Вы тут

Як праходзіла адно з апошніх пасяджэнняў Савета Рэспублікі шостага склікання


Адбылося пасяджэнне сёмай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.


Зразумела, ключавым быў праект закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2020 год». Як паведаміў міністр фінансаў Максім Ермаловіч, бюджэт сфарміраваны зыходзячы з базавага сцэнарыя эканамічнага развіцця. Міністр агучыў шмат цікавых лічбаў. Напрыклад, налета з рэспубліканскага бюджэту будзе перададзена рэгіёнам больш за пяць мільярдаў рублёў. Гэта амаль на траціну больш, чым у 2019 годзе. Такая беспрэцэдэнтная, па словах міністра, падтрымка рэгіёнаў звязана ў першую чаргу з неабходнасцю забяспечыць мясцовыя бюджэты рэсурсамі ў дастатковым аб'ёме для вырашэння сацыяльных пытанняў, у прыватнасці, выплаты належнай зарплаты. Такім чынам павышаецца датацыйнасць рэгіёнаў з 20 % сёлета да 24 % налета.

У цэлым бюджэтная палітыка арыентавана на стварэнне ў рэгіёнах роўных умоў для жыцця людзей. Разам з тым, падкрэсліў міністр, будзе павышана патрабавальнасць да рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў. Яго падтрымаў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, які засцярог прадстаўнікоў мясцовых улад ад утрыманскіх настрояў. Ён пагадзіўся з тым, што чалавек павінен атрымліваць неабходныя сацыяльныя паслугі незалежна ад таго, дзе жыве. Але падсілкоўванне рэгіянальных бюджэтаў на рэгулярнай аснове — гэта не заўсёды добра. Таму трэба мясцовыя ўлады арыентаваць на пошук шляхоў самастойнага папаўнення бюджэтаў з уласных крыніц.

Удакладненне кампетэнцый мясцовай улады

У ліку першых разглядаўся праект закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь». Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў звярнуў увагу на тое, што прапануецца ўнесці змены ў дваццаць артыкулаў дзеючага закона, ёсць мноства паправак для прывядзення яго ў адпаведнасць з іншымі прававымі актамі. Мэта змен — удакладненне кампетэнцый мясцовай улады ў сувязі з патрабаваннямі часу.

Дакладчык акрэсліў асноўныя кірункі рэалізацыі закона, у прыватнасці, далейшае ўдасканаленне работы органаў мясцовай улады па навядзенні парадку на зямлі, захаванні санітарных нормаў. Гэта цяпер запісана ў адзіных правілах добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. У новай рэдакцыі закона прадугледжваецца права грамадзян, прадпрымальнікаў выступаць з ініцыятывай правядзення акцый, мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі — напрыклад, разбіваць кветнікі і клумбы, ствараць дэкаратыўныя кампазіцыі, адным словам, упрыгожваць навакольную тэрыторыю. У сувязі з гэтым адным з абавязкаў мясцовай улады стане падтрымка такой ініцыятывы і садзейнічанне ў яе ажыццяўленні.

Уносяцца змены ў кантрольную дзейнасць органаў мясцовай улады. Зыходзячы з асаблівасцяў дзейнасці Саветаў дэпутатаў, выканкамаў прапануецца захаваць іх функцыі па арганізацыі работы з грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі. Аднак пры пэўных абставінах кантроль заменяць на каардынацыю. Некаторыя функцыі мясцовая ўлада страціць, а яе асобныя паўнамоцтвы пашырацца — скажам, у сферах аплаты працы, гандлю, правядзення масавых мерапрыемстваў, якасці адукацыі і іншых.

Важная акалічнасць — органам мясцовай улады будуць вернуты паўнамоцтвы, якіх раней яны былі пазбаўлены: удзел у распрацоўцы і зацвярджэнні канцэпцый і рэгіянальных праграм, у тым ліку інвестыцыйных. Практыка паказала памылковасць папярэдняга рашэння. Цяпер Саветам дэпутатаў, выканкамам дазваляецца ўдзельнічаць у распрацоўцы такіх праектаў і праграм. У закон вяртаецца норма па наданні выканкамам кампетэнцыі ў гэтай справе.

Наспела стратэгія

Судакладчык міністра старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Аляксандр Папкоў выказаў свае думкі пра змены ў законе. На яго погляд, працэс удасканалення заканадаўства ў такой важнай сферы грамадскіх адносін, як мясцовае кіраванне і самакіраванне, дастаткова складаны. Ён закранае пытанні фарміравання рэгіянальнай палітыкі, устойлівага развіцця тэрыторый, паляпшэння якасці жыцця насельніцтва і многія іншыя. На думку Аляксандра Андрэевіча, цяперашні праект прадугледжвае пакуль толькі «кропкавыя» змены. Таму ў далейшым работа па ўдасканаленні заканадаўства ў гэтай сферы павінна быць працягнута. У перспектыве неабходна мець усебакова прапрацаваную стратэгію мясцовага самакіравання, накіраваную на комплекснае развіццё тэрыторый.

Міхаіл Мясніковіч назваў працэс удасканалення мясцовага самакіравання палітычным пытаннем, якое аб'ектыўна набывае ўсё большую і большую значнасць. Старшыня Савета Рэспублікі парэкамендаваў ведамствам, установам і асобам, якія маюць дачыненне да праблематыкі мясцовага самакіравання, уважліва прыслухацца да выкладзеных старшынёй профільнай камісіі ідэй і прапаноў, абавязкова выкарыстаць іх з мэтай актывізацыі дэпутатаў Саветаў розных узроўняў, якіх у краіне 18 тысяч.

Крокі да паляпшэння якасці жыцця

У той ці іншай ступені з дзейнасцю Саветаў дэпутатаў і мясцовых выканкамаў была звязана і большасць іншых законапраектаў, якія разглядаліся на сесіі. Сенатары зацвердзілі змяненні ў Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг». У адпаведнасці з папраўкамі ўзрастуць патрабаванні да якасці жыллёва-камунальных паслуг, якія аказваюцца насельніцтву.

Змяненні ў Закон «Аб ахове працы» выводзяць на новы ўзровень патрабаванні да аховы працы. Напрыклад, у адпаведнасці з новай рэдакцыяй закона мы ў пэўных абставінах маем права на адмову ад выканання працоўных абавязкаў, калі ўмовы працы з'яўляюцца небяспечнымі. Закон дае цяпер і магчымасць дасудовага разгляду рознагалоссяў у выпадку расследавання няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

На сесіі таксама прайшлі працэдуру адабрэння праекты законаў «Аб электрасувязі», «Аб судова-экспертнай дзейнасці» і шэраг іншых.

Леанід Лахманенка

Загаловак у газеце: Беспрэцэдэнтная падтрымка рэгіёнаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».