Вы тут

Дзе жыве малая радзіма?


 

Дзе жыве малая радзіма?

Яшчэ пра прэзентацыю лістападаўскай “Маладосці”

9 снежня галерэя “Універсітэт культуры” сабрала сяброў часопіса “Маладосць” на прэзентацыю лістападаўскага нумара, прысвечанага малой радзіме.

А 17 гадзіне залу запоўнілі госці, трымаючы ў руках прапанаваныя нумары часопіса з пазнакай “Маладосць. Прачытай і перадай іншаму”, як у знакамітым руху буккросінга.

Вечар адкрыў Андрэй Дуброва сваім эсэ “У пошуках малой радзімы”. Кожны прысутны атрымаў з яго рук міні-анкету, з  дапамогай якой высвятлялася, што азначае для нас гэтае няўлоўнае, але блізкае паняцце, у пошуках якога знаходзіцца аўтар. Андрэй Дуброва па-філасофску разважаў, чым адрозніваюцца малая і вялікая радзіма, чаму пра малую радзіму можна гаварыць як пра характэрны для Беларусі феномен і як на яе паўплывала ўрбанізацыя.

Сапраўднымі зоркамі вечарыны сталі паэткі-дэбютанткі адзінаццатага нумара “Маладосці”. Вольга Нікіценка заваражыла гасцей кранальнымі і не па гадах глыбокімі вершамі, а Вераніка Герко спрабавала зразумець малую радзіму праз дзіцячыя ўспаміны: “Заплюшчыце вочы. Вам каля пяці гадоў. Раніца. Вы толькі прачынаецеся. Адчуваеце, як на ваш твар падаюць праменьчыкі сонца, выходзіце на двор, пакуль усе яшчэ спяць, чуеце спевы птушак, ступаеце басанож па расе, удыхаеце чыстае-чыстае паветра, бо побач лес. І у гэты момант адчуваеце сябе шчаслівым. Вось, для мяне гэта малая радзіма”. Вераніка таксама прачытала свае вершы, насычаныя духам першага кахання, любові да радзімы, асэнсаваннем сябе ў свеце – нездарма творы дэбютавалі менавіта ў часопісе “Маладосць”.

Максім Сямёнаў распавёў пра гісторыю стварэння матэрыяла да 65-годдзя асваення Цаліны. Хлопец з дзяцінства слухаў успаміны бабулі пра падарожжа ў далёкі Казахстан. Ад імя бабулі Максім нават напісаў верш, які знітоўвае пакаленні ў любові да радзімы: “Бывай, тагол, глыбокая рака. Бывайце вы, цалінныя абшары, мне край, што бацькава ўзняла саха, найдаражэйшы на блакітным шары”. Сваёй жа малой радзімай малады чалавек называе Салігорск. Як студэнт гістарычнага факультэтата, Максім з асаблівай цеплынёй згадаў славутасці Салігорскага раёна.

Наталля Бахановіч, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН, падзякавала часопісу за магчымасць успомніць і апублікаваць гісторыю сваёй сям’і пад філасофскай назвай “Экзістэнцыяльнасць патрыятызму”. Не забылі адзначыць і працы Андрэя Кулеша – яго фотаздымкі ўпрыгожваюць вокладкі “Маладосці”.

Герой матэрыяла пра аднаўленне гісторыі рода Булгакаў, Францішак Жылка, пачаў прамову са свайго асэнсавання галоўнай тэмы адзінаццатага нумара: “Не вельмі справядіва называць малой радзімай месца, дзе нарадзіўся, бо гэты кут павінен быць галоўнай радзімай”. Аўтар шмат гадоў збірае геніялагічныя дакументы і можа распавядаць пра свае даследаванні бясконца.

Кожны з аўтараў твораў, прысвечаных малой радзіме, сімвалічна атрымаў у падарунак кнігу Алеся Карлюкевіча па краязнаўстве. На вечарыне была прадстаўлена і тэматычная бібліятэка Выдавецкага дома “Звязда”.

Так, у цёплай творчай атмасферы, выйшаў у свет адзінаццаты лістападаўскі нумар “Маладосці”. Асобнічак любімага часопіса можаце набыць і вы ў вялікіх крамах “Белдруку”.

 

Ганна ВАРОНКА, “М”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».