Вы тут

Вершнікі на дарозе ў дзяцінства


Вершнікі на дарозе ў дзяцінства

Ці ведаеце вы, колькі літраў мора неабходна для стварэння камфорту адной непераборлівай русалцы? Не? Добра, тады — дзе водзяцца самыя сапраўдныя цмокі, з залацістай луской і неадольным жаданнем спаліць усё навокал? Або хаця б якім чынам сярэднестатыстычная шасцікласніца за суткі ператвараецца ў каралеву?.. Калі і з гэтым не сутыкаліся, нічога страшнага: заўсёды можна звярнуцца да Маргарыты Латышкевіч, якая адказала на гэтыя і многія іншыя пытанні ў сваім зборніку «Наш дом».

Бачыце, што робіцца? Наважылася замахнуцца на сваю ж рэдактарку! Але ў літаратурным свеце дзеючым асобам час ад часу даводзіцца мяняцца ролямі. А то і граць некалькі адначасова.

Знаёмства з творчасцю аўтаркі я пачала яшчэ пару гадоў таму — з бадзёрага першацветаўскага эсэ «Рыторыку ў масы». І яно, што называецца, задало тон. Складана пераблытаць гэты стыль з чыім–небудзь іншым: наўскач праносішся скрозь аповед на легканогім кані, які дакладнымі ўдарамі капытоў высякае іскры гумару. І прызначаныя падобныя творы зусім не для таго, каб чытаць сабе, — іх трэба дэкламаваць, адпрацавана гуляючы інтанацыяй. Можна і выразам твару, аўдыторыя ацэніць.

Частка зборніка, адведзеная апавяданням, удала апраўдвае чаканні. Але не адразу. Справа ў тым, што кніга пачынаецца з апавядання, стыль якога аўтарцы ўласцівы мала (прынамсі, мяркуючы па гэтым выданні). На першых жа старонках чытач бачыць грувасткія абзацы пра змрочны захламлены дом, дзе атмасфера прыціскае сваёй паныласцю, а існаванне падаецца ледзь не горшым за турэмнае зняволенне. Не вельмі падобна да імклівай коннай скачкі, праўда? Самая натуральная з’ява — спалохацца, што так будзе ва ўсіх творах, і хутчэй перадарыць кніжку аматару цяжкай дэпрэсіўнай літаратуры.

Іншы стыль зусім не значыць, што «не такія» апавяданні трэба выкінуць са зборніка. Але яны павінны стаяць на правільным месцы. Тут трэба сказаць, што апавяданне «Дом» па настроі блізкае да іншага — «Тры месяцы да вясны», надрукаванага ў калектыўным зборніку «Мінск назаўжды». І «Тры месяцы...» не здолелі б прабіць наскрозь, не ўдарылі б так балюча (і не трапілі б у мой топ упадабаных «мінскіх» твораў), калі б не было прачытана перад імі столькі жыццярадасных апавяданняў аўтаркі, дзе нават сум лёгкі і ўтульны. Скаланае менавіта кантраст. Спачатку забаўнае, потым глыбокае — ніяк інакш. Інакш не праб’е. «Дом» — не той твор, які можа стаяць першым. І хоць тут быццам бы відавочная прывязка да назвы зборніка, але, на маю думку, яна сябе не апраўдвае. Пачынаць кнігу павінен твор, з дапамогай якога нырнеш наўпрост у свет аўтара, ямчэй асталюешся там і будзеш здольны прыняць творы, якія адрозніваюцца ад асноўнай плыні. Асабліва калі змена аўтарскага стылю — да лепшага.

Уласна кажучы, напісаць шэраг апавяданняў у адным стылі — цяжка, вельмі цяжка. Тут жа гэтых стыляў тры. Тры! І кожны акрэслены надзвычай выразна.

Галава ўсяму — Дзяцінства: жывое, сонечнае, піястрава–зыркае, ультыматыўна ўпэўненае, што яно — найважнейшая рэч у свеце і найкаштоўнейшы скарб у жыцці (што, у прынцыпе, не так далёка ад ісціны).

А дзе заканчваецца Дзяцінства, там пачынаецца Сталасць: расчаравальная, падманлівая, няўтульная, засцярожлівая; спярша ненавісна–самотная, пасля — скаваная кайданамі Гіменея.

Ну, а разабрацца, як жа існаваць у гэтым вэрхале, дапаможа тое, што я назвала б рэкамендацыямі па выжыванні сярод людзей. Як адстаяць сваю годнасць у чарзе да доктара, як не быць закіданым яйкамі падчас чытання лекцыі і нават — увага! — як выбудаваць зносіны з рэдакцыяй перыядычнага выдання, не ўразіўшы супрацоўнікаў да сівых валасоў. Можа, зрэдзьчас рэкамендацыі больш паблажлівыя, чым гатовыя будуць прыняць чытачы, але сама рубрыка ўдалася.

Паколькі патрабавальная душа перфекцыяніста прагне ўпарадкаванасці, адсутнасць у зборніку раздзелаў хочацца прыраўняць да яўнага недахопу. Апавяданні так выразна распадаюцца на тры групы, што выстройваць іх у адзін шэраг, часам уперамежку, проста нерацыянальна. Прычым апавяданні «Дом» і «Пачатак восені» я аднесла б у катэгорыю «Сталасць». Нават так. Пагуляцца можна і з парадкам апавяданняў унутры груп (адсартаваць «Дзяцінства» па ўзросце, напрыклад).

Датычна зместу пытанняў куды менш. Амаль усе гісторыі структурна прадуманыя, узважаныя на шалях гумару і ўвасобленыя ў якасныя творы. Нешта не зраслося толькі з апавяданнямі «Пачатак восені», «Быць Каралевай» і «Шчасце». Яны... няскончаныя.

«Пачатак восені» — хутчэй замалёўка, накід для будучага апавядання, але пакуль не паўнавартасны твор. Мы бачым першакласнікаў, жыццё якіх можна прадказаць па іх цяперашніх паводзінах. Нам паказваюць і вось таго, і вось гэтую, але да чаго ж вядзе гэты пералік — незразумела. Фінальнай кропкі няма. Тэкст нечакана абрываецца, быццам выпадкова націснутая клавіша Backspace з’ела сапраўдную канцоўку.

У апавяданні «Быць Каралевай» падступная клавіша пазбавіла нас ужо кульмінацыі, перакінуўшы адразу да будзённай развязкі: «Ліля была Каралеваю. Усе сорак з лішкам хвілін». Але ж усе папярэднія маніпуляцыі: і падбор акцёраў у шостым «В», і завучванне рэплік, і яшчэ карона, і бігудзі, і... — усё гэта штурхае нас чытаць хутчэй, каб дабрацца, уласна, да самога прадстаўлення. Якога, аказваецца, няма. Самалёцік, пушчаны ў пяцікласнікаў, — яскравы вобраз, вось толькі чакалі мы большага...

Са «Шчасцем» цяжэй. Яго можна параўнаць з апавяданнем Ганны Севярынец «Залатая рыбка» са згаданага зборніка «Мінск назаўжды»: нешта адбываецца, хтосьці штосьці робіць, усё быццам некуды рухаецца — але не зрушваецца з месца. Пачынаем чытаць: ага, жыццё ў Сонечкі не задалося. Ну, ну, як не зразумець? А далей... Так... Ясна... І яшчэ... І... І ўсё? Як — усё?.. Гэтак жа дзынкае Сонечкін касавы апарат, гэтак жа пакупнікі глядзяць цераз прылавак — і ніяк не надыходзіць пераломны момант, і кульмінацыя зноў хаваецца за даляглядам. А апавяданне ж не павінна стаяць на месцы. Апавяданне — гэта пра тое, як герой змяняецца. Жыў–быў адзін бядак, і тут раптам [...], пасля чаго ўсё перакулілася такім чынам, што [...]. У гэтым плане проста ўзорныя апавяданні — «Латарэя» і «Званіў». Яны прымушаюць нас вохкаць, ахаць, заміраць у смакаванні развязкі, пляскаць далонню па твары — карацей, актыўна рэагаваць на ўсе змены.

Ну, а калі змен няма, то, мусіць, апавяданне толькі пачалося? Можа, мы ўсё–такі пабачым Сонечкіна шчасце, якое б яно ні было? Поўная неакрэсленасць гэтага шчасця стымулюе наша ўяўленне, і яно разыгрываецца не на жарт. Каму ж пастаянна тэлефануе Сонечка? Хлопцу? Мужу–гуляку? Разведзенаму бацьку? Пазашлюбнаму сыну, як Цімур з «Дома»? Ці мо абстрактнай метафары свайго неўсталяванага жыцця? Адказу не знаходзім, таму дадумваем канцоўку на свой густ. Спадар О. Генры, для якога гісторыя «касір Сонечка ў клетцы» — тыповы сюжэт, запусціў бы ў гэтую клетку кавалера і, задаволена паціраючы рукі, сачыў бы за драматычным ходам эксперыменту...

Варта яшчэ згадаць момант з апавядання «Яблыкі». Зусім невялічкі, малазначны момант. Але для аўтаркі гэты твор важны, таму... «Яблыкі яна кожны дзень брала з сабою ў школу», — нязмушана кажуць нам бліжэй да фіналу. Але праблема ў тым, што да гэтага ў творы няма ані слоўца пра яблыкі. Ды проста ніводнага. За старонку да таго сказана, што сям’я прывозіла ў горад садавіну, гародніну ды пук баек пра вёску — ну і ўсё. А садавіна ўсё–ткі не абазначае выключна яблыкі. Што значыць «яны ёсць у назве»? Мы пра назву, можа, даўно забыліся! Нас, можа, за вушы не адцягнеш ад канфлікту: самалюбівая «Снягурка» супраць аматаркі хіміі з замахам на прафесію касманаўта...

Але што ж я ўсё — апавяданні ды апавяданні! Галоўнае ў зборніку — свет, дзе суіснуюць уладары агню ды жалеза і ўладары чарадзейных сіл, чыё жыццё працяглае, як вечнасць. І калі апавяданні трэба дэкламаваць, то аповесці — глядзець, бо гэтая інтэрпрэтацыя народных казак маляўніча паўстае перад вачыма да апошняй травінкі і іскрынкі, да найтанчэйшай пасмы валасоў. І нават зняць мультфільм — мала, мала, бо падчас чытання на органы пачуццяў накідваюцца пахі, гукі, дотыкі ветру, і, здаецца, у рэальнасці ўздрыгвае зямля пад цяжкімі крокамі цмока. Свет абступае, зацягвае ў сябе, зачароўвае дробнымі дэталькамі, якія — паўсюль, якія выпісваюць тое, чаго не існуе, — і яно з’яўляецца перад табою, нібы наяве.

Хацелася б сказаць, што дзякуючы ўсяму гэтаму не заўважаеш недахопаў, але я, пэўна, так не ўмею. Засмуціла, што чамусьці менавіта аповесці — упрыгожанне зборніка — вычытаныя горш за апавяданні. З–за гэтага іх магія змазваецца... Тут і канструкцыі кшталту «ўсё–такі ўсё яшчэ», «конь <...>голасна ржаў, і голас ягоны...», і абдрукоўкі (зайчак, застрэсціся, ігненне), і «адзін аднаго» замест «адно аднаго» (калі размова пра яго і яе), і «похвы» нароўні з «ножнамі», і блізкія паўторы (ленавата, зыркі, даводзілася). Яшчэ — не ведаю, наколькі замацаваны ў беларускай мове дзеепрыметнік «улюблёныя». Не ўсё гладка і са спрадвечнымі «у» і «ў». Сустрэлася мне «Маладосць» трохгадовай даўнасці — дык там падступныя «ушкі» знойдзеныя і асуджаныя на вынішчэнне. Чаму ж у кніжцы — не?..

Таксама прымусіў задумацца выбар аповеду ад першай асобы ў «Вершніках на дарозе». З аднаго боку, маецца выйгрышны галоўны герой, з другога — трохі бянтэжыць паэтычнасць яго мыслення. Непераможны вой, у адным імені якога апетая здольнасць засяваць зямлю косткамі ворагаў, на поўным сур’ёзе ўхваляе лілейную скуру і ўпарты носік юнай князёўны і захапляецца месяцам, падобным да залатой надкушанай манеты. З гэтай нагоды ўспамінаецца Сэлінджэр і яго «Лавец у жыце» — суцэльны маналог ад пачатку да канца, у рэалістычнасці якога не сумняваешся ні на секунду: персанаж быццам сядзіць поруч і безупынку балбоча пра свае прыгоды. А тут адчуваецца некаторая аддаленасць, нібы Косткасей на старасці год у акружэнні ўнукаў і праўнукаў зачытвае мемуары, у якіх апавядае пра сваю бурную маладосць (дарэчы, чаму ж не, жыццёвы варыянт). Хаця, можа быць, проста ў не–людзяў воі адначасова былі паэтамі, а паэты — воямі? Аповесць «Над Вугерай — дождж» ніяк не супярэчыць такой шчылінцы...

Спадзяюся, у гэтай рэцэнзіі аказалася не зашмат негатыву. Тут толькі аналіз таго, што хораша, але магло б стаць выдатным, — а кніга ж і сама па сабе на высокім, вельмі высокім узроўні. Дзякуй за калейдаскоп вобразаў і магчымасць ад душы пасмяяцца, дакрануўшыся да заразлівага аўтарскага аптымізму. І гэта зусім не «наш дом», не — гэта штосьці пра дзяцінства, і казкі, і сталенне, і пра тое, як у дзяцінстве разважаюць па–даросламу, а ў сталасці — вераць у эльфаў. І нават тыя напаўзабытыя адчуванні, якія словамі папросту не апісваюцца, якія толькі напаўняюць грудзі невытлумачальнай бясконцасцю і жывуць, неўсвядомленыя, у сэрцы, — нават яны чорнымі літаркамі слухмяна кладуцца на паперу, натхняючы згадаць, і ўсвядоміць, і пакінуць назаўсёды ўнутры.

«“Зямное” кола, зацертае маленькімі нагамі, забытае, павольна патанае ў цёплым летнім паўзмроку. “Космас” разліваецца вакол, велізарны, цёмны, неабдымны, магутны, вырастае вышэй за турнік, за гаражы, за дрэвы, за дамы. Вышэй і болей за ўсё і ўсіх. І страшна, павіснуўшы на турніку, доўга глядзець у неба, у бясконцыя россыпы зор, бо здаецца, быццам сам падаеш туды, быццам падаеш уверх».

Дар’я ЗНАЧОНАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».