Вы тут

Як шчэпавая птушка шчасця стала нацыянальнай каштоўнасцю Беларусі


І сімвалам Бярозаўскага раёна

Традыцыя вырабу птушкі-абярэга з расшчэпленай драўніны існуе ў гэтым палескім куточку не адно стагоддзе. І з часам яна набыла адметныя рысы і форму, якія надаюць птушцы лёгкасць і здольнасць рэагаваць на самы нязначны рух паветра. Абрысамі ўнікальны выраб нагадвае матуліну далонь альбо сонечны дыск, што ахінае чалавека і аберагае ад злых сіл.


Работа Аляксандра Пракапчука.

Птушку выраблялі і як забаўку для дзіцяці. Яна ахоўвала ад «дрэннага вока» і іншых няшчасцяў, а ў часы вялікіх свят ёю ўпрыгожвалі покуць. Падвешвалі пад столь на Каляды: лічылася, што ў гэты час жыллё найбольш неабароненае ад злых чараў. Пасля святаў драўляную птушку спальвалі ў печы, каб з дымам сышло з хаты ўсё нядобрае.

Сёння ўнікальны выраб выкарыстоўваюць для аздаблення інтэр’ераў і як сувенір, які адлюстроўвае этнічную спецыфіку гэтага палескага рэгіёна. Дакладней, у вёсках Галавіцкія, Перасудавічы, Стаўкі, Судзілавічы, Шылін Бярозаўскага раёна. А таксама ў вёсцы Заверша Драгічынскага раёна. Тры гады таму тэхналогія вырабу шчэпавай птушкі-абярэга, характэрная для Бярозаўскага раёна, была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Як жа ствараецца ўнікальны сімвал?

— Для вырабу птушкі падыходзяць свежаспілаваныя асіна, вольха ці ліпа. Адпілоўваюцца чурачкі з роўнай структурай валокнаў, якія расколваюцца сякерай на дошчачкі ўздоуж па валокнах. Атрыманую нарыхтоўку абстругваюць з усіх бакоў і дзеляць на часткі згодна з памерамі птушкі, — распавяла дырэктар Бярозаўскага раённага Цэнтра рамёстваў Наталля Кавалевіч. — Потым майстар бярэ два тоненькія брусочкі і нож з тонкім і вострым лязом. З першага бруска ствараюцца галава, тулава і хвост птушкі, з другога — крылы. Што да крылаў, то спачатку майстар выразае ўзор — замок — упрыгожванне перынак, затым абодва канцы брусочка расшчапляе ўздоўж валокнаў як мага танчэй і па магчымасці на большую, але аднолькавую колькасць перынак, а затым разводзіць у бок — у напрамку хваста. Пажадана, каб у кожным крыле атрымалася больш як дзесяць перынак. Калі абедзве часткі збіраюцца ў птушку, то разам з перынкамі хваста змыкаюцца ў кола. Дасканалая і прыгожая форма птушкі адчувальная да самага маленькага павеву паветра.

На жаль, птушкі старога вырабу не захаваліся, але на тэрыторыі раёна яшчэ ёсць людзі, якія ўмеюць іх вырабляць і памятаюць, як такіх птушак стваралі ў пачатку мінулага стагоддзя. Сяргей Юркевіч, што жыве ў Бярозе, навучыўся рабіць іх самастойна, гледзячы на старых майстроў, і ўжо 40 гадоў удасканальвае сваё майстэрства. Дарэчы, Сяргей Юркевіч удзельнічаў у І Рэспубліканскім конкурсе рэзчыкаў па дрэве, які ладзіў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці дваццаць гадоў таму, і стаў яго пераможцам у намінацыі «Дзіцячая цацка».  

Работа Мікалая Галабурды.

 — Метадыст нашага цэнтра рамёстваў Аляксандр Лаўрыновіч ужо сем гадоў авалодвае сакрэтамі стварэння шчэпавай птушкі, а з пачатку 2013 года праводзіць майстар-класы па вырабе птушкі — як у цэнтры, так і на выязных майстар-класах,  — зазначае Наталля Іванаўна. — Сёння не толькі Аляксандр Лаўрыновіч, Сяргей Юркевіч, але і Аляксандр Пракапчук з’яўляюцца пераемнікамі сакрэтаў рамяства, вырабляюць класічныя формы птушкі з адметнымі асаблівасцямі, характэрнымі для індывідуальнай творчасці. Нашы майстры рэгулярна ўдзельнічаюць у розных выстаўках, бяруць удзел у святах народнай творчасці, бо драўляная птушка вабіць вока як малых, так і дарослых.

Сённяшнія носьбіты ўнікальнай традыцыі імкнуцца перадаць майстэрства моладзі, таму што лічаць сваё ўменне ўнікальнай каштоўнасцю, якая не павінна згінуць у імклівым сучасным свеце. Першасная задача для маладых  — адаптаваць шчэпавую птушку да сучаснасці.

— Што асабліва радуе і здзіўляе  — сакральнасць і незвычайнасць птушкі асабліва адчуваюць дзеці,  — заўважыла Наталля Кавалевіч. — Ва ўсе часы было важна далучыць новае пакаленне да старажытных ведаў продкаў, бо забывацца пра іх — гэта ўсё роўна што не звяртаць увагу на існуючую сувязь пакаленняў. Адраджаючы старажытныя традыцыі, мы далучаемся да незаслужана забытых ведаў, успамінаем свае карані: хто мы і дзе наша малая радзіма з яе багатымі традыцыямі, звычаямі і дзіўнымі для камп’ютарнага веку рамёствамі.

Раіса МАРЧУК

Фота Наталлі Кавалевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».