Вы тут

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым


Цяпер Бенджамін-Павел Дуду — баскетбаліст магілёўскага «Барысфена». Яго нетыповае імя тлумачыцца паходжаннем: мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы. Пасля нараджэння першынца сям'я Дуду пераехала ў Гану, але праз пяць гадоў Бенджамін разам з мамай і сястрой вярнуўся ў Беларусь. У Светлагорску ён пачаў займацца баскетболам, неўзабаве перспектыўнага юнага гульца заўважылі селекцыянеры з Расіі і прапанавалі паспрабаваць свае сілы там.


У 14 гадоў хлопец самастойна пераехаў у Піцер, пасля чаго прабіўся ў адзін з наймацнейшых баскетбольных клубаў Расіі — падмаскоўныя «Хімкі». У сезоне 2013/2014 Дуду ў складзе маладзёжнай каманды «Хімак» стаў чэмпіёнам Адзінай маладзёжнай Лігі ВТБ, а таксама сыграў за маладзёжную зборную Расіі. У 2014 годзе ён перайшоў у маскоўскае «Дынама», дзе разам з камандай выйграў бронзавыя медалі Суперлігі і стаў фіналістам Кубка Расіі. А тры гады таму вырашыў зноў вярнуцца на радзіму. Увосень Бенджамін нарэшце вярнуў сабе беларускае спартыўнае грамадзянства і перастаў лічыцца легіянерам, разам з тым ён атрымаў магчымасць згуляць за нацыянальную зборную Беларусі.

— Як вас часцей называюць — Бенджамін або Павел?

— Маё поўнае імя Бенджамін-Павел-Ніі-Апонса, але ўсё яно, мабыць, проста не ўлезла ў пашпарт (смяецца). Бенджамінам мяне назваў бацька, гэта перакладаецца як «любімы сын», Паўлам — мама, у гонар свайго бацькі. Ніі — хлопчык каралеўскага роду племя Га, Апонса абазначае хлопчыка, народжанага ў сям'і ці шостым, ці дзявятым па ліку, але паколькі цяпер шмат дзяцей не нараджаюць, гэтае імя мне купілі. Яшчэ ёсць неафіцыйнае дамашняе імя — Коджо, перакладаецца як «хлопчык, народжаны ў панядзелак». У Гане прынята даваць такія дадатковыя імёны.

У Беларусі часцей за ўсё мяне завуць проста Бен, а Паўлам клічуць толькі дома, часцей за ўсё старэйшае пакаленне радні. На самай справе для мяне гэта не мае значэння, хоць на Паўла я магу зрэагаваць не адразу (усміхаецца).

— Як пазнаёміліся вашы бацькі?

— Мама вучылася ў Віцебску, бацька там жа ў медыцынскім універсітэце па абмене. Ён добра, хоць і з невялікім акцэнтам, размаўляў на рускай мове. У Беларусі яны пажаніліся, з'явіўся я, але потым бацькі вырашылі пераехаць у Гану, таму што тату прапанавалі работу галоўнага ўрача. У той час замежная адукацыя вельмі цанілася, ды і ў цэлым прафесія ўрача была вельмі прэстыжная, таму што ад спякоты і антысанітарыі ў Афрыцы вельмі шмат хвароб.

— Што вы памятаеце са свайго дзяцінства ў Гане?

— Мы прыехалі туды, калі мне быў год, у тры я пачаў хадзіць у школу, гэта нармальная практыка для ўсіх мясцовых дзяцей. Мы вучылі алфавіт, лічбы, напэўна, гэта больш падобна на наш дзіцячы сад. Добра запомнілася тое, што пілі ваду з цэлафанавых пакетаў, таму што з пластыкам там былі праблемы. Мы з бацькамі жылі ў аднапавярховым доме, у Гане заўсёды вельмі горача, таму ў хаце быў кандыцыянер. Кожную раніцу бацька хадзіў і выкідваў змей з-пад балкона, таму што ўсе яны сцягваліся да вільгаці і холаду. Можа, нават адтуль у мяне з'явілася вялізная боязь змей — баюся нават тых, з якімі прапануюць сфатаграфавацца ў парку. Неяк пабачыў яе за метр ад сябе — думаў, страчу прытомнасць. Мама расказвала, што ў Гане сутыкалася з адзінай цяжкасцю — адсутнасцю малочных прадуктаў, але існавалі і свае перавагі, напрыклад, садавіна, якую нельга было ў той час знайсці ў Беларусі.

— На якой мове вы размаўлялі ў Гане?

— На англійскай, хоць там шмат мясцовых моў, дыялектаў. Мама казала, што вывучыць іх вельмі складана. Рускай у дзяцінстве я яшчэ не ведаў, мая першая мова — англійская. Калі мы вярнуліся ў Беларусь, паўстала праблема са школай, тады ж не было спецыялізаваных устаноў, дзе ўсе прадметы выкладаюць на англійскай. Праз гэта я правёў лішні год у садку, дзе мяне мэтанакіравана вучылі рускай мове. Мама ўсім проста забараніла размаўляць са мной на англійскай.

У Гане я вылучаўся, там мяне называлі белым, таму што я быў самы светлы. Для іх гэта было ў навіну, тады там сустракалася мала еўрапейцаў. А калі мы вярнуліся ў Светлагорск, для мясцовых, наадварот, я здаваўся ўжо занадта цёмны.

— Пасля пераезду ў Беларусь на радзіму бацькі вы не вярталіся?

— Не, хоць ведаю, што сваякі запрашалі, але яны самі раз'ехаліся — хто ў ЗША, хто ў Англію. У сваякоў пад Лонданам гасцявала мая сястра, там ёсць раён, дзе пасялілася шмат ураджэнцаў Ганы, яна мела зносіны з імі, хадзіла ў мясцовую царкву і сказала, што гэта зусім іншы свет, вельмі цікавы.

— Адаптавацца ў Светлагорску пасля афрыканскай краіны было складана?

— Не надта гэта памятаю, але мама казала, што дзеці былі ў шоку, бо яны ледзь размаўлялі на рускай, а я на англійскай, яна часам была перакладчыкам паміж намі. Канфліктаў з-за колеру скуры не было, яны з'явіліся са сталеннем. Калі кудысьці выходжу, вядома, можна пачуць шмат чаго ў свой адрас, але я стараюся абстрагавацца, не рэагаваць на абразы: калі людзям так лягчэй, то калі ласка.

— У Беларусі вас часта прымаюць за замежніка?

— Так, асабліва калі я маўчу. Да мяне спрабуюць звярнуцца на ламанай англійскай, а калі я адказваю на рускай, узнікае невялікі шок. Бываюць такія кур'ёзы, гэта нармальна, я і сам з гэтага смяюся. Адчуваю сябе беларусам, таму што ўсё свядомае жыццё пражыў тут, вучыўся ў школе, упершыню прыйшоў у баскетбольную секцыю.

— Раскажыце пра перыяд жыцця ў Расіі, куды вы пераехалі ў досыць юным узросце.

— Мне было 14 гадоў, на той момант у Расію часта запрашалі беларускіх хлопцаў, да мяне ўжо з'ехала пару чалавек. Напэўна, заўважылі мяне як перспектыўнага на нейкім міжнародным турніры. Выйшлі на маму, прапанавалі пераехаць у школу-інтэрнат у Санкт-Пецярбург. На той момант мы думалі, што так будзе лепш, напэўна, яно на самай справе так і атрымалася. Калі б я не пераехаў, то не быў бы цяпер тым, хто я ёсць. Пасля Піцера мяне запрасілі ў «Хімкі», там правёў дзевяць гадоў, пачынаючы з самага нізу, дайшоў да галоўнай каманды. У асноўнай камандзе атрымліваў няшмат гульнявога часу, таму пачаў разглядаць іншыя варыянты. З часам перайшоў у маскоўскае «Дынама», але клуб закрыўся з-за фінансавых праблем, потым былі каманда ў Яраслаўлі і клуб пад Краснадарам. Самым яркім момантам з гэтага перыяду кар'еры, мабыць, была гульня ў асноўнай камандзе «Хімак». Для мяне гэта было штосьці незвычайнае, таму што тады там ужо гулялі майстры сусветнага ўзроўню, якія выступалі за нацыянальныя зборныя сваіх краін, хтосьці раней гуляў у наймацнейшай лізе — NBА. Ад іх хуткасцяў і шпаркасці мыслення на трэніроўках спачатку кружылася галава, дзесьці не паспяваў разумець, але глядзеў, вучыўся і з часам уцягнуўся. Гэта быў вельмі добры вопыт.

— Якія варыянты працягу кар'еры ўзнікалі пасля Краснадара?

— З'явілася пару варыянтаў у Расіі, але гэта было далёка тэрытарыяльна, па сямейных абставінах я шукаў што-небудзь бліжэйшае да хаты. Пазней сябар паклікаў мяне ў Магілёў, сказаў, што тут змяняецца кіраўніцтва, будзе новы трэнер — Андрэй Крыванос. Даў мне яго нумар тэлефона, мы пагутарылі, і гэта аказаўся ідэальны варыянт. Так атрымалася, што ў «Барысфене» я ўжо трэці год. Клуб пачаў развівацца, сёлета мы заявіліся ў Еўракубак і Еўразійскую лігу. Гэта даволі добрыя турніры, у якіх можна і пагуляць, і атрымаць вопыт.

— На той момант вяртанне ў беларускі клуб — гэта крок назад у вашай кар'еры?

— Многія сябры з Расіі ставіліся скептычна, казалі, маўляў, чэмпіянат Беларусі — гэта што наогул? І больш настройвалі мяне на тое, каб застацца ў Расіі. А цяпер яны здзіўлены. Не думалі, што такога ўзроўню спаборніцтвы будуць праходзіць тут. Сам я таксама не шкадую, што прыняў тады такое рашэнне.

— Наколькі папулярны ў Магілёве баскетбол?

— Са з'яўленнем у клубе РR-менеджара на гульні пачало прыходзіць значна больш людзей, з'явіліся шоу-праграма, дыджэй, група падтрымкі, конкурсы ў перапынках, забаўкі для дзяцей. Наколькі я ведаю, у нас самая высокая наведвальнасць у чэмпіянаце Беларусі, на рэйтынгавыя гульні прыходзіць каля 850 чалавек, на фінале было каля тысячы балельшчыкаў.

— Нядаўна ФІБА афіцыйна дазволіла вам гуляць за зборную Беларусі...

— Гульцы, якія не маюць права выступаць за нацыянальную зборную, лічацца на пляцоўцы легіянерамі, калі гуляюць за клуб, хоць і нарадзіліся ў Беларусі. Такое рашэнне ў першую чаргу дазволіла мне мець больш гульнявога часу. Калі раней у сярэднім я праводзіў на пляцоўцы 4—5 хвілін, то цяпер 16—18, а з самымі моцнымі сапернікамі наогул каля 36 хвілін. Да таго ж я з задавальненнем бы пагуляў за зборную Беларусі.

— Пра што вы марыце ў спартыўным плане?

— Хацелася б трапіць у нацыянальную зборную, раз з'явілася такая магчымасць, і з ёй выступаць не толькі ў адборачных этапах, якія праходзяць на чэмпіянатах Еўропы, свету і Алімпійскіх гульнях. Што датычыцца клуба, то, вядома, хацелася б выйграць чэмпіянат, а таксама кубак краіны, ды і на еўрапейскай арэне не проста гуляць адбор, але і паўнавартасна ўдзельнічаць у групавых этапах, таму што гэта зусім іншы баскетбол.

Дар'я Лабажэвіч

Фота прэс-службы БК «Барысфен»

Мінск — Магілёў — Мінск

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.