Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва


Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне. Ліхтары асвятляюць дарогу так, што, як пяецца ў песні, хоць іголкі збірай. Некалькі крокаў убок — і ты на вуліцы Валгаградскай, той самай, якая, па словах тутэйшых жыхароў, часткова патанае ў цемры. І сапраўды, у адрозненне ад Першамайскай, дзе свяцільні праз кожныя трыццаць крокаў, тут ноччу можна і нагу зламаць, пакуль да чарговага «светлавога астраўка» дойдзеш.


Тая са­мая апо­ра без свя­ціль­ні.

А ліхтары — цьмяныя

Увагу на праблему звярнуў ужо добра знаёмы па папярэдніх публікацыях старшыня мікразоны Віталь Гардзееў. У розны час мы з прынцыповым актывістам змагаліся за дарожнае пакрыццё на вуліцы Краснадарскай, супраць сметніка на тэрыторыі тутэйшай установы адукацыі — на сёння ўсе недахопы ліквідаваныя. І вось Віталь Гардзееў зноў патэлефанаваў у газету. Запэўніў, што ўжо скарыстаўся ўсімі іншымі спосабамі дамагчыся праўды.

— Адно спадзяванне на вас, — кажа ён. — Калі б гэта было лета, мы магчыма, не сталі б так рашуча дзейнічаць. Але ж за дзяцей страшна, якія па змрочных вуліцах дамоў ідуць. Цяпер жа пасля пяці ўжо цёмна. Я не кажу пра тых, хто па абавязку службы вяртаецца з начной змены. Тут наогул толькі ўласны ліхтарык і выручае.

Сапраўды, зімовы дзень кароткі, а па вуліцах прыватнага сектара гуляць у цемры вельмі небяспечна. Самі разумееце, нават у горадзе гэта амаль што вёска, дзе рэдка сустрэнеш тратуары. Вуліца Валгаградская — не выключэнне. Нашым чытачам яна ўжо крыху знаёмая: некалькі гадоў таму актывіст прыводзіў нас сюды паказаць архаічныя драўляныя светлавыя апоры. Трэба адзначыць, што прыемныя змены ўсё ж такі адбыліся. Замест драўляных слупоў стаяць новыя — жалезабетонныя. Незадаволенасць выклікае толькі тое, што свяцільні на іх праз адну. Навошта пустыя слупы — незразумела. Жыхары таксама не ў курсе. Толькі смяюцца, маўляў, камунальнікі падрыхтавалі запасныя на той выпадак, калі першыя выйдуць са строю. Затое праблем з асвятленнем спачатку не было. Апоры амаль у два разы вышэйшыя за драўляныя, лямпачкі на іх святлодыёдныя — свецяць якасна і далёка. Але радаваліся нядоўга.

— У чэрвені была навальніца, і ўсе ліхтары пагаслі, — уздыхае Віталь Фёдаравіч. — Кіраўнік прадпрыемства «Гарсвятло» супакоіў, што яны ўсё адрамантуюць і мы зноў будзем са святлом. Але праз месяц сказалі, што адрамантаваць не атрымалася, і лямпачкі часткова замянілі іншымі — цьмянымі.

Ма­шы­ны не звяр­та­юць на Гар­дзе­е­ва ўва­гі, ім па­трэ­бен свят­ла­фор.

Лыжка дзёгцю

Цалкам выправіць сітуацыю ніхто не спяшаўся, і Віталь Гардзееў нагадаў аб праблеме на сустрэчы з жыхарамі раёна, дзе акрамя дырэктара прадпрыемства «Гарсвятло» Аляксандра Пашкевіча прысутнічаў яшчэ і кіраўнік адміністрацыі раёна Аляксей Багайчук. Дырэктар камунальнага прадпрыемства даў слова, што праблему вырашыць. Вось толькі калі, не ўдакладніў.

Перапіскі ў Віталя Фёдаравіча — цэлы том: тут і пра дарогі, і пра аптэку, і пра кіёск «Табакерка», і пра пешаходны пераход. Віталь Гардзееў не любіць, калі на яго тэрыторыі няма парадку. Пакуль шукае патрэбныя паперы, дае невялікія каментарыі на іншыя тэмы. Перанесці цыгарэтны кіёск не атрымалася, маўляў, там усё па законе. А вось памяшканне пад аптэку ўсё яшчэ працягваюць шукаць. Найбліжэйшая на чыгуначным вакзале, а гэта некалькі прыпынкаў на тралейбусе.

Нарэшце папера знойдзена. На афіцыйным бланку напісана, што ўчастак дарогі ад Валгаградскай да Адэскай асветляць да 1 кастрычніка. На календары ўжо снежань, а камунальнікі маўчаць. Людзей такія адносіны толькі раздражняюць. І яны не саромеюцца пра гэта казаць услых.

— Да найбліжэйшай вуліцы Адэскай усяго недзе 125 метраў. Здавалася б, колькі там таго кабелю патрэбна, каб забяспечыць святло, але на прадпрыемстве адказваюць: кабелю няма і грошай на яго таксама, — бядуе старшыня мікразоны. — Вось і атрымліваецца, што мы хоць і не такая аддаленая ўскраіна, а жывём, як у каменным веку. А тыя лямпачкі, што памянялі, ледзь свецяць. Раней у нас былі якасныя святлодыёдныя, а цяпер нейкія незразумелыя. Для іх гэтыя жалезабетонныя слупы занадта высокія. Лямпачка гарыць, але ад яе ніякай карысці.

Прынцыповы старшыня мікразоны ваюе за асвятленне роднай Чапаеўкі ўжо паўгода.

— Засталося шэсць ліхтароў са святлодыёднымі лямпачкамі, астатнія слупы або бяздзейнічаюць, або на іх звычайныя лямпачкі. Усяго на вуліцы прыблізна 14 ліхтароў, — кажа ён.

— Гэта здзек нейкі, — не хавае свайго гневу тутэйшая жыхарка, якая пажадала застацца невядомай. — І званілі, і пісалі — ніякай рэакцыі.

— Лямпачкі цьмяныя, нічога не відаць, — абураецца яшчэ адна жанчына. — У пачатку Валгаградскай абавязкова трэба ліхтар паставіць. А тое з лета катавасія цягнецца. Адзін слуп паставілі, і той нахілены. Унучка, сын прыходзяць дадому позна, вакол такая цемра, што забіцца можна.

— Жыву на вуліцы Валгаградскай, працую таксістам, са змены дамоў вяртаюся ў дзве гадзіны ночы. Едзеш, і дарогі не відаць, — абураецца яшчэ адзін жыхар Чапаеўкі Андрэй Барысавіч.

Валерый Навіцкі таксама падтрымлівае свайго суседа. Жыве ён на Адэскай і пакутуе ад той жа праблемы.

— На ўездзе на Валгаградскую хоць вока выкалі, і пры павароце на нашу вуліцу таксама цёмна, — скардзіцца ён. — Здаецца, і ліхтары ёсць, але толку ад іх ніякага. Было нармальна, а з лета невядома што з тымі ліхтарамі адбываецца. Камунальнікі робяць выгляд, што правялі работу, а на самой справе — ні сабе, ні людзям.

— Святлодыёдныя лямпачкі расійскай вытворчасці яркія, іх праз адну апору ставілі, і святла хапала, — кажа Віталь Гардзееў. — Але калі яны згарэлі, нам далі тое, што было ў падменным фондзе. Свяцільнік працуе, але не свеціць.

Лю­дзі скар­дзяц­ца, што ня­ма свят­ла,  а ім ад­каз­ва­юць, што ёсць.

Лыжка мёду

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што Віталь Гардзееў скардзіцца не заўсёды. Калі ёсць за што, можа і падзякаваць. Вось, напрыклад, пакуль мы ішлі па гэтай шматпакутнай Валгаградскай вуліцы, ён столькі кампліментаў нагаварыў дарожна-маставому прадпрыемству (ДМП), што я нават засумнявалася, а навошта тады ліхтары — калі дарога роўная, можна і навобмацак да дому дабрацца. Смяюся, канешне. ДМП сапраўды робіць сваю справу якасна, заўсёды прыемна паглядзець на работу прафесіяналаў.

— Раней на ўездзе на Валгаградскую лужыны былі такія, што не праехаць, — кажа старшыня мікразоны. — ДМП з дапамогай асфальтабетоннай крошкі «прыпадняла» дарогу — і цяпер ніякіх праблем. І за станам дарожнай сеткі сочыць: як толькі ямкі з'яўляюцца, грэйдарам пройдуцца — і ўсё нармальна. Малайцы! Сёлета давялі да ладу вуліцы Адэскую, Філатава і Томскую — апошняя да нашай мікразоны не адносіцца, але ж жыхары вельмі прасілі дапамагчы. Я звярнуўся на прадпрыемства, і там адразу ж адрэагавалі. Нават самі дамаўляліся з упраўленнем капітальнага будаўніцтва наконт асфальтавай крошкі. Абавязкова падзякуйце ад нас дырэктару Андрэю Клімаву, галоўнаму інжынеру Канстанціну Рыжову і супрацоўніцы Вользе Зінкевіч.

— Нельга казаць, што ўлады нічога не робяць. Яны і прыпынак каля дзявятага ліцэя зрабілі як трэба, хоць доўгі час навес знаходзіўся за 25 метраў да таго месца, дзе тармазілі тралейбусы. Цяпер ніякіх прэтэнзій. Але такога, каб заўваг зусім не было, напэўна, ніколі не будзе, — уздыхае Віталь Гардзееў і зноў ажыўляецца. — А ведаеце, яшчэ адна праблема ёсць. Нам трэба святлафор!

Пытанне, дарэчы, да пешаходнага перахода ў раёне ліцэя № 9.

— Там мая дачка аднойчы ледзь пад машыну не трапіла, — перажывае Віталь Фёдаравіч. — Траса ажыўленая, машыны нясуцца, і некаторыя нават хуткасць не збаўляюць. «Ляжачых паліцэйскіх» тут няма, а святлафор ужо некалькі месяцаў ставяць. І ўсё ніяк.

Насупраць крама, дзе гандлююць запчасткамі для аўтамабіляў. Прадавец Яўген старшыню мікразоны падтрымлівае.

— Зрабілі няякасна, — кажа ён пра пераход. — Калі дождж ідзе, яго моцна падтоплівае, стаяць лужыны. Тут павінна быць ліўнёўка, але яе проста не сталі рабіць. Спачатку паднялі асфальт, пачалі капаць, а там кабелі. Яны рукой махнулі і зноў закапалі — пакінулі ўсё  як ёсць.

Святлафор, напэўна, калі-небудзь з'явіцца, але людзям не падабаецца жыць у стане бясконцага чакання.

Каментарый у тэму

Аляксандр Пашкевіч, дырэктар магілёўскага гарадскога прадпрыемства «Гарсвятло»:

— Да 20 снежня мы абавязкова ўстановім свяцільню на апору па вуліцы Валгаградскай. Наогул, асвятленне на гэтай вуліцы зроблена ў адпаведнасці з праектам і існуючымі стандартамі. Сапраўды, першапачаткова былі ўстаноўлены святлодыёды, якія спажывалі шмат электраэнергіі. Узамен мы ставілі энергазберагальныя лямпы, якія прадугледжаны для дваровых тэрыторый і прыватнага сектара, дзе асветленасць павінна быць да 4 люкс, яны нарматыў забяспечваюць. Канешне, людзям падабалася, калі стаялі свяцільні большай магутнасці, але ж гэта дадатковыя выдаткі — звышнарматыў. Энергазберагальныя мы ставім па горадзе ўжо пяць гадоў, у краіне існуе праграма па энергазберажэнні, і гэтай праграмай прадугледжаны менавіта вось гэтыя свяцільні — ДБУ.
Я абавязкова яшчэ раз пабываю на вуліцы Валгаградскай, але, як сведчаць работнікі прадпрыемства, якія там былі, нарматыў па асветленасці выконваецца. Слупы ўстаноўлены згодна з праектам, гэтым займаліся электрасеткі. Мы ж толькі абслугоўваючая арганізацыя.

Дарэчы, Аляксандр Пашкевіч растлумачыў таксама, чаму свяцільні ёсць не на кожным слупе, а праз адзін.

— На так званыя пустыя слупы накінуты правады, якія забяспечваюць прыватныя дамы электрычнасцю. Іншымі словамі, асноўная лінія забяспечвае электраэнергіяй жылыя дамы. Таму апоры знаходзяцца на адлегласці 35-40 метраў адна ад адной. А нарматыў па нашых свяцільнях 100-120 метраў. Таму яны і вісяць праз апору.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Як на Валгаградскай лямпачкі мянялі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Адносіны Беларусі і Расіі — узор раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага міждзяржаўнага супрацоўніцтва

Адносіны Беларусі і Расіі — узор раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага міждзяржаўнага супрацоўніцтва

Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.

Грамадства

Чым багатыя беларускія нетры

Чым багатыя беларускія нетры

Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.

Памяць

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.