Нагодай стала падвядзенне прамежкавага выніку маштабнага праекта па развіцці сельскіх тэрыторый і стварэнні ўмоў для занятасці насельніцтва, які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза на тэрыторыі Магілёўшчыны адначасова пяццю раёнамі — Слаўгарадскім, Быхаўскім, Клічаўскім, Краснапольскім і Чэрыкаўскім. У снежні спаўняецца роўна год, як ён быў запушчаны. Пры дапамозе розных донараў ужо падтрымана і рэалізавана больш за дзесяць праектаў. Наперадзе яшчэ два гады актыўнай дзейнасці. Галоўнае, каб тое, што ўжо рэалізавана, стала ўстойлівым і спрыяла паляпшэнню дабрабыту насельніцтва. Вядома, ёсць праблемы, дзесьці не хапае вопыту, але з усім гэтым можна справіцца, калі дзейнічаць сумесна. Вопыт «пяцёркі» быў пакладзены ў аснову двухдзённага семінара. Тое, што механізм працуе, пацвердзіла цікавасць да тэмы іншых раёнаў. Да праектнай дзейнасці вырашылі далучыцца Хоцімскі і Мсціслаўскі раёны, зацікаўленыя прыехалі з Віцебскай і Гомельскай абласцей. Яны таксама збіраюцца рэалізаваць нешта падобнае на сваёй тэрыторыі.
Вядомая рэч, што без падтрымкі партнёраў зрабіць нешта значнае і дзейнае было б цяжка. На форуме прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх тых арганізацый, якія аказваюць фінансавую і прававую падтрымку ініцыятыўным раёнам, — ПРААН у Рэспубліцы Беларусь, некамерцыйнай арганізацыі «Экапартнёрства», міжнароднай ініцыятывы «Пагадненне мэраў у Беларусі» і іншых. Цікавасць да форуму паказалі прадстаўнікі ініцыятыўных груп, бізнес-суполак, дзяржаўных, а таксама прыватных і некамерцыйных арганізацый, органаў улады Магілёўскай і іншых абласцей. Нават тэмы для размоў былі спрэс, як той казаў, на злобу дня. Гаворка ішла пра падыходы да паляпшэння занятасці ў пілотных раёнах Магілёўскай вобласці, аналіз іх сацыяльна-эканамічнага стану. Вынікамі даследаванняў падзяліліся супрацоўнік бізнес-школы ІПМ Таццяна ЧУЯШОВА, эксперт Агенцтва маркетынгавых даследаванняў і сацыялагічнай экспертызы Эдуард ЧУРЛЕЙ. Шмат цікавых звестак пра развіццё на мясцовым узроўні, кіраванне рызыкамі і буфернасць да мясцовых і глабальных выклікаў прагучала падчас работы дыскусійнага экспертнага клуба, у якім брала ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна КАНАНЧУК. За круглым сталом абмеркавалі вопыт і перспектывы рэалізацыі падобных праектаў. Паралельна працавалі дзве тэматычныя пляцоўкі, дзе ўдзельнікі абмеркавалі ролю мясцовых улад у актывізацыі эканамічнага развіцця сельскіх раёнаў на прыкладзе вынікаў праекта «Мэры за эканамічны рост», а таксама — тэму энергіі, клімату і зялёнай эканомікі як адну з вызначальных для ўстойлівага развіцця на мясцовым узроўні. Былі вылучаны асноўныя пункты развіцця на мясцовым узроўні з улікам рэгіянальных, нацыянальных і глабальных выклікаў і падыходы па іх укараненні для росту занятасці і самазанятасці насельніцтва. У абмеркаванні «пунктаў росту» ўзялі ўдзел старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Сяргей Міхалюта, старшыня Краснапольскага райсавета дэпутатаў Анжаліка Гоман, начальнік упраўлення Чэрыкаўскага райвыканкама Анжэла Судзянкова, старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Клічаўскім райвыканкаме Юрый Грынюк.
Нэля Малко расказала пра тое, што ў нас шмат агульнага.
Сваімі напрацоўкамі падзяліліся вядучыя эксперты з Грузіі, Украіны, Арменіі. Выканаўчы дырэктар асацыяцыі органаў мясцовага самакіравання «Агенцыя развіцця грамад Букавіны» Нэля Малко прадставіла цікавы вопыт па развіцці сельскіх тэрыторый і занятасці насельніцтва на прыкладзе Чарнавіцкай вобласці. Ва Украіне
савет дэпутатаў (грамада) і савет выканкама на сяле ўзначальваюць абсалютна розныя людзі. І той, і другі старшыня выбіраюцца прамым галасаваннем насельніцтва. Асацыяцыя была створана чатыры гады таму.
— Фінансаванне адукацыі, медыцыны, мясцовых дарог, часткі сацыяльных паслуг цяпер ідзе праз мясцовыя органы ўлады — яны атрымалі новыя паўнамоцтвы, а разам з імі грошы, — удакладніла Нэля Малко. — Але гэта не значыць, што можна спачываць на лаўрах. Усё роўна ёсць бюджэтнае заканадаўства, і трэба чагосьці прытрымлівацца. Паколькі аб'ядналіся сельскія, вельмі аддаленыя ад цэнтра раёны, узніклі пытанні з кадрамі. Тады ў нас яшчэ не працавалі праграмы міжнароднай дапамогі, і мы шукалі выйсце. Аб'ядналіся спачатку, каб вырашыць праблему адукацыі персаналу. Ездзілі адно да аднаго вучыцца, што таксама стымулявала, бо дапамагала дзесьці навесці парадак. Збоку можна ўбачыць тое, чаго на месцы ўжо не заўважаюць. Цяпер у нашу рэгіянальную асацыяцыю ўваходзіць 18 саветаў і больш за 130 тысяч насельніцтва Чарнавіцкай вобласці. На рэалізацыю нашых праектаў ідуць у тым ліку членскія ўзносы, але ў асноўным выкарыстоўваем грошы міжнароднай тэхнічнай дапамогі — пішам праекты і атрымліваем фінансы. Цяпер рэалізуем праект «Розныя суполкі — агульныя рашэнні». На 10 грамад, якія аб'ядналіся — а гэта 46 населеных пунктаў, — выдзелена 788 тысяч еўра.
Форум у Клічаве цікавы для Нэлі Малко перш за ўсё тым, што менавіта на такіх сустрэчах можна пачуць нешта сапраўды карыснае, што дапаможа зрушыць з месца складаныя і на першы погляд невырашальныя пытанні.
— У нас тыя ж праблемы з развіццём сельскіх тэрыторый — адток сельскага насельніцтва працаздольнага ўзросту ў гарады і на работу за мяжу, — тлумачыць яна. — Нават праекты, якія рэалізуюцца ў рэгіёне, аднолькавыя. Вельмі актуальнае пытанне — нізкая якасць сельскіх паслуг, і нам цікавыя падыходы, як гэта тут вырашаецца. Часам прыязджаю з форумаў з тым, што ў мяне склаўся пасыл. Гэта атрымліваецца ў выніку таго, што абмеркавала з людзьмі праблему і ўбачыла яе з іншага боку. Адзін элемент пазла — і карцінка заззяла. А яшчэ такія сустрэчы — гэта новыя кантакты, новыя партнёры для рэалізацыі магчымых міждзяржаўных праектаў. Гарызантальнае партнёрства на лакальным мясцовым узроўні — гэта наша будучыня. Мы цесна працуем з Малдовай і Румыніяй, а вось з Беларуссю пакуль не — вельмі далёка вы ад нас знаходзіцеся. Але ў ХХІ стагоддзі адлегласць — гэта адносная рэч. Мы абавязкова знойдзем пункты судакранання.
На форум прыехалі таксама прадстаўнікі муніцыпалітэтаў — падпісантаў Ініцыятывы ЕС з Грузіі і Арменіі.
— Мы сельскагаспадарчы рэгіён і таксама зацікаўлены ў развіцці нашых тэрыторый і стварэнні спрыяльных умоў для самазанятасці насельніцтва, — паведаміў мэр муніцыпалітэта грузінскага горада Душэці Зураб Сехніашвілі. — Ёсць выклікі часу, і яны такія ж, як у вас. У нас ёсць свой вопыт рэалізацыі такіх праектаў, і нам ёсць што абмеркаваць з нашымі беларускімі сябрамі. Новыя людзі, новыя ідэі — гэта цудоўна. Абмен вопытам, розныя сістэмы, розныя спосабы рэалізацыі — усё гэта вельмі цікава.
Сяргей Тарасюк ужо шмат гадоў дапамагае рэалізоўваць праекты па самазанятасці насельніцтва.
— Наша мерапрыемства можна назваць разважаннем пра будучыню, — агучыў сутнасць форуму дырэктар Міжнароднага фонду развіцця сельскіх тэрыторый Сяргей Тарасюк. — Гэта калі людзі ўжо вопытныя ў праектным руху збіраюцца разам і гавораць пра тое, куды ісці далей, у якім кірунку. Асноўная наша мэта — дапамагчы людзям паверыць у свае сілы. Магчыма, нам не трэба думаць пра гучныя інвестпраекты на нашых маленькіх тэрыторыях, лепш звярнуць увагу на малы бізнес. Прыйшоў час рабіць сваю кулінарную, гістарычную, прыродную спадчыну той прынадай, якая прыцягне і людзей, і грошы. Мы аналізуем, наколькі правільна можам кіраваць усім гэтым, наколькі нашы тэрыторыі могуць быць цікавыя іншым. Мы сабраліся таму, што тая праектная дзейнасць, якой мы сёння займаемся, яшчэ не стала сістэмнай. Часта бывае, што праект заканчваецца, а вынікі яшчэ не ўстойлівыя. Ёсць праекты, якія выклікаюць цікавасць ва ўсім свеце, і іх трэба развіваць. Гэта тая ж эканоміка зялёнага саду, якая рэалізуецца на прыкладзе сельскай школы ў Краснапольскім раёне, — надзвычайны прыклад для ўсёй Еўропы. І мы цяпер пашыраем гэты вопыт — ім цікавяцца і літоўцы, і латышы, і ўкраінцы, і палякі. Але трэба надаць вопыту інстытуалізацыю, вызначыцца, хто сёння далей зможа гэта развіваць. Школа і бізнес — паняцці несумяшчальныя. А магчыма, гэта не так, над гэтым трэба падумаць. Вось такімі пытаннямі мы і заклапочаны.
— Мерапрыемства вельмі важнае, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык. — Гэты форум дазваляе падзяліцца вопытам рэгіёнам, якія актыўна працуюць разам з міжнароднымі арганізацыямі па развіцці сваіх тэрыторый. І, як сведчаць удзельнікі, грошы — не заўсёды самае галоўнае ў вырашэнні праблемы. Не хапае ведаў, пэўнай кампетэнцыі, інфармацыі сярод моладзі. Самае цікавае, што пры стварэнні ўмоў моладзь гатовая застацца і працаваць на зямлі.
— Занятак праектнай дзейнасцю дазволіў нашаму раёну выйсці з ліку дэпрэсіўных, — адзначыў старшыня Клічаўскага райвыканкама Віктар Рабкавец. — За паўгода ў нас атрымалася прыцягнуць некалькіх інвестараў. Сёння ідзе мантаж лініі завода па вытворчасці пелет на 1800 тон. Вядуцца пусканаладачныя работы ў цэху па перапрацоўцы алейных культур у саўгасе «Дабраволец» — гэта дасць магчымасць стварыць дадатковыя рабочыя месцы і атрымаць дадатковыя грошы. У гэтым жа ў саўгасе ідзе мантаж лініі для вытворчасці насення. У нас землі лёгкія, трэба займацца вырошчваннем жыта і яго перапрацоўкай. Шмат прыватных інвестараў працуюць сёння ў лесаперапрацоўцы, зацікаўленыя прыходзяць у сельскую гаспадарку. Раён развіваецца, пытанняў па працаўладкаванні няма — ўсе заяўкі выконваем.
Мы — сельскагаспадарчы раён і ў плане ўстойлівага развіцця думаем сур'ёзна заняцца перапрацоўкай. У рабоце форуму ўзялі ўдзел прадстаўнікі іншых краін, якія падзяліліся сваім бачаннем вырашэння аналагічных праблем. Вельмі важна ведаць сусветную тэндэнцыю і прадбачыць вынікі сваёй дзейнасці. І замежны вопыт дае магчымасць знайсці сваю нішу і свае рашэнні. Летась мы падпісалі дагавор з расійскім горадам Сальскам, што ў Растоўскай вобласці, цяпер прапрацоўваем пытанні ўзаемадзеяння. А на форуме падпісалі намер аб супрацоўніцтве з грузінскім горадам Душэці. Будзем знаёміцца бліжэй і, калі ўзнікне падстава для супрацоўніцтва, пяройдзем да больш канкрэтных дзеянняў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы
На прасторах яе вялікасці кнігі.