Вы тут

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя


«Са звычайным посудам нічога не параўнаецца! Раней наліваў суп у гэтую пластыкавую талерку, а яна ўся гнулася. Вось і думай, як данесці ежу да чалавека», — кажа каардынатар грамадскай арганізацыі «Водгук» Валерый Еранкевіч. Кожны будні дзень мужчына корміць абедамі ў Мінску каля 70 чалавек, якія з розных прычын засталіся без дому і сродкаў на пражыванне. Узімку, калі гарачае харчаванне асабліва неабходна, гэта лічба павялічваецца ўдвая. Існуе такі пункт выдачы ежы выключна на спонсарскія грошы. За год толькі на аднаразовы посуд траціцца каля 1200 долараў, а трэба ж яшчэ купляць прадукты, аплачваць камуналку і дапамагаць людзям аднаўляць дакументы — таму кожная капейка лічыцца.


Цэнтр экалагічных рашэнняў перадаў арганізацыі металічны посуд і пасудамыечную машыну, каб яна магла крыху сэканоміць на расходах, а таксама скараціць колькасць пластыкавага смецця.

Месца, дзе бяздомныя могуць адзін раз на дзень бясплатна паесці, знаходзіцца недалёка ад метро. Калісьці тут быў дзіцячы садок, але даўно не фарбаваныя сцены і дзверы ўжо мала пра гэта нагадваюць. На будынку няма спецыяльнай шыльды. Той, каму трэба, і так ведае сюды дарогу.

Пакой, дзе стаяць вялікія сталы, ужо амаль запоўнены. Разам з намі заходзіць яшчэ некалькі бабулек з торбамі і садзяцца побач з астатнімі. Усе чакаюць абеду. Хтосьці сядзіць моўчкі, хтосьці пра нешта гутарыць. Аднак як толькі з'яўляецца відэакамера ці фотаапарат, большасць пачынае хавацца, асабліва гэта не падабаецца жанчынам, яны просяць іх не здымаць.

У гэты час на кухні ўвіхаецца Валерый. Сёння ён гатуе кіслую капусту на першае і рыс з мясам на другое. А замест кампоту разлівае ў шкляначкі салодкі напой. Пакуль раскладвае ежу ў новыя талеркі, расказвае пра сваё жыццё і пра тое, як апынуўся тут:

— Прыйшоў да гэтага праз веру. Зразумеў, што, нават калі табе дрэнна, трэба дапамагаць тым, каму яшчэ горш. У мяне ў жыцці таксама ўсякае было, але п'янкі-гулянкі да дабра яшчэ нікога не давялі. Я шмат паездзіў па свеце, працаваў у цыганскай суполцы ў Падольску, у розных рэлігійных рэабілітацыйных цэнтрах. Бачыў, як людзі паміраюць ад сваіх слабасцяў. Я заўсёды кажу, што чалавек сам нясе адказнасць за свае ўчынкі. Аднак памыліцца можа кожны, таму шанц выправіцца павінен быць ва ўсіх. Да таго ж ёсць людзі, якія проста апынуліся заложнікамі сітуацыі, — кагосьці падманулі сваякі, кагосьці «чорныя рыэлтары». Да нас з кожным годам прыходзіць усё больш старых і хворых людзей. Не пускаем мы толькі п'яных. Калі яны знайшлі грошы на выпіўку, могуць знайсці і на ежу. З бяздомнымі я працую дваццаць гадоў, непасрэдна кармленнем займаюся чацвёрты год. Я ж кухар па адукацыі.

Двое мужчын расстаўляюць талеркі з гарачай ежай на падносы і хутка нясуць іх у пакой. Насамрэч часу не так шмат, хутка прыйдуць яшчэ людзі, бо ўсіх адразу размясціць не атрымліваецца. Кормяць бяздомных тут на працягу дзвюх гадзін пяць дзён на тыдзень акрамя выхадных.

— Сёння ў нас вельмі добрая падзея. З гэтага дня мы пачнём есці з металічнага посуду, каб, па-першае, утвараць менш пластыкавага, а па-другое, сэканоміць грошы, за якія мы куплялі аднаразовы посуд. Гэтыя сродкі можна накіраваць на больш карысную справу. Напрыклад, на аднаўленне дакументаў, — радуецца Валерый, пакуль валанцёры расстаўляюць талеркі.

— Дзякуем Богу, што ён пабудзіў вас на такія дзеянні, — адказвае адзін з мужчын, і яго адразу падтрымліваюць астатнія.

Дарэчы, бяздомныя могуць прыйсці сюды не толькі паесці: за гадзіну да абеда альбо сам Валерый, альбо запрошаныя прапаведнікі выступаюць з прамовай, каб падтрымаць слабых людзей і накіраваць аблудных.

Арцёму 47 гадоў. Першы раз на такі абед ён прыйшоў мінулым летам. З тых часоў працуе тут валанцёрам. Пра тое, як апынуўся ў такой сітуацыі, мужчына гаварыць не вельмі хоча. Адзначае толькі, што так склаліся абставіны.

— Проста прыходзіць есці і сыходзіць я не мог, таму вырашыў застацца валанцёрам. Я чалавек такі, калі мне дапамагаюць, то і я дапамагаю, — расказвае Арцём, пакуль мые і расстаўляе чыстыя талеркі. — У мяне праблемы з дакументамі, таму работу знайсці складана, цяпер я спрабую іх аднавіць. Раблю ўсё сам, бо так прывык. Жыву пакуль у сяброў. Прыходжу амаль кожны дзень, часам застаюся дзяжурыць і на выхадных. Усяго нас тут чацвёра валанцёраў — Валерый старшы, яшчэ некаторыя бабулі часта застаюцца. Яны прыбіраюць са сталоў, выносяць смецце, падмятаюць.

З надыходам зімы неабходнасць у гарачай ежы з'яўляецца ў большай колькасці людзей. Летам ёсць грыбы, ягады. Арцём адзначае, што шмат хто сабе зарабляе іх продажам.

У пакоі пачынаюць есці і адначасова з гэтым задаваць пытанні супрацоўнікам Цэнтра экалагічных рашэнняў пра тое, калі запрацуе дэпазітна-залогавая сістэма, пачым яна будзе прымаць бутэлькі, чаму і куды знікала папяровая ўпакоўка.

— Што вы здзіўляецеся, яны пра ўсё ведаюць. Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі, — адзначае Валерый.

У пункце выдачы ежы заўсёды патрабуюцца прадукты (асабліва цэніцца сала, бо яго можна даць з сабой), гаспадарчае мыла, цёплыя рэчы (шапкі, шалікі, рукавіцы і г. д.), чыстая бялізна, таксама спатрэбіцца і посуд, бо шклянкі могуць разбіцца, талеркі і лыжкі — згубіцца. І вельмі патрэбны валанцёры!

— Гэтай ініцыятывай мы хацелі паказаць, што дапамагаць нескладана. Камплект металічнага посуду каштуе ўсяго два рублі, мы за каву больш плацім, — падкрэсліла супрацоўніца Цэнтра экалагічных вырашэнняў Марыя Сума. — Усе праблемы — і сацыяльныя, і экалагічныя — вельмі звязаныя. Немагчыма вырашаць экалагічныя пытанні і быць абыякавымі да сацыяльных.

Абед для першых дваццаці чалавек заканчваецца, людзі пачынаюць сыходзіць. Валанцёры, якія, здаецца, ніводнага разу не прыселі, накрываюць на стол. І праз некалькі хвілін у пакоі зноў чуваць стук лыжак.

Кацярына ЦІТОВА

Фота Таццяны КУЗНЯЦОВАЙ

Загаловак у газеце: Замест аднаразовага посуду — прадукты і дакументы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.