Да навагодніх свят у краіне запланавана больш за 16,5 тысячы розных мерапрыемстваў у сферы гандлю. З 16 снежня ў сталіцы і рэгіёнах Беларусі пачне работу больш за 1,1 тысячы ёлачных кірмашоў. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Міхаіл ЖЫГАЛА.
— У перадсвяточныя і святочныя дні па ўсёй краіне будуць падоўжаныя рэжымы работы гандлёвых аб'ектаў (больш за 800), аб'ектаў грамадскага харчавання (прыблізна 500) і сферы паслуг. Суб'екты гандлю цяпер узгадняюць і фарміруюць з вытворцамі асартымент тавараў з каляднай і навагодняй тэматыкай, падарункаў, сувеніраў і ёлачных упрыгажэнняў. Кандытарскія фабрыкі, якія ўваходзяць у склад канцэрна «Белдзяржхарчпрам», да канца года вырабяць 2,1 мільёна салодкіх навагодніх падарункаў. Пакупнікам прапануюць да 50 найменняў кандытарскіх прысмакаў айчыннай вытворчасці вагой ад 300 грамаў да трох кілаграмаў. Дарэчы, фабрыкі «Камунарка» і «Спартак» ужо паставілі прыкладна 400 тысяч навагодніх падарункаў, — расказаў спікер.
Ён зазначыў, што ў снежні ў сталіцы плануецца прадаць каля мільёна бутэлек шампанскага. Асартымент яго, а таксама ігрыстых вінаў айчыннай вытворчасці ў крамах налічвае каля 40 найменняў рознай ёмістасці.
У пачатку месяца ў Мінску ўпершыню прайшоў аўкцыён, на якім прадаўцы змаглі арандаваць пляцоўкі пад ёлачныя кірмашы тэрмінам на тры гады. Пра гэта расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Аляксей РАМАНАЎ.
— Усяго на аўкцыёне было выстаўлена 82 пляцоўкі пад кірмашы, якія будуць працаваць з 22 да 31 снежня. Летась самыя дарагія ёлкі ў сярэднім каштавалі 35 рублёў. Самыя папулярныя былі дрэвы вышынёй ад метра да двух, што прадаваліся прыкладна за 21 рубель. Сёлета цана галоўнага атрыбута Новага года значна не адрозніцца ад папярэдняга, мінімальная для натуральнага дрэва складзе амаль каля 6 рублёў, — упэўніў Аляксей Раманаў.
З 14 снежня на пляцоўцы каля Палаца спорту і Кастрычніцкай плошчы адбудзецца маштабны «Калядны кірмаш», ён прадоўжыцца да 15 студзеня. Рэжым работы наступны: з 14 снежня да 7 студзеня — з 12 да 23 гадзін, з 8 студзеня да 15 студзеня — з 12 да 20 гадзін. Кірмаш будзе працаваць і ў навагоднюю ноч да 4 гадзін раніцы. У гандлёвых пунктах наведвальнікі змогуць пакашаваць дранікі і бліны з рознымі начынкамі, бургеры і хот-догі, венгерскія калачы, стравы беларуска-літоўскай кухні, шашлыкі і закускі на мангале, мяса з тандыра, а таксама гарачыя напоі.
22 снежня апоўдні ўпершыню пачне работу святочны кірмаш «Мяцеліца», што з'явіцца на пляцоўцы каля Камароўскага рынку. У 24 доміках будуць прадаваць гарачую вулічную ежу, прысмакі, экапрадукты, глінтвейн і збіцень. Завітаць на кірмаш можна будзе штодня з 12 да 22 гадзін, у навагоднюю ноч — да 6 гадзін раніцы 1 студзеня.
Аляксей Раманаў звярнуў увагу і на тое, што ў буйных гандлёвых аб'ектах сталіцы пакупнікам прапануецца да трох тысяч назваў ёлачных упрыгажэнняў і сувеніраў, падарункаў і іншай святочнай атрыбутыкі. Запланаваны шматлікія пераднавагоднія акцыі, распродажы, зніжкі:
— Сёлета мы плануем прадаць каля 120 тысяч навагодніх упрыгажэнняў. Асаблівым попытам у пакупнікоў карыстаюцца навагоднія вянкі і шкляныя шары. Ва ўнівермагах Мінска ўжо прадстаўлена больш за сто найменняў навагодніх штучных дрэў, а таксама больш за сто відаў карнавальных касцюмаў коштам ад 10 да 75 рублёў. Напрыклад, у холе сталічнага ГУМа для пакупнікоў падрыхтавана фішка — ручны роспіс шкляных шароў. Іх можна замовіць з любымі надпісамі, пейзажамі або сямейнымі сімваламі і аформіць цацку за некалькі хвілін у стыльную крафтавую ўпакоўку. Па-новаму ў гэтым сезоне ўпрыгожаны і фасад універмага, прылаўкі, паліцы і стэлажы. Традыцыйна пад Новы год у памяшканні «вырастала» ёлка, аднак сёлета яе не будзе. Замест гэтага ў цэнтры залы з'явілася спецыяльная зона са слядамі Дзеда Мароза, якая прызначана для загадвання жаданняў.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Прэв'ю: mir24.tv
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.