Вы тут

Жыццё цудоўнае!


Імправізацыя ў яркім святле оперных зорак


Сусветны дзень оперы, ініцыяваны міжнароднай Асацыяцыяй музычных тэатраў Opera Europa, у якую ўваходзяць больш за 200 оперных дамоў з 43 краін, адзначылі ў Мінску ў Вялікім тэатры Беларусі самай чаканай культурнай падзеяй года: канцэртам сусветных оперных зорак — Ганны Нятрэбкі, народнай артысткі Расіі, Юсіфа Эйвазава, народнага артыста Азербайджана, а таксама спецыяльнага госця канцэрта — Лукі Сальсі, італьянскага опернага спевака.

Ганна Нятрэбка — гэта заўсёды магія таленту

Гэты канцэрт, якога з 27 сакавіка сёлета ў Мінску так чакалі, калі была падпісана дамова, — унікальная магчымасць у чарговы раз адчуць ва ўсёй паўнаце: жыццё цудоўнае. Яно — цуд яшчэ і таму, што мы, паглыбляючыся ў вытанчаны свет оперы, здольныя захапляцца і перажываць узнёслыя пачуцці. Як там, у вялікага Пушкіна, гучыць? «Порой опять гармонией упьюсь, над вымыслом слезами обольюсь…»

«Над вымыслом слезами обольюсь…»

Так яно і было ў дзівоснай плыні канцэрта. Забягаючы наперад, скажу: асабліва мяне ўразіў тэрцэт з оперы «Трубадур» Джузэпэ Вердзі, калі завяршалася першае аддзяленне канцэрта. Выкананне Ганны Нятрэбкі, Юсіфа Эйвазава і Лукі Сальсі было напоўнена такімі яркімі і гарачымі пачуццямі, што, не ведаючы падрабязнага апісання гэтай сцэны, адчула і велізарнае хваляванне, і глыбокае суперажыванне, і ўдзячнасць усім тым, хто спрычыніўся да арганізацыі канцэрта. Як гаворыцца: да камяка ў горле, да пачашчанага дыхання і мімавольных слёз…

Прызнаюся, ужывую ні Нятрэбку, ні Эйвазава, ні Сальсі раней слухаць не даводзілася: толькі ў канцэртных запісах у інтэрнэце. І кожны раз на гала-канцэртах у Вялікім тэатры мільгала думка: вось бы сюды, на нашу сцэну і Ганну Нятрэбку. Бо ўжо даўно тут радуе нас усталяваная традыцыя запрашаць сусветных зорак для ўдзелу ў оперных спектаклях, а таксама з сольнымі канцэртамі. На гэтай думцы я засяродзілася, калі слухала сольны канцэрт Вольгі Перацяцькі. Летась у снежні яна спявала падчас IХ Міжнароднага опернага форуму.

Не прайшоў і год, як думка ўвасобілася. Вядома ж, далёка не толькі мая. Можна сказаць і так: гэта была калектыўная думка прыхільнікаў Нятрэбкі і Эйвазава, ініцыяваная прадзюсарскай кампаніяй Berin Iglesias Art. Дарэчы, гэта ўжо не першы прыезд у Мінск зорнай пары. У лютым 2018‑га яны, як паведамлялі СМІ, з велізарным поспехам выступілі ў мінскім Палацы Рэспублікі ў час адкрыцця V Міжнароднага фестывалю «Уладзімір Співакоў запрашае…». А ўжо ў чэрвені Ганну Нятрэбку пачулі 20 тысяч гасцей стадыёна «Дынама», а таксама тэлегледачы амаль 200 краін свету на цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Адну песню Ганна Нятрэбка выканала тады сольна пад акампанемент Ігара Крутога, а другую — у дуэце з мужам Юсіфам Эйвазавым.

— У мяне канцэрты Ганны Нятрэбкі і Юсіфа Эйвазава заўсёды выклікаюць асаблівае трапятанне. Мільённая армія прыхільнікаў ва ўсім свеце лічыць дні да магчымасці ўбачыць на адной сцэне двух найвялікшых оперных выканаўцаў нашага часу. І мне неверагодна прыемна ўсведамляць дачыненне да гэтай падзеі, якая мае ўсе падставы стаць знамянальнай вяхой у гісторыі опернай музыкі, — кажа Максім Берын, кіраўнік канцэртнага холдынгу Berin Iglesias Art, эксклюзіўнага прадстаўніка Ганны Нятрэбкі і Юсіфа Эйвазава. — Асаблівы гонар выклікае той факт, што канцэрт праходзіць на маёй Радзіме, на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Акрамя таго, што тут сабралася самая элітарная публіка, знаўцы высокага мастацтва, мы таксама з вялікім задавальненнем запрасілі на канцэрт студэнтаў музычных навучальных устаноў Мінска. Сярод запрошаных — лаўрэаты музычных конкурсаў, медалісты, уладальнікі дыпломаў і ганаровых узнагарод.

Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў на сцэне Вялікага тэатра Беларусі

А публіка і сапраўды была элітарная. У зале можна было ўбачыць Сяргея Сідорскага з жонкай, былога Прэм’ер-міністра, а таксама Андрэя Кабякова, таксама былога Прэм’ер-міністра. І былога Міністра аховы здароўя Валерыя Малашку: ён цяпер намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Бачылі мы і экс-Амбасадара ў Кітаі Анатоля Тозіка. Цяпер ён узначальвае Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Назіралі, як цяперашні Міністр культуры Юрый Бондар, размаўляючы з мастацкім кіраўніком Вялікага тэатра Валянцінам Елізар’евым, паводзіў сябе як чалавек з вельмі добрым настроем. І бачнай была таксама, дзякуючы асобным рэплікам, яго задаволенасць тым, што сусветныя зоркі такога ўзроўню — на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.

Стаўленне публікі да падзеі ў культурным жыцці краіны выяўлялася і ў старанна прадуманых туалетах — дамы ў аблоках парфумы быццам плылі па фае тэатра, убраныя ў вячэрнія і кактэйльныя сукенкі, мужчыны — у строгія касцюмы. Але пераважным, вядома, быў модны ў наш час стыль casual, які лепш за іншыя падыходзіць тым, хто спяшаецца ў тэатр пасля працы.

Калі мы падымаліся з гардэроба ў фае, здалёк убачылі генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Уладзіміра Грыдзюшку побач з вобразам опернай дзівы Ганны Нятрэбкі (5 лістапада калектыву тэатра быў прадстаўлены новы гендырэктар Аляксандр Пятровіч — Рэд.). Толькі на імгненне мільганула думка: няўжо Нятрэбка ў фае? Але тут жа, смеючыся, я ад яе адмахнулася: быць такога не можа перад пачаткам канцэрта! Ды і наогул… Аказалася, непадалёк ад уваходаў у партэр з аднаго боку была зладжана фотазона з яе выявай, а з другога — Юсіфа Эйвазава. І народ, заўважу, фатаграфаваўся досыць актыўна! Толькі незадоўга да трэцяга званка ахвочых зняцца са знакамітасцямі стала менш. Усім раздаваліся буклеты з выявай зорнай пары на вокладцы. А, пагартаўшы яго, можна было азнаёміцца ​​і з праграмай канцэрта, з яго удзельнікамі, арганізатарам — паважанай кампаніяй Berin Iglesias Art, а таксама з Вялікім тэатрам Беларусі. Нагадаю чытачам, што ён удастоены памятнай медалі ЮНЭСКА «Пяць кантынентаў» за выбітны ўнёсак у папулярызацыю харэаграфічнага і опернага мастацтва ва ўсім свеце і з нагоды 60‑годдзя сяброўства Беларусі ў ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры.

Канцэрт у буднія дні, як звычайна, пачынаўся ў 19.00. Але ўжо раней чым за гадзіну да пачатку ўсе парковачныя месцы ў двары Вялікага былі занятыя. А перад галоўным уваходам заслалі чырвоную дарожку. І я таксама па ёй прайшлася — з прыемным адчуваннем сваёй далучанасці да эксклюзіўнага канцэрта сусветных зорак.

Такім чынам, пачатак. На імгненне, пакуль з‑за кулісаў доўгачаканыя артысты не выйшлі, зала замерла. І вось яны, сказала б, гэтыя мегазоркі, сустрэліся з беларускай публікай! Ганна Нятрэбка — у раскошнай бардовай сукенцы, Юсіф Эйвазаў — у элегантным чорным канцэртным убранні з чорнай бабачкай, якая цудоўна глядзелася на фоне асляпляльна белай кашулі. Шквал апладысментаў, а потым прыхаванае чаканне: ці апраўдаеце наш глядацкі давер, ці падорыце нам пачуццё захаплення, калі, здаецца, што душа лунае?..

Бывай, Мінск! Справа ад Юсіфа Эйвазава і Ганны Нятрэбкі — італьянскі барытон Лука Сальсі.

І апраўдалі, і падаравалі! Спявалі пачуццёва, горача, бударажачы эмоцыі ды ўяўленні, выклікаючы асацыяцыі. Канцэрт, падчас якога Ганна Нятрэбка выходзіла на сцэну і ў іншых строях — белай бальнай сукенцы, а таксама ў струменістай чорна-белай, якая прыгожа аблягала постаць, доўжыўся ў інтэр’еры белых антычных калон, упрыгожаных кветкамі. А на вялікім экране, на задніку сцэны, з дапамогай відэашэрага ажывалі дэкарацыі да опер, партыі з якіх выконваліся артыстамі. І ў пары адзін з адным, і ў пары з Лукой Сальсі, і, саліруючы, Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў спявалі выдатна. Паўтаруся: і ў тэрцэце яны асабіста мяне ўразілі, як і барытон Лукі Сальсі. Гучалі арыі з опер «Атэла», «Дон Карлас», «Макбет», «Сіла лёсу», «Рыгалета», «Трубадур», «Сельскі гонар», «Вясёлая ўдава», «Тоска», «Андрэ Шэнье»…

Як кажуць, у той вечар, напэўна, і зоркі на небе сышліся. Сімфанічны аркестр тэатра, якім дырыжыраваў заслужаны артыст Азербайджана Фуад Ібрагімаў, што называецца, быў на вышыні: яго гучанне было такім мяккім і гарманічным, што, здавалася, ці то выканаўцы спяваюць ва ўнісон з аркестрам, ці то сам аркестр — ва ўнісон з імі. Што і казаць, культура выканання аркестра нашага Вялікага — найвышэйшая. Дарэчы, сёння ён налічвае больш за 150 высокакласных музыкаў, якія атрымлівалі адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Ну, а беларуская публіка — гэта тэма асобная: настолькі яна выхаваная, далікатная і ўдзячная. Не раз назірала, пра што і не раз пісала: скажам, нешта не задавальняе нашых гледачоў — апладысменты ўсё роўна будуць ветлівыя, тыя, што з павагай да працы артыстаў. І ніхто не паднімецца, і не сыдзе раней часу. Такія талерантныя беларусы. А ўжо калі прымаюць, то і крыкі «брава» будуць, і авацыі, і працяглыя апладысменты. Дарэчы, і Ганна Нятрэбка з Юсіфам Эйвазавым летась назвалі мінскую публіку выдатнай. Сваімі эмоцыямі яны дзяліліся ў відэазвароце, і апублікавалі, як паведамляла БелТА, пасля канцэрта-адкрыцця V Міжнароднага фестывалю «Уладзімір Співакоў запрашае…».

Ганну Нятрэбку і Юсіфа Эйвазава і на гэты раз Мінск прыняў з любоўю і ўласцівай нашай публіцы, паўтаруся, ветлівасцю і ўдзячнасцю. А інакш і быць не магло. Бо поспех у яе не купіш ні піярам, ні прамоўшэнамі. Увогуле, быў і аншлаг, і авацыі практычна пасля кожнага нумара, у тым ліку і пасля аркестравых фрагментаў. Вядома ж, і кветкі ў фінале, і крыкі «брава». І нежаданне гледачоў расставацца з зоркамі, якія на развітанне выканалі «Застольную песню» з «Травіяты». Дарэчы, падчас канцэрта заўважыла, як Ганна Нятрэбка на імгненне затрымалася ля правай кулісы: на сцэне спяваў Юсіф. Не ведаю, чаму, але мне падалося, што Ганна хвалюецца за яго. Чамусьці злёгку хвалявалася і я, але сваё хваляванне спісала на кошт адсутнасці глядацкіх «брава» пасля дуэта пары з оперы «Атэла». Гэта быў якраз пачатак канцэрта: глядач, падобна, прыглядаўся, не спяшаўся выяўляць эмоцыі. Як жа гэта ў духу беларусаў — прыгледзецца! А мне вельмі хацелася, каб старт Нятрэбкі і Эйвазава сарваў авацыі. Што пасля і адбылося, калі Нятрэбка праспявала арыю Лізаветы з «Дона Карласа», а Эйвазаў — арыю і кабалету Герцага з оперы «Рыгалета». Потым арыя Каварадосі з «Тоскі», выкананая Юсіфам Эйвазавым пранікнёна, пранізліва, страсна, выклікала такі шквал апладысментаў, што пра стрыманасць у характарах беларусаў можна было забыць. І Юсіф заваяваў публіку! Зрэшты, і фінал канцэрта тое пацвердзіў.

Ганна + Юсіф

Так склаўся іх графік, што з беларускімі журналістамі знакамітыя госці сустрэцца не змаглі: адразу ж пасля канцэрта, не затрымліваючыся ў Мінску, з’ехалі. І дзе яны сёння, можна адсачыць у Інстаграме, там Ганна Нятрэбка выкладвае фота. Нядаўнія здымкі былі з Барселоны. Праўда, як яна сказала ў адной з тэлеперадач, робіць гэта без якіх-небудзь каментараў. Бо ёсць пэўная мяжа адкрытасці асабістай тэрыторыі, што цалкам зразумела.

Графік выступленняў артыстаў распісаны да 2022 года. А гэта пяць спектакляў у месяц, пару дзён перапынку, а паміж імі ад 2 да 4 канцэртаў. На прасторах СНД яны бываюць, як і ў Маскве, даволі рэдка. Праўда, 9 лістапада няпланава, перапыніўшы свае выступленні, Нятрэбка прылятала на канцэрт, які прайшоў у Вялікім тэатры Расіі ў гонар 90‑годдзя Аляксандры Пахмутавай.

Нагадаю чытачам: і Ганна, і Юсіф — людзі публічныя, ахвотна ідуць на кантакты з прэсай. Даюць інтэрв’ю і ўдзельнічаюць у тэлеперадачах. Журналісты пра яркую оперную пару пішуць шмат, і тэлебачанне іх актыўна здымае. Так было і ў перыяд II Еўрапейскіх гульняў у Мінску, калі беларусы змаглі пазнаёміцца ​​з Ганнай і Юсіфам: прайшла перадача і на АНТ якраз у дзень адкрыцця міжнароднага спартыўнага форуму. Давалі яны інтэрв’ю вядучым інфармацыйным агенцтвам і выданням. Не злічыць і таленавітых тэлеперадач, ток-шоу на расійскім тэлебачанні. Гэта і «Вячэрні Ургант», і «Сёння вечарам», і «2 Верник 2», і «Саці. Нянудная класіка», і тэлечасопіс «Аднойчы»… Многія з іх я паглядзела ў запісах у інтэрнэце. У выніку склаліся абліччы герояў маёй публікацыі, назаву іх віртуальнымі гасцямі нашага часопіса. З імі і пазнаёмлю — у надзеі, што ў наступны прыезд артыстаў у Беларусь мы парадуем чытачоў эксклюзіўным з імі інтэрв’ю.

Адразу скажу: я з ліку тых, каму гэтая зорная пара падабаецца. І безумоўна прымаецца. Мне прыемна гаварыць пра іх высокім стылем. Бо абодва — і Ганна, і Юсіф — выключныя. І як прафесіяналы, і як творчыя асобы. Яны экспрэсіўныя, шчырыя і адкрытыя. Іх галасы — дзівосныя. На сцэне абодва — нібы жыхары нябёсаў, якія прыбылі на Зямлю з мэтай несці прыгажосць, абуджаць у нашых сэрцах лепшыя пачуцці, пра якія ў паскораным рытме будняў мы часта забываем. Ім пляскаюць у далоні лепшыя тэатры свету — «Метраполітэн-опера», «Ла Скала», Венская дзяржаўная опера, Парыжская опера, Лонданскі Каралеўскі оперны тэатр Ковент-Гардэн… І вось яны тут. У Беларусі! Абодва на сцэне такія, што здаецца — ім так лёгка спяваецца! Разумею — гэта вялікая ілюзія. Але ў той момант, калі слухаеш іх, атрымліваючы асалоду, пра тое не думаеш.

Партыяй Наташы Растовай у оперы «Вайна і мір» Ганна Нятрэбка пакарыла «Метраполітэн-Опера» (2002 г.)

Абодва на сцэне — прыгожыя й той прыгажосцю, якую дадае чалавеку любоў, узаемнае прыманне адзін аднаго. Ёсць у тым акрамя прафесіяналізму асаблівая магія. Мне імпануюць іх меркаванні пра жыццё і яго каштоўнасці, іх стаўленне да сына Цьягі, бацькоў, іх аптымізм і пазітыўнасць. І тое, што абодва не любяць змрочных колераў і «каламутных», як выказалася Ганна, людзей. І ўмеюць захапляцца адзін адным, успрымаючы жыццё — як падарунак, і атрымліваць ад яго асалоду. Мне таксама імпануе, што ў наш час, калі індывідуалізм не знікае, а ўсё больш умацоўваецца, Ганна пяшчотна прывязаная да сяброў. Дастаткова паглядзець хаця б адну тэлеперадачу мінулых гадоў — і зразумееш, наколькі шырока для іх адкрыты дзверы дома артыстаў у Нью-Ёрку. Муж і жонка не «закукліліся», не застылі ў сваёй славе. Хоць і зразумела, што пры такой загружанасці рэдка ім атрымоўваецца пабыць сам-насам. А часам «схавацца» так неабходна! Але іх жыццё — навідавоку. І распавядаюць пра яго ў сілу сваёй культуры, характараў, выхавання, па-мойму, шчодра. Яны не хаваюць нават свой побыт. І дзверы кухні-сталовай Нятрэбкі з Эйвазавым адчыненыя. І мы даведаемся, што Ганна любіць гатаваць, эксперыментуючы з ежай: спалучаць розныя смакі — салодкія, салёныя, кіслыя і вострыя. І зусім не камплексуе, калі муж у адной з тэлеперадач, злёгку перабольшваючы, расказвае, як яна, калі гатуе курку, можа дадаць да яе авакада, маліну, бульбу, а мяса — намазаць вішнёвым варэннем. А Ганна каментуе без крыўдаў: Юсіф не вельмі любіць яе кухню і каронную страву — свініну, замарынаваную ў каштанавым мёдзе. І, дарэчы, не баіцца прызнавацца, што ў свеце нічога няма смачней смажанай бульбы, чорнага хлеба з маслам. І я добра яе разумею, бо гэтая выдатная ежа родам і з майго ўкраінскага дзяцінства. І ў сувязі з тым прызнаюся: да чаго ж прыемны момант пазнавання нейкіх агульных прыхільнасцяў у нас, людзей: густаў, звычак, як і якога-небудзь далёкага сваяцтва. І мае продкі былі казакамі. А першыя оперные спевы пачула па радыё. Памятаю песню Аляксандра Аляб’ева «Салавей», якую выконвала мая зямлячка Яўгенія Мірашнічэнка: так мяне ўразіў яе голас! А пазней я даведалася, што нарадзілася спявачка ў сяле Графскім, што непадалёк ад нашага Ваўчанску Харкаўскай вобласці. Як і тое, што ў тым горадзе майго нараджэння ў сярэдзіне 17 стагоддзя з’яўляюцца паселішчы казакоў. Туды яны прыйшлі з украінскага Наддняпроўя. І заснавалі некалькі слабодак на правым беразе ракі Северскі Данец. Адна з іх — Салтаў. 1674 годам датаваны першыя звесткі пра казачую слабаду на Ваўчыных Водах, цяперашнім Ваўчанску. Хто ведае: можа ў тым далёкім мінулым там былі і казакі данскія? І сапраўды, усе людзі — браты. Толькі, на жаль, нялёгка ў сілу шматлікіх прычын прызнаваць гэта ў жыцці.

Таму мне чужыя ўсе пустыя «размышлизмы» пра Ганну і Юсіфа, кшталту: хтосьці з іх, дзесьці, калісьці чагосьці і ў чымсьці не дацягвае… Пакінем тое музычным крытыкам і абывацельскаму розгаласу. А мы працягнем захапляцца, здзіўляцца, любіць. І рабіцца больш добрымі й чуллівымі, атрымліваючы асалоду ад мастацтва оперы.

Так, хваляванне перад выхадам на сцэну ў Ганны Нятрэбкі і яе мужа — нярэдкае. У адной з перадач Юсіф распавядаў, як ён па-вар’яцку хваляваўся перад сваім выхадам у «Ла Скала» ў оперы «Андрэ Шэнье», якая не ішла ў тым тэатры 32 гады. Гэта жахлівы, казаў ён, самы складаны тэатр, у якім сядзелі і людзі, якія чакаюць твайго правалу, а прамая трансляцыя адтуль адбывалася на ўвесь свет. Але, як сказала Ганна, гэта быў трыумф. І залаты дождж, і петарды, і авацыі таксама былі…

Спяваць, па словах зорнай пары, вельмі цяжка. І фізічна, і эмацыйна. Ужо не памятаю, хто з партнёраў па сцэне сказаў пра выканальніцкае майстэрства Нятрэбкі. Так бы мовіць, яна, як птушка, можа спраўляцца з вакальнымі цяжкасцямі. І пры тым пералятае з галінкі на галінку, а яшчэ ў такія моманты дэманструе гледачам, як тое лёгка рабіць, і не паказвае, што за цяжкі пакутлівы гэты працэс.

Ты, кажа Юсіф, вучышся здабываць гук, але не ведаеш, наколькі гэта правільна робіш, вучышся праз адчуванні. Запісаў — чуеш, што прыгожа. Але важна яшчэ запомніць цягліцавае адчуванне. Адзін спектакль спяваеш — гучыць так, спяваеш у іншы дзень — гучыць інакш…

На адкрыцці II Еўрапейскіх гульняў у Мінску

З перадач я даведалася, што драматычны тэнар, які ўласцівы Юсіфу, — самы складаны голас. Кіраваць ім нялёгка, ва ўладальніка такога голасу дужыя масіўныя звязкі, яны вельмі шчыльныя, практычна барытонавыя. Голас гэты не натуральны, як сапрана, барытон, бас. Тэнар — гэта значыць трэба прымусіць звязкі працаваць у пэўным рэжыме. Таму распявацца Эйвазаву трэба пару гадзін. Ганне з яе ўнікальным сапрана — хвілін пятнаццаць. Як муж прызнаўся, калі бачыў, што яна да яго паварочваецца і сваім масіўным голасам прама ў вуха спявае, ён тут жа — спіной да залы: так навучыўся ратаваць свае вушы. А то, кажа, бывала, прашапчу ёй: спявай у залу. Вось такія яны, нашы куміры. І мне імпануе, што пра гэта яны гавораць лёгка, нязмушана, з гумарам.

Пра натуральнасць і простасць Ганны Нятрэбкі паўтараюць і паўтаралі ўсе тыя, хто яе ведае: Валерый Гергіеў, дырыжор Лонданскага сімфанічнага і Мюнхенскага філарманічнага аркестраў і нязменны мастацкі кіраўнік Марыінскага тэатра, які заўважыў яе і даў магчымасць дэбютаваць у ролі Сюзаны ў «Вяселлі Фігара» Моцарта; тэлевядучы, журналіст, шоумэн Андрэй Малахаў; Ігар Крутой, кампазітар, музычны прадзюсар, піяніст; Філіп Кіркораў, эстрадны спявак ды іншыя. Усе прызнаюць: яе геніяльнасць не ўплывае на зносіны, яе простасць — чароўная. Іспанскі оперны спявак і дырыжор Пласіда Дамінга шчаслівы, што стаяў ля вытокаў яе кар’еры, ён параўноўваў талент Нятрэбкі з талентам Марыі Калас, казаў пра яе фэнаменальнае валоданне голасам, маштаб таленту, а яшчэ пра тое, што калі пачуў Ганну, зразумеў: працаваць з ёй будзе не меншым задавальненнем, чым з Калас.

А вось як выказваўся пра Нятрэбку оперны спявак Дзмітрый Хварастоўскі, з якім у 2013‑м яна спявала ў канцэрце на Краснай плошчы: Ганна запаўняе сабой сцэну, жыве на ёй сваім жыццём, яна абсалютна натуральная, і гэта Божы падарунак… Прывяду і словы канцэртмайстра, рэпетытара з Марыінкі Алены Матусоўскай, якая ўзлёт Нятрэбкі ў оперы параўноўвала з стрэлам петарды. «Калі Ганна на сцэне, адбываецца электрычны разрад і з’яўляецца нітка, якая цягне публіку ў дзеянне… Ганна — вельмі рэдкі голас, прыгажосць, артыстызм і вельмі моцны характар… І натуральнасць…».

Яна не амбіцыйная, але патрабавальная ў сваёй працы да сябе да іншых «на ўсе 150%»

Як у Нятрэбкі атрымоўваецца пры такой славе й прызнанні захоўваць гэтыя якасці? Такой, відаць, урадзілася гэтая спадчынная казачка з Краснадара, прадзед якой па лініі маці быў цыганам. І фатографам. У Пецярбурзе ў яго было сваё фотаатэлье і пяць даходных дамоў. Але галоўнае, мабыць, усё ж — тая атмасфера любові і дружбы, якая панавала ў доме, калі не душылася свабода самавыяўлення, а сямейныя вечарыны з нагоды святаў былі традыцыяй. Таму, у чым я таксама перакананая, Ганне з дзяцінства лёгка было бачыць, як кажуць аптымісты, шклянку, напалову напоўненую вадой, пра што яна не раз выказвалася ў тэлеперадачах. Як і пра велізарны смак да жыцця, які перадаўся ад бацькі, інжынера-геолага Юрыя Мікалаевіча і маці, інжынера-сувязіста Ларысы Іванаўны.

Ганна, кажуць, прапускае міма вушэй непахвальныя пра сябе водгукі, даўно таму навучылася. Аднойчы аднакурснік па Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, куды яна паступіла ў 1990 годзе, сказаў Ганне прама ў твар пра тое, што голас у яе пасрэдны, пра што пасля казалі ёй не раз. Як і Юсіфу. А ён, дарэчы, сабе сказаў: усё роўна буду спяваць у «Ла Скала». І праспяваў праз 20 гадоў! Ганна ж, паводле яго словаў, разбіла вобраз опернай дзівы старога часу, яе спевы, калі яна скакала з ложка на падлогу, або спявала лежачы, мелі такую ​​энергетычную сілу, што цяпер нават не заўважаюць, што яна спявае стоячы. А музычны крытык Аляксандр Матусевіч у тэлеперадачы 2014 года на канале ТВЦ вобразна выказаўся: Нятрэбка рызыкуе як канатаходзец без страхоўкі. Прадзюсар Джэфры Вандэрвеен працягнуў: калі яна спявае, глядач у захапленні, у яго замірае сэрца, але ж, на шчасце, Ганна, ведае, як утрымацца на вышыні.

Яны абодва тое ведаюць. І гэта радуе. Значыць, Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў яшчэ паспяваюць. Спадзяемся, што ў Максіма Берына, прэзідэнта холдынгу Berin Iglesias Art, атрымаецца яшчэ раз запрасіць іх. Ну нездарма ж Юсіф Эйвазаў вось як выказаўся пра Максіма: «Ён — наш надзвычайны прадстаўнік па Расіі і не толькі, робіць якасную працу. І вельмі прасунуты ў гэтым плане, у яго так шмат ідэй! Мы равеснікі, але я за ім не паспяваю. Кажу яму: дай мне 42 канцэрты адыграць, а потым ужо абмяркуем планы…».

Ганна і Юсіф з сынам Цьяга ў Мадрыдзе

Вось так дзякуючы Берыну мы змаглі пазнаёміцца з Ганнай Нятрэбкай і Юсіфам Эйвазавым. Ну а пра тое, як ішлі яны на музычны Алімп паасобку і разам, як Ганна заваявала «Метраполітэн-оперу» Наташай Растовай, а Зальцбург — «Травіятай», чытайце, глядзіце ў інтэрнэце. Даведаецеся, як яна сустрэла Юсіфа, лёгкага, вясёлага і добрага чалавека, не дурня — разумнага, па яе словах, як стала шчаслівай. І пра тое, як пакахалі яны адзін аднаго дзякуючы оперы «Манон Леско». І як пабудавалі дом, дзе ім цяпер добра абодвум, пазнаёміцеся. Вам могуць адкрыцца сакрэты, як працаваць над адносінамі ў сям’і і чаму абодва, Ганна і Юсіф, як Інь і Ян, дапаўняюць адзін аднаго. І як выхоўваюць сына Цьягу, і чаму ад яго вучыцца Юсіф. Пачуеце і пра тое, як Ганна падымалася на піраміду Сонца ў Мексіцы, пераадольваючы 265 прыступак, назіраючы, як лёгка, па-дзіцячы, яна пра гэта расказвае — без ценю пазёрства. Як натуральна прызнаецца ў тым, што яна шопаголік-прафесіянал, і як ёй падабаецца купляць падарункі. У YouTube можна ўбачыць і гардэроб опернай спявачкі, вясёлы і радасны, якім яна карыстаецца і ў жыцці, і на сцэне. І ўбачыць лёгкі ды эпатажны стыль яе адзення. І ён ёй, па-мойму, да твару. Зрэшты, як і Юсіфу. І наколькі, як кажа Ганна, на ўсе 150%, яна не амбіцыйная, але патрабавальная ў сваёй працы да сябе і да іншых — пра гэта таксама можна пачуць і прачытаць у некаторых інтэрв’ю. Яна адкрыта да ўсяго новага. Даражыць меркаваннем блізкіх людзей і выразна ведае, дзе ліслівасць, дзе кампліменты, а дзе праўдзівыя пажаданні. І ў любым тэатры свету адчувае сябе як рыба ў вадзе.

Сумесныя спевы ў оперы «Манон Леско» Джакома Пучыні паслужылі нагодай для будучага саюзу Нятрэбкі і Эйвазава

Так было і на сцэне Вялікага тэатра Беларусі, пра што мне сказалі супрацоўнікі холдынга Berin Iglesias Art. Значыць, Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў у Мінск вернуцца. А мы пачакаем іх. Дарэчы, у адной з тэлеперадач Юсіф Эйвазаў сказаў, што марыць праспяваць у «Багеме» Джакома Пучыні.

Ці будзе гэта сцэна Вялікага тэатра Беларусі? Пажывем — пабачым.

Валянціна Ждановіч

Аўтар дзякуе кампаніі Berin Iglesias Art і асабіста Вользе Купцовай за прадстаўленыя здымкі і садзеянне ў падрыхтоўцы матэрыялу.


Дырэктар Opera Europa Нікалас Пэйн, які неаднаразова бываў у Вялікім тэатры Беларусі і ўваходзіў у склад журы Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, падрыхтаваў віншавальны зварот да калектыву і гледачоў тэатра. Вось як ён прагучаў напярэдадні свята.

25 кастрычніка сёлета міжнародная асацыяцыя музычных тэатраў «Опера Еўропа», у якую сёння ўваходзіць больш за 200 оперных дамоў з 43 краін свету, упершыню ініцыюе Міжнародны дзень оперы. Гэтая ідэя нарадзілася падчас леташняга Міжнароднага опернага форуму, які праходзіў у Мадрыдзе і сабраў прадстаўнікоў шасці кантынентаў. Міжнародны дзень оперы сыграў ключавую ролю ў прасоўванні оперы і прыцягненні цікавасці шырокай грамадскасці да гэтага віду мастацтва. Ён задуманы для таго, каб паказаць, як культура ў цэлым і опера у прыватнасці могуць спрыяць усеагульнаму дабрабыту. Усе члены «Опера Еўропа», а таксама нашы партнёры ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Азіі, Афрыцы і Акіяніі падрыхтавалі сваё асаблівае пасланне.

Дата 25 кастрычніка выбрана не выпадкова, у гэты дзень нарадзіліся музычныя геніі Жорж Бізэ і Іаган Штраус, аўтары, мабыць, самых папулярных твораў у свеце — оперы «Кармэн» і аперэты «Лятучая мыш».

Цудоўны Вялікі тэатр Беларусі адзначыць гэтую падзею канцэртам непараўнальных Ганны Нятрэбкі і Юсіфа Эйвазава, што, без сумневу, выкліча агульнасусветны рэзананс.

Ад імя Сусветнай опернай супольнасці я віншую Вялікі тэатр Беларусі і Мінск!


Ганна Нятрэбка:

Жыць трэба дзеля жыцця, а не дзеля мастацтва.

Я шчаслівая! І шчаслівая, таму што шчаслівая! Таму што жыццё — цудоўнае!

У мяне няма таямніц, якія б мяне прыгнечвалі. Калі і ёсць якія недахопы, я не буду моцна пра тое думаць. Бо кажу, што думаю — гэта мая адкрытасць. Я не ўмею прыкідвацца. І не хачу.

Але калі вы спытаеце мяне пра нейкае ўнутраные святло, нейкія тонкія ўнутраныя перажыванні, пра гэта не скажу нікому і ніколі. Я не выплюхваю ні нелюбові сваёй, ні любові.


Максім Берын:

Шмат гадоў працуючы ў гэтай індустрыі, магу сказаць, што нягледзячы на ​​мноства арганізаваных грандыёзных канцэртаў, заўсёды застануцца такія музычныя падзеі, якія не могуць не выклікаць асаблівага трапятання. Для мяне гэта канцэрты Ганны Нятрэбкі і Юсіфа Эйвазава. І я ведаю, што ў сваім такім стаўленні да іх я не адзінокі. Мільённая армія паклоннікаў ва ўсім свеце адчувае тое ж трапятанне і лічыць дні да магчымасці ўбачыць на сцэне двух найвялікшых оперных выканаўцаў нашага часу. І мне неверагодна прыемна ўсведамляць сваё дачыненне да падзеі, якая мае ўсе падставы стаць знамянальнай вяхой у гісторыі опернай музыкі. Асаблівы гонар выклікае той факт, што канцэрт адбудзецца на маёй Радзіме — у Беларусі.


Прадзюсарская кампанія Berin Iglesias Art, заснаваная ў 2003 годзе ў Германіі, вядучы міжнародны канцэртны і івэнт-холдынг з філіяламі ў Беларусі, Расіі, Узбекістане, ААЭ, Манака, Ізраілі, ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі ды Іспаніі. Кампанія Berin Iglesias Art — эксклюзіўны прадстаўнік Ганны Нятрэбкі, Юсіфа Эйвазава, Вольгі Перацяцькі і Максіма Венгерава ды іншых артыстаў. За гады працы агенцтвам арганізаваны больш за тысячу канцэртаў і буйных мерапрыемстваў па ўсім свеце. Berin Iglesias Art працуе з такімі вядомымі артыстамі, як Робі Уільямс, Мерайя Кэры, Том Джонс, Элтан Джон, Энрыка Іглесіяс, Хасэ Карэрас, Андрэ Бачэлі, Сара Брайтман, Пласіда Дамінга і многімі іншымі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.