Вы тут

​Толькі 4 % беларускіх падлеткаў маюць высокія паказчыкі ў чытацкай адукаванасці


«Расія здала пазіцыі ў адукацыйным рэйтынгу РІSА», «Расійскія школьнікі не трапілі ў топ-20 рэйтынгу па чытанні і матэматыцы», «Казахстанскія школьнікі паказалі вынікі ніжэй за сярэднія. Чаму?», «Украінскія школьнікі амаль правалілі тэст», «Украіна ў рэйтынгу РІSА: не Уругвай, але пакуль не Беларусь» — такімі загалоўкамі стракацяць апошнія дні ўсе СМІ на постсавецкай прасторы.


Разбурэнне міфаў

Як і чакалася, вынікі міжнароднага даследавання адукацыйных дасягненняў навучэнцаў РІSА-2018 (Рrоgrаm fоr Іntеrnаtіоnаl Studеnt Аssеssmеnt), што былі агучаны
3 снежня, сталі прадметам аналізу эфектыўнасці сістэм адукацыі ва ўсіх краінах, якія ў ім удзельнічалі. Але калі Эстонія канстатуе, што вучэбныя дасягненні тутэйшых школьнікаў — найлепшыя ў Еўропе, то нашы суседзі-ўкраінцы прызнаюць: праблемы ёсць, прычым праблемы сур'ёзныя. Украіна, як, дарэчы, і Беларусь, брала ўдзел у РІSА ўпершыню.

— Пасрэдны ўзровень украінскай школьнай адукацыі сведчыць аб вострай неабходнасці яе рэфармавання і працягу рэалізацыі праграмы «Новая ўкраінская школа», — заявіла міністр адукацыі і навукі Украіны Ганна НАВАСАД. — Вынікі РІSА-2018, у прыватнасці, разбураюць міф пра эфектыўнасць савецкай матэматычнай сістэмы адукацыі. Даследаванне паказвае: 36 % нашых 15-гадовых вучняў не дасягаюць нават базавага ўзроўню ведаў па матэматыцы. У іх ёсць праблемы з задачамі, дзе трэба выкарыстоўваць простыя стратэгіі рашэння, працэнтныя суадносіны, аперыраваць дробамі і дзесятковымі лічбамі. Мы разлічваем на тое, што атрыманыя вынікі стануць сігналам для нашых настаўнікаў, бацькоў і грамадства ў цэлым. Цяпер павінна стаць відавочна, што рэформа школьнай адукацыі для Украіны —- не капрыз, а аб'ектыўная патрэба.

Па выніках справаздачы РІSА, Украіна мае на 39 балаў менш па матэматыцы, на 22 балы менш па прыродазнаўчанавуковых дысцыплінах і на 23 балы менш па чытацкай адукаванасці ў параўнанні з сярэднім вынікам па краінах АЭСР (Арганізацыі па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці).

Як вынікае са справаздачы, 15-гадовыя падлеткі ва Украіне адстаюць ад сваіх аднагодкаў у краінах АЭСР на адзін год у матэматыцы (розніца ў 30 балаў роўная аднаму году навучання). Гэта значыць, што для таго, каб іх дагнаць па балах, украінскім школьнікам трэба яшчэ год вучыцца, прычым гэта не толькі выдаткі ў часе, але і матэрыяльны рэсурс, які трэба ўкласці ў навучанне...

Базавага ўзроўню сфарміраванасці кампетэнцый ва Украіне не дасягнула па чытацкай адукаванасці 26,9 % украінскіх падлеткаў, а ў прыродазнаўчанавуковай — 26,4 %.

Акцэнт — на крытычны аналіз

Здавалася б, банальнае пытанне — чаму павінны навучаць у школе? Самы відавочны адказ — канешне, ведам. Вучань павінен засвоіць пэўны набор правілаў мовы, гістарычных фактаў, фізічных законаў, матэматычных формул і гэтак далей — нібыта ўсё лагічна. Але насамрэч гэта ўчарашні дзень: сёння куды важнейшае ўменне вырашаць рэальныя жыццёвыя задачы і самастойна працаваць з інфармацыяй, выкарыстоўваць яе, напрыклад, каб сфармуляваць свой пункт гледжання ў спрэчцы аб генетычна змененых прадуктах, зразумець газетны артыкул пра глабальнае пацяпленне, разабрацца з тым, ці можна выкарыстоўваць соевы замяняльнік замест каровінага малака, раскрыць рэкламныя маніпуляцыі і г. д.

«Школы павінны рыхтаваць вучняў да беспрэцэдэнтных перамен у эканоміцы і навакольнай рэчаіснасці, да працы на рабочых месцах, якія яшчэ не створаны, да выкарыстання тэхналогій, якія не вынайдзены, — лічыць дырэктар дэпартамента па адукацыі Арганізацыі па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці (АЭСР), галоўны куратар РІSА Андрэас ШЛЯЙХЕР. — Актуальныя становяцца разнастайныя камбінацыі ведаў, кампетэнцыі, навыкі, якія могуць прывесці да поспеху ў кар'еры. Акцэнт у сучаснай адукацыі павінен рабіцца на развіццё творчага пачатку, крытычнага аналізу, умення вырашаць праблемы і прымаць рашэнні.

Праграма РІSА (Рrоgrаm fоr Іntеrnаtіоnаl Studеnt Аssеssmеnt) ужо 19 гадоў збірае звесткі аб якасці адукацыі ў свеце. Раз на тры гады яна тэсціруе 15-гадовых падлеткаў у розных краінах. Такі ўзроставы цэнз абраны невыпадкова. Фактычна паўсюдна менавіта ў гэтым узросце навучэнцы заканчваюць базавы этап адукацыі і вызначаюцца з далейшай жыццёвай і адукацыйнай траекторыяй.

Тэсты РІSА, якія доўжацца дзве гадзіны, утрымліваюць тры асноўныя блокі: заданні на чытацкую адукаванасць (разуменне тэкстаў), матэматычную і прыродазнаўчанавуковую. У іх шмат тэкстаў, якія трэба ўважліва прачытаць (а для сучасных школьнікаў, якія не любяць вялікія тэксты, гэта, бадай што, самае складанае) і адказаць на шматлікія пытанні, што ідуць групамі, з прывязкай да канкрэтнага тэксту.

Арганізатары тэсту падкрэсліваюць: вынікі РІSА — гэта не рэйтынг краін, а толькі спроба вызначыць, якой павінна быць самая эфектыўная адукацыйная сістэма. Апошнім даследаваннем было ахоплена 600 тысяч навучэнцаў з 79 краін і адміністрацыйных тэрыторый.

Безумоўны лідар рэйтынгу — Кітай. Праўда, даследаванне праводзілася толькі ў чатырох яго правінцыях — Пекін, Шанхай, Цзянсу і Чжэцзян, у якіх пражываюць 180 мільёнаў чалавек. У матэматыцы кітайскія школьнікі набралі 591 бал, у чытанні 555 балаў, у прыродазнаўчых навуках — 590.

Другі вынік у Сінгапура: 549 балаў у чытанні, 569  — у матэматыцы і 551 — у навуках. На трэцім месцы Макао: 525, 558 і 544 балы адпаведна. Гэта значыць, што першыя радкі занялі краіны Азіі. З краін еўрапейскага рэгіёна самая высокая пазіцыя ў Эстоніі (пятае месца ў сусветным рэйтынгу РІSА). У першую дзясятку ўвайшлі таксама Канада, Фінляндыя, Ірландыя, Паўднёвая Карэя і Польшча.

Чым ганарымся?

Цікава, што дэбютныя вынікі ўдзелу ў РІSА беларускіх школьнікаў кіраўніцтва Міністэрства адукацыі ацэньвае як годныя і параўноўвае іх балы не з сярэднімі паказчыкамі па краінах АЭСР, а з усімі краінамі-ўдзельніцамі. Пры такіх падліках нашы навучэнцы насамрэч аказваюцца ў сярэдзіне спісу, але ўсё роўна ніжэй за пазіцыі Расіі, Літвы, Латвіі і тым больш Эстоніі.

Па чытацкай адукаванасці ў беларускіх падлеткаў 474 балы. Столькі ж у Ісландыі, крыху больш у Літвы, Венгрыі і Італіі (па 476 балаў), а крыху ніжэй за нас у спісе Ізраіль і Люксембург (470). Характэрна, што сярэдні паказчык усіх краін-удзельніц у гэтым кірунку — 454 балы, гэта значыць, на 20 пунктаў менш.

Па матэматычнай адукаванасці ў нашых школьнікаў 472 балы (сярэдні паказчык — 459), столькі ж у Мальты, радком вышэй — ЗША (478 балаў), а крыху ніжэй — Харватыя (464). Што датычыцца прыродазнаўчанавуковай адукаванасці, то ў беларусаў 471 бал (сярэдні — 458), трохі абагналі нас школьнікі з Харватыі (472 балы), Ісландыі (475), Люксембурга (477), затое мы наперадзе Украіны (469).

Але калі бліжэй знаёмішся з арыгіналам справаздачы па выніках РІSА (httрs://www/оесd.оrg), то прыходзіш да высновы, што сярэднія балы — гэта нешта накшталт сярэдняй тэмпературы па бальніцы, якая рэальнай карціны агульнага «здароўя» (якасці адукацыі) не дае, і трэба насамрэч глядзець значна глыбей.

У РІSА робяцца важныя высновы: якая колькасць вучняў здолела выканаць заданні вельмі высокага ўзроўню, а якая — не справілася нават з найпрасцейшымі. Усяго выдзяляюцца шэсць узроўняў: пяты і шосты — самыя высокія.

І вось тут высвятляецца, што толькі каля 4 % беларускіх падлеткаў маюць высокія паказчыкі ў чытанні — гэта значыць, што яны дасягнулі пятага і шостага ўзроўняў у тэсце па чытацкай адукаванасці РІSА (у сярэднім па АЭСР паказчык складае 9 %). На гэтых узроўнях вучні могуць засвойваць вялікія тэксты, аперыраваць абстрактнымі паняццямі, знаходзіць парушэнні ў логіцы, адрозніваць факты ад меркаванняў, ідэнтыфікаваць крыніцы інфармацыі. Толькі 7 % беларускіх вучняў можна аднесці да «адукацыйнай эліты» па матэматыцы, што могуць рашаць заданні пятага і шостага ўзроўняў (сярэдні паказчык па АЭСР — 11 %): мадэляваць складаныя сітуацыі матэматычна, выбіраць, параўноўваць і ацэньваць адпаведныя стратэгіі вырашэння праблем. Для параўнання, у Шанхаі і Пекіне пятага і шостага ўзроўняў па матэматыцы дасягнула больш за 40 % вучняў. А 29 % беларускіх падлеткаў не рашаюць нават простыя матэматычныя задачы.

24 % нашых школьнікаў не спраўляюцца з элементарнымі фізічнымі, біялагічнымі, хімічнымі задачамі... І толькі 3 % беларускіх навучэнцаў атрымалі высокі ўзровень (пяты ці шосты) у прыродазнаўчых навуках (сярэдні паказчык па краінах АЭСР — 7 %) — гэта значыць, што яны валодаюць высокімі кампетэнцыямі, могуць творча і аўтаномна прымяняць свае прадметныя веды ў самых розных сітуацыях, у тым ліку і ў незнаёмых.

Карыснае хобі

Дык з чым звязаны аптымізм кіраўніцтва Міністэрства адукацыі?

«Балы вучняў беларускіх гімназій і ліцэяў супастаўныя з баламі іх аднагодкаў з Кітая, Сінгапура і Эстоніі, якія апынуліся на верхніх радках рэйтынга», — прыводзіць аргумент дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК. Але давайце не забываць, што яшчэ два гады таму адбор у гімназіі адбываўся на конкурснай аснове. Агульнаадукацыйныя ліцэі — таксама ўстановы адукацыі, прызначаныя для адораных дзяцей. І зусім не факт, што наступны раз беларускія гімназісты змогуць паўтарыць свае цяперашнія дасягненні.

Але намеснік міністра адукацыі Аляксандр КАДЛУБАЙ упэўнены, што ў даследаванні, якое пройдзе ў 2021 годзе, у Беларусі ёсць усе шанцы палепшыць свой вынік «з улікам прадуманых, узважаных і вывераных мерапрыемстваў па развіцці сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі».

Яго аптымізм падзяляе і Юрый Міксюк: «Хацеў бы заклікаць нас усіх крытыкаваць недахопы, якія мы заўважаем, больш канструктыўна. Той вынік, які мы атрымалі і яшчэ прааналізуем, дазволіць нам знайсці найлепшае, што ёсць у лідараў. Таксама даследаванне дапаможа беларускай школе дакладней вызначыць нашы болевыя пункты. Ёсць шэраг момантаў, над якімі мы ўжо працуем і якія яшчэ будуць укараняцца ў сістэму адукацыі. У прыватнасці, гэта спецыфіка заданняў РІSА, якія арыентаваныя на дзеянні ў незнаёмай сітуацыі, выкарыстанне ведаў у рэальным жыцці, заданні, якія мы называем зашумленымі (з лішкам інфармацыі). Яны павінны быць асвоены нашымі навучэнцамі...»

І напрыканцы яшчэ некалькі важных высноў з РІSА. Больш высокія вынікі па чытацкай адукаванасці прадэманстравалі беларускія школьнікі з сем'яў, дзе бацькі маюць вышэйшую адукацыю — іх сярэдні вынік 514 балаў. Самы высокі бал (527) мае група навучэнцаў, якая назвала чытанне сваім хобі.

А школьнікі, якія займаюцца музыкай, дэманструюць больш высокія вынікі ў прыродазнаўчых навуках — у іх плюс 30 балаў! Значыць, маюць рацыю прыхільнікі STЕАM-падыходу ў навучанні, якія сцвярджаюць, што спроба развіваць адукацыю толькі ў кірунку навукі, інжынернай справы і матэматыкі без паралельнага развіцця арт-дысцыплін можа прывесці да таго, што маладое пакаленне будзе пазбаўлена крэатыўнасці. Толькі ў адзінстве дакладных і гуманітарных навук можна выхаваць усебакова развітых спецыялістаў, вынаходнікаў і наватараў у сваёй сферы.

Даведка

АЭСР — гэта міжнародная арганізацыя эканамічна развітых краін. У яе ўваходзяць асноўныя дзяржавы Еўропы плюс Мексіка, Паўднёвая Карэя, Японія, Канада, Чылі, ЗША — усяго 36 краін свету.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Сігналы, якія нельга ігнараваць

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.