Вы тут

Парламенцкая дыпламатыя ў Беларусі ўжо сфарміравалася як самастойны кірунак знешнепалітычнай дзейнасці


У нашай краіне парламенцкая дыпламатыя ўжо сфарміравалася як самастойны кірунак знешнепалітычнай дзейнасці дзяржавы. Такая думка прагучала ў выступленні старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргея Рахманава.


Ён расказаў пра міжпарламенцкую дзейнасць верхняй палаты парламента ў 2019 годзе. Работа на міжнароднай арэне членаў Савета Рэспублікі, а ў ёй удзельнічаюць усе сенатары, ужо выйшла за межы традыцыйных міжпарламенцкіх кантактаў, яе важным прыярытэтам з'яўляецца знешнеэканамічная дзейнасць. Пытанні эканомікі абавязкова разглядаюцца ў ходзе стасункаў з калегамі з іншых краін. У час перагавораў дыскусія звычайна выходзіць за межы традыцыйных парламенцкіх абменаў і набывае прагматычны аспект. Увогуле ў верхняй палаце адбыліся 73 міжнародныя сустрэчы.

Сяргей Кімавіч асаблівую ўвагу звярнуў на практычную значнасць правядзення форумаў рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Яны сталі адным з дзейсных спосабаў збліжэння і больш эфектыўнага ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы.

Ад сабе нагадаем тэматычную эвалюцыю гэтых форумаў. Тэмай першага Форуму (Мінск, 5-6 чэрвеня 2014 года) стала развіццё аграпрамысловых комплексаў Беларусі і Расіі як найважнейшай умовы харчовай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Другі Форум (Сочы, 17—18 верасня 2015 года) стаў адметны тым, што ў яго рабоце ўпершыню ўдзельнічалі прэзідэнты Беларусі і Расіі. Тэмай Форуму стала прамысловая палітыка Саюзнай дзяржавы. У якасці тэмы трэцяга Форуму (Мінск, 7-8 чэрвеня 2016 года) была абрана рэалізацыя сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве.
Без перабольшвання якасна новым этапам у развіцці адносін дзвюх краін стаў чацвёрты Форум рэгіёнаў Расіі і Беларусі (Масква, 29—30 чэрвеня 2017 года). Галоўнай задачай гэтага па фармаце рэгіянальнага форуму стаў пошук шляхоў супрацоўніцтва ў сферы інавацыйных і інфармацыйных тэхналогій. Такім чынам, за кароткі перыяд пройдзены шлях ад сельскай гаспадаркі да лічбавізацыі эканомікі: растуць, карацей, рэгіёны. Актуальнасцю адрознівалася і наступныя падобныя сустрэчы.

Прынцыповым з'яўляецца той факт, што гэты досвед выклікае цікавасць у іншых краінах, яго выкарыстанне геаграфічна пашыраецца, падкрэсліў Сяргей Рахманаў. Прайшлі ўжо такія форумы з Украінай, Узбекістанам. Апошні, па словах сенатара, уважліва сочыць за падзеямі ў нашай краіне, нярэдка бярэ беларускую практыку за мадэль.

Сяргей Рахманаў адзначыў важнасць актывізацыі міжпарламенцкіх стасункаў з Кітаем, наладжванне адносін з «новымі» для Савета Рэспублікі краінамі: Вялікабрытаніяй, Грэцыяй, Фінляндыяй і некаторымі іншымі, якія раней нібы трымаліся ўдалечыні ад сувязяў з беларускімі парламентарыямі. Гэтае пацяпленне з'яўляецца вынікам той узважанай і шматвектарнай знешняй палітыкі, якую праводзіць наша дзяржава. Значную ролю членаў Савета Рэспублікі ў яе ажыццяўленні адзначыў сенатар.

Ён паведаміў, што толькі сёлета былі ратыфікаваны 62 законапраекты рознай ступені складанасці. Гэта важкі ўнёсак верхняй палаты парламента ў стварэнне нарматыўна-прававой базы адносін з рознымі краінамі, без якой немагчыма актыўна прасоўваць нашы тавары на замежныя рынкі. Частка такіх дакументаў была зацверджана падчас завяршэння работы сесіі. Назавём асобныя.

Былі ратыфікаваны пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне паміж Беларуссю і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання, пагадненне з Польшчай аб будаўніцтве новага маставога аб'екта цераз раку Заходні Буг на аўтадарожным пераходзе Дамачава — Славацічы на беларуска-польскай дзяржаўнай граніцы, пратакол аб унясенні змяненняў у дагавор аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза, змены ў закон аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь, пагадненне з Турцыяй аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі і шэраг іншых.

З вуснаў Сяргея Рахманава прагучаў наказ да членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання, які коратка можна сфармуляваць так: працягваць развіваць на міжнароднай арэне здабыткі папярэднікаў, у сваёй дзейнасці кіравацца прыярытэтамі знешняй палітыкі нашай дзяржавы, у адносінах з парламентарыямі іншых краін рухацца ў кірунку ад цеснага супрацоўніцтва да трывалага партнёрства.

Леанід Тугарын

Загаловак у газеце: Прыярытэты парламенцкай дыпламатыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.