Вы тут

Наталля Бібікава: Мае заўсёдныя спадарожнікі — тэатр і тэлебачанне


Няважна, пастаноўкі прэм'ерныя ці даўно прызнаныя, сцэны вялікія ці камерныя, калектывы сталічныя ці рэгіянальныя — для аўтара і рэжысёра праграм «Тэатр у дэталях», «100 дзён з Купалаўскім» Наталлі Бібікавай слушная толькі адна акалічнасць: «таленавіта». Стаць удзельнікам праектаў — нагода для гонару. Стаць гледачом — задавальненне. На журналісцкае шчасце, і на здымачнай пляцоўцы бываюць паўзы: Наталля знайшла час для інтэрв'ю і падзялілася думкамі пра сваіх заўсёдных спадарожнікаў — тэатр і тэлебачанне.


— Яшчэ да запуску аўтарскіх праграм вы працавалі над рубрыкай «Сцэна» ў перадачы «Добрай раніцы, Беларусь!». Чым адметная была гэта работа?

— Першапачаткова я прыйшла туды ў якасці асістэнта рэжысёра: рыхтавала запісы да эфіру, часам удзельнічала ў здымках — даручэнні былі розныя. І вось аднойчы паўстала патрэба ў сюжэце аб прэм'ернай пастаноўцы Валерыя Анісенкі «Жанчыны Бергмана» ў Тэатры беларускай драматургіі. Мне захацелася паспрабаваць. На шчасце, кіраўніцтва ўпадабала маю работу, і хутка было прынята рашэнне адкрыць рубрыку «Сцэна». У эфір я выходзіла штодня — а значыць, кожны дзень мусіла знайсці тэму і зняць ролік. Канцэрты, фестывалі, гастролі і, безумоўна, спектаклі — нішто не праходзіла міма нас. І такі шчыльны графік — на працягу васямнаццаці гадоў... За гэты час вызначыла для сябе правіла: не грэбаваць аніякай, нават самай дробнай працай.

— Варта сказаць, што па адукацыі вы актрыса і асновы тэлевытворчасці асвойвалі самастойна...

— Я пераканана, што чалавек можа навучыцца чаму заўгодна, асабліва ў наш неверагодна багаты на рэсурсы час. Выступаючы ў якасці вядучай, доўга назірала, як шчыруе ўся здымачная каманда, старалася «злавіць» нюансы аператарскай работы, мантажу. Цяпер у мяне ёсць мажлівасць увасабляць праекты згодна са сваімі патрабаваннямі і густам: тэксты для перадач пішу сама, рэжысірую і манцірую таксама самастойна.

— Ведаю, што студэнтам творчых факультэтаў вашу праграму «Тэатр у дэталях» прыводзяць як прыклад якаснага арт-праекта. А ці ёсць у вас так званы must see спіс перадач пра культуру?

— У дзяцінстве, яшчэ не ведаючы, што ў будучыні гэта будзе маёй прафесіяй, я проста абажала перадачы пра акцёраў: з захапленнем глядзела, як збіраюцца трупы легендарных тэатраў, як артысты паводзяць сябе, пра што гутараць, жартуюць, задаюць пытанні... Алег Яфрэмаў, Марк Захараў, Аляксандр Калягін — героі майго маленства. А якія цудоўныя канцэртныя нумары рыхтавалі Андрэй Міронаў, Аляксандр Шырвінт, Міхаіл Дзяржавін! Думаю, і сёння можна знайсці тыя запісы ў сеціве. А цяпер я з задавальненнем гляджу праект «Вялікая опера» і праграму-інтэрв'ю «Галоўны герой».

— У жніўні вы пачалі работу над праектам «100 дзён з Купалаўскім», які прысвечаны сотаму сезону і надыходзячаму стагоддзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Якімі ўражаннямі ўжо можаце падзяліцца?

— Ідэя ўзнікла летась. Першапачаткова планавалася падрыхтаваць перадачу пра гісторыю Купалаўскага, але ў выніку вырашылі зрабіць праграму пра сённяшнюю дзейнасць тэатра, хоць напярэдадні стагоддзя, якое адзначым у наступным верасні, гістарычныя агляды таксама выйдуць у свет. А цяпер нам важна як мага падрабязней расказаць прыхільнікам пра тэатральныя будні — пра ўсё, што звычайна схавана. Нам хочацца скараціць адлегласць паміж купалаўцамі і гледачамі, паказаць новыя бакі тэатральнага жыцця. Мне ўсцешна, што атрымалася зняць збор трупы пасля адпачынку. А цяпер, калі сезон распачаўся, здымачная каманда прысутнічае на сходах, на святкаваннях, на рэпетыцыях, на чытках. Часам мы праводзім у тэатры літаральна цэлы дзень.

— Ведаю, што над праектам працуе і Аляксандра Бабкова — ваша дачка...

— Яна ўжо мае адукацыю тэлерэжысёра. З дзяцінства была разам са мной на здымках і назірала за ўсім працэсам стварэння. Памятаю, калі дачцэ споўнілася дванаццаць, яна атрымала ў падарунак сваю першую камеру, і з таго часу Саша стала галоўным відэографам у школе. У адзінаццатым класе зразумела, што тэлебачанне — яе лёс, таму і паступіла ў Акадэмію мастацтваў. Ведаеце, цяпер яна ўжо мой настаўнік. Заўсёды прыслухоўваюся да яе парад: на якія пастаноўкі звярнуць асаблівую ўвагу, як лепей зняць, на чым зрабіць акцэнт. Акрамя ўдзелу ў маіх перадачах, яна займаецца рэжысурай праектаў «Майстэрня», «Дом, дзе жыве мастацтва», а нядаўна адбылася прэм'ера праекта «На вышыні»: праграма расказвае пра творчую моладзь Беларусі, і Аляксандра з'яўляецца рэжысёрам-пастаноўшчыкам.

— Пастаноўшчыкі, артысты, гледачы... Вы назіраеце за імі ўсё жыццё. Што ў тэатральным асяроддзі вас найбольш засмучае?

— Мне вельмі балюча бачыць адвечную барацьбу класікі і эксперымента. Чаму б нарэшце старэйшаму пакаленню не зацікавіцца маладзёжнымі знаходкамі, а моладзі не прыняць класічныя пастаноўкі? Тэатр — ён розны, месца ў ім хопіць кожнаму. А вось што датычыцца гледачоў... Я мноства разоў бачыла вельмі непрыгожую рэч: ідзе спектакль — і, здаецца, усё цудоўна. Акцёры шыкоўна іграюць, «выкладваюцца» напоўніцу. Глядач рэагуе — смяецца, плача, усміхаецца. Артысты выходзяць на паклон — і бачаць павернутыя спіны некаторых гледачоў, якія бягуць заняць чаргу ў гардэробе. Калі ласка, не спяшайцеся сыходзіць. Не шкадуйце ўдзячнасці тым, хто цэлы вечар дарыў вам сваю энергію.

— І напрыканцы — крыху прыемнасцяў. Як мама чатырохгадовага Максіма, на якія пастаноўкі для дзяцей у сёлетнім тэатральным сезоне вы раіце звярнуць увагу?

— Зусім нядаўна ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек адбылася цудоўная прэм'ера спектакля «Тута Карлсан: першая і адзіная», пастаўленага Кацярынай Ложкінай-Бялевіч. Вельмі разумная і ў той жа час лёгкая, захапляльная работа. А яшчэ мне вельмі падабаецца незалежны дзіцячы тэатр Златы і Уладзіміра Глотавых, які называецца «Пацеркі». Удалы літаратурны матэрыял, найпрыгажэйшыя хэнд-мэйд дэкарацыі і, што галоўнае, увага да маленькіх гледачоў, разуменне іх настрою і чаканняў. Абавязкова пазнаёмцеся!

Марыя Страх, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».