Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра поспехі беларусаў на чэмпіянаце Еўропы па плаванні і іншыя прыкметныя падзеі выхадных.


1. Анастасія Шкурдай заваявала залатую ўзнагароду на дыстанцыі 100 м батэрфляем на чэмпіянаце Еўропы па плаванні на кароткай вадзе, які праходзіць у Глазга (Вялікабрытанія). Брастаўчанка фінішавала за 56,21 сек. Раней беларус Ілья Шымановіч заваяваў сярэбраны медаль на дыстанцыі 100 м брасам. А пазней беларуская мужчынская каманда ў складзе Віктара Стасяловіча, Ільі Шымановіча, Яўгена Цуркіна і Арцёма Мачэкіна заняла трэцяе месца ў камбінаванай эстафеце 4х50 м.

Адзначым, што чэмпіянат Еўропы на кароткай вадзе з'яўляецца адборачным да сусветнага форуму — 2020.

2. Беларусы Кацярына Карняенка, Арцём Калачоў, Вольга Немагай і Сяргей Платонаў выйгралі «серабро» ў змешанай эстафеце 4х1,5 км на чэмпіянаце Еўропы па кросе ў партугальскім Лісабоне. Апярэдзіць беларускі эстафетны квартэт змагла толькі каманда Вялікабрытаніі, замкнулі тройку французскія спартсмены.

Адзначым, на чэмпіянаце Еўропы ў Лісабоне разыгрываліся 13 камплектаў узнагарод: па шэсць у індывідуальным і камандным заліках, а таксама ў змешанай эстафеце. У турніры ўдзельнічала каля 600 бегуноў з 40 краін Еўропы.

3. Юнацкія зборныя Беларусі (U-16) сталі пераможцамі баскетбольнага турніру памяці Уладзіміра Рыжанкова. У спаборніцтвах сярод дзяўчат беларускі ў заключным матчы абыгралі каманду Польшчы — 80:53. Нагадаем, да гэтага яны ўпэўнена перамаглі аднагодак з Літвы (67:43) і Малдовы (123:26).

На мужчынскім турніры зборная Беларусі ў апошняй сустрэчы перайграла каманду з расійскага Краснагорска — 102:29. А раней нашы хлопцы абыгралі літоўцаў (74:73) і малдаўскіх баскетбалістаў (67:31).

Найлепшымі гульцамі турніру прызнаныя беларусы Паліна Касцюкавец і Цімур Міхайлаў. Міжнародны турнір памяці першага міністра спорту і турызму, першага кіраўніка НАК Беларусі Уладзіміра Рыжанкова прайшоў 23-ы раз.

4. Футбалісты брэсцкага «Руху» ўпершыню заваявалі права згуляць у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі, адолеўшы ў пераходных матчах магілёўскі «Дняпро».

Нагадаем, у сезоне, які завяршыўся, чэмпіёнам краіны ўпершыню стала брэсцкае «Дынама», якое спыніла гегемонію 15-разовага трыумфатара барысаўскага БАТЭ. Гэтым разам барысаўчане заваявалі сярэбраныя медалі, уладальнікам «бронзы» стаў салігорскі «Шахцёр». Элітны дывізіён акрамя «Дняпра» пакінулі футбалісты «Гомеля», а таксама сталічнае «Тарпеда», якое сышло з турнірнай дыстанцыі. Іх месцы ў наступным сезоне зоймуць дзве найлепшыя каманды 1-й лігі — бабруйская «Белшына» і «Смалявічы».

5. Беларускі Марына Зуева, Яўгенія Вараб'ёва, Ганна Ніфонтава і Ганна Кавалёва занялі пятае месца ў каманднай гонцы праследавання ў дывізіёне А на этапе Кубка свету па канькабежным спорце, які завяршыўся ў Нур-Султане.

Першынствавалі ў гэтым відзе праграмы канадкі.

Раней Марына Зуева заняла 14-е месца на этапе Кубка свету па канькабежным спорце на дыстанцыі 1500 метраў сярод жанчын у дывізіёне А.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Кароткая вада аказалася хуткая

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.