Амаль кожны дзень вытворцы прапануюць нам новыя тавары — суперэфектыўныя пральныя парашкі, неверагодных колераў дэкаратыўную касметыку, модныя дзіцячыя цацкі і іншае. Але наколькі ўсе яны бяспечныя для чалавека і навакольнага асяроддзя?
У сённяшнім быце немагчыма абысціся без хімічных прадуктаў — тавараў, вырабленых з хімічных рэчываў і прэпаратаў. Дзякуючы такой вытворчасці на прылаўках з'яўляюцца бытавая хімія, будаўнічыя матэрыялы, розныя віды касметыкі і нават дзіцячыя цацкі. Пры гэтым многія з такіх тавараў могуць утрымліваць рэчывы, небяспечныя для здароўя чалавека і навакольнага асяроддзя. Давайце разбірацца разам.
Па словах старшага навуковага супрацоўніка лабараторыі прафілактычнай і экалагічнай таксікалогіі Навукова-практычнага цэнтра гігіены Святланы ПЯТРОВАЙ, толькі пасля таго, як спецыялісты ўпэўняцца, што адносна тавараў выконваюцца ўсе неабходныя патрабаванні бяспекі, прадугледжаныя ў Адзіных санітарна-эпідэміялагічных і гігіенічных патрабаваннях да прадукцыі (тавараў), якая падлягае санітарна-эпідэміялагічнаму нагляду (кантролю), такія тавары выпускаюцца на рынак.
— У 2021 годзе павінен увайсці ў сілу адпаведны тэхнічны рэгламент Еўразійскага эканамічнага саюза, які будзе рэгуляваць распаўсюджванне ўсёй хімічнай прадукцыі на тэрыторыі пяці краін — удзельніц ЕАЭС — яе вытворчасць, наменклатуру, імпарт, экспарт і іншае, — кажа Святлана Пятрова. — Цяпер ідзе актыўная падрыхтоўка да ўводу ў дзеянне гэтага дакумента, праводзіцца інвентарызацыя ўсёй хімічнай прадукцыі, якая знаходзіцца ва ўжытку на тэрыторыі Беларусі.
Каб вызначыць, чым небяспечнае асобнае хімічнае рэчыва для здароўя чалавека і наваколля, яно класіфікуецца і ацэньваецца ў адпаведнасці са ступенню рызыкі, якую ўяўляе. На аснове гэтай інфармацыі спецыялісты вырашаюць, абмежаваць у выкарыстанні, забараніць ці патрабаваць знайсці замену пэўным хімікатам.
Цацкі з перапрацаванага пластыку цяжка адрозніць неспецыялісту. Звычайна яны вельмі танныя, цёмнага колеру, шурпатыя навобмацак. Матэрыял мае глухі гук, такі ж, як корпус камп'ютара ці тэлевізара.
Вельмі важна, каб пра небяспеку, якую нясуць тыя ці іншыя хімікаты ў таварах, ведалі самі спажыўцы. У гэтым дапаможа маркіроўка.
— Калі чалавек бачыць надпіс, што, напрыклад, пральны парашок можа выклікаць раздражненне вачэй, то ён, зразумела, не павінен адмаўляцца выкарыстоўваць такі парашок, але пры яго прымяненні трэба пазбягаць кантакту гэтага рэчыва з вачамі, — тлумачыць Святлана Пятрова.
Што датычыцца бытавой хіміі (сродкаў па доглядзе адзення, памяшканняў, аўтамабіляў), то пры яе выкарыстанні трэба дакладна выконваць інструкцыю, не браць лішняга, захоўваць толькі да заканчэння тэрміну прыдатнасці, нічога не змешваць і, галоўнае, трымаць далёка ад дзяцей.
Есць і натуральная альтэрнатыва для бытавой хіміі. Для чысткі посуду, выдалення плям, дэзінфікавання выдатна падыдуць харчовая сода, сок лімона, воцат, кукурузны крухмал (майцэна).
Зменшыць небяспеку ад шкодных рэчываў можна не толькі праз правільнае выкарыстанне тавараў, але і праз выбар «чыстай» прадукцыі. Якіх жа рэчываў трэба пазбягаць у інгрэдыентах тавараў?
Небяспечнымі могуць стаць і тавары з перапрацаванага пластыку: кантэйнеры, канцылярскія тавары, мэбля, элементы гарадскіх збудаванняў, адзенне і абутак, пакрыццё для дарог, смеццевыя пакеты, вырабы для саду і іншае. Праблема ў тым, што новыя прадукты, створаныя з удзелам другаснай сыравіны, утрымліваюць тыя ж дабаўкі, што і зыходныя тавары (напрыклад, камп'ютары, тэлевізары і іншае электроннае і электрычнае абсталяванне), у тым ліку небяспечныя рэчывы. Трапляючы ў арганізм чалавека з перапрацаванага пластыку, стойкія арганічныя забруджвальнікі (САЗы) здольныя паражаць рэпрадукцыйную сістэму, перашкаджаць дзеянню гармонаў, негатыўна ўплываць на разумовае развіццё, увагу, памяць у дзяцей і іншае.
Кожная цацка, што рэалізуецца ў нашай краіне, павінна мець сертыфікат адпаведнасці Еўразійскага эканамічнага саюза (Мытнага саюза), наяўнасць якога гарантуе адпаведнасць цацкі патрабаванням бяспекі тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы цацак». Сертыфікат можа атрымаць як мясцовы, так і замежны вытворца.
— Каб атрымаць такі сертыфікат, тавар правяраецца ў акрэдытаваных лабараторыях, — расказвае загадчык лабараторыі гігіены дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены Наталля ГРЭКАВА. — Так, цацка павінна мець пэўныя арганалептычныя паказчыкі: пах у межах дапушчальных велічынь (а для маленькіх дзяцей і прысмак), не павінна выдзяляць шкодныя хімічныя рэчывы. Некаторыя цацкі даследуюцца на выдзяленне ў паветранае і воднае асяроддзе, усе на канцэнтрацыю цяжкіх металаў.
Хімікаты ўздзейнічаюць на чалавека праз розныя каналы: насаглотку, лёгкія, скуру і раны. Яны могуць выклікаць вострую ці хранічную інтаксікацыю, здольныя біяакумулявацца — збірацца ў жывых арганізмах. Некаторыя асобна ўзятыя хімікаты, якія не аказваюць адмоўнага эфекту на людзей, іншыя жывыя арганізмы і наваколле, пры іх адначасовым уздзеянні могуць «складвацца» і павялічваць сваё дзеянне.
Праходзяць выпрабаванні такія тавары і па цэлым шэрагу фізічных фактараў: узровень напружанасці электрастатычнага і электрамагнітнага поля, узровень гуку, лакальнай вібрацыі і іншыя.
Спецыялісты таксама вывучаюць, ці можа аказваць цацка таксічнае ўздзеянне, напрыклад, выклікаць раздражненне скуры, слізіcтай абалонкі вока, наколькі яна бяспечная па мікрабіялагічных паказчыках. Для тавараў на мінеральнай аснове — набораў для творчасці, дзе ёсць пясок, гіпс, мел, — ацэньваюцца і радыялагічныя паказчыкі.
Акрамя таго цацкі праходзяць выпрабаванні на трываласць, вастрыню даступных кантаў, устойлівасць (цацкі, прадугледжаныя для язды), герметычнасць (надзіманыя цацкі), узгаральнасць (мякканабіўныя і карнавальныя цацкі) і многае іншае.
Прайшоўшы ўсе праверкі, цацка атрымлівае пратаколы выпрабаванняў, затым выдаецца сертыфікат адпаведнасці.
Але не ўсе цацкі, якія сёння прадаюцца ў нашай краіне, маюць такія дакументы.
— Ніхто не дасць гарантыю, што цацка, купленая праз замежныя інтэрнэт-крамы AlіExpress, ці ў падземным пераходзе, будзе бяспечная, — кажа Наталля Грэкава. — Таму калі бацькі вырашаюць купіць тую ці іншую цацку для свайго дзіцяці, не маючы адпаведных доказаў яе бяспекі, яны вельмі рызыкуюць.
У якасці цацак часам прадаюцца тавары, якія на самай справе цацкамі не з'яўляюцца, напрыклад, сувенірная прадукцыя. Такія тавары не праходзяць неабходных выпрабаванняў. Не пашыраецца дзеянне тэхнічнага рэгламенту і на «цацкі» для дзяцей з 14 гадоў — напрыклад, дроны, верталёты з радыёкіраваннем ды іншае.
Тэхрэгламент Мытнага саюза 005/2011 «Аб бяспецы ўпакоўкі» забараняе выкарыстоўваць упакоўку з другаснага пластыку для вытворчасці прадукцыі для дзяцей, напрыклад у дзіцячым харчаванні.
Існуюць праблемы і з правільным выкарыстаннем набораў касметыкі для лялек. Яны не адносяцца да касметычных сродкаў, таму такія цені ці памаду дзіця можа наносіць толькі ляльцы на вочы, а не карыстацца імі самому. Пры гэтым касметыка для дзяцей, як і іншыя касметычныя сродкі, павінна адпавядаць тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы парфумерна-касметычнай прадукцыі».
Шкодныя хімічныя рэчывы, што ўваходзяць у састаў цацкі (напрыклад, фармальдэгід ці фенол), могуць выклікаць алергічную рэакцыю, а пры працяглым уздзеянні — стомленасць, скурныя раздражненні, праблемы з дыханнем. Чым больш такіх цацак у акружэнні дзіцяці, тым мацнейшы ўплыў аказваюць хімічныя рэчывы.
— Модныя сёння слаймы, пасты для лепкі, якія звычайна маюць доўгі кантакт са скурай, могуць выклікаць алергічныя праявы, калі ўтрыманне якога-небудзь рэчыва з яго саставу перавышае нарматыў, — кажа Наталля Грэкава. — Таму калі вы ў пераходзе купілі такую цацку, зробленую з матэрыялаў незразумелага паходжання, без указання саставу, — яе бяспеку гарантаваць немагчыма.
Вераніка КОЛАСАВА
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.