Вы тут

Галоўны музей краіны


Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, які займае ганаровае месца сярод такога роду вядучых устаноў свету, адзначыў сваё 80‑годдзе


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Нацыянальнага мастацкага музея з 80‑годдзем з дня заснавання ўстановы. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сёння музей, адпавядаючы высокім патрабаванням часу, годна выконвае сваю місію па захаванні і выкарыстанні фонду ўнікальных калекцый мастацтва, з’яўляецца скарбніцай духоўнай культуры краіны. «За апошнія гады вамі рэалізаваны шэраг цікавых маштабных праектаў, накіраваных на ўзбагачэнне нацыі, папулярызацыю на міжнародным узроўні гістарычных і сучасных каштоўнасцяў беларусаў», — гаворыцца ў віншаванні. Аляксандр Лукашэнка адрасаваў калектыву Музея словы падзякі за творчы пошук, імкненне ўзбагаціць жыццё праўдзівымі эмоцыямі, штодзённую плённую працу.

80 гадоў у маштабах ўстановы культуры — магчыма, невялікі тэрмін. У той жа час за гэты перыяд Нацыянальны мастацкі музей сваімі дасягненнямі, выдатным стаўленнем да выяўленчага мастацтва, сапраўды, змог заняць пачэснае месца сярод вядучых устаноў свету. Сёння НММ вядомы сваімі сумеснымі праектамі з такімі музеямі, як Траццякоўская галерэя, Эрмітаж, Дрэздэнская карцінная галерэя. Штогод у яго сценах праходзяць дзясяткі яскравых творчых акцый. Вядома, любы юбілей — гэта юбілей калектыву. А тут працуюць людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню мастацтву.

Віншаванне Прэзідэнта Беларусі на адрас калектыву Нацыянальнага мастацкага музея зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў. Генеральны дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў падзякаваў Кіраўніку дзяржавы за цёплыя словы: «Безумоўна, гэта аванс нам на будучыню. Мы актыўна развіваемся. Прычым не толькі музейная сфера, але і ў цэлым беларуская нацыянальная культура, за што мы ўдзячныя Кіраўніку дзяржавы. Тым больш што пад яго патранатам актыўна будуецца музейны квартал. Мы будзем годна працягваць традыцыі».

Пачалі святкаваць юбілей НММ 24 студзеня 2019 года. У гэты дзень была ўсталяваная мемарыяльная дошка на будынку па вуліцы Карла Маркса, 29, дзе першапачаткова былі размешчаны залы Дзяржаўнай карціннай галерэі. Гэтая падзея дазволіла ўвекавечыць значную вяху ў гісторыі мастацкага і культурнага жыцця Беларусі. Рашэнне аб стварэнні ў беларускай сталіцы карціннай галерэі, прынятае 24 студзеня 1939 года, зрабіла вялікі ўнёсак у фармаванне калекцый твораў жывапісу, скульптуры, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Храналогія збору ахоплівае амаль цэлае тысячагоддзе.

Так, Нацыянальнаму мастацкаму — 80! Да гэтага дня ён стаў адным з найбагацейшых на экспанаты музеяў Усходняй Еўропы. Яго збор налічвае больш за 30 тысяч экспанатаў, а сярэдні ўзрост супрацоўнікаў — 30 з невялікім. Хоць, як заўважае Уладзімір Пракапцоў, «сапраўдны музейны работнік захоўвае вернасць музею да канца». І пералічвае імёны тутэйшых патрыярхаў. Першага дырэктара Мікалая Міхалапа, з якога пачынаўся музейны збор. Другога — Алену Аладаву, якая пасля вайны вярнула сотні карцін і сабрала значную частку цяперашніх скарбаў. І трэцяга, Юрыя Карачуна, які стварыў пры музеі рэстаўрацыйныя майстэрні.

Новы будынак НММ па вуліцы Карла Маркса, які ў хуткім часе адкрыецца — гэта яшчэ адзін крок да стварэння музейнага квартала. Менавіта сюды перамесціцца арт-кафэ, дзе з’явіцца магчымасць прапаноўваць гасцям музея не толькі каву з пірожнымі, а і беларускую кухню. На іншых паверхах ужо былога студэнцкага інтэрната ўладкуюць сучасныя залы з клімат-кантролем для часовых выстаў, дзеля якіх больш не прыйдзецца ахвяраваць карцінамі з пастаяннай экспазіцыі. Менавіта тут плануюць праводзіць «ночы музеяў», на новым узроўні прымаць выставы з «Траццякоўкі» і іншых знакамітых музеяў.

Калекцыя рускага мастацтва пераедзе на першы паверх галоўнага музейнага будынка. А ўсю прыбудову да яго з часам плануецца аддаць працам сучасных беларускіх мастакоў. Наступным крокам павінна стаць стварэнне рэстаўрацыйнага цэнтра, бо рэстаўратарам НММ даўно цесна па іх цяперашнім адрасе.

Уласна, кожны экспанат у галоўным музеі краіны па-свойму ўнікальны. Але ёсць самае-самае. Скажам, выразаная з косткі пешка XІІ стагоддзя. Дэталёва прапрацаваная фігурка ваяра памерам усяго ў паўтара сантыметра, знойдзеная пры раскопках ля сцен Ваўкавыскага замка — самы мініяцюрны з музейных артэфактаў. А самы грандыёзны — гэта, вядома ж, «Габелен стагоддзя» Аляксандра Кішчанкі. Памерам прыкладна са сцяну пяціпавярховага дома (18 на 14 метраў). Захоўваецца гэты маштабны твор на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кішчанкі — у сховішчах НММ для яго немагчыма знайсці месца. Выставіць габелен у пастаяннай экспазіцыі музея — даўняя мара Уладзіміра Пракапцова («Упэўнены, ажыятаж быў бы не меншы, чым вакол «Моны Лізы» ў Луўры!»). Цяжка не пагадзіцца: габелен унікальны не толькі памерамі, але яшчэ і амбіцыйнай задумай аўтара адлюстраваць ўсіх адметных персон мінулага стагоддзя. Ды і тэхнічна ўжо ніхто такое не паўторыць — старадаўнія прыёмы губляюцца. Але паказаць шпалеру, занесеную ў Кнігу рэкордаў Гінэса, як самы вялікі габелен ў свеце, для музея — справа гонару.

За час драматычнай гісторыі ХХ стагоддзя ў Музеі з 1939 года змяняліся не толькі будынкі і назвы (тройчы!), кіраўнікі (усяго чатыры разы), але і аснова асноў — калекцыі. Сучасная — другая па ліку, сабраная за паўстагоддзя пасля страчанай у ваенныя гады: ад трох тысяч твораў у 1941 годзе — да трыццаці трох тысяч у пачатку ХХІ стагоддзя. Гэтыя творы аб’яднаны ў 21 калекцыю. Гістарычны будынак музея, задуманы ў 1949 годзе як Дзяржаўная карцінная галерэя ўсяго з дзесяццю заламі, з часам ператварыўся ў мастацкую скарбніцу нацыі.

Дарэчы, у 2006 годзе да будынку Нацыянальнага мастацкага быў прыбудаваны новы сучасны корпус, які пашырыў экспазіцыйныя прасторы музея ў некалькі разоў. Сёння ў ім (разам з трыма філіяламі — Музеем народнага мастацтва ў Раўбічах, музеем Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, Домам Ваньковічаў у Мінску) працуе каля трохсот чалавек — навуковых супрацоўнікаў, рэстаўратараў, наглядчыкаў, тэхнічнага персаналу.

Цяпер у дваццаці залах музея выстаўляецца толькі частка ўсіх калекцый, але недалёкі той час, калі плошчы яго зноў пашырацца. Музей дынамічна развіваецца і ў рэальнай і ў віртуальнай прасторы. Створаны электронны каталог калекцый, сайт Музея штодня абнаўляецца навінамі і штоквартальна — віртуальнымі выставамі, закупляюцца творы. Штогод праходзяць каля пяцідзесяці міжнародных і фондавых выстаў, выдаюцца паштоўкі, кнігі, альбомы па мастацтву. Кожны год Музей наведвае ў сярэднім дзвесце тысяч чалавек. І нездарма. Бо менавіта тут праходзіць найбольш поўная рэпрэзентацыя беларускай культуры.

Наперадзе ў Музея вялікія перспектывы. Гэта і стварэнне адзінага музейнага комплексу — своеасаблівага «музейнага квартала». Гэта і адкрыццё новых экспазіцый, змяненне і ўдасканаленне старых, распрацоўка новых музейных стратэгій у працы з наведнікамі. Тут упэўненыя, што ў часы глабалізацыі, новых тэмпаў і хуткаснай камп’ютарызацыі Музей павінен быць востравам духоўнасці, месцам, дзе сучасны чалавек можа і абмяняцца думкамі, і застацца сам-насам з нязменнымі вечнымі каштоўнасцямі. Перш за ўсё катэгарычны ў такім меркаванні Уладзімір Пракапцоў — мастак, мастацтвазнаўца, цяперашні дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, які пашырае межы ўстановы, прытрымліваецца высокага густу ў выставачнай дзейнасці і робіць Музей папулярным сярод наведнікаў. Вось яго адказы на пытанні, якія падалося да месца задаць.

— Цікава, ваш асабісты погляд на мастацтва адбіваецца на прыярытэтах установы, дзе вы з’яўляецеся дырэктарам?

— Мне лёгка тут працаваць, таму што я маю тры іпастасі. Дзякуючы мастацкай адукацыі магу на роўных размаўляць з любым мастаком. Да таго ж, я скончыў Інстытут мастацтвазнаўства ў Акадэміі навук і абараніў дысертацыю ў Маскве — у выніку і практычна, і тэарэтычна «падкаваны». Я атрымаў добрую школу як адміністратар — шэсць з паловай гадоў працаваў у апараце Савета Міністраў, дзе навучыўся не проста рыхтаваць урадавыя дакументы, а глядзець на ўсё глабальна.

Калі Міністр культуры Аляксандр Сасноўскі прапаноўваў стаць дырэктарам музея — мне тады было 44 гады — я тры разы адмаўляўся. Баяўся, што не спраўлюся, бо да таго часу ніколі не працаваў у музеі, нават раённым. А потым усё ж такі пайшоў: калі ў музеі з’явіліся самавылучэнцы і мне патэлефанавалі самі супрацоўнікі. У выніку сёння я магу з кожным мастаком падтрымаць прафесійную размову і валодаю адміністрацыйным рэсурсам. Не кожны член Саюза мастакоў можа ў нас выставіцца, тут не праходзяць папса і некаторыя нават «каранаваныя» персоны.

Так, мне лёгка працаваць дырэктарам музея, але я не мог бы, напрыклад, стаць рэктарам Акадэміі музыкі, таму што не ведаю нотнай граматы. Мяне ўвогуле здзіўляе, як некаторыя людзі бяруцца кіраваць чым заўгодна.

— Раскажыце, на што музей арыентуецца ў папаўненні фондаў і ў сваёй выставачнай дзейнасці?

— Ён заняў сваю нішу. Пры гэтым мы займаемся не толькі акадэмічнымі рэалістычнымі творамі: у якасці эксперыменту арганізуем «фармальныя» выставы, але з высокім густам і толькі адметных мастакоў. Музей дакладна прытрымліваецца свайго кірунку — я праводжу гэтую палітыку. Далёка не ўсе аўтары змогуць у нас выставіцца, бо сюды павінны трапляць самыя-самыя. Мы паступова мяняем прынцыпы выставачнай дзейнасці: мінімум персанальных экспазіцый, калі толькі знакавых, правераных часам майстроў, а ўсё астатняе будзе падпарадкоўвацца пэўным тэмам.

— Як сёння зрабіць музей больш папулярным?

— Варта да ўсяго падыходзіць крэатыўна. Мы ўжо не працуем як раней: павесілі карціны, селі і чакаем, хто прыйдзе. Сёння мы задзейнічаем рэкламу, ладзім цікавыя мерапрыемствы. Народ зноў пацягнуўся на лекцыі: шмат людзей прыходзіла паслухаць пра Айвазоўскага. У пашане — праграма для сем’яў. Мы не сядзім на месцы, і ў нас ёсць што прапанаваць для кожнай катэгорыі — для школьнікаў, студэнтаў, пажылых людзей. На парадку дня стварэнне безбар’ернага асяроддзя, каб да нас маглі прыйсці і глуханямыя, і тыя, у каго слабы зрок. Рыхтуецца абсталяванне для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў перамяшчэнні. Як бы ні развіваліся тэхналогіі, музей па-ранейшаму запатрабаваны. Хтосьці казаў, што тэлебачанне знішчыць тэатр. Але Тэатр оперы і балета, Купалаўскі і іншыя беларускія тэатры сёння перапоўненыя. У нармальных сем’ях бацькі хочуць, каб іх нашчадкі развіваліся гарманічна. Дзеля гэтага мы павінны прапаноўваць адпаведныя паслугі. Мы нават ладзім фотасесіі для маладых. Калі яны хочуць зрабіць фота на фоне карцін — чаму не, гэта ж прыгожа. Галоўнае, каб культурныя інстытуцыі ня пляліся за натоўпам, хай гэта гучыць і груба. Трэба натоўп перацягваць на свой бок, а для гэтага — ісці наперадзе. Для чаго ў 1957 годзе, калі людзі яшчэ жылі, умоўна кажучы, у бараках, адбудоўваўся музей? Для чаго мы за вялікія грошы набываем карціны? Бо ў музея вельмі адказная місія — павышаць узровень культуры. Цяпер музей працуе без выхадных. Паглядзіце, колькі ў нас людзей у суботу і нядзелю. Можа быць, усё развіваецца не так хутка, як хацелася б, але механізм актыўнага далучэння да мастацтва запушчаны.

— Бачна, што мастацтва вас захапляе. Але ж ці не шкадуеце, што не прысвяцілі сваё жыццё жывапісу — працы ў майстэрні з раніцы да вечара?

— Калі б я паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут, можа, і быў бы чыста мастаком. Але я прыйшоў у музей і з тых часоў пастаянна ў працэсе будоўлі. Вядома, на жывапіс мне фізічна не хапае часу. Гэта мая біяграфія: калі не я, то хто? Я не магу быць рахманым і сядзець як мыш пад венікам, кожны год у мяне з усімі міністрамі «дзелавыя стасункі». Таму не атрымліваецца пісаць столькі, колькі іншыя. Вось узяць майго калегу з Арменіі: раніцай ён у майстэрні, потым ідзе ў музей, падпісаў фінансавыя дакументы і зноў вяртаецца ў майстэрню… А ў мяне будоўля, нарады і іншае. Затое жывапіс дае магчымасць пераключацца і дазваляе трымаць форму.

— Якое сваё дасягненне вы лічыце самым важным?

— Я бачу плён сваёй працы, калі адкрываецца новая цікавая выстава. Развіваецца музейны квартал. У 2001 годзе я гартаў маленькі даведнік, у канцы якога было напісана, што Нацыянальны мастацкі музей месціцца ў пяці залах. Я сказаў: будзем рабіць музейны квартал, а мае супрацоўнікі палічылі мяне вар’ятам. Сёння ў тых пяці залах толькі рускае мастацтва. Думаю, мае папярэднікі — Мікалай Міхалап, Алена Аладава і Юрый Карачун — былі б задаволеныя маёй працай. Нейкі след я пакіну і ў першую чаргу як дырэктар галоўнага музея краіны.

Між тым, сёння жывапісныя творы Уладзіміра Пракапцова знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, у Нацыянальным мастацкім музеі Літвы, Нацыянальным мастацкім музеі Кітая, у карпаратыўных і прыватных калекцыях. А яшчэ Уладзімір Пракапцоў на працягу двух дзесяцігоддзяў спалучае творчую працу мастака і адміністрацыйную дзейнасць на пасадзе генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Так, ён жыве як бы ў двух іпастасях: і дырэктар галоўнага музея краіны, і мастак. Але, як высветлілася, адно другому не перашкаджае, а хутчэй дапаўняе. Уладзімір Пракапцоў адчувае сябе ў такой якасці вельмі камфортна.

— Зразумела, што вы не адразу марылі пра кар’еру дырэктара музея. Сёння, калі гэтая праца займае шмат часу, занятак жывапісам для вас што ў большай ступені: хобі, адпачынак для душы?..

— Гэта сур’ёзны занятак. Калі ты пазіцыянуеш сябе як мастак, выстаўляеш працы, то да гэтага трэба падыходзіць вельмі сур’ёзна. Я разумею ўсю меру адказнасці. Калі ты — дырэктар музея, пазіцыянуеш сябе яшчэ і мастаком, на цябе накіравана маса стрэл, перш за ўсё, ад калег-мастакоў. Чаму? Бо бывае раз ты імі кіруеш, і, вядома ж, на цябе будуць глядзець зусім з іншага боку. Гэта значыць, калі ты сябе заявіў мастаком, то павінен гуляць па правілах. Калі б гэта было маё хобі, то я б маляваў сабе ў задавальненне. Але гэта не хобі. Іншае пытанне, што ў мяне няма столькі часу. Я не магу пісаць з раніцы да вечара як вольны мастак. Я толькі вечарамі, начамі магу гэта рабіць. У выхадныя і святочныя дні працую. Жыццё паказвае, што зрабіць адну геніяльную карціну і ўвайсці з ёй у гісторыю як таленавіты мастак — вельмі складана. Трэба зрабіць шмат карцін. Гэта не значыць, што будзе сто карцін і ўсе яны знакавыя. Не. Будзе нейкая адна, дзве карціны, якія глядач прыме як добрую кнігу.

— Творчасць беларускіх мастакоў цікавая для замежнага гледача?

— Пра што гаворка... Беларуская школа, асабліва рэалістычная, старэйшага пакалення, вельмі высока каціруецца. Сёння ў Еўропе такога ўзроўню няма.

— Ці павінен музей фармаваць густ у наведнікаў?

— Абавязкова! Місія музея — навукова-адукацыйная або адукацыйна-педагагічная. Гэта, калі хочаце, адукацыйны цэнтр. Музей сёння набывае зусім іншую форму. Ён павінен быць актыўным, павінен выходзіць за сцены. Асабліва цяпер, у часы глабалізацыі. Калі ж чалавек заходзіць у музей, яму павінна быць тут цікава. Павінны быць лекцыі, экскурсіі.

— Не цураецеся выкарыстоўваць замежны досвед?

— Я калі прыязджаю ў іншую краіну, у музеі гляджу напачатку не на карціны, а на тое, як яны мацуюцца. Якое асвятленне. У першую чаргу, я гляджу вачыма гаспадарніка. Потым гляджу на карціны.

— За тыя дваццаць гадоў, што дырэктарствуеце ў музеі, вы пераканаліся, што глядач стаў больш падрыхтаваным, больш разборлівым?

— Вядома. Сёння ёсць інтэрнэт. І глядач можа віртуальна пахадзіць па Траццякоўцы. Ці чалавек сеў у самалёт — праз дзве гадзіны ён у Парыжы, і можа ўжывую «пагутарыць» з Монай Лізай. Сёння яго нічым не здзівіш. Глядач стаў гурманам, больш патрабавальным. І да гэтага трэба быць гатовым. Новае пакаленне мяняецца — гэта пытанне глабальнае. І дырэктар музея не можа сядзець спакойна. Я ўвесь час трымаю ў напрузе калектыў. Можа камусьці гэта не падабаецца. У 60‑я — 70‑я гады музей быў ціхай затокай. А сёння ён павінен зарабляць грошы. Павінен падтрымліваць імідж сваёй краіны, рабіць міжнародныя праекты. Чаго просіць і патрабуе наведнік? Давай яму выставу Марка Шагала, давай экспазіцыю з Траццякоўскай галерэі! Сёння супрацоўнікі павінны быць з веданнем замежных моў. Адным словам, трэба пашыраць фармат музея.

— Значыць, тэрмін «барацьба за гледача» не састарэлы, а па-ранейшаму актуальны?

— Наадварот, цяпер мы павінны змагацца за кожнага наведніка. Толькі цікавымі выставамі, змястоўнымі праграмамі мы зможам прыцягнуць гледача да сябе. Сёння музей у ідэале — гэта вялікая культурная індустрыя.

— Напэўна, складана кіраваць такім механізмам?

— Няпроста, гэта вялікая адказнасць. Бо музей — візітная картка краіны. Я кажу супрацоўнікам, што з часам нас усіх заменяць. Музей не павінен існаваць як дом састарэлых. Музей павінен энергічна працаваць. І таму, вядома, вялікая адказнасць непасрэдна на кіраўніку.

— Дырэктар музея — гэта больш менеджар або навуковец?

— Усё разам. Сёння я не ўяўляю, што дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея — не мастак, не мастацтвазнаўца, а толькі эканаміст-мэнэджар. Вы можаце сабе ўявіць на чале Эрмітажа эканаміста? Альбо на чале Траццякоўскай галерэі? Я — не. Так, у іх ёсць мэнэджары, але ўсё ж такі, на чале павінен быць спецыяліст. Мэнэджар можа быць кіраўніком агракамбіната. Вось калі б я пайшоў па сельскагаспадарчым шляху, стаў бы аграномам, потым мог бы ўзначаліць і агракамбінат. Але я пайшоў па іншым шляху. Сёння фігура дырэктара музея — універсальная: ён павінен быць і мэнэджарам, і эканамістам, і абавязкова мастацтвазнаўцам. Тым больш, музея такога маштабу як Нацыянальны!

Веніямін Міхееў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.