Вы тут

Вялікая, чароўная, непараўнальная...


На сцэне Вялікага тэатра Беларусі быў прадстаўлены адзін з апошніх міжнародных праектаў Андрыса Ліепы, народнага артыста Расіі, рэжысёра, прадзюсара, аўтара «Рускіх сезонаў ХХI стагоддзя» — «Аўтографы і іміджы», прысвечаны памяці легендарнай балерыны з беларускімі родавымі каранямі — Маі Плісецкай, народнай артысткі СССР


Асаблівая, па-хатняму цёплая, як калі б ты сядзеў ля каміна ў загарадным доме ў гасцях, і адначасова ўзвышаная, тэатральная атмасфера таго вечара ў Вялікім надоўга застанецца ў памяці. Светлая туга, захапленне, удзячнасць — вось няпоўны пералік эмоцый, якія напаўнялі душу на працягу ўсяго вечара. І пачуццё гонару, якое нараджаецца ад таго, як бліскуча разам з танцоўшчыкамі з іншых краін на сцэне ўвасабляліся беларускімі артыстамі балета вобразы, якія стварала Мая Плісецкая.

Як яе толькі ні называлі і працягваюць называць: і лепшая балерына планеты, і геній метамарфоз, і сімвал чыстага мастацтва безумоўнай прыгажосці, і эталон грацыёзнасці, годнасці, гонару і арыстакратызму, і грандыёзная асоба…

Усё гэта, па словах Андрыса Ліепы, мела месца быць. Яму, прадстаўніку сусветнай балетнай дынастыі, у мінулым — таленавітаму выканаўцу вядучых балетных партый, а цяпер рэжысёру і прадзюсару, а таксама мастацкаму кіраўніку і галоўнаму балетмайстру Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Узбекістана імя Алішэра Наваі — пашчасціла добра ведаць вялікую балерыну. На лепшых сцэнічных пляцоўках свету ў Парыжы, Мадрыдзе, Лондане ён арганізоўваў і ставіў гала-канцэрты пад назвай AVE MAYA, прысвечаныя Плісецкай.

Андрыс Ліепа

«Аўтографы і іміджы» — праект, які прадугледжвае штогадовую праграму, прысвечаную зоркам балета.

І вось Мая Плісецкая. Яна быццам пабывала ў нашым Вялікім. Так-так, ілюзія прысутнасці вялікай балерыны на славутай сцэне была вялікая: на працягу вечара мы, затаіўшы дыханне, глядзелі ўрыўкі з балетаў, якія выконвала яна ў свой час, і відэазапісы з рэдкімі дакументальнымі кадрамі з «Балеро» Морыса Равэля ў харэаграфіі Морыса Бежара, дзе Мая Плісецкая стварала харэаграфічныя цуды. Дарэчы, для яе гэты французкі артыст балета, харэограф і педагог стварыў «Леду і лебедзя», «Куразуку», «Айседору». Маладыя прыхільнікі балетнага мастацтва могуць, па-мойму, толькі шкадаваць пра тое, як мала засталося падобных відэазапісаў спектакляў з удзелам выдатнай танцоркі.

А гала-канцэрт «Мая Плісецкая. Прысвячэнне», як ён адзначаны ў праграмцы, я назвала б спектаклем у яе гонар. Цэласнасць, натуральнае перацяканне нумара ў нумар, абумоўленыя глыбокім псіхалагізмам — так ён быў пастаўлены Андрысам Ліепам. Каралева сусветнага балета, паўтаруся, нябачна прысутнічала на сцэне. Яе вобраз нібы напаўняўся дыханнем і энергетыкай артыстаў — іх захапленнем, пакланеннем перад талентам дзівы танца, велізарным жаданнем хоць у чымсьці ўзляцець да яе ўзроўню. І, па-мойму, у іх гэта атрымлівалася. Так, паўтарыць цалкам тое, што рабіла Мая Плісецкая, і сапраўды немагчыма. Аднак «ледзь-ледзь» заўсёды ўласціва вялікаму таленту. Усім без выключэння ўдзельнікам праграмы ўдалося завабіць нас у свет Маі сваім высокім узроўнем выканальніцкага майстэрства: артыстызмам і вытанчанай тэхнікай. Лаўрэатка міжнародных конкурсаў, уладальніца медаля Францыска Скарыны Аляксандра Чыжык, Вікторыя Трэнкіна, уладальніца медаля Францыска Скарыны Ганна Фокіна, заслужаны артыст Беларусі Канстанцін Геронік, лаўрэат міжнародных конкурсаў Тара Курачы, лаўрэат міжнародных конкурсаў Такатошы Мачыяма, лаўрэатка міжнародных конкурсаў Яна Штангей і дыпламант міжнароднага конкурсу, уладальнік медаля Францыска Скарыны Ягор Азаркевіч… Вось імёны салістаў Вялікага тэатра Беларусі, якімі мы можам ганарыцца. Бездакорна танцавалі і майстры балета з Марыінскага тэатра, з Вялікага тэатра Расіі, з Венгерскага нацыянальнага балета, з Нацыянальнага балета Нідэрландаў, а таксама з Новасібірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, выклікаючы захапленне гледачоў, якое выяўлялася ў працяглых апладысментах.

Мне здавалася, што кожны артыст памятаў словы Плісецкай: на адной тэхніцы далёка не заехаць. Вось яны: «Для мяне самае галоўнае не нагу задраць, а быць артысткай, чуць музыку і ведаць, навошта ты на сцэне… Я і дагэтуль перакананая, што адной тэхнікай свет не скарыць. І сёння, і гадоў праз сто пяцьдзясят-дзвесце, танцам трэба будзе, як і раней, у першую чаргу расчуліць душу, прымусіць суперажываць, выклікаць слёзы, мароз гусінай скуры…»

Не ведаю, як у каго, але ў мяне ў той вечар атрымалася адчуць і мароз гусінай скуры, і ўзрушыцца да слёз, і расчуліцца… Бо і сам пастаноўшчык задаваў танальнасць вечара сваёй велізарнай любоўю да Плісецкай, дзелячыся ўспамінамі. Апавядаючы пра партыі, якія танцавала яна, прадстаўляючы артыстаў паважна і трапятліва, Андрыс Ліепа з прыдыханнем вымаўляў яе імя па бацьку: Мая Міхайлаўна… Ды так, што зала замірала ў тыя хвіліны, каб, не дай Бог, не ўнесці дысананс у мелодыю памяці, не пахіснуць даверную атмасферу. Такую, што здавалася: ніякіх межаў паміж рампай і глядзельнай залай…

Перш чым пачалася праграма, якая сабрала зорак Вялікага тэатра Беларусі ды салістаў найбуйнейшых тэатраў свету, Андрыс Ліепа выйшаў на сцэну і звярнуўся да гледачоў. Першыя фразы яго патанулі ў авацыях: Андрыса ў Мінску ведаюць і шануюць: ён, паўтаруся, — прадстаўнік вядомай балетнай дынастыі, аўтар праекта «“Рускія сезоны” Сяргея Дзягілева», якія адраджаў больш чым дваццаць гадоў.

У архіве навін на сайце Вялікага тэатра Беларусі (https://bolshoіbelarus.by/rus) захоўваецца цікавая інфармацыя: праз 100 гадоў, у 2007-м, гэтая ўнікальная культурная падзея атрымала сваё другое нараджэнне на сцэне тэатра Champs-Elysees у Парыжы, дзе ў другі раз былі адкрыты гастролі праекта «Рускія сезоны XXІ стагоддзя». Таксама зафіксавана вось што: «Упершыню ў гісторыі, у рамках міжнароднага гастрольнага тура «Рускіх сезонаў XXІ стагоддзя», які ахоплівае Францыю, Украіну, Расію, Латвію, фестываль пройдзе ў беларускай сталіцы, дзе будуць паказаны лепшыя балетныя пастаноўкі «Шахеразада» Мікалая Рымскага-Корсакава і «Жар-птушка» Ігара Стравінскага з удзелам бліскучых артыстаў — зорак Вялікага і Марыінскага тэатраў, «Крамлёўскага балета», якія складаюць колер расійскай і сусветнай сцэны».

Так яно і было. Прэм’еры гэтых балетаў на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі прайшлі ў кастрычніку 2010‑га.

Дарэчы, прыкладна тады ж быў падпісаны і «Пратакол аб намерах паміж Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Рэспублікі Беларусь, у асобе Генеральнага дырэктара Уладзіміра Грыдзюшкі, і Дабрачынным Фондам Марыса Ліепы, у асобе Генеральнага дырэктара Андрыса Ліепы, аб ажыццяўленні праекта».

Добра памятаю і творчы вечар Марыса Ліепы на сцэне Вялікага ў Мінску ў лістападзе 2017 года, для ўдзелу ў якім прыязджала і Ніно Ананіяшвілі, суперзорка балета, шматгадовая партнёрка Андрыса Ліепы па сцэне.Разам яны саліравалі на сцэне Вялікага тэатра Расіі. Яе мы ўбачылі ў балеце «Бачанне ружы», які быў пастаўлены ў беларускім Вялікім харэографам Раду Паклітару. А яшчэ ў Мінску глядзелі два аднаактавыя балеты з «Рускіх сезонаў»: «Жар-птушка» і «Шахеразада».

Але вернемся да Андрыса Ліепы. На сцэну Вялікага. Зала заціхае. Ва ўласцівай Андрысу інтэлігентна-мяккай і прыязнай манеры гаварыць, ён раскажа гледачам пра гады сваёй дружбы з Маяй Плісецкай. Пра тое, як быў уваходны ў дом Маі Міхайлаўны і яе мужа кампазітара Радзіёна Шчадрына, як абмяркоўваў з імі праект «Аўтографы і іміджы» напярэдадні яе 90‑годдзя. Да юбілею артыстка не дажыла некалькі месяцаў. Нагадае Ліепа яшчэ і пра ролю «Спячай прыгажуні» Марыуса Пеціпа ў яе творчым лёсе. «Спячая…», паводле яго словаў, балет, які паказаў, што Мая Міхайлаўна — дасканалая балерына стылю, якая змагла, працуючы з Марыяй Сямёнавай (расійская артыстка балета, балетны педагог — Аўт.), зрабіць гэты балет шэдэўрам. Таксама Ліепа назаве імёны танцоўшчыкаў, якія выканаюць па-дэ-дэ з балета Пятра Чайкоўскага «Спячая прыгажуня». Танцаваць будуць артысты з Японіі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Мідоры Тэрада і Коя Окава, якія працуюць у цяперашні час у Новасібірскім дзяржаўным акадэмічным тэатры оперы і балета. Яны ж станцуюць і фінальны нумар: па-дэ-дэ з балета Людвіга Мінкуса «Дон Кіхот». І ўсё гэта будзе адбывацца на фоне інфарматыўна-мастацкага відэашэрага на велізарным экране на задніку сцэны. Там, з дапамогай чорных графічных ліній на чырвоным фоне ажывуць і маланкападобныя, як казаў вядомы балетавед Вадзім Гаеўскі ў дзень 85‑гадовага юбілею балерыны, варыяцыі Плісецкай. Гэта значыць скачкі, рухі, якія была здольнай выконваць толькі яна. Яны нагадаюць пра графічны стыль танцоркі. Вось яна ў пачцы з «Лебядзінага возера»… Імгненне — і лініі знікнуць, зменяцца іншымі… Намалююцца бездакорныя, чароўныя рухі рук балерыны, яе высокія і лёгкія скачкі, накіраванасць у некія іншасветы… Балерына-маланка… І ўспомніцца вядомае: партрэт Плісецкай пісаў Марк Шагал, для яе ставілі балеты вялікія замежныя харэографы, яе запрашалі на прыёмы прэзідэнты, прэм’ер-міністры і каралі. П’ер Кардэн спецыяльна для Плісецкай уласнаручна вырабіў касцюмы для «Ганны Карэнінай» і «Чайкі», а Роберт Кэнэдзі, родны брат Джона Кэнэдзі, Прэзідэнта ЗША, рамантычна ставіўся да яе, дорачы ў дзень нараджэння раскошныя букеты кветак. А Радзіён Шчадрын, які жонку абагаўляў, пісаў для яе балеты, як яна сама казала. «Яна зіхацела ў «Кармэн», «Спячай прыгажуні» ды «Паміраючым лебедзі», а партыю Адэты-Адыліі, пра якую марыла яшчэ ў школьныя гады, выканала больш за васемсот разоў. Мая Міхайлаўна жыла на сцэне да сямідзесяці гадоў і выйшла да гледачоў, калі ёй споўнілася 80, выканаўшы нумар «Авэ Мая», створаны для яе Морысам Бежарам. Спектаклі для яе заўсёды ставілі самыя знакамітыя харэографы (сярод якіх Ралан Пеці і Альберта Алонса), і яе персанажаў апраналі вялікія Куцюр’е».

І зноў захочацца перачытаць аўтабіяграфічную кнігу «Я, Мая Плісецкая», у якой ёсць радкі пра беларускія карані балерыны. Яе маці была родам з Вільні, а бацька — з Гомеля. Вось як сама Мая Міхайлаўна пра тое піша:

«Бацька мой быў выхадцам ціхага, яблыневага, наскрозь прапыленага горада Гомеля. Плісецкія бяруць вытокі з тых краёў, якія замілоўваюць душу нягучнай прыгажосцю, з беларускіх крыніц. Нарадзіўся ён у самым пачатку стагоддзя — 1901 годзе. А ў 1918‑м, 17‑гадовым падлеткам, «запісаўся ў камуністы», уступіў у партыю. Як і ўсе «дон-кіхоты» таго ліхога часу, ён ашалела верыў у кніжную задуму — ашчаслівіць усё чалавецтва…»

Ці даводзілася ёй бываць у Гомелі? У Мінску? Мабыць, наўрад ці. Ва ўсялякім разе, такой інфармацыі мне сустракаць не даводзілася. А вось тое, што Плісецкая ведала Беларусь праз людзей — несумненна. З Валянцінам Елізар’евым, цяперашнім мастацкім кіраўніком Вялікага тэатра яе звязвала цеснае творчае сяброўства, якое доўжылася гадамі. З 1973 года, у 26 гадоў, Валянцін Елізар’еў стаў галоўным балетмайстрам Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларускай ССР. А ў 1976 годзе ён працаваў з Плісецкай на здымках фільма Анатоля Эфроса «Фантазія» па матывах аповесці Тургенева «Вясновыя воды». З тых часоў яны сустракаліся не аднойчы. І якраз Елізар’еў быў адным з тых, каго яна чула і паважала. Мой калега ў інтэрв’ю з ім (https://www.sb.by) прыводзіць цытату Плісецкай, якая характарызуе творчы ўзровень Елізар’ева: «Я ўвогуле не люблю паўтараць рухі. Ні за якім харэографам! У мяне свая індывідуальнасць, я па-іншаму адчуваю. Але за Елізар’евым мне хацелася ўсё паўтарыць дакладна».

«Падчас нашых сустрэч, — успамінаў Валянцін Мікалаевіч, — было адчуванне нейкай цёплай дружбы і даверу адно да аднаго. У яе быў вельмі абраны круг зносін, але я ў яго ўваходзіў… Так супала, што якраз падчас здымак фільма ў нас з жонкай нарадзілася дачка. З творчай паездкі ў Італію Мая Міхайлаўна прывезла ў падарунак пакет цацак і дзіцячай вопраткі. Такія дэталі не забываюцца… Вядома, яна ведала сабе цану, але са мной была адкрытай. Мы супрацоўнічалі вельмі сур’ёзна і плённа. Вельмі рэдка бывае, калі ў творчым працэсе рух ідзе з двух бакоў насустрач адзін аднаму. Звычайна нейкі супраціў ўсё ж такі ўзнікае. Яна ўмела дамагацца пастаўленых мэтаў, умела чуць, пераплаўляць у танцы ўсё ўбачанае і пачутае…».

Такім чынам, праект «Аўтографы і іміджы» Андрыса Ліепы — гала-канцэрт зорак балета «Мая Плісецкая. Прысвячэнне» прагучаў у Мінску. Так каралева сусветнага балета, легендарная балерына пабывала ў Беларусі, на радзіме продкаў.

Валянціна Ждановіч.

Фота прадастаўлены Вялікім тэатрам Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».