Шмат цёплых слоў сёння гучала ў сценах будынка Адміністрацыі Прэзідэнта. Калектыў гэтай установы — палітычны штаб краіны — развітваўся с былым сваім кіраўніком — Наталляй Качанавай, і знаёміўся з новым — Ігарам Сергеенкам. 5 снежня кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прыняў адпаведнае кадравае рашэнне. А сёння Наталля Качанава была абраная старшынёй Савета Рэспублікі, а яе былы намеснік — Валерый Міцкевіч — намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Новага кіраўніка і свайго пераемніка калектыву Адміністрацыі прадставіла сама Наталля Качанава. «Гэта паважаны, добры кіраўнік, галоўнае — добры чалавек, які разумее і ведае ўсе задачы, што стаяць сёння перад нашай краінай», — сказала яна. Наталля Качанава нагадала словы Аляксандра Лукашэнкі, сказаныя перад парламентарыямі, якія датычацца ўсіх дзяржаўных органаў, — пра тое, што самыя галоўныя прыярытэты ў палітыцы дзяржавы — незалежнасць, суверэнітэт краіны і работа з людзьмі. У сувязі з гэтым рашэнне прызначыць на пасаду такога чалавека, як Ігар Сергеенка, яна лічыць цалкам правільным і вывераным.
Пры гэтым сама Наталля Качанава, як кажуць, застаецца ў палітычнай абойме. Яна ўжо атрымала віншаванні ад спікера расійскага Савета Федэрацыі Валянціны Мацвіенкі, на яе як на кіраўніка верхняй палаты парламента надзвычай разлічвае і Прэзідэнт Беларусі. Наталля Качанава таксама запэўніла калег, што працягне працаваць над праектамі, якія ёй даручаны. Маецца на ўвазе куратарства над Оршай, Віцебскай вобласцю і іншае.
Пачуўшы шматлікія словы шчырай удзячнасці ў адрас сваёй папярэдніцы, Ігар Сергеенка прызнаўся, што некаторая напружанасць, напэўна, натуральная ў такой сітуацыі, цалкам знікла. «Ведаю не па чутках, са многімі з вас знаёмы асабіста, апарат Адміністрацыі Прэзідэнта — гэта высокапрафесійныя спецыялісты. Тым больш што займацца даводзіцца рознымі праблемамі. Так склалася, што 30 гадоў свядомага жыцця я праслужыў у органах дзяржаўнай бяспекі на розных пасадах, у розных рэгіёнах, і прызначэнне на такую высокую пасаду для мяне было досыць нечаканае. Разумею, што гэта высокі гонар, адказнасць — кіраваць такім калектывам. Разлічваю на вашу дапамогу. Высока цаню работу кожнага з вас. Цаню ў людзях шчырасць, прыстойнасць, спагадлівасць, стараннасць».
Наталля Качанава таксама прадставіла і новага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта — Вольгу Чупрыс.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фота БЕЛТА
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.