Вы тут

Як жыве і чым дапамагае Дэпутат Улукаўскага сельсавета Людміла Мурашка


Дэпутат Улукаўскага сельскага савета Людміла Мурашка 35 гадоў жыве ў пасёлку Перамога Гомельскага раёна. Фармацэўт па спецыяльнасці, цяпер яна працуе загадчыцай аптэкі ў вайсковай часці 5525. Энергіі жанчыны хапае не толькі на работу, але і на сям'ю, прысядзібную гаспадарку, гастролі разам з самадзейным народным хорам і ідэі для разнастайных патрыятычных мерапрыемстваў.


Між тым адно ўражанне, атрыманае ў дзяцінстве, лічыць Людміла Людвігаўна, моцна паўплывала на яе і нават вызначыла лёс. Маленькай дзяўчынкай разам з матуляй і бацькам-вайскоўцам будучы дэпутат пераехала ў ваенны гарнізон савецкіх войскаў у ГДР.

— Я была тады зусім дзіцё, — успамінае жанчына. — Убачыла аднойчы старэнькую бабулю-немку, якая высаджвала і палівала кветкі на магіле нашых салдат, даглядала іх. Нас, школьнікаў, у Германіі вадзілі на гэтыя пахаванні. Быў свой пошукавы клуб, які я ўзначальвала. Прымалі ў камсамол і піянеры таксама на вайсковых пахаваннях. Гэта глыбока закранула сэрца. Я зразумела: увогуле пра дзяржаву судзяць па тым, у якім стане памятныя пахаванні.

Потым былі вяртанне на радзіму, вучоба, шлюб і пераезд у пасёлак Перамога пад Гомелем, дзе Мурашкі пабудавалі дом. Літаральна сотню крокаў ад яго размяшчаліся невялікі мемарыял і брацкая магіла воінаў, якія загінулі ў гэтых мясцінах, вызваляючы
Гомель восенню 1943-га.

— У пачатку 90-х гэтае святое месца было занядбанае. Я зразумела, сэрцам адчула тады выраз Хемінгуэя: «Не пытай, па кім звон, ён па табе...» Гэтыя героі, што загінулі, не чужыя, а мае...

Людміла Мурашка пачала ў адзіночку даглядаць брацкія могілкі. Выкарчоўвала хмызнякі і траву, саджала кветкі, збірала і занатоўвала звесткі пра загінулых: у пасёлку тады яшчэ заставаліся тыя, хто памятаў пра час пахавання герояў.

— Тутэйшыя людзі казалі, што пасля вызвалення самі хавалі на гэтым месцы нашых салдат. У некаторых былі медальёны, іх перадавалі ў ваенкамат. Некаторыя байцы так і засталіся без імёнаў. Над брацкай магілай паставілі памятны знак.

Жанчына вырашыла: трэба збіраць дакументальныя звесткі пра герояў. Так вызначылася 134 салдацкія імёны.

— Вось па спісе можна паглядзець: тут усе — ад Брэста да Уладзівастока. Сваякі іх павінны быць спакойныя, таму што гэта ўсе нашы, родныя.

Паступова Людміла Людвігаўна пачала прыцягваць да патрыятычнай справы добраахвотнікаў. Дабілася, каб быў усталяваны знак з інфармацыяй — хто тут пахаваны і ў якіх баях змагаўся. Потым з'явілася і таблічка, якая сведчыць: мемарыяльны комплекс мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Людзі, што нарадзіліся ў пасёлку Перамога, назіралі, як «чужая», непасялковая клапоціцца пра ваенную памяць. Хутчэй за ўсё, гэта і стала адной з прычын, чаму падчас выбараў вяскоўцы абралі яе дэпутатам Улукаўскага сельсавета. Цяпер яе дэпутацкі стаж — 15 гадоў.

Людміла Мурашка сёння рыхтуе са школьнікамі і студэнтамі праграмы для мітынгаў, праводзіць разнастайныя ваенныя экскурсы па знамянальных бітвах Вялікай
Айчыннай.

— На свята прыязджаюць школьнікі з усяго сельсавета. Просіцца паўдзельнічаць у мерапрыемствах нават моладзь з вайсковай часці 5525. У гэтых традыцыях вырасла пакаленне майго сына і яго аднагодкаў. Цяпер ужо мае ўнукі дапамагаюць ладзіць патрыятычныя сустрэчы. Узімку, калі дзятва заходзіць у мой дом спяваць «шчодры вечар», малыя ўжо загадзя дамаўляюцца: «Бабуля Люда, запішыце нас, мы хочам выступаць з вамі на Дзень Перамогі».

Актыўная патрыятычная работа для Людмілы Мурашкі, яе сям'і, сяброў, знаёмых стала неад'емнай часткай жыцця. Вясковы дэпутат дапамагла тым, хто доўгія гады вышукваў загінулых сваякоў, сустрэцца з імі — няхай і пасля смерці.

— У Маскву на перадачу «Чакай мяне» падавала заяўку са спісамі салдат, чые сваякі невядомыя. Адказалі, што лепш шукаць нашчадкаў кожнага пахаванага ў брацкай магіле пайменна. А летась да мяне звярнулася сям'я з Гомельскага раёна. Яны ўсё жыццё шукалі свайго бацьку і не ведалі, што ён пахаваны тут. На 9 мая да нас з Варонежа прыехалі сын, унук, праўнук расійскага героя, які таксама загінуў, вызваляючы гомельскую зямлю. Сын франтавіка, які жыццё пражыў і шукаў месца пахавання бацькі, пасля мітынгу стаў на калені, набраў у хусцінку зямлю з курганка і доўга яе цалаваў. Дзясяткі людзей, жанчыны і мужчыны плакалі...

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Каб памяталі...

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.