Вы тут

Каб людзям дапамагчы, трэба іншы раз пайсці на кампраміс


Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч выслухаў тэлефонныя звароты і правёў прыём грамадзян у Ленінскім раёне Гродна.

У асноўным звярталіся з набалелым. Адны імкнуліся вырашыць, хто павінен займацца ўборкай прыдамавой тэрыторыі. Другіх непакоіў стан роднай вёскі і тых аб'ектаў, якія пустуюць. Жыхары ўзбярэжжа рэчкі Гараднічанкі звярнулі ўвагу на падтапленне двароў і дамоў, якое здараецца ў час паводкі.


Першы быў прыняты званок з гарадскога пасёлка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна. Праўда, мужчына не стаў сябе называць, а паведаміў, што ў пасёлку варта звярнуць увагу на сацыяльна важныя аб'екты. У прыватнасці, мужчына выказаў прапанову пашырыць ложкавы фонд мясцовай бальніцы за кошт былой школы, якая цяпер часткова пустуе.

Праблема добраўпарадкавання гарадскога пасёлка Казлоўшчына будзе вырашацца, адзначыў Іван Лаўрыновіч. Населены пункт разам з Любчай трапіў у лік пасёлкаў Гродзенскай вобласці, якія падпадаюць пад рэспубліканскую праграму на будучы год. Згодна з ёй, тут будуць аднаўляцца дарогі, сацыяльныя аб'екты, жылы фонд. Цяпер рыхтуецца праектна-архітэктурнае рашэнне, вясной пачнуцца работы — сродкі на гэта закладзены ў абласны бюджэт.

Не першы раз падчас прыёмаў чыноўнікаў ставяцца пытанні па рамонтных работах. Вось і гэтым разам да памочніка Прэзідэнта звярнуўся жыхар мікрараёна Фолюш абласнога цэнтра, якога непакояць бясконцыя работы па пракладцы цеплатрасы. У выніку ўвесь двор доўгі час разрыты, трубы ляжаць наверсе. Іван Лаўрыновіч абяцаў пабываць на месцы і разабрацца, чаму там марудна ідзе гэты працэс. На кантроль будзе ўзнята і праблема стану старых дамоў. З такой просьбай звярнулася жыхарка прыватнага сектара Алена Васілеўна. У яе драўляны дом, пячное ацяпленне, але ў суседніх кватэрах ніхто не жыве, таму трэба вельмі шмат паліва, каб утрымліваць цяпло. У той жа час арэндныя кватэры пры адпаведным рамонце можна было б засяліць.

— Гэта пасляваенныя дамы, і трэба паглядзець гаспадарскім вокам, што там можна зрабіць, — заўважыў Іван Лаўрыновіч. — Таму адпаведныя службы павінны гэтым заняцца. Вядома, не ўсе могуць атрымаць добраўпарадкаванае жыллё, а вось адрамантаваць, палепшыць стан таго, што ёсць, рэальна.

Праблема з жыхарамі вуліц, якія знаходзяцца на беразе рэчкі Гараднічанкі, будзе вырашацца больш кардынальна. Падтапленне двароў і дамоў здараецца тут даволі часта. А не так даўно каля аднаго з будынкаў змыла мост, і людзі ходзяць у абход, расказаў падчас прыёму пенсіянер Тадэвуш Калікставіч. Яму паведамілі, што тэрыторыя берагоў Гараднічанкі згодна з генеральным планам развіцця горада будзе добраўпарадкавана, але ператворыцца ў зялёную зону без жылых забудоў. Адпаведна, людзей, якія жывуць на некалькіх вуліцах каля рэчкі, будуць перасяляць у добраўпарадкаваныя кватэры. Праект па развіцці тэрыторыі распрацуюць налета, самі работы распачнуцца ў трэцім квартале.

— Калі была паводка, мы выязджалі разам з мэрам, там будынкі знаходзяцца ў небяспечным стане. Умацаванне берага не палепшыць сітуацыю, яна праз нейкі час зноў паўторыцца. Людзей трэба адназначна перасяліць, даць ім нармальнае жыллё згодна з прапіскай і метражом. Тым больш што там жывуць у асноўным пенсіянеры, — зазначыў Іван Лаўрыновіч.

Даволі працяглая размова адбылася ў памочніка Прэзідэнта з жыхаркай вёскі Масткі, што пад Гроднам. Людміла Сяргееўна пераехала ў бацькоўскі дом з горада, завяла статак кароў. Тут жыве разам з дзецьмі і вядзе падсобную гаспадарку. Падчас прыёму жанчына расказала, што паша, якую ёй выдзелілі, знаходзіцца далёка ад дома, сачыць за жывёламі на такой адлегласці немагчыма. У выніку здараюцца патравы на калгасных палях, жанчыне выпісваюць штраф. Людміла хацела б развівацца, стварыць фермерскую гаспадарку, але не ведае, як гэта зрабіць.

— Такім людзям трэба дапамагаць, — лічыць Іван Лаўрыновіч. — У мяне адбудзецца размова з кіраўніком гаспадаркі, патлумачу, што трэба выдзеліць зямлю, каб людзі займаліся падсобнай гаспадаркай. У некаторых выпадках трэба ісці на кампраміс і рабіць усё неабходнае для таго, каб аказаць рэальную дапамогу чалавеку.

Маргарыта Ушкевіч

Фота: grodnonews.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.