Вы тут

У Багдадзе неспакойна. Чаму палае Ірак?


Навіны з Ірака цягам апошніх некалькіх месяцаў вельмі нагадваюць зводкі вайсковых дзеянняў. Днямі стала вядома, што размешчаная на захад ад Багдада (у правінцыі Анбар) ваенная база, на якой дыслакаваныя амерыканскія фарміраванні, трапіла пад ракетны абстрэл. Пра гэта паведаміў тэлеканал Аs Sumаrіуа са спасылкай на заяву сілавых структур Ірака. «Пяць ракет упала на тэрыторыі базы Айн аль-Асад», — адзначылі ў праваахоўных органах. Наконт таго, хто менавіта можа стаяць за гэтай атакай, інфармацыі пакуль не паступала. Як вядома, на тэрыторыі Ірака знаходзіцца некалькі ваенных лагераў, у якіх раскватараваны падраздзяленні з ЗША. Апошнім часам іх нярэдка атакуюць. Так, у канцы кастрычніка напад быў здзейснены на базу ў раёне Эт-Таджы на поўнач ад іракскай сталіцы. Гэта адбываецца на фоне жорсткіх масавых пратэстаў, якія працягваюцца вось ужо трэці месяц. Чаму палае шматпакутны Ірак?


Ахвяры на плошчы Тахрыр

Трыгерам пратэстаў у Іраку выступіла... надвор'е: у першы тыдзень кастрычніка слупок тэрмометра вагаўся паміж 35 і 40 градусамі Цэльсія. У гэтых умовах цяжэй за ўсё мірыцца з праблемамі жыллёва-камунальнай сферы: паломкамі ў водазабеспячэнні і перыядычнымі адключэннямі электрычнасці. Грамадская думка Ірака ўскладае адказнасць за непаладкі на карупцыю. Толькі па афіцыйна прадстаўленых звестках, з 2003 года праз нячыстых на руку чыноўнікаў прайшло 450 мільярдаў долараў, што адпавядае чатыром бюджэтам краіны, перадае tаss.ru.

Хоць Ірак з'яўляецца другім па значэнні вытворцам нафты ў АПЕК, значная колькасць людзей жыве ў галечы. Узровень карупцыі — самы высокі на Блізкім Усходзе. Міжнародная арганізацыя Trаnsраrеnсу Іntеrnаtіоnаl паставіла краіну ў сусветным індэксе карупцыі на 161-е месца з 168. Яшчэ адзін біч Ірака — беспрацоўе. Чвэрць моладзі ва ўзросце да 25 гадоў не мае пастаяннай крыніцы даходу. Да 2017 года ў Іраку разлічвалі, што пасля перамогі над групоўкай «Ісламская дзяржава» вызваленыя сродкі інвестуюць у рэальны сектар. Аднак чаканага пасляваеннага эканамічнага росквіту не адбылося.

Прынамсі частка іракскага грамадства незадаволеная і знешнепалітычным курсам Багдада. На дэманстрацыях без адабрэння ўспамінаюць збліжэнне з суседнім Іранам, які мае шматлікіх ворагаў у рэгіёне. Распаўсюджваюцца чуткі, што Тэгеран, зацікаўлены ў захаванні ўрада, нібыта накіраваў спецназ для падаўлення пратэстаў. На гэтым фоне некаторыя з незадаволеных паляць сцягі Ісламскай рэспублікі. Але адначасова нядобразычліўцы знайшліся і ў Саудаўскай Аравіі, на офіс тэлекампаніі якой здзейснілі напад.

У першыя дні пратэстаў улады зрабілі стаўку на падаўленне руху сілай. Супрацоўнікі правапарадку блакіравалі плошчу Тахрыр у цэнтры Багдада, куды спадзяваліся пракрасціся дэманстранты. У 2011 годзе ў лакацыі з той жа назвай у Каіры праходзілі пратэсты, вынікам якіх стала рэвалюцыя ў Егіпце, нагадвае tаss.ru. Улады ў Іраку палічылі справай прынцыпу не дапусціць мітынгоўцаў на свой Тахрыр. 4-5 кастрычніка паміж дэманстрантамі і праваахоўнікамі ў Багдадзе прайшлі сутыкненні недалёка ад плошчы. Паліцэйскія пусцілі ў ход слёзатачывы газ, а затым пачалі страляць на паражэнне. Дэманстранты таксама ўжылі сілу. Вынікам стала гібель людзей з абодвух бакоў.

Пасля некалькіх дзён кровапралітных сутыкненняў урад пайшоў на эканамічныя саступкі. «Дэманстрацыі з'яўляюцца важнай падзеяй і выдатнай магчымасцю для рэформаў, якія вырашылі б праблемы, што назапашваюцца на працягу доўгага перыяду часу», — адзначыў прэм'ер-міністр Ірака Адэль Абдэль Махдзі. Аб гэтым паведаміў тэлеканал «Ас-Сумар». Палітык заклікаў дэманстрантаў не вінаваціць у карупцыі ўрад, «жыццё якога не перавышае некалькіх месяцаў». «На працягу нашай работы ў краіне ўзрасла эканамічная актыўнасць», — заўважыў прэм'ер.

Папа, генсек і аятала

Кіраўнік іракскага ўрада абвясціў павышэнне сацыяльных выплат сем'ям, якія жывуць у нястачы, намер пабудаваць 100 тысяч новых дамоў і запуск праграм па перанавучанні для 150 тысяч беспрацоўных. Таксама прэм'ер-міністр заявіў пра намер правесці перастаноўкі ва ўрадзе і скараціць заробкі высокапастаўленых чыноўнікаў. Аднак дэманстранты засталіся незадаволеныя. У канцы кастрычніка выступленні аднавіліся з новай сілай і неўзабаве ахапілі ўсю краіну. Службы бяспекі пачалі разганяць мітынгоўцаў з асаблівай жорсткасцю, адкрываючы агонь на паражэнне.

28 лістапада стала самым крывавым днём з моманту пачатку пратэстаў. У Багдадзе, Наджафе і Насіры ад рук сілавікоў загінула не менш за 40 чалавек. Аmnеstу Іntеrnаtіоnаl назвала гэты дзень крывавай лазняй. Заклапочанасць тым, што адбываецца ў Іраку, выказаў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. У мінулую нядзелю Папа Рымскі Францыск выступіў з асуджэннем гвалту з боку сіл бяспекі ў адносінах да пратэстуючых. «З болем я даведаўся пра дэманстрацыі пратэсту ў апошнія дні і пра жорсткую рэакцыю на іх, якая прывяла да дзясяткаў ахвяр», — сказаў пантыфік падчас штотыднёвага благаслаўлення вернікаў. Папа паведаміў, што мае намер наведаць Ірак налета.

Тым не менш сутыкненні працягнуліся ў нядзелю ў многіх іракскіх гарадах, у тым ліку ў Багдадзе і Эн-Наджафе. Духоўны лідар іракскіх шыітаў, вялікі аятала Алі Сістані (французскі часопіс Lе Роіnt называе яго «нябачным гаспадаром Ірака») у пропаведзі ў Кербеле асудзіў урад за выкарыстанне сілы супраць удзельнікаў пратэстаў і заклікаў да перавыбараў. Як вынікае з заявы прэм'ер-міністра, менавіта пазіцыя Сістані стала для яго вырашальным аргументам на карысць рашэння аб адстаўцы. Абдэль Махдзі заявіў, што пакіне сваю пасаду з-за масавых антыўрадавых выступленняў.

Яго прашэнне аб адстаўцы было зацверджана іракскім парламентам 1 снежня. Аднак рашэнне кіраўніка ўрада ніяк не паўплывала на інтэнсіўнасць пратэсных акцый, якія працягваюцца насуперак усім мерам, што прымаюцца палітычным істэблішментам. «Адстаўка Адэля Абдэль Махдзі не з'яўляецца рашэннем праблемы, — заявіў у Басры актывіст Алі Абдэль Амір, якога цытуе Бі-бі-сі. — Махдзі — толькі частка праблемы, бітая фігура ў шахматнай партыі. Праблема — у сістэме, якая прывяла яго да ўлады». Палітычны лідар іракскіх шыітаў Мактада ас-Садр таксама адзначыў, што адстаўка Махдзі — першы, але не апошні плод рэвалюцыі. «Майце на ўвазе, што яго адстаўка не азначае канец карупцыі», — заявіў ас-Садр ў «Твітэры». Ён заклікаў правесці адкрытыя і сумленныя выбары і заснаваць антыкарупцыйны камітэт.

Кансультацыі па выбары кандыдатуры новага прэм'ер-міністра Ірака прэзідэнт блізкаўсходняй краіны Бархам Салех пачаў 3 снежня. Абмеркаванне іракскі прэзідэнт вядзе з усім спектрам палітычных сіл. Чыноўнікі ў Багдадзе сцвярджаюць, што гэтая задача такая ж цяжкая, як і спробы пераканаць маніфестантаў спыніць свае акцыі. Крытэрыі і ўмовы ў дачыненні да будучага кіраўніка іракскага ўрада, якія вылучаюць некаторыя блокі, у тым ліку намінацыю незалежнай фігуры па-за цяперашняй палітычнай структурай, дасюль носяць больш дэманстратыўны характар і падобныя на падлашчванне да ўдзельнікаў антыўрадавых выступленняў, сцвярджаюць іракскія афіцыйныя асобы. Зрэшты, цяжка спрачацца з тым, што бягучая сітуацыя патрабуе пошуку абсалютна неангажаванага палітыка, да якога не будзе прэтэнзій з нагоды яго прыналежнасці да якой-небудзь з сістэмных унутраных ці знешніх сіл.

Пасля адстаўкі Адэля Абдэль Махдзі было агучана мноства імёнаў, сярод іх розныя былыя дзяржаўныя памочнікі, экс-міністр, суддзя, аднак яны знаходзіліся недалёка ад палітычнага цэнтра ці кантактаў з палітычным істэблішментам, што магло б угнявіць іракскую вуліцу. Паводле канстытуцыі, пасля працэдуры адхілення прэм'ера прэзідэнт павінен даручыць фарміраванне новага ўрада прадстаўніку ад партыі парламенцкай большасці, на што адводзіцца два тыдні і адзін дзень. Аднак блок уплывовага шыіцкага прапаведніка Муктады ас-Садра «Саірун» адмовіўся вылучаць свайго кандыдата на пасаду прэм'ера.

Вялікая гульня

Колькасць забітых за дзень ідзе ўжо на дзясяткі, а ўсяго з пачатку пратэстаў, па неафіцыйных звестках, загінула каля 400 чалавек. Але ўжыванне агнястрэльнай зброі і ўведзеная ўладамі каменданцкая гадзіна не спыняюць пратэстуючых. У Іраку працягваюць гінуць маніфестанты. Так, напярэдадні парламентарыі накіравалі спецыяльныя камісіі ў Ды-Кар і Наджаф для расследавання здзейсненых у гэтых правінцыях злачынстваў, у выніку якіх толькі за мінулы тыдзень ахвярамі сталі каля 70 чалавек.

Пры незвычайнай для стыхійнага пратэсту працягласці мітынгоўцы маюць выразную палітычную мэту, у тым ліку знешнепалітычную. Цяжка сабе ўявіць, каб іракская моладзь, якая бунтуе на вуліцах, сама наўпрост звязала сваю беднасць з уплывам Тэгерана ў іх краіне. Кола «падазраваных» у падаграванні незадаволенасці з антыіранскай скіраванасцю вельмі шырокае. Нядобразычліўцаў у Ірана мноства, але асноўныя праціўнікі, здольныя на арганізацыю падобных акцый, — гэта ЗША, Ізраіль і Саудаўская Аравія. Аднак супраць удзелу Саудаўскай Аравіі ў цяперашніх акцыях пратэсту сведчыць тое, што беспарадкамі ахоплены перш за ўсё шыіцкія раёны Ірака, а ўплыў Эр-Рыяда моцны сярод суніцкага насельніцтва.

Ізраіль больш занепакоены прысутнасцю Ірана ў паўднёвых раёнах Сірыі (яны мяжуюць з Ізраілем), чым яго ўплывам у шыіцкім Іраку. А вось прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які даўно праводзіць лінію на эканамічнае ўдушэнне Ісламскай рэспублікі, мае падставы быць незадаволеным паводзінамі Ірана ў Іраку. У пачатку гэтага года парламент Ірака аб'явіў пра распрацоўку законапраекта аб разрыве дагавора па бяспецы з ЗША, які прадугледжвае вывад з краіны амерыканскіх ваенных баз. Нагодай для абвастрэння адносін стаў неаб'яўлены візіт Трампа ў Ірак, на ваенна-паветраную базу Айн аль-Асад (дарэчы, тую самую, якую днямі абстралялі ракетамі), у канцы снежня мінулага года. Іракскі бок не папярэдзілі, па-першае, з меркаванняў бяспекі, а па-другое, таму, што нікога не цікавіла яго меркаванне. Наўрад ці іракскія парламентарыі сур'ёзна разлічвалі дамагчыся вываду амерыканскіх войскаў — хутчэй ЗША вывелі б з Ірака цяперашні склад парламента, аднак спроба «бунту» была ў наяўнасці, заўважае ехреrt.ru. Але ўсё ж ЗША змагаюцца не з іранскім уплывам у Іраку, а з самім Іранам, і ў іх ёсць прасцейшыя рычагі, каб змяніць іракскі ўрад.

Горш за ўсё, як для Ірака і Ірана, так і для ЗША, Ізраіля і Саудаўскай Аравіі, калі за пратэстамі стаіць «Ісламская дзяржава». Пацярпеўшы паражэнне ў Іраку і Сірыі, рух сышоў у падполле і не супраць таго, каб вярнуць сабе страчаныя тэрыторыі. Адкрытае выступленне пад сцягамі «Ісламскай дзяржавы» пагражае неадкладным паражэннем: усе вышэйпералічаныя краіны, забыўшыся пра супярэчнасці, хутка знішчаць тэрарыстаў. Стварэнне ж хаосу ў Іраку і абвастрэнне супярэчнасцяў паміж яго сапернікамі пакуль на руку адной ІД, мяркуе ехреrt.ru.

«Абстаноўка напружаная, і ёсць падставы лічыць, што пратэсты працягнуцца доўга, — заўважыў у размове з tаss.ru ўсходазнаўца, выкладчык Вышэйшай школы эканомікі Рыгор Лук'янаў. — Праводзіць паралелі з «арабскай вясной» рызыкоўна, і ўсё ж падобныя элементы прысутнічаюць. Корань бедстваў — няздольнасць эканамічнай і сацыяльнай сістэмы рэанімавацца пасля многіх гадоў разбуральных баявых дзеянняў. Справы ў сацыяльнай сферы ідуць дрэнна, дзяржапарат заражаны карупцыяй. Пасля таго як абвясцілі перамогу над «Ісламскай дзяржавай», больш няма апраўдання ў выглядзе тэрарыстычнай пагрозы. Глыбінныя прычыны паходзяць з 2003 года, калі пасля звяржэння Садама Хусейна баланс сіл у краіне быў беспаваротна разбураны», — рэзюмаваў эксперт. Таму да навядзення парадку ў Іраку, на жаль, яшчэ вельмі далёка.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: У Багдадзе неспакойна

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.