На пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама разгледжана пытанне аб мерах па скарачэнні аб'ёмаў звышнарматыўнага будаўніцтва. Удзельнікі нарады шукалі прычыны з'яўлення даўгабудаў, раіліся, як распарадзіцца аб'ектамі, што гадамі, а часам і дзесяцігоддзямі не ўводзяцца ў эксплуатацыю.
Такіх даўгабудаў з гісторыяй не так многа ў вобласці, але яны ёсць. Напрыклад, жылы дом у Любішчыцах Івацэвіцкага раёна, узвядзенне якога пачалося ў 1997 годзе, альбо бальніца ў Парахонску Пінскага раёна. Пад апошнюю залілі падмурак аж у 1989-м. Калі аб'екты столькі гадоў не будуюцца, значыць, яны паступова разбураюцца пад уздзеяннем прыродных і іншых фактараў. І пытанне трэба вырашаць радыкальна: альбо знесці і прывесці ў парадак зямельны ўчастак, альбо тэрмінова прадаць. У іншых выпадках варта шукаць спосабы завяршэння будаўніцтва.
Старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Сяргей ЛАБАДЗІНСКІ паведаміў, што сістэмная работа ў кірунку памяншэння аб'ёмаў звышнарматыўнага будаўніцтва была распачатая ў 2011 годзе. Тады ў адпаведныя дакументы занеслі 1684 аб'екты незавершанага будаўніцтва, праз пяць гадоў — у 2016-м — такіх аб'ектаў стала на 560 менш. Як бачым, пэўны прагрэс ёсць, але паказчыкі незавершанага будаўніцтва па-ранейшаму высокія.
На пасяджэнні выканкама падкрэслівалася, што сярод даўгабудаў вобласці няма ніводнага шматкватэрнага жылога дома. Для параўнання, у краіне такіх дамоў налічваецца 11. Але ж у сельскай мясцовасці Брэсцкай вобласці будаўніцтва 69 аднакватэрных жылых дамоў вядзецца з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў. Такія аб'екты ёсць фактычна ў кожным раёне. Наогул найбольш пратэрміновак у парадку здачы ў эксплуатацыю здараецца менавіта ў аграпрамысловым комплексе. Акрамя жылля тут недабудаваныя стаяць 19 малочнатаварных фермаў, 35 іншых будынкаў. Сярод заказчыкаў названых аб'ектаў найчасцей сустракаюцца ўнітарныя прадпрыемствы па капітальным будаўніцтве раёнаў, прадпрыемствы сістэмы ЖКГ, іншых ведамстваў. І арганізацыі нясуць немалыя страты, бо пры перавышэнні нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва суб'ектам гаспадарання выплачваецца павышаны падатак на зямлю.
Асноўнай прычынай парушэнняў тэрмінаў будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю ўдзельнікі нарады назвалі ўключэнне ў пералік будаўніцтва аб'ектаў, не забяспечаных фінансавымі рэсурсамі ў поўным аб'ёме альбо нават без праектна-каштарыснай дакументацыі. Адным словам, няма грошай — няма чаго і распачынаць будоўлю.
Першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валерый РАБКАВЕЦ, які старшынстваваў на пасяджэнні, запатрабаваў ад райвыканкамаў разам з камітэтам па сельскай гаспадарцы ўважліва падысці да разбору гісторыі кожнага аб'екта і вырашыць яго лёс. Адны з іх можна бязвыплатна перадаць суб'ектам гаспадарання для дабудовы, іншыя варта разабраць зусім і ўвесці землі ў севазварот альбо выдзеліць участкі гаспадарам. Кожны даўгабуд трэба наведваць хоць раз на паўгода і трымаць яго на кантролі.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Яно не з’яўляецца населеным пунктам.
Унікальная магчымасць для будучых абітурыентаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.