Грай, Дудар



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Грай, Дудар

Да 115–годдзя Алеся Дудара

А калісьці ніводнае беларускае свята не абыходзілася без дудароў. Дудар — не проста музыка, а міфалагічны голас лёсу — сустракаў новага чалавека на яго хрэсьбінах, вітаў пераход ад дзяцінства да дарослага жыцця на вяселлі, праводзіў у апошні шлях на хаўтурах. А яшчэ ніводны ваярскі паход на Літве, вялікі ці малы, пераможны або безнадзейны, ніколі не абыходзіўся без дудара. Дудары, бясстрашныя і мужныя, ішлі наперадзе войска, даючы змагарам сілу, веру і ваяўнічы адчай.

Алесь Дудар

Дуда згадваецца ў архаічных касмаганічных міфах беларусаў, з дуды пачынаецца голас беларускага сусвету, дуда плача і смяецца ў беларускіх песнях і прыпеўках, а яе гаспадары — дудары — увасабляюць сабой суровы, з балтыйскім сярэдневечным водсветам, ваяўнічы тып песняра. Гэта не гусляр з яго эпічнай развагай і роздумам, не лірнік з мяккім лірызмам і тугой. Дудар — гэта заўсёды гучна, важка, чутна, неадменна.

Гэта трэба было патрапіць у самы яблычак — ухапіць сабе такі псеўданім. Гучнае і шматсэнсавае «дудар» надзейна, ад самай першай публікацыі ў прэсе ў 1921 годзе (аўтару — шаснаццаць гадкоў!), атаясамілася менавіта з ім: маладым, прыгожым, амбітным хлопцам, які адразу вызначыў сябе песняром выразнага грамадзянскага пафасу, паэтам прамога публіцыстычнага выказвання, бясстрашна шчырым у інтымнай адкрытасці лірыкам. Калі іншых паэтаў сярод сваіх звалі ласкава «Уладзікам», «Валькам», «Толькам» — гэтага паміж сабой клікалі толькі «Дудар».

У дваццаць шостым годзе дуду спрабаваў быў выкарыстаць у паэтычным псеўданіме яшчэ адзін таленавіты і амбітны юнак: першыя вершы Аркадзя Куляшова падпісаны іменем «А.Дуда». Гэта было хуліганскае рашэнне: на тых самых старонках тых самых газет ужо пяць гадоў гучаў «А.Дудар». Цягацца з Алесем Дударом паэту–пачаткоўцу тады было немагчыма: заснавальнік «Маладняка» і двух яго філій, сакратар адпаведнага часопіса, хлёсткі публіцыст, скандальны крытык, — але ж паспрачацца нават на ўзроўні прэтэнзіі на дуду хацелася, хаця і не атрымалася.

Праўда, Уладзімір Дубоўка яшчэ ў дваццаць чацвёртым годзе казаў Дудару: маўляў, нашто табе псеўданім наогул, як маеш такое гучнае і асэнсаванае ўласнае прозвішча? Дайлідовіч — дойлід, будаўнік, творца ў камяні, выразна беларускае, выразна творчае, выразна ўзнёслае, яно само як спецыяльна створана для паэта — навошта пры такім прозвішчы нешта яшчэ прыдумляць? Але было ўжо позна: дваццацігадовы Алесь Аляксандравіч Дайлідовіч на той момант быў ўжо не хто іншы, як Алесь Дудар.

Калі чалавек жыве такое кароткае жыццё — а Дудару было адмерана трыццаць два гады, — кожная падзея і кожны факт біяграфіі набывае асаблівыя ёмістасць і значэнне.

Шурка Дайлідовіч нарадзіўся ў снежні 1904 года — ці то 23–га, як указана ў яго вучнёўскіх дакументах і літаратурных партрэтах дваццатых, ці то 24–га чысла — менавіта яно чамусьці з’явілася ў якасці кропкі адліку Дударова жыцця ў пазнейшых энцыклапедычных тэкстах. Бацька яго ў 1904 годзе спрабаваў карміць сям’ю з зямлі: узяў у арэнду надзел у Навасёлках, на самай ускраіне беларускага сусвету — Мазыршчына, бераг Прыпяці, палесскія пабярэжныя гушчары. Зямля там, у Навасёлках, складаная: белы прыпяцкі пясочак, няма за што караням зачапіцца. Таму ў хуткім часе Дайлідовічы адмаўляюцца ад арэнды і пераязджаюць на Случчыну, у вялікую і не надта багатую, але ж па–слуцку ўрадлівую вёску Таль. «Хачу спяваць пра тую сінь, што першую спаткала вока», — напіша потым Алесь Дудар пра слуцкае неба. З Талі лёс гоніць сям’ю на захад: Мар’іна Горка, Талька, і нарэшце Мінск. Тут Аляксандр Дайлідовіч–старэйшы ўладкоўваецца канторшчыкам ва ўпраўленне Маскоўска–Брэсцкай чыгункі і заключае дамову на арэнду кватэры на вуліцы Правадной, дом 15. На гэтай вуліцы, што цягнулася ўздоўж чыгуначнай веткі, якая злучала паміж сабой Лібава–Роменскую і Маскоўска–Брэсцкую чыгункі (сёння гэта тэрыторыя мінскага метро паралельна сучаснай вуліцы Фабрыцыуса), і ў гэтым доме Дайлідовічы пражывуць ажно да канца пяцідзясятых, адсюль паэта Алеся Дудара выведуць «рукі за спіну», каб пасадзіць у «варанок».

Правадная

Быць сынам чыгуначніка — гэта значыла шмат. Па–першае, адносны матэрыяльны дабрабыт. Чыгуначнікі, працоўная эліта тагачаснага Мінска, маглі забяспечыць свае сем’і лепей за іншы пралетарыят. Па–другое, адносная ўнутраная свабода і апазіцыйныя настроі. Мінскія чыгуначнікі на пачатку стагоддзя вылучаліся выразнай палітычнай пазіцыяй, і ўлады лічыліся з ёй — бо як забастуе чыгунка, спыніцца жыццё. Па–трэцяе, магчымасці якаснай адукацыі. Для дзяцей чыгуначнікаў працавалі арганізаваныя і фінансаваныя чыгункай школы, а для асабліва патрабавальных існавала субсідыя на навучанне ў найдаражэйшай прыватнай гімназіі горада — гімназіі К.  Фальковіча і С.  Зубакіна. Туды і аддалі дзесяцігадовага Шурку клапатлівыя бацькі. У адным класе з малым Дайлідовічам вучыліся, напрыклад, сын піўнога магната Лекерта, сын самога С.  Зубакіна — статуснае асяроддзе. Але павучыцца тут давялося ім толькі год: у 1914–м у сувязі з падыходам фронта Першай сусветнай гімназія была закрыта, а ўсім вучням былі выдадзены адпаведныя дакументы — маўляў, просім прымаць нашых навучэнцаў у любыя класы любых навучальных устаноў імперыі па–за конкурсам у сувязі з вайной.

Сем’і чыгуначнікаў эвакуіравалі арганізавана, абяцалі жытло і камфорт на новых месцах, каб бацькі, якія не падлягалі эвакуацыі, адпускалі сваіх сямейнікаў з лёгкім сэрцам. Аднак на практыцы ўсё аказалася цяжэй. Вольга Іванаўна Дайлідовіч выехала з Мінска з дзесяцігадовым сынам і паўгадавалай дачушкай на пачатку верасня, а з пятага чысла Масква перастала прымаць эшалоны з бежанцамі: горад быў перапоўнены. Цягнікі перанакіроўвалі на Тамбоў. На вялікіх станцыях бежанцы стаялі суткамі: чыгунка не спраўлялася з патокам ваенных цягнікоў на Захад і бежанскіх на Усход. Пачаліся эпідэміі, не хапала ежы, людзі вар’яцелі ад невядомасці і трывогі. Праз дзесяць дзён пасля ад’езду з Мінска эшалон, у якім ехалі жонкі і дзеці мінскіх чыгуначнікаў, захрас у Казлове. І тут жанчыны не вытрымалі: яны пабралі дзяцей і рэчы, рушылі з вакзала ў цэнтр горада і штурмам узялі казлоўскую гасцініцу «Трансвааль». Выкінуць іх з занятых нумароў ніхто ўжо не змог. Вольга Іванаўна, жанчына надзвычай мужная і моцная, заняла трэці нумар «Трансвааля». Тут яна з дзецьмі пражыла усе пяць гадоў эвакуацыі. Шурку прынялі ў другі клас класічнай мужчынскай гімназіі горада Казлова 25 верасня 1914 года.

Пра ўзровень адукацыі ў гэтай гімназіі красамоўна сведчыць той факт, што ажно тры навучэнцы яе, што сядзелі ў адным класе поплеч — будучы беларускі паэт Алесь Дайлідовіч–Дудар, будучы расійскі анатам і рэнтгенограф Міхаіл Прывес і будучы старшыня Камітэта па атамнай энэр- гетыцы СССР Канстанцін Мешчаракоў — увойдуць у гісторыю навукі і культуры сваіх краін.

Дудар–гімназіст, 1914 год

Тут, у Казлове, Алесь Дайлідовіч пачынае ўсведамляць сябе беларусам. У яго бібліятэцы, якую «кніжны хлопчык» Шурка пачаў збіраць яшчэ гімназістам і штампаваць асабістым штампам з нумарамі, пад нумарам 21 фігуруе кніжка «Славянские бывальщины» Апалонія Карынфскага, дзе на старонцы 12 падзагаловак чарговай бывальшчыны перапраўлены чырвоным хімічным алоўкам з «літоўскай былі» на «беларускую». У караценькай аўтабіяграфіі 1923 года Дудар успомніць: «Першы раз пазнаў беларускае друкаванае слова ў 1917 годзе ў Мінску, прачытаўшы нумар газеты “Вольная Беларусь”. Але найбольшае уражаньне на мяне зрабіла газэта “Дзянніца”, якая выпадкова папала неяк у чытальню Казлоўскага гарсавету, дзе я быў штодзённым госьцем. Яна зрабіла на мяне ўражаньне непаўтарымае і з боку зьместу, і з боку формы (мовы) — гэта было для мяне нешта новае і адначасна даўно знаёмае і зразумелае. Гэты нумар газэты я па несьвядомасьці сваёй скраў з чытальні і ён у мяне захоўваўся некалькі гадоў».

Вольга Дайлідовіч з дзецьмі Алесем і Жэняй у эвакуацыі ў Казлове, 1915 год

Але самае сапраўднае пачалося ўжо ў Мінску, куды Дайлідовічы, не сцярпеўшы, паляцелі ў 1918 годзе: у самую куламесу палітычнай няпэўнасці, рознаўладдзя, польска–савецкіх ваенных канфліктаў і чалавечых драм. Але што да таго маладосці! Пятнаццацігадовы Шурка надзейна закідвае далейшае школьнае вучэнне, прыбіваецца да «Беларускай хаткі», пачынае пісаць вершы і граць у спектаклях. У 1921 годзе адбудуцца дзве лёсавызначальныя падзеі ў яго жыцці: «Савецкая Беларусь» надрукуе першыя вершы — ужо пад псеўданімам «Дудар», а сусед па вуліцы Правадной (іх кватэры — у адным доме, проста побач, другая — Дайлідовічы, трэцяя — Галубкі) запросіць маладога шалапута, што бадзяецца па горадзе без пэўных заняткаў або ляжыць дома з кніжкай, акцёрам у свой вандроўны тэатр.

Вольга Іванаўна ў 1931–м

Паўтара года малады паэт Алесь Дудар будзе вандраваць з трупай Галубка па беларускіх мястэчках і вёсках, выходзіць на сцэну ў працоўных клубах Мінска, танчыць «Юрачку» і спяваць у хоры, цягаць на сабе дэкарацыі і рэквізіт, прыдумваць паэтычныя нумары ў антрактах і вучыцца беларускаму публічнаму слову — настаўнік з Уладзіслава Галубка быў мо яшчэ больш таленавіты, чым рэжысёр. У 1923–м вучоба дае плён: дзевятнаццацігадовага юнака запрашаюць у склад рэдакцыі «Савецкай Беларусі». З гэтага моманту і да самага апошняга арышту галоўным месцам яго працы заўсёды будзе газета або часопіс.

Адсюль распачынаецца самы яркі перыяд Дударова жыцця: шэсць гадоў надзвычай актыўнай творчасці, выхаду паэтычных зборнікаў, бясконцых выступленняў з лекцыямі і вершамі, гарачых літаратурных дыскусій, брутальных крытычных тэкстаў і акцый культурніцкага супраціву. Дудар — адзін з распачынальнікаў «Маладняка», арганізатар рэгіянальных філій, сакратар адпаведнага часопіса, кіраўнік філіі Мінскай, аўтар і першы падпісант адкрытых лістоў у абарону беларусізацыі, заўважны (хаця і скандальны) крытык, таленавіты празаік. Яго любяць і не прымаюць, з ім пагаджаюцца і ім пагарджаюць, сварацца і шчыра сябруюць, яго можна ўхваляць або ненавідзець — але нельга абмінуць. Там, дзе жыве і віруе маладая беларуская літаратура, — абавязкова б’е маладым запалам Алесь Дудар.

Хто прайшоў — галаву павесіў.
(Міліёны пудоў у гадах.)
Ну, а я малады — мне весела
разагнацца ў мяцежную даль.

Мне жыццё — сусветнае свята,
мне прапоны — большы разгон.
Я цяпер без багацця багаты
на зары квітнеючых дзён.

Гэта кроў не баіцца смерці,
гэта сэрца распаліць лёд,
гэтых думак кіпучага смерчу
не абгоніць птушыны лёт.

Вось вышэй бы за ўсіх узняцца,
я увесь — непакорны шквал.
Што ж рабіць, калі дух юнацкі
агарнуў ваяўнічы запал!

Антон Луцкевіч адгукнецца на гэты верш ажно з Вільні, вітаючы шчырую інтанацыю і свежую вобразнасць агнявых радкоў, затое Адам Бабарэка абзавецца на аўтара «бясклопатнікам» і сурова ўкажа на адсутнасць глыбіні і зместу ў павярхоўна эмацыйных строфах. Як бы тое ні было, кожны зборнік Алеся Дудара становіцца заўважнай падзеяй, кожнае выступленне ў прэсе — інфармацыйнай нагодай.

Дудар ля Купалавага дома

Ён эксперыментуе з рыфмамі і рытмамі, дадаючы звычайнай «маладнякоўскай» паэзіі бездакорнага густу і ідэальнага памеру. У яго лірыцы, што адзначалася выразным грамадзянскім пафасам, ўсё мацнее імкненне да «паэзіі чыстай красы», дзе развагі над анталагічнымі пытаннямі і эстэтычнымі катэгорыямі ўкладаюцца ў выкшталцоную паэтычную форму.

Заблудзіла зялёная зорка —
Атуманіў яе сусьвет…
У зарніц залатой паласе
Заблудзіла зялёная зорка.

І вандруе ў срыбрыстай расе
І шукае дарогі ў змроку…
Заблудзіла зялёная зорка —
Атуманіў яе сусьвет.

Асаблівасці характару — а гэта прастадушны і ўпарты, шчыры і адкрыты змагар за сваё бачанне паэзіі і гісторыі, — не даюць Дудару заставацца ў баку ад самых гарачых тэм публічнага літаратурна–палітычнага дыскурсу. «Тэатральная дыскусія», у якой беларускія культурнікі адстойвалі права беларускага тэатра на ўласны творчы шлях, «ліст трох», у якім студэнты БДУ супрацьстаялі згортванню беларусізацыі, «ліст сямі», у якім літаратары выказвалі заклапочанасць нацыянальнай палітыкай партыі, — ніводны з гэтых палітычных скандалаў дваццатых не абышоўся без самага актыўнага ўдзелу Дудара. Адначасова, баронячы ўласнае дзіця, «Маладняк», Дудар пачынае ў прэсе жорсткае цкаванне сваіх літаратурных сапернікаў — згуртавання «Узвышша», не заўважаючы за напругай публічнай дыскусіі безумоўных вартасцей і прагрэсіўных памкненняў сваіх былых паплечнікаў па «Маладняку». Тое, што шлях «Узвышша» быў унутраным шляхам і самога Дудара, стане зразумелым у 1927–м, калі гарачы абаронца пралетарскай паэзіі кіне «Маладняк» і далучыцца да суполкі «Полымя».

Наогул ён пасталее: пачне пісаць кароткую прозу, выдасць зборнік крытычных артыкулаў, ажэніцца, у рэшце рэшт. Улюбёнец мінскіх студэнтак, творчыя сустрэчы з якім заўсёды захлыналіся хвалямі цыдулачак «таварыш Дудар, дазвольце з вамі пазнаёміцца» (і таварыш Дудар дазваляў!), прывядзе ў свой пакойчык на Правадной маладую жонку, паэтку– маладнякоўку Наталлю Вішнеўскую.

Усяго жыцця ім было меней за год: у сакавіку 1929–га Алесь Дудар будзе арыштаваны за контррэвалюцыйны верш «Пасеклі край наш папалам», правядзе тры дні ў турме і тыдзень — пад хатнім арыштам, а потым пад канвоем выедзе ў Смаленск, у высылку на тры гады. У гэтым самым годзе Наталля завочна развядзецца са сваім небяспечным мужам і выйдзе замуж за яго сябра Алеся Звонака.

Цяпер усё паляціць пад адхон. Апошні зборнік вершаў Дудара будзе зняты літаральна з тыпаграфскай машыны. Ён будзе выключаны са складу ўсіх творчых аб’яднанняў. У прэсе з’явяцца артыкулы з асуджэннем яго пазіцыі і дзейнасці. У 1930–м, проста ў высылцы, яго арыштуюць зноў, гэтым разам — па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі».

Паэт спрабуе ўратавацца ўсімі магчымымі спосабамі. Ён дасць шчырыя паказанні следчым, у якіх пакаянна выкрые свае нацдэмаўскія погляды (і адначасова ўратуе ад падазрэнняў былую жонку Наталлю Вішнеўскую, суседа па кватэры Уладзіслава Галубка і сяброў па рэдакцыі «Савецкай Беларусі»). Ён надрукуе шчыры павінны верш «Ліст да рэдактара» ў «Полымі» (і адначасова — адчайную паэму «Экзотыка», у якой выкажацца супраць каланізатараў). Яго сапраўды не вышлюць разам з усімі ў Сібір, а адправяць дабываць першую высылку ў збрыдлы, але ж недалёкі Смаленск. У 1932–м ён вернецца дадому.

Да смерці застанецца пяць гадоў.

Алесь Дудар у 1934–м

У гэтыя гады Алесь Дудар — найперш перакладчык. Аб тым, каб выдаць уласны зборнік вершаў, немагчыма і марыць. Двойчы арыштаваны, паэт становіцца персонай нон–грата ў афіцыйным літаратурным працэсе. Не можа ён сабе дазволіць і яскравай публіцыстыкі: усё, што ідзе ў друк, — бяскрыўдныя нарысы з палёў сацыялістычнага будаўніцтва. За апошнія пяць гадоў ён надрукуе літаральна паўтара дзясяткі вершаў — усе ідэалагічна вытрыманыя, хаця і па–ранейшаму густоўныя. Затое Дудар шчыруе на ніве перакладу. «Жаніцьба Фігара» француза Бамаршэ і «Крылы авіяспіралі» украінца В.  Кузьміча, зборнік вершаў паляка С. Стандэ і «Германія. Зімовая казка» немца Гейнэ, «Фаўст» Гётэ і «Анегін» Пушкіна — нешта выйдзе асобнымі кнігамі, нешта застанецца ў рукапісах, але ахоп жанраў, моўны дыяпазон і якасць перакладаў уражваюць. Надзвычайныя лінгвістычныя здольнасці Алеся Дудара: і з французскай, і з нямецкай, і, вядома ж, з польскай, украінскай і рускай ён перакладае сам, без дапамогі «падрадкоўшчыкаў» — робяць яго адным з самых актыўных і запатрабаваных перакладчыкаў трыццатых. Ён уступае ў Саюз пісьменнікаў БССР — але галоўным літзгуртаваннем для яго цяпер становіцца хуліганскі ТАВІЗ, «Таварыства аматараў выпіць і закусіць», якое аб’ядноўвае «ўнутранае падполле» беларускай літаратуры: у паседжаннях за пляшкай віна і няхітрай закускай прымаюць удзел Міхась Багун і Валер Маракоў, Тодар Кляшторны і Алесь Звонак. Раз–пораз у цэнтральнай прэсе ганяць і ўшчуваюць «багемшчыкаў» з ТАВІЗа правільныя таварышы.

Калі б можна было, ён і свае вершы цяпер пісаў бы зусім па– іншаму. У тых рэдкіх радках, што з’яўляюцца ў друку ў апошнія яго гады, — усё тыя ж мера густу і майстэрства, але ж і новая глыбіня, і аб’ёмная думка.

Жыццё імчыцца ў даль за семафоры,
Дзе ціш палёў, дзе гулкія лясы,
Дзе сінню разатканыя прасторы
Птушыныя калышуць галасы.

А тут, за вадакачкаю цыбатай,
Ў балотцы жабы стогнуць цэлы дзень,
Мычаць каровы, сцежкі пахнуць мятай,
Ад ліп старых паўзе маўклівы цень.

Тут сонца колеру чырвонай медзі
На насыпах пад вечар зіхаціць;
Ля будкі барадатыя суседзі
Сышліся перад сном пагаманіць.

А на пероне ўвечары дзяўчаты
Глядзяць прыветна ў вокны цягнікоў
І парамі вяртаюцца дахаты,
Да звыклых кветак і нязвыклых сноў…

У сярэдзіне кастрычніка 1936 года Алесь Дудар прачытае са сцэны Дома пісьменнікаў шостую главу свайго сенсацыйнага перакладу «Яўгенія Анегіна» (упершыню «Анегін» — па–беларуску!). Напрыканцы месяца здасць у выдавецтва белавы рукапіс перакладу. У ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада яго арыштуюць па хатнім адрасе на вуліцы Правадной трэці — і апошні — раз. Праз год допытаў і катаванняў — расстраляюць.

Пляменніца яго, Лідзія Маркаўна Малініна, раскажа потым: «У сям’і пра яго не расказвалі, баяліся, проста я ў адзін момант заўважыла, што ў нас дома кагосьці няма. Што кагосьці ўвесь час чакаюць. А калі выйшаў дзесяцігадовы тэрмін — сваякам жа сказалі, што ім далі па дзесяць гадоў, — Вольга Іванаўна пачала яго чакаць і ўголас, кожны дзень. Як грымне нешта на двары або пачуецца мужскі гоман — яна кідаецца да акна: «Шурка прыйшоў!”»

Але ён так і не прыйшоў.

Калі ты рушыш, няхай без зброі, а ўсяго толькі з дудой, наперадзе войска — ты наўрад ці дойдзеш да перамогі.

Але і без цябе войска наўрад ці дойдзе.

Прынамсі, у гэтым упэўненыя ўсе дудары.

Ганна СЕВЯРЫНЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».