Вы тут

Яскравы космас Аляксандра Кішчанкі


Нацыянальны мастацкі музей заўсёды багаты на выставачныя прэм'еры. І гэта пры тым, што крытэрыі адбору аўтарскіх экспазіцый як нідзе строгія. Што ж, гэта і зразумела, бо галоўны музей краіны. Карацей, калі мастак тут выстаўляецца, то спаўна заслужыў такое права. Пры ўсім пры тым, нядаўняя выстава жывапісных твораў «Касмічны пілігрым» народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі нават і ў гэтым шэрагу выгадна вылучалася. Між іншым, на тое былі ўсе падставы.


Не будзе перабольшаннем сказаць, што Аляксандр Кішчанка — мастак-інтэлектуал еўрапейскага ўзроўню. Сёння яго творы шырока вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. У свой час ён зрабіў сапраўдны прарыў у сферы выяўленчай культуры. Прыродны талент і сапраўды касмічнае мысленне Аляксандр Кішчанка рэалізаваў менавіта ў Беларусі, на сваёй другой радзіме, дзе пражыў большую частку жыцця. Мастак быў ля вытокаў фармавання школы манументальнага мастацтва, больш за тое, стаў адным з заснавальнікаў школы нацыянальнага сучаснага габелена. Яго філасофскі эпас — знакаміты «Габелен стагоддзя» — у 1999 годзе быў занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

Не меней красамоўна раскрылася здольнасць Аляксандра Кішчанкі і як жывапісца, што бліскуча валодаў усімі законамі малюнка і кампазіцыі, гульнёй колеру. Менавіта гэтыя грані багатай творчай палітры мастака знайшлі сваю праяву ў працах, якія дэманстраваліся на выставе «Касмічны пілігрым».

Па сутнасці ў экспазіцыі была прадстаўлена жанравая і тэматычная паліфанія жывапіснай творчасці Аляксандра Кішчанкі апошніх дваццаці гадоў жыцця майстра. Гэта былі працы як са збору Нацыянальнага мастацкага музея, так і з сям’і мастака, а таксама з прыватных калекцый. Тут і партрэты, і нацюрморты, і шматфігурныя кампазіцыі... Карціны, у якіх закранаецца сацыяльная праблематыка, раскрываюцца тэмы суіснавання Чалавека і Сусвету, пераасэнсоўваюцца біблейскія і міфалагічныя матывы.

Між тым, арганізатары выставы ўключылі ў яе як вядомыя хрэстаматыйныя палотны майстра, так і тыя творы, якія ніколі раней не дэманстраваліся перад шырокай публікай. Сярод такіх, напрыклад, карціна «Вайна светаў» — апошняя пры жыцці праца майстра.

Мастацтвазнаўцы сцвярджаюць, што ўжо ў канцы 1970‑х гадоў канчаткова сфармавалася яго ўласная пластычная сістэма «касмічнай» пабудовы жывапіснай прасторы, якую сам мастак называў няйначай як «сусветным рэалізмам», заснаваным на ўзаемадзеянні двух пачаткаў: сімволікі, уласцівай прыёмам манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, і рэалістычнай пераканаўчасці жывапіснага твора.

У карцінах Аляксандр Кішчанка выступае сапраўдным рэжысёрам уласнага сусветнага спектакля на планетарнай сцэне, дзе на роўных «гуляюць» свае ролі і людзі, і персанажы, і прадметы, і сродкі выразнасці. Майстру ўдалося дасягнуць той мастацкай формы, у якой ідэальна ўвасобілася яго асноўная думка: штодзённасць можа стаць сапраўднай стартавай пляцоўкай творчага космасу. Маштаб мыслення дазваляў мастаку востра адчуваць актуальныя праблемы эпохі і ўвасабляць ідэі уласцівай толькі яму філасофскай пластычнай мовай.

— Аляксандр Кішчанка належыць да той катэгорыі творчых асоб, якія апярэджвалі час на шмат дзесяцігоддзяў. Думаецца, што многія знаходкі мастака і сёння яшчэ па-сапраўднаму не асэнсаваны. Гэта тое імя, якім беларусы могуць і павінны ганарыцца. Ягоная творчасць захапляе, бударажыць свядомасць. Яна падштурхоўвае да роздуму і нараджае ў душы найбагацейшую эмацыйную палітру, — лічыць Ніна Кухарэнка. Удава народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі з’яўляецца захавальніцай найбагацейшай творчай спадчыны гэтага знакамітага жывапісца, унікальнага майстра габеленаў, адзін з якіх вісіць у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.

Ніна Кухарэнка ўзяла на сябе гэтую місію добраахвотна. Уласна, інакш і быць не магло. Бо ёй не толькі дарагая памяць пра самага блізкага чалавека. Яна ганарыцца ўсім, што зрабіў Аляксандр Кішчанка і жадае, каб яго творчая спадчына дайшла сваёй сутнасцю да нашчадкаў, якімі мастак лічыў усіх людзей планеты.

Пры жыцці народны мастак Беларусі, увасабляючы свае самыя грандыёзныя задумы, марыў узрушыць, ашаламіць свет. Так, ён рэалізаваў свой талент у розных жанрах: ад станковага жывапісу да манументальных мазаічных кампазіцый і ўнікальных габеленаў. Але засталіся ў творчай спадчыне майстра пакуль яшчэ не вядомыя шырокаму чытачу апавяданні, вершы. «Творца павінен пісаць час, чэрпаючы пэндзлем блакіт нябёсаў і пылок кветак, гледзячы ў блакітныя вочы азёр…» — гэта ягоныя радкі.

Ніна Кухарэнка кажа, што складанне чатырохрадкоўяў было для Аляксандра Кішчанкі як бы прадмовай да кожнага новага твора выяўленчага мастацтва, яго «фірмовым стылем», калі заўгодна. Слова, прадыктаванае натхненнем, дапамагала наладзіцца на ўвасабленне задумы ў колеры.

— Дарэчы, Аляксандру Кішчанку, двойчы лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1980‑га і 1996‑га гадоў), узнагароджанаму ордэнам Францыска Скарыны, прысвечаны дакументальныя фільмы беларускіх і польскіх кінематаграфістаў, — распавядае Ніна Кухарэнка. — У адным з іх паказаны працэс ручнога ткацтва яго «Габелена стагоддзя» на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Характэрна, што адмыслова для стварэння гэтага вялізнага дывана-карціны аўтар сам прыдумаў канструкцыю гіганцкага ткацкага станка ў форме куба.

«Габелен века» — трохсоткілаграмовае палатно вышынёй у шасціпавярховы дом — як твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва не мае сабе роўных у свеце па майстэрству выканання і маштабнасці ўвасаблення задумы ў матэрыяле. Яго ткалі амаль шэсць гадоў. Гэтай працай Аляксандр Кішчанка нібы падводзіў вынік свайго творчага жыцця і… цэлага стагоддзя. «Можа быць, «Габелен века» — мая лебядзіная песня», — гэтыя прарочыя словы ён вымавіў у 1995 годзе на прэзентацыі «карціны». Пасля смерці мастака грандыёзнае палатно было ўдастоена толькі двух грамадскіх паказаў — абодва разы ў Мінску. Хоць яно занесена ў міжнародную Кнігу рэкордаў Гінэса і, несумненна, вартае таго, каб яго ўбачыў свет. А паглядзець ёсць на што.

Ніна Кухарэнка з хваляваннем успамінае пра адкрыццё ў мінскім павільёне БелЭКСПА ў 1998 годзе выставы, прымеркаванай да гадавіны з дня смерці мужа:

— Дэманстрацыя «Габелена стагоддзя» ператварылася ва ўрачыстае, захапляючае дзейства: гучалі хоры, гарэлі свечкі, а габелен з рулона павольна разгортваўся і ўздымаўся ўверх. Паступова адкрываліся яго фрагменты: велічны вобраз Ісуса Хрыста, Мадонна з дзіцем, Палы анёл Антыхрыст, які сімвалізуе, як казаў сам Кішчанка, усіх нас, няверуючых… Перад позіркам гледачоў паўсталі больш за 70 вядомых палітычных, творчых, рэлігійных дзеячаў, якія вызначалі аблічча XX стагоддзя, прыдуманыя аўтарам алегарычныя героі: жанчына Сусвету, мужчына Сусвету…

Ніна Кухарэнка, з’яўляючыся сама прафесійным мастаком, дапамагала мужу ствараць «Габелен века» на «тэхнічным» этапе, пры падрыхтоўцы эскізаў на кардоне, па якіх і працавалі пасля барысаўскія майстрыхі. А сёння яна з вялікай занепакоеннасцю перажывае за лёс гэтага, па яе перакананню, сусветнага шэдэўра.

Так, у свой час Ніна Кухарэнка была музай Аляксандра Кішчанкі, вобраз якой ён маляваў з карціны ў карціну. Яна была яго вучаніцай, памочніцай. Ніна была сябрам і жонкай, гэта значыць той велізарнай рэзаніруючай прасторай, у якой лепш за ўсё гучала высокая творчая струна вялікага мастака. Сёння яна — захавальніца ўсёй яго вялізнай спадчыны і маці ягонага сына Максіма.

— Вы сёння з’яўляецеся захавальніцай спадчыны народнага мастака Аляксандра Кішчанкі. Ганаровая, але клапотная місія. Як вы спраўляецеся?

— Місія гэтая, сапраўды, клапотная. Але вельмі важная. Так, на мае плечы лёг вялікі груз адказнасці. Скажу, што аднаму чалавеку гэта падняць складана. Вядома, я звяртаюся і ў Міністэрства культуры і ў музеі, імкнуся неяк усё захаваць і зберагчы, выставы зрабіць. Аляксандр Кішчанка быў мастак вельмі пладавіты, пакінуў каля чатырохсот карцін толькі ў майстэрні. Гэта не кажучы пра габелены. Пра той жа Габелен стагоддзя, які прыйшлося захоўваць са статусам гістарычна-культурнай спадчыны таксама непасрэдна ў майстэрні. У мяне бывае шмат наведнікаў. Некаторыя нават просяцца прыйсці пасядзець, гарбаты папіць. Сыходзіш дадому з добрым настроем. Любая праца Аляксандра Кішчанкі нясе вельмі станоўчую энергетыку. Ён быў жыццялюб і захапляўся многімі рэчамі з любоўю. Да мяне вельмі часта звяртаюцца за матэрыялам пра мастака. Нядаўна знялі фільм пра яго. Ягоную творчасць вывучаюць у падручніку па гісторыі Беларусі ў раздзеле культура, дзе распавядаецца пра ягоныя «Габелен стагоддзя» і «Габелен аб Чарнобылі», які вісіць у штаб-кватэры ААН. Пасля смерці Аляксандра Кішчанкі я вельмі актыўна рабіла выставы. Цяпер шмат хто разважае: скончыў ВНУ — і ты ўжо мастак. А ён жа толькі калі сыходзіў з жыцця, казаў мне, што зразумеў, як і дзе правільна пакласці мазок. Крочыў ён да гэтага доўгія гады.

— На многіх работах Аляксандра Кішчанкі сустракаецца ваш вобраз?..

— Я ўвесь час была з ім побач. Ён шукаў славянскі выгляд і яго пазнаёмілі са мной. Першы партрэт быў зусім невялікім, але яго купіла Масква. Ён шмат пісаў мяне, таму што кахаў. Калі нарадзіўся сын, ён нас разам пісаў. Казаў: трэба пісаць тое, што любіш і разумееш. Ён любіў пісаць і прыроду, і нацюрморты. Часам я яму задавала пытанне: «Вось ты мяне пішаш, пішаш, яшчэ не стаміўся ад майго выгляду?» А ён мне: «Я проста добра ведаю цябе, і калі мне трэба шукаць сябе ў нейкай новай сітуацыі, я проста бяру твой вобраз, які мне зразумелы, каб хутка на палатне знайсці сваю ідэю».

— Максім пераняў ад бацькоў творчую жылку ці ў яго іншыя інтарэсы?

— Ён пераняў многае ад свайго бацькі. Наогул Максім — аптыміст. Калі я ад нечага хвалююся, то ў Максіма гэтага няма. Я не хацела, каб ён ішоў у гэтую сферу. Таму што ў яе павінны ісці толькі таленавітыя людзі. Вось нейкі мастак падрыхтаваў свайго сына ці дачку, і яны паступілі ў інстытут. А потым часцей за ўсё бывае, што чалавек не знаходзіць сябе ў прафесіі ці ён проста дрэнны мастак. Максім без творчасці не мог жыць. І ва ўзросце васьмі-дзевяці гадоў стаў пісаць маленькія запісачкі пра сум, пра сонца… І пасля ён ужо не мог жыць без радкоў. Да яго самі прыходзяць вершаваныя вобразы. Ён не атрымаў прафесійную падрыхтоўку, але мысленне ў яго вобразнае, неардынарнае. Гэта і ёсць элемент таленту, які, мяркую, перадаўся сыну ў спадчыну.

Веніямін Міхееў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.