў асноўным задачы ўрада, але яны наўпрост тычыцца і дэпутатаў. 

«Гэтыя напрамкі — аснова для рэалізацыі вашых персанальных перадвыбарных абяцанняў выбаршчыкам і жыхарам рэгіёнаў, якія вы прадстаўляеце», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт чакае ад народных абраннікаў прапаноў, што і як канкрэтна трэба зрабіць на месцах 

Неабходна сфарміраваць эфектыўную рэгіянальную палітыку і ўзмацніць ролю органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў забеспячэнні сацяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Гэта патрабаванне часу і праца парламентарыяў.

Прэзідэнт чакае ад народных абраннікаў прапаноў, што і як канкрэтна трэба зрабіць на месцах. «У свой час мы абвясцілі Беларусь сацыяльнай дзяржавай. Падтрымка сацыяльна слабых катэгорыяў ёсць і будзе адным з вектараў нашай палітыкі. Аднак узровень развіцця нашага грамадства і грамадзянскай адказнасці беларусаў дазваляе мяняць характар такой падтрымкі. Паступова пераходзіць ад патэрналісцкай мадэлі да падтрымліваючай, калі дзяржава не проста бярэ на сябе рашэнне ўсіх праблем чалавека, але стварае такія ўмовы, каб чалавек самастойна мог вырашыць свае праблемы. Гэта значыць, не рыбу, а вудачку ў рукі», — паведаміў Прэзідэнт.

Для такога пераходу ў Беларусі створана эфектыўная прававая база. Захоўваючы лепшае, што напрацавана і праверана вопытам, Парламенту трэба будзе дапаўняць, удасканальваць прававыя нормы з улікам сучасных патрабаванняў, дасягненняў і перадавога міжнароднага вопыту.

«Сям’я павінна стаць арыенцірам усёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі»

Асаблівую ўвагу, па меркаванні Прэзідэнта, трэба звярнуць на тэму дэмаграфічнай бяспекі. Ён адзначыў, што ў гэтай сферы мы сёння пажынаем плады спаду нараджальнасці 90-х гадоў, паколькі менавіта гэта малалікае пакаленне становіцца бацькамі.

«Яшчэ адно адчувальнае пытанне — пагроза страты нашых традыцыйных каштоўнасцяў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Ва ўмовах, калі свет імкліва развіваецца, у маладога пакалення на першы план выходзяць пытанні асобаснай самарэалізацыі ў шкоду імкненню стварыць сям’ю і працягнуць род».

Прэзідэнт зрабіў акцэнт: сям’я павінна стаць арыенцірам ўсёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі. «Што б мы ні рабілі — будавалі жыллё, добраўпарадкоўвалі нашы гарады, развівалі адукацыю, медыцыну, спорт, у якасці галоўнага спажыўца дабротаў і паслуг мы павінны бачыць дзяцей, сям’ю», — патлумачыў ён.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння адбываюцца дзіўныя метамарфозы з пакаленнямі бацькоў і дзяцей. Яны часам памяняліся ролямі.

«Калі раней мы ў вёсках, малых гарадах, ды і ў гарадах вялікіх працавалі (а не працавалі — нас бацькі прымушалі, вялі за руку), то сёння, на жаль, усё адбываецца наадварот. Нашы маладыя бацькі — нага за нагу, на канапу (раней — з газетай, зараз газет ужо не чытаем), тычаць у гэтыя планшэты, часам глядзяць у „скрыню“, я маю на ўвазе тэлевізар... І бывае, калі адкрываю спартыўныя аб’екты пры школах (а мы зараз будуем школу і комплекс спартыўны), я прашу, каб дзеці цягнулі гэтых лянівых бацькоў на гэтыя спартыўныя аб’екты. І гэта не толькі знешняе патрабаванне. Я ўчора пра гэта казаў у Мінскім аблвыканкаме: людзі менш хварэць будуць. Менш у аптэкі будуць стаяць чэргі і патрабаваць, каб больш таннымі былі лекі. На жаль, так пераварочваецца свет нават у дробязях», — падзяліўся разважаннямі Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы казаў парламентарыям пра тое, што мы здолеем захаваць нашу самаідэнтычнасць, захаваць беларускую нацыю, калі сям’я з дзецьмі будзе пастаўлена ў аснову ўсёй палітыкі дзяржавы.

«Законы, а таксама дзейнасць і асабісты прыклад людзей, якія сёння з’яўляюцца лідарамі меркаванняў — прадстаўнікі ўлады, навуковай і творчай інтэлігенцыі, — павінны працаваць на рашэнне ўсіх жыццёва важных пытанняў. Мы павінны весці за сабой грамадства па ўсіх напрамках. Ад спорту да эканомікі», — заклікаў ён.

Усе прапановы па ўдасканаленні Канстытуцыі будуць мець толькі персанальны характар

Прэзідэнт даручыў парламентарыям сёмага склікання падключыцца да працы над праектамі, якія знаходзяцца ў плоскасці глабальных палітычных рашэнняў. Па меркаванні кіраўніка дзяржавы, пытанняў, якія трэба разам вырашаць на ўзроўні асноўнага Закона, назапасіўся ўжо шэраг. 

«Відаць, новаму складу Парламента трэба будзе арганізаваць і далучыцца да працы па ўдасканаленні Канстытуцыі. Запыт у грамадстве на гэта ёсць. Мы мусім усё растлумачыць людзям і прапанаваць свае варыянты. Гэта якраз той выпадак, калі можна праявіць сябе і прыняць удзел у лёсавызначальным для нашай дзяржаве праекце», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Прынцыповае патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі: мэтай меркаваных змяненняў павінна быць ўдасканаленне сістэмы кіравання. Прагрэсіўны сусветны вопыт Беларусь праламляе праз нацыянальныя каштоўнасці і традыцыі, праз уклад грамадства. 

«Усе змены вы павінны разглядаць выключна з дзяржаўнай пазіцыі, у інтарэсах людзей, якія жывуць на гэтай зямлі. Усе прапановы будуць мець толькі персанальны характар, нельга хавацца за калектыўнае меркаванне, у тым ліку парламента», — упэўнены лідар краіны.

«Персанальная адказнасць — найвялікшае дабро і рухавік любога працэса. Парламент крыху адрозніваецца ад гэтага. Але вельмі хацелася б, каб кіраўніцтва і дэпутаты часцей галасавалі пайменна. У нас гэта было заўсёды — па найважнейшых пытаннях пайменнае галасаванне. Цяпер бачым, хто за што галасаваў: хто развальваў краіну, хто не», — пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка.


Прэзідэнт пра фэйкі ў геапалітыцы

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт: простых рашэнняў ні ў палітычнай, ні ў эканамічнай або сацыяльнай сферах не будзе. Да таго ж усе яны шмат у чым залежаць ад узроўню дыпламатычных узаемаадносінаў з нашымі стратэгічнымі парнёрамі і сусветнымі лідарамі, ад колькасці і якасці дзелавых кантактаў па ўсім свеце.

Кіраўнік краіны адзначыў, Беларусь дакладна вызначыла сваю знешнюю палітыку: з суседзямі жыць па-сяброўску, не разбураць сувязі з традыцыйнымі саюзнікамі — рэспублікамі былога Савецкага Саюза, працаваць з тэхналагічна развітымі дзяржавамі, таму наша краіна супрацоўнічае з Еўропай.

«Мы не можам не мець добрых адносін са Злучанымі Штатамі Амерыкі, калі яны хочуць, таму што гэта імперыя. Мы не можам мець дрэнных адносін (і нам пашчасціла ў гэтым плане) з новай імперыяй, якая ўзрадзілася — Кітайскай Народнай Рэспублікай, — звярнуў увагу Прэзідэнт і дадаў: — Але наша ўмова адзіная — мы суверэнная і незалежная дзяржава».

Ён нагадаў, што Беларусь не маленькі кавалачак зямлі — яна па тэрыторыі ўваходзіць у дваццатку самых буйных у Еўропе. Праблема нашай дзяржавы— невялікае насельніцтва, таму «мы павінны падвоіцца». Па словах кіраўніка дзяржавы, у нас няма ніякіх значных праблем, акрамя эканомікі. 

«Калі мы будзем цярпліва, спакойна рухацца наперад, развіваючы сваю эканоміку, нам ніякія знешнія пагрозы не страшныя. Мае рацыю Марзалюк (дэпутат — Зв.), выказванні якога я толькі прачытаў. Ніякія знешнія пагрозы, не трэба напружваць, што пасля Украіны — мы, Расія супраць нас пачне вайну, што Захад на нас будзе наступаць. Для таго і мы ёсць,каб на нас ніхто не наступаў. Усё гэта фэйкі нікому не патрэбныя», — выказаў думку Прэзідэнт.

Расійская Федэрацыя — наш стратэгічны партнёр, і там жывуць нашы браты

Сёння самая пільная ўвага прыкавана да беларуска-расійскіх адносін, а цікавасць да іх развіцця выходзіць далёка за межы саміх дзяржаў. Таму Прэзідэнт расклаў па «паліцах» усе пытанні беларуска-расійскіх адносін — нафта, газ, аб’яднанне, канкурэнцыя, сельская гаспадарка, крэдыты. Гэтыя тэмы ўжо даўно абмяркоўваюцца. Пра іх кажуць і простыя грамадзяне, і аналітыкі, і палітыкі. 

«Скажу галоўнае. Расійская Федэрацыя — наш стратэгічны партнёр, і там жывуць нашы браты. Гэта партнёр у эканамічнай, палітычнай і ваеннай сферах. Беларуска-расійскае добрасуседства праверана часам, — канстатаваў беларускі лідар.— Нават у кіраўніцтве Расіі людзі розныя. Камусьці хочацца так, камусьці інакш. Хтосьці ў сілу сваіх асабістых інтарэсаў пачынае нешта закручваць, падкручваць. І я гэта бачу. І я гэта бачу і кантралюю працэс. І рашэнне канчатковае мы будзем прымаць удвух, згодна іх і нашай Канстытуцыямі». 

Прэзідэнт адзначыў, што парламентарыі мінулага склікання слаба адстойвалі свае інтарэсы ў супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй і слаба тлумачылі партнёрам, што нам нельга быць па розныя бакі барыкад, і што ў іх няма больш такіх саюзнікаў, як Беларусь. «Трэба актыўна ў гэтым кірунку працаваць. І ўсё больш і больш расіян далучаць да гэтага працэсу, каб было чуваць голас не толькі Прэзідэнта, але і нашых парламентарыяў. Тады і ўраду дзявацца будзе некуды», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка і шчыра прызнаўся, што нашы адносіны развіваюцца па-рознаму.

А менавіта: мы можам дзесьці спрачацца, дзесьці пагаджацца адзін з адным, але ў канчатковым выніку мы заўсёды былі і застаемся саюзнікамі. І Беларусь у гэтым дыялогу настроена на канструктыўнае ўзаемадзеянне, але галоўная ўмова — раўнапраўныя адносіны. 

Прэзідэнт паведаміў — раней часта ў высокіх расійскіх кабінетах чуў, што трэба ўсё скласці і падзяліць папалам паміж Беларуссю і Расіяй. «Я адкрыта казаў, што калі так зрабіць, мы ўвогуле падавімся ад таго, што нам дастанецца ад гэтай велізарнай краіны. Нам нічога ўвогуле не трэба ад Расіі, а толькі каб былі выкананы тыя нашы дамоўленасці па духу, па букве, якія мы з імі заключылі. Калі гэта саюз — гэта саюз на раўнапраўнай аснове. Калі аснова любога саюза нераўнапраўе, такі саюз асуджаны на развал, знішчэнне», — падзяліўся сваімі думкамі лідар краіны. 

Ён запэўніў, што з беларусамі больш ніхто не будзе размаўляць з пазіцыі анэксіі ці зняволення, мы не дазволім гэтага зрабіць. 

Прэзідэнт нагадаў, што на дакументы аб будаўніцтве Саюзнай дзяржавы трэба глядзець, адштурхоўваючыся ад іх духу: «Няўжо, падпісваючы гэтыя дакументы, мы падпісваліся пад тым, што з кожным годам у нас будзе горш? Не, абсурд поўны. Мы падпісаліся і пайшлі ў саюз, падмуркам якога з’ўляецца і павінна быць Расія, толькі для таго, каб разам ствараць нашу гісторыю».

«Я не пацан, які адпрацаваў тры — чатыры — пяць гадоў Прэзідэнтам» 

У перамовах з Расіяй зараз увогуле не ідзе гаворка пра палітыку ці дыпламатыю, агульны парламент, кіраўніка. Пра тое, што іх не трэба абмяркоўваць, прэзідэнты дамовіліся яшчэ год таму ў Сочы.

«Я не пацан, які адпрацаваў тры — чатыры — пяць гадоў Прэзідэнтам. Мне хапіла. І я не хачу перакрэсліць усё, што зрабіў я разам з вамі, з народам, — стварыў незалежную, суверэнную дзяржаву не для таго, каб яе зараз укласці ў скрыню з крыжом наверсе і кудысьці выкінуць ці перадаць. Гэтага пры мне не будзе ніколі. Гэта наша краіна. Мы суверэнныя і незалежныя — гэтым трэба ганарыцца», — паведаміў Прэзідэнт.

Часоў галечы беларусам хапіла. Да прыкладу — сюжэт, калі Аляксандр Лукашэнка ў пачатку прэзідэнцтва прыехаў па Палессе, дзе хацелі стварыць сваю рэспубліку. Да яго рынуўся натоўп людзей, і жанчыны прасілі: «Дзетачка, сынок, хлебу б нам». Кіраўнік краіны зняў з арміі паходныя хлебапякарні і перакінуў іх на Палессе, каб накарміць людзей. Гэтыя страшныя часы прайшлі, краіну аб’ядналі і захавалі.


«Мы ніколі не збіраліся ўваходзіць у склад любой дзяржавы»

«Мы ніколі не збіраліся ўваходзіць у склад любой дзяржавы, нават брацкай Расіі», — нагадаў Прэзідэнт і прывёў у падцверджанне апытанне расіян.

«Мы не павінны даць нават зачэпкі, каб камусьці захацелася нас нахіліць і паставіць на калені», — так лідар дзяржавы ахарактарызаваў мудрасць нашай палітыкі.

Ён сказаў, што праца над Праграмай дзеянняў па паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы і пакетам «дарожных карт», а таксама шэрагам пагадненняў па адчувальных для абодвух бакоў пытаннях знаходзіцца на завяршальнай стадыі.

Ён запэўніў: працуючы над гэтымі дакументамі, мы зыходзім перш за ўсё з інтарэсаў нашай дзяржавы і беларускага народа. Менавіта такога падыхода намераны прытрымлівацца на маючых адбыцца перамовах, якія адбудуцца літаральна праз пару дзён у Сочы.

Групы на чале з прэм’ер-міністрамі 6-га снежня абмяркуюць іх, а ўжо на наступны дзень запланаваны перамовы Прэзідэнтаў. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ён не быў староннікам гэтай сустрэчы, бо не ўсе даручэнні лідараў краін ўрады выканалі. Як выказаўся кіраўнік дзяржавы, трэба разумець, што Расія неаднародная, і там усе па-рознаму думаюць.

«Скажу шчыра, умовы ў нас невялікія. Іх не шмат, але яны ёсць», — адзначыў беларускі лідар. Першае, нафта-газавае пытанне.

«У нас заўтра новы год, а мы не маем дамовы па аб’ёмах і цэнах пастаўкі прыроднага газу. Не вырашаны пытанні па нафце. Нават элементарнае пытанне, па-мойму, не вырашана па бруднай нафце, —працягнуў Прэзідэнт. — Мы там нешта лічым, рашаем, а яны робяць выгляд, што гэтай бруднай нафты не было. А мы правалілі ВУП у асноўным з-за нафтавых праблем».

Другое, закрыццё рынка для беларускіх тавараў.

«Я ім прама задаю пытанне, скажы калі ласка, што дрэннае ў нашай прадукцыі? — расказвае Прэзідэнт змест перамоў з Уладзімірам Пуціным. — Ён кажа: абсалютна згодны. Добрая прадукцыя. Навошта забараняеце? Гэта так канкурэнцыя ідзе паміж нашымі дзяржавамі».

Аляксандр Лукашэнка расказаў пра яшчэ адно складанае пытанне — дазвол на перавозкі праз Расію. У беларусаў такіх дазволаў менш, чым у палякаў.

«Вы разумееце, колькі элементарных пытанняў, якія даўлеюць над намі. І галоўнае пытанне. Мы не просім у Расіі ніякіх крэдытаў. Ужо загаварылі пра апошні транш Еўразійскага банка. Мы, маўляў, вам дадзім 600 мільёнаў. Я міністру фінансаў персанальна забараніў браць гэтыя грошы. Як небудзь выкруцімся і выкручваемся, абыходзімся. Нам трэба толькі адно — роўныя ўмовы для нашых суб’ектаў гаспадарання», — паведаміў Прэзідэнт.


Не эканомікай адзінай жыве саюз

Ёсць у краін і сумесныя пыклады паспяховага ўзаемадеяння. Не на адзінай эканоміцы базіруецца наша супрацоўніцтва. Беларусь не патрабуе ад Расіі плаціць за размешчаныя ў нас ваенныя базы — «бяспека, абарона — святая справа».

Некалькі гадоў назад Расія папрасіла стварыць сумесную сістэму супрацьпаветранай абароны. Умова была адна — мы кіруем гэтай сістэмай, у выпадку вайны ствараецца аб’яднанае камандаванне. «Калі мы ў гэтым кірунку адзінае, што ёсць у Расіі, гэта дорага каштуе. Тое ж самае мытня, граніца. Якую мы аберагаем леш чым расіяне, і гэтак далей. Гэта ж агульныя пытанні, якія трэба спалучаць з эканомікай і паказваць, чаго гэта каштуе», — падкрэсліў лідар краіны.

Беларусь заўсёды была фарпостам для Расіі на Захадзе.

Кошт цяперашніх перамоў вялікі

Прэзідэнт нагадаў этапы інтэграцыі, якія бяруць пачатак яшчэ пры кіраўніцве Ельцына. Менавіта ў тыя часы не быў прыняты асноўны падмурак інтэграцыі — Канстытуцыя, якая б вырашыла ўсе пытанні саюзніцтва. Аляксандр Лукашэнка задаўся пытаннем, чаму зараз сталі актыўна гучаць гэтыя нявырашаныя пытанні? Назваў ён і абсалютна глупымі версіі пра тое, што аб’яднанне з Беларусю — шлях працягнуць прэзідэнцкі тэрмін кіраўніцтва Расіі.

«Мы павінны разумець адну рэч. Страціўшы Украіну, Расія страшна баіцца страціць у добрым сэнсе Беларусь. Але яна не можа падтрымліваць Беларусь, не ведаючы, якую палітыку мы будзем праводзіць, як яны думаюць, што мы будзем рабіць — ёсцуь пэўны недавер. Яны хацелі б утрасці гэтае пытанне, каб разумець, якой будзе Беларусь заўтра. Куды яна ідзе, як яна будзе жыць», — выказаў думку кіраўнік краіны.

Ён расказаў у гэты ключы і пра доўг Украіны ў тры мільярды. Кіраўніцтва Украіны адказвае, што не ведае, і трэба пытацца ў было Прэзідэнта Віктара Януковіча.

«Пытанне! Таму кошт цяперашніх перамоў, вызначэнне далейшага існавання двух славянскіх, самых блізкіх дзяржаў — вельмі высокі. І Расію трэба разумець», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заключыў, што пакаленне палітыкаў змяняецца і галоўнае, што будзе і пасля іх.


Трэба не баяцца прыходзіць да выбаршчыкаў 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы аказалі новаабраным парламентарыям высокі давер, калі надзялілі правам прадстаўляць іх інтарэсы, прымаць законы. Даверылі ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы. 

«Вам належыць адказная і карпатлівая праца. Так склалася, што яе асноўная частка, як правіла, не бачная і часта ў сувязі з гэтым застаецца недаацэненая. Цяперашняе скліканне Палаты прадстаўнікоў павінна змяніць гэтую сітуацыю, — лічыць Прэзідэнт. — Трэба будзе яшчэ больш актыўна працаваць з насельніцтвам».

Кіраўнік дзяржавы назваў тры кірункі, якія ён тут бачыць. 

Па-першае, ён параіў часцей бываць у працоўных калектывах, нават у невялікіх. «Галоўнае, прыйдзіце туды як дэпутат, — падкрэсліў ён. — Не трэба дрыжаць перад выбаршчыкамі: а хто што скажа, што у інтэрнеце напішуць, і гэтак далей. Зараз усе пішуць. Прозвішча ж падпісваць не трэба. Гадасць кінуць і ладна». 

Таму трэба не баяцца прыходзіць да выбаршчыкаў. І не варта думаць пра тое, хто з электарату падтрымаў, а хто не. «Вас падтрымлівае Прэзідэнт, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Ён абавязаны вас падтрымліваць і фарміраваць склад парламента, бо ён выведзены над галінамі ўлады і рэгулюе, кантралюе гэтыя галіны ўлады. І гэтага баяцца не трэба. Як умеў, так сфарміраваў. Закруціў усю вертыкаль, Адміністрацыю Прэзідэнта. Цэнтральная камісія працавала, усе выконвалі свае функцыі. Зрабілі прыгожа. Свята зрабілі. Прыходзьце годна ў аўдыторыю і раскажыце ім першае — першыя дні работы нашага парламента. Хто ведае? 99 працэнтаў не ведае нюансы, дэталі... Але ж вам ёсць што сказаць. Таму раскажыце ім праз месяц, можа, да канца веснавога перыяду работы, чым вы займаліся».

Прэзідэнт таксама заклікаў дэпутатаў расказваць пра тое, што адбываецца ў краіне. «Раскажыце ім, што вуду дадзім, але рыбу будзеце лавіць самі. Маламаёмасным, бедным дапаможам», — абазначыў Аляксандр Лукашэнка.

Трэці важны момант у гутарцы з выбаршчыкамі — пачуць іх. «Адкажыце на іх пытанні — не так, як у выбарчую кампанію, а шчыра і адкрыта, — заклікаў Прэзідэнта. — Каб людзі разумелі, што з неба нічога не падае». 

Спыніўся Аляксандр Лукашэнка і на тым, якая атмасфера павінна панаваць і ў Авальнай зале парламента. «Парламент — гэта пляцоўка для прафесійнай, аргументаванай дыскусіі. Усе мы выдатна разумеем, што бачанне адных і тых жа праблем рознымі людзьмі можа істотна адрознівацца. І ваша задача — у мностве меркаванняў знайсці найбольш правільнае, узважанае рашэнне», — сказаў ён. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што традыцыя культурнага і цывілізаванага абмеркавання павінна захавацца. Пры гэтым не варта думаць, што эмоцыі — гэта не пра нас. «Пра нас. Парламент — гэта як раз эмоцыі, — ўпэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Але разумныя, прыгожыя, прафесійныя. Эмоцыі — гэта падтрымка тых фактаў, якія ты выказваеш. Што заўгодна рабі эмацыйна, але каб гэта было прыгожа. Не трэба біцца каля трыбуны. Не трэба ламаць адзін аднаму косткі і іншае. Бываюць жа розныя эмоцыі. Эмоцыі ўласцівыя беларускаму нацыянальнаму характару. Мудрае, спакойнае і ўдумлівае стаўленне да прымаемых рашэнняў — перш за ўсё. Залішняя палкасць не патрэбная».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што усіх чакае складаная і адказная праца. Але для яе выніковасці ёсць усе ўмовы. І асноўная з іх — адзінства народа і палітычная воля кіраўніцтва краіны для руху наперад.

«У нас ёсць мэта — захаванне нашых нацыянальных каштоўнасцяў, якія ляглі ў аснову палітычнага курсу краіны: людзі, справядлівае да іх стаўленне і суверэнітэт Беларусі».

Прэзідэнт пажадаў абноўленаму парламенту поспехаў у гэтай важнай працы. Ён зноў падзякаваў дэпутатам адыходзячага склікання. Наконт дзяржаўных узнагарод Аляксандр Лукашэнка удакладніў, што ўсе адзначаныя па прапанове кіраўніцтва абедзьвюх палат парламента. Пры гэтым прапанаваў вярнуцца да гэтага, калі нехта застаўся незаўважаным.

Напрыканцы кіраўнік дзяржавы паведаміў, што па яго даручэнні ніводны дэпутат шостага склікання, які завяршыў сваю парламенцкую дзейнасць, не застанецца без працы. «Гэта наша найвялікшая каштоўнасць, — сказаў ён пра набыты дэпутатамі вопыт. — Этап дэпутацтва — гэта вялікі шлях у вялікае палітычнае жыццё. Я гэтую школу прайшоў. І калі б я яе не прайшоў, я ніколі б не стаяў за гэтай трыбунай перад вамі. Вялікі ўсім дзякуй!»

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Марыя ДАДАЛКА, Варвара МАРОЗАВА


Фота БЕЛТА і Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым прываблівае факультэт унутраных войскаў Ваеннай акадэміі?

Чым прываблівае факультэт унутраных войскаў Ваеннай акадэміі?

На гэ­тым тыд­ні фа­куль­тэ­ту ўнут­ра­ных вой­скаў Ва­ен­най ака­дэ­міі споў­ні­ла­ся 27 га­доў. 

Эканоміка

Дылема хатняй гаспадыні: купляць прадукты на месцы або ісці ў краму цераз дарогу?

Дылема хатняй гаспадыні: купляць прадукты на месцы або ісці ў краму цераз дарогу?

 У сталіцы, дзе досыць шмат сетак з іх акцыямі, мудрагелістымі зніжкамі, накапляльнымі баламі, часам сапраўды цяжка адшукаць тавар па аптымальнай цане.

Грамадства

Адзін з найлепшых у краіне інспектараў па справах непаўналетніх расказвае пра службу і няпростых падлеткаў

Адзін з найлепшых у краіне інспектараў па справах непаўналетніх расказвае пра службу і няпростых падлеткаў

Вячаслаў Сайко ўпэўнены, што да любога цяжкага падлетка можна знайсці падыход, заахвоціць уласным прыкладам да карысных заняткаў (напрыклад, да спорту) і накіраваць яго на шлях выпраўлення.

Здароўе

​Што такое каранавірус і чым ён небяспечны

​Што такое каранавірус і чым ён небяспечны

Хто ў групе рызыкі і як лячыць інфекцыю?