Вы тут

Румас: У перамовах з Расіяй па дарожных картах засталіся 16 няўзгодненых пытанняў


На сёння засталося 16 няўзгодненых пытанняў па дарожных картах далейшай інтэграцыі з Расіяй, паведаміў журналістам прэм’ер-міністр Сяргей Румас 6 снежня ў Мінску перад пачаткам першай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання. 


«Для сябе бачу задачу мінімум: унесці на разгляд кіраўнікоў дзяржаў 3–4 пытанні, па якіх мы не дамовіліся. Задача максімум — дамовіцца па ўсіх пытаннях, але, ўлічваючы, што гэтыя пытанні вельмі важныя, кіраўнікі дзяржаў усё роўна будуць у іх пагружацца. Але было б правільна, каб урады ўнеслі на разгляд кіраўнікоў дзяржаў узгодненыя пытанні. Канчатковае рашэнне па іх ужо прымуць прэзідэнты».

Пытанні па цане на газ, па мытных пошлінах на нафту ўваходзіць у кола пакуль не ўзгодненых 16 пытанняў, пацвердзіў прэм’ер-міністр. 

Пытанне аб кампенсацыі страт з-за траплення ў беларускі трубаправод і нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы бруднай нафты вынесена за дужкі інтэграцыйных дарожных карт. Работа па яго вырашэнні працягваецца «па асобным трэку», растлумачыў кіраўнік урада. 

«У нас ёсць разлікі сумы кампенсацыі, але мне не хацелася б іх называць, каб не ўскладняць перамовы. Мы спадзяемся, што ўсе ж такі ў найбліжэйшы час яснасць у гэтым пытанні будзе пастаўлена. Да канца года або не — тут мне цяжка сказаць», — адказаў на пытанне журналістаў Сяргей Румас.

Прэм’ер-міністр запэўніў, што як толькі дакументы будуць падпісаныя, яны будуць апублікаваныя. 

Кіраўнік Савета Міністраў чарговы раз запэўніў, што ў тым пакеце дакументаў, якія зараз абмяркоўваюцца, палітычных пытанняў няма. «Пытанні толькі эканамічныя. Не ведаю, можа, ў галавах у кагосьці ёсць такія пытанні, гэта мне невядома. Але у дакументах, якія будзем даваць кіраўнікам дзяржаў на падпісанне, ніякіх наднацыянальных органаў няма», — заявіў ён.

Што тычыцца пазіцыі Беларусі па цане на газ, то яна павінна быць не вышэйшай, чым для найбліжэйшага да нашых межаў рэгіёна Расійскай Федэрацыі — Смаленскай вобласці плюс расходы на транспарціроўку. «Мы лічым, што роўныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання, а ў гэтым мэта інтэграцыі, павінны ўключаць і роўныя цэны на энерганосьбіты. Пытанне, з якога года будзе непасрэдна цана Смаленскай вобласці, гэта пытанне перамоваў», — патлумачыў прэм’ер.

Як паведамлялася, 6 снежня ў Сочы адбудзецца сустрэча прэм'ер-міністраў Беларусі і Расіі Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзведзева.


31 снежня выхадным не будзе

"Мы разгледзелі гэтае пытанне ва ўрадзе. Зрабіць выхадным днём 31 снежня ўрад не падтрымаў у выніку рознага шэрагу прычын: і вытворчых, і асабістых, — сказаў ён. — Большасць апытаных калектываў не хацелі б пазбаўляцца 31 снежня працоўнага дня, каб мець магчымасць павіншаваць сваіх калег з надыходзячым Новым годам"

Што тычыцца 2 студзеня, мы ўсё роўна адпачываем, як правіла, толькі потым прыходзіцца гэты дзень адпрацаваць. "Таму ўчора урад унёс у Адміністрацыю Прэзідэнта праект указа па гэтым пытанні", — паведаміў Сяргей Румас. 

Выхадныя будуць 25 снежня, 1 студзеня, 2 студзеня (з адпрацоўкай ў суботу 4 студзеня) 6 студзеня (з адпрацоўкай ў суботу 11 студзеня) і 7 студзеня.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Прэв'ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Кастусь Качан: Калі б не стаў мастаком, гэта было б не жыццё, а пакуты

Кастусь Качан: Калі б не стаў мастаком, гэта было б не жыццё, а пакуты

Ён рыхтуецца прадставіць выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Грамадства

Мінпрацы — пра зарплаты бюджэтнікаў

Мінпрацы — пра зарплаты бюджэтнікаў

Спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў анлайн-рэжыме адказалі на некаторыя пытанні, звязаныя са змяненнем умоў аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый з 1 студзеня 2020 года.

Спорт

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Малады батутыст Іван Літвіновіч: Я зламаў сківіцу сваім жа каленам

Як хлопец з Вілейкі абыгрывае славутых кітайцаў.