Вы тут

Яраслаў Рэзнік. Ціхая трава


Расповед пра сіняе неба

Жыло-было неба. Вісела яно над зямлёй і было яно сіняе-сіняе.

І людзі жылі. Казалі, што гэта зямля ім належыць, што дадзена Богам.

Часам добра жылі, часам нядобрае дзеялі. А ў небе лётала птушка.

Яна была сіняя, і людзі яе не заўважалі. Ды птушка была патрэбная.

Людзі дзівіліся, хто абуджае іх ранкам спевамі, але не бачылі анікога.

Ці то проста ўгору не пазіралі.

Аднаго дня прыйшлі людзі на ўскраек поля і пабачылі на ім

                                                              незвычайную пляму.

Падумалі, што захварэла поле.

Ды не. На полі ляжала птушка. Была яна сіняя, як неба, і мёртвая.

Вось тады ўпершыню ўзнялі людзі галовы, пабачылі неба і пачалі весці

                                                                                     з яго свае разоры.

Сляпы

 

Палахлівыя птахі

кідаюцца пад ногі,

а потым ізноў у неба,

дзе месца хапае кожнаму.

Ён крочыць далей,

не бачыць

уражаных птахаў,

гледзячы ў адну кропку,

намацвае шлях свой,

маўклівы і засяроджаны,

з апушчанай галавою

ідзе па зямлі.

 

Палахлівыя птахі

кідаюцца пад ногі,

а ён твар свой хавае,

быццам бы пад крыло.

 

 

Разора

 

Сонца зямлю апякае,

далёка да гоняў,

дзе плуг адпачыцьме.

 

Крыніцы зямлю наталяюць,

так хочацца азірнуцца

на кропку адліку.

 

О, прага вяртання,

пакута зямлі маёй!

 

Напрыканцы

                    мы падаем...

 

Трава

 

Трава —

гэта «Ойча наш».

Тройчы ў годзе над ёй,

бласлаўляючы, шэпчуцца

косы.

 

Трава — гэта той сырадой.

які наталяе мужчыну,

што ў косах бліскучых,

бы ў люстры,

адбітак пакіне.

 

Глеба праз вочы яе

пазірае

і марыць аднойчы

травою да ног прыхінуцца.

 

Зноў і зноў зелянее трава,

ціхая пасля бою!

 

 

Шчасце

 

З поля ішоў

і нагу я звіхнуў

у гняздзечку аўсянкі.

 

 

Матылёк

 

Калі сачу я, захоплены, за яго

пяшчотным палётам

над зыркімі фарбамі плёсу,

калі ён дрыготкімі крылцамі

зёлкі кранае,

ярчэйшы за летні дзень,

такі лёгкі і вольны,

я ведаю:

найпрыгажэйшы ён —

у палоне

маіх абдымкаў

 

Яблык

 

Яблык коціцца з фартуха

вялікага дрэва.

Дрэва ўважліва сочыць за ім,

пільнуе ягоны шлях,

пальцам ківае пагрозліва,

але яблык

нават не азіраецца.

 

Ён з травінкаю кожнай рукаецца,

сокам зялёным

шчокі свае фарбуе,

зялёнай расою

прагне спатоліць смагу.

А калі ён думае,

што ўсё зведаў,

усё перажыў,

 

да ўсяго дакрануўся

у гэтых зялёных джунглях,

трапляе ў маю кішэню —

і гэта…

квіток ягоны

ва ўсе бакі свету

па ўласным,

замкнёным у вечнае кола

маршруце.

 

Яблык коціцца па траве,

А трава вышэйшая за яго.

 

 

Іржа

 

Хворая студня,

з якой не ваду, а цемру

выцягваеш.

 

Хворае неба,

што душыцца кашлем і з хмараў

пад ногі харкае.

 

Хворая і рака,

калі ванітуе вадою,

якой і худоба грэбуе.

 

Хворыя мы,

калі ад’язджаем, паверыўшы

у магчымасць вяртання.

 

Пераклад са славацкай Таццяны СІВЕЦ.

“Полымя” №6, 2019

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?