Вы тут

Прадстаўнікі творчых студый Міншчыны абмеркавалі, як вырасціць новых артыстаў


Штогод у творчых спаборніцтвах, скажам, адборы на «Славянскі базар» або дзіцячае «Еўрабачанне», адкрываюцца новыя імёны таленавітых юных артыстаў. Частка з іх неўзабаве гучна заяўляе пра сябе і перабіраецца ў Мінск або Маскву ці Кіеў, некаторыя застаюцца на малой радзіме, назапашваючы вопыт і калекцыю дыпломаў і грамат, а многія, нібы знічкі, мільгаюць раз і раствараюцца недзе за кулісамі раённых ДК, і надалей пра іх нічога не чуеш...


Чаму так адбываецца? На што неабходна звяртаць увагу, рыхтуючыся да рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, і якіх памылак пазбягаць? Як артысту з рэгіёна «падаць» сябе, каб быць заўважаным і выйсці на вышэйшы ўзровень? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўвалі кіраўнікі і ўдзельнікі творчых аматарскіх аб'яднанняў устаноў дадатковай адукацыі Мінскай вобласці, якія сустрэліся на мінулым тыдні ў сталіцы.

Тэмай семінара былі сучасныя тэндэнцыі і кірункі ў развіцці беларускай песні і айчыннай шоу-індустрыі, а месцам правядзення абмену творчым і прафесійным вопытам па просьбах удзельнікаў стаў прадзюсарскі цэнтр «Спамаш».

Госці з рэгіёнаў пазнаёміліся з педагогамі і артыстамі дзіцячай студыі мастацтваў «Malіnovka by Spamash», а таксама з салістамі прадзюсарскага цэнтра Ксеніяй Галецкай і Іванам Зданюком, наведалі заняткі па харэаграфіі і вакале, пацікавіліся крытэрыямі адбору новых артыстаў, спыталі парады, як варта падбіраць рэпертуар для ўдзелу ў конкурсах і праслухоўваннях, каб артыст «выстраліў», а яшчэ ацанілі магчымасці студыі гуказапісу і нават самі запісалі ўрывак са славутай «Малінаўкі».

— Сябры, просьба задаваць пытанні цікавыя і змястоўныя, а не толькі як падключаць апаратуру! — напаўжартам прапануе падчас экскурсіі загадчык аддзела мультымедыйных тэхналогій Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, мастацкі кіраўнік творчай лабараторыі маладых выканаўцаў Мінскай вобласці Дзмітрый Сушко.

Як праявіць таленты

Пытанні сталічным калегам прадстаўнікі рэгіёнаў задавалі канкрэтныя: напрыклад, што рабіць, калі напярэдадні важнага канцэрта ці конкурсу вядучы артыст захварэў — выступаць цераз «не магу», прапусціць альбо прапанаваць дублёра? «Гэта вельмі важнае для кожнага артыста пытанне, бо голас — наш асноўны інструмент, — адказвае педагог дзіцячай студыі, заслужаная артыстка Беларусі Наталля Тамела. — Што лепш рабіць? У кожным выпадку трэба вырашаць асобна. На ўласным вопыце ведаю, што такое выступаць хворай пад Новы год, а потым дзён на дзесяць застацца літаральна без голасу. У нас, як правіла, асноўны, знакавы рэпертуар ведаюць усе артысты, і калі можна на нейкім выступленні замяніць хворага выканаўцу на здаровага, мы гэта робім. Калі ж гаворка пра міжнародны конкурс, то перш за ўсё ідзём да ўрача-фаніятра, узважваем усе «за» і «супраць» і дзейнічаем згодна з рэкамендацыямі ўрача».

Наталля Тамела раіць педагогам і бацькам адораных дзяцей: «Не вырашайце за сваіх дзяцей, чым ім займацца, проста паназірайце, што ім цікава. Калі талент ёсць, ён праявіцца так ці інакш, а калі спяваць хоча не дзіця, а яго мама, — гэта адразу відаць і, паверце, лепш не трэба. Другі важны момант — цяпер мноства дапаможнай інфармацыі, у нас столькі не было — глядзіце відэаўрокі, наведвайце майстар-класы, слухайце добрую музыку, прыслухоўвайцеся да прафесіяналаў. Толькі, калі ласка, не рабіце з дзяцей дарослых, дайце ім пабыць самімі сабой, мілымі і кранальнымі. Няхай сабе яны нават слухаюць музыку, якая вам не падабаецца, — гэта прахадное, яно саступіць месца сапраўднаму мастацтву, калі ваша дзіця сапраўды артыстычнае і музычнае».

Дробязяў няма

«Што самае галоўнае, калі рыхтуеш артыста на конкурс?» — гучыць наступнае пытанне. «Усё, — кажа дырэктар прадзюсарскай студыі Кацярына Блізнец. — Прачытайце ўважліва ўмовы конкурсу, дзе ён праходзіць і з якой мэтай, якія патрабаванні да ўзросту выканаўцы, фармат, якія песні гучаць, хто ў журы і г. д. Далей адштурхоўвайцеся ад індывідуальнасці артыста: якія песні яму бліжэйшыя, дзе ён зможа найлепш раскрыцца і запомніцца, дапамога якіх спецыялістаў вам спатрэбіцца. Дробязяў тут няма».

«Мы стараемся ў праектах, над якімі працуем, так ці інакш задзейнічаць сваіх артыстаў, — расказвае педагогам дырэктар цэнтра Анжэліна Мікульская. — То-бок не проста выпускаць іх з вакальнай студыі або рыхтаваць адзін раз да канкрэтнай падзеі, скажам, конкурсу. Мы ствараем поўны цыкл «пад ключ»: набіраем вучняў у дзіцячую студыю, гадуем іх, шукаем вобраз і рэпертуар, выводзім на розныя сцэны. Вельмі важна працаваць у звязцы з рэжысёрамі і не толькі рабіць мерапрыемствы па заказе, але і самім нешта прыдумляць — напрыклад, мы замест творчага выпускнога, творчай справаздачы зрабілі ўвосень свой унутраны канцэрт — «залікоўнік». Гэта вельмі зручна, бо новыя вучні могуць паглядзець, да чаго імкнуцца, а тыя, хто ўжо займаецца ў студыях, — паказаць, чаму яны навучыліся. На наступны год запрашаем і вас — прыходзьце, паслухайце».

Каб не адстаць

«Ведаеце, такі майстар-клас — гэта вельмі карысная штука, — прызнаецца гукарэжысёр і выкладчык вакальнага гуртка са Старых Дарог. — Бо ёсць магчымасць пазнаёміцца асабіста і пагутарыць з артыстамі высокага ўзроўню, якіх раней ты бачыў, можа, толькі па тэлевізары, распытаць пра нейкія сакрэты прафесіі, якія будуць цікавыя вучням. У мяне іх няшмат, усяго чатыры чалавекі, бо большасць дзяцей ідзе ў музычную школу, — але хто ведае, можа, у будучым нехта з «маіх» выйдзе на вялікую сцэну?»

«Тут насамрэч вельмі сур'ёзная база і спецыялісты высокага ўзроўню, — дадае Яна Чэпрасава, кіраўнік эстраднай студыі Musіc Box Барысаўскага гарадскога палаца культуры, — і мне было важна даведацца ад іх нюансы: як наладзіць работу вакальнай студыі, як вучыць артыстаў працаваць з камерай і гэтак далей. Абавязкова абмяркуем з калегамі ў Барысаве ўсё ўбачанае і пачутае на майстар-класе».

«Нам вельмі спадабалася, што сталічныя выкладчыкі так дэталёва расказалі пра метады работы, літаральна па палічках расклалі, — падхоплівае прадстаўніца дзяржынскага Дома культуры, кіраўнік ансамбля New Talents Ірына Асадчая. — Пазнаёміліся знутры з арганізацыяй прадзюсарскага цэнтра, параўналі са сваёй работай і падумалі над тым, што трэба рэалізаваць у сябе ў калектывах. Наогул такія сустрэчы ідуць на карысць і пачаткоўцам, і вопытным кіраўнікам, бо беларуская эстрада і шоу-індустрыя развіваюцца штогод, і рэгіёнам важна не адставаць, а падхопліваць сучасныя тэндэнцыі».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота прадзюсарскага цэнтра «Спамаш»

Загаловак у газеце: Майстар-клас для рэгіёнаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?