Вы тут

Шрага Царфін: схаванае становіцца яўным


Па выстаўцы «Шрага Царфін. Той, хто вядзе да святла» ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі трэба хадзіць са знаўцам. З такім, напрыклад, як Юрый Абдурахманаў, галоўны куратар праекта. Бо проста так немагчыма ўбачыць усё, выяўленае на 52 прадстаўленых творах, калі не ведаць, на што глядзець.


Вя­лі­кі бла­кіт­ны неф. Ка­ля 1960 го­да.

...Недзе ў хмызняку сядзіць качка — калі ліхтарыкам пасвяціць знізу, яна становіцца бачнай. І нават жывой — бо «пералятае» з карціны ў карціну, трэба толькі ведаць, дзе яе шукаць. І абавязкова з дадатковым святлом. Ці вось яшчэ можна заўважыць людей, якія ідуць па змрочных вуліцах. У цемры не так проста ўбачыць мінакоў — дык карціны гэта якраз і адлюстроўваюць. І постаць парыжанкі становіцца яшчэ больш таямнічай: яна нібыта частка горада, яго нябачны дух, які вабіць скрозь адлегласці — прасторавыя і часавыя. Нездарма і Царфін апынуўся ў Парыжы — там ён сустрэў сваё каханне, там здзейсніў мару жыцця і стаў мастаком са сваім адметным стылем і вынаходніцтвамі, якія яшчэ толькі адкрываюцца нам.

Пра тое, як у кветках могуць хавацца дзяўчаты, ужо маглі ведаць тыя, хто цікавіліся творчасцю гэтага мастака парыжскай школы раней — яго творы час ад часу з'яўляліся ў вялікіх адмысловых праектах, прысвечаных мастакам — ураджэнцам Беларусі. Але ж цяпер адкрылася першая персанальная вялікая выстаўка, прымеркаваная да 120-годдзя Царфіна. І ёсць неверагодная магчымасць зразумець гэтага загадкавага творцу, дзякуючы работам рознага перыяду. Рэдкая магчымасць — таму што большасць твораў выстаўляецца ўпершыню, частка наогул была схаваная ад вачэй, бо знаходзіцца ў прыватных калекцыях, і зусім не факт, што з'явіцца яшчэ на якіх-небудзь выстаўках. Гэта эксклюзіў для Беларусі. Нават у Парыжы пра 120-годдзе Файбіша Царфіна згадаюць пазней...

І гэтаму ёсць тлумачэнне. Усё ж такі хлопчык, якога ў сям'і называлі Шрага, пачынаўся як мастак у Смілавічах. Любіў назіраць за працай старэйшага Хаіма Суціна, які ўжо даказаў бацькам, што хоча і будзе маляваць, — Царфіну было прасцей ісці гэтым шляхам. Ён нібыта будзе даганяць апантанага Хаіма: таксама паступіць у Віленскую мастацкую вучэльню, таксама апынецца ў Парыжы, праўда, праз Палесціну і Берлін — на гэта пойдзе 10 гадоў. Затое, апынуўшыся на Манмартры і ўхапіўшы творчага паветра, ён расставіць для сябе прыярытэты: жыць мастацтвам — не значыць ахвяраваць дзеля яго жыццём сваім і блізкіх. Таму ён будзе працаваць там, дзе рэальна зарабіць на годнае існаванне, будзе ствараць тканіны для парыжскіх модных дамоў, каб мастацтва было і аддушынай, і выключнай радасцю. Прыклад Суціна меў значэнне для яго і тут — таму яны разышліся ў парыжскім жыцці. Але менавіта Царфін стане тым чалавекам, які пакіне свае яркія ўспаміны пра знакамітага земляка са Смілавічаў Суціна. На выстаўцы ў Нацыянальным мастацкім ёсць аркушы з машынапісным тэкстам тых успамінаў, дзе рукой Царфіна дадзены ўдакладненні. І адмыслова з Парыжа прыехаў чамаданчык з яго палітрай. Па ёй адразу відаць, якія колеры найбольш любіў гэты мастак.

— Ён знайшоў уласныя колеры, хоць і захапляўся Суціным. Царфінскі сіні, яго блакіт і яго неба блізкія да колераў Эль Грэка, у нейкай ступені адчуваецца і ўплыў Сезана, — тлумачыць Юрый Абдурахманаў. — Але Царфін усё ж знайшоў уласны почырк. Тыя, хто робіць так, як ужо зрабілі да іх, заведама прайграюць. У мастацтве цікавыя тыя, хто робіць сваё.

Ён выпрацаваў уласную тэхніку — змешваў фарбы рознай прыроды: алей з гуашшу ці акварэллю, шчодра пакрываў творы лакам, каб надзейна замацаваць. А па саміх творах можна адчуць яго стан у розныя перыяды жыцця. Яно падзялілася на некалькі этапаў. Адзін — даваенны, больш светлы, лёгкі, другі — напоўнены ўнутраным змрокам: мастак даведаўся пра смерць бацькоў у Смілавіцкім гета. Стасункі з імі ў перадваенныя гады ўжо даваліся няпроста — са сталінскага Савецкага Саюза ў буржуазную Францыю вестачкі перадаваліся абходнымі шляхамі, нейкі час выратаваннем быў Чырвоны Крыж. Пасля вайны Царфіна, які сам быў удзельнікам французскага Супраціўлення, вельмі змяніла вестка пра смерць бацькоў у смілавіцкім гета: цяпер яго творы стануць змрочнымі, на іх будуць выяўляцца людзі-здані, нібыта з іншага свету, якія існуць у карцінах адасоблена. Спатрэбіцца час, каб выйсці са змроку і знайсці той самы блакіт, які зробіць яго творы асабліва каштоўнымі, а сам Царфін стане пазнавальным мастаком.

Пазнаваць яго ў Беларусі цяпер магчыма дзякуючы групе кампаній А100, якая набыла шэраг твораў у сям'і мастака. Але сама ідэя нарадзілася ў пасольстве Беларусі ў Францыі, якое на той час узначальваў Павел Латушка, ён і ўключыўся ў стасункі з сям'ёй мастака. Перагаворы ішлі вельмі складана, доўжыліся восем месяцаў. Сям'я прадаваць работы не хацела, але вырашальным стаў той факт, што зварот сыходзіў ад Беларусі, і творы паабяцалі паказаць шырокай публіцы.

Па­рыж­скія за­ка­ха­ныя. Ка­ля 1960 го­да.

Вынік: у экспазіцыі творы адразу васьмі калекцыянераў, а пасля работы разыдуцца па розных прыватных зборах. На пастаяннай аснове ў экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея ўваходзіць усяго некалькі карцін Царфіна, падараваных яго дачкой Лілін Дзюлак. Яна ж зрабіла падарунак Беларусі і гэтым разам. Падтрымаў маці падарункам ад сябе Іў Дзюлак, унук мастака, які прыехаў на адкрыццё выстаўкі разам са сваёй дачкой. Сваякоў Царфіна прыцягвае Беларусь: «Нас перапаўняюць эмоцыі, калі мы прыязджаем у Смілавічы. Тут захаваліся старыя могілкі з пахаваннем дзядулі Шрагі. Тут дагэтуль можна пабачыць маляўнічую раку Волму, якую пісалі і Суцін, і Царфін, « — адзначыў Іў Дзюлак. Сёння сваякоў Царфіна ў Беларусі няма. Затое ёсць працяг у Смілавічах — Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, дзе юныя землякі вялікіх мастакоў могуць рабіць свае першыя крокі. Ёсць музей «Прастора Хаіма Суціна», у якім адна з залаў называецца «Шрага Царфін. Вяртанне на радзіму», што таксама высока ацанілі замежныя госці.

«Вяртанне ў Рэспубліку Беларусь культурнай спадчыны знакамітых ураджэнцаў Беларусі з'яўляецца прыярытэтным кірункам культурнай дыпламатыі», — адзначыў міністр культуры Юрый Бондар у віншаванні арганізатарам выстаўкі, якая будзе доўжыцца да 19 лютага.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Ратаванне блакітам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».