Вы тут

У Палаце прадстаўнікоў выбралі кіраўніцтва камісій


Старшынёй камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі абраны Генадзь Давыдзька

Сёння ў Палаце прадстаўнікоў выбралі кіраўніцтва камісій.

Старшынёй камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі абраны Генадзь Давыдзька ад Усходняй акругі № 107.

Лілія Ананіч, якая прадставіла Давыдзьку, ахарактарызавала калегу як таленавітага акцёра, журналіста, дзяржаўнага кіраўніка. Генадзь Давыдзька займаў пасады дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, члена Савета Рэспублікі. Сёння ён кіраўнік грамадскага аб’яднання «Белая Русь».

На пасадзе ў Палаце прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька засяродзіцца на дзейнасці па далейшым удасканаленні забеспячэння правоў і свабод чалавека. На працягу паўгода павінны быць унесены праекты законаў па дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, грамадзянства Рэспублікі Беларусь. «Актуальнымі застаюцца шматлікія тэмы, якія тычацца гендэрных пытанняў, правоў людзей прафесійнага асяроддзя, правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Другой актуальнай задачай з’яўляецца маніторынг дзеючага заканадаўства і яго правапрымяняльнай практыкі», — сказаў Генадзь Давыдзька.

Паводле яго слоў, важным момантам стане таксама ўзаемадзеянне па праблеме правоў чалавека сумесна з міжнароднымі арганізацыямі.

Алег Гайдукевіч засяродзіў увагу на важнасці пытанняў, якія прыйдзецца вырашаць камісіі, адным з іх з’яўляецца, на думку дэпутата, інфармацыйная вайна. Інфармацыя, па яго словах, — зброя, якая можа іграць на карыць ці шкоду краіне.

Старшынёй Пастаяннай камісіі па заканадаўстве абрана Святлана Любецкая

Яе прадставіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый Міцкевіч, адзначыўшы, што ўвесь працоўны шлях Святланы Любецкай — прыклад адданага служэння закону і справядлівасці. Кандыдат — прафесійны юрыст, які са стажора «дарос» да суддзі Вярхоўнага суда. Рэалізавала дэпутат сябе і ў выкладчыцкай дзейнасці на юрыдычным факультэце БДУ.

Валерый Міцкевіч назваў Святлану Любецкую «не толькі сімпатычнай, але і разумнай жанчынай — з добрым мужчынскім характарам». А падчас абмеркаванняў у падтрымку яе кандыдатуры адзначалі наяўнасць вышэйшай філалагічнай адукацыі і незвычайнае хобі — сёрфінг.

«У грамадстве сёння як ніколі запатрабавана забеспячэнне справядлівасці, балансу інтарэсаў дзяржавы і асобнага чалавека, які мусіць быць пачуты», — у сваёй прамове адзначыла Святлана Любецкая.

Яна нагадала, што зараз дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разглядаюць змяненні законаў па пытаннях выканаўчай вытворчасці, натарыяльнай дзейнасці. Хутка будзе разглядацца законапраект, які прадугледжвае комплексную карэкціроўку Грамадзянскага кодэксу. А ў перспектыве — праект адзінага Працэсуальнага кодэксу па грамадзянскіх і эканамічных справах.

«Гэта самая сур’ёзная навела ў заканадаўстве на постсавецкай прасторы», — падкрэсліла Святлана Любецкая.


Гаворка на пасяджэнні зайшла таксама пра геапалітыку і знешнія пагрозы. Бяспека пры гэтым пераклікаецца з усімі сферамі, ад эканомікі да СМІ, а на першы план выходзіць узаемадзеянне.

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Алега Белаконева, наперадзе разгляданне ў другім чытанні новага законапраекта аб абароне персанальных даных, а таксама аб адзінай дзяржаўнай сістэме рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў, удасканаленне закона аб аператыўна-пошукавай дзейнасці і іншыя задачы.

У падтрымку кандыдатуры Алега Белаконева «ваенныя, як заўсёды, выступілі адзіным фронтам», адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.

Як лічыць старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Людміла Ніжэвіч, фінансавая сфера найбольш схільная да глабальных рынкавых адносін і лічбавізацыі. Таму заканатворцы мусяць апярэджваць сусветныя працэсы недзе на крок.

У прыватнасці, у дэпутацкага корпуса наперадзе работа над удасканаленнем банкаўскага заканадаўства. Сярод іншага гэтаму скліканню давядзецца зноў скарэктаваць Падатковы кодэкс з улікам практыкі, паведаміла Людміла Ніжэвіч.

Старшыня Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Мікалай Васількоў звярнуў увагу калег на тое, што ў парламенце створана заканадаўчая база па рацыянальным карыстанні прыроднымі рэсурсамі і ахове навакольнага асяроддзя, радыяцыйнай бяспецы, але гэтая база не з'яўляецца нязменнай. У прыватнасці, у найбліжэйшы час дэпутатам належыць разгледзець змяненні ў Законе аб гідраметэаралагічнай дзейнасці, Кодэксе аб нетрах.

На гэты тэрмін старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Людміла Макарына-Кібак бачыць прыярытэтнай работу над пытаннямі фарміравання здаровага спосабу жыцця, удасканаленне механізма дыспансерызацыі насельніцтва, развіццё стацыянарзамяшчальных тэхналогій, завяршэнне паэтапнага пераводу работы ўчастковай службы на прынцып урача агульнай практыкі, укараненне сістэмы ацэнкі якасці медыцынскай дапамогі, пабудову сістэмы электроннай аховы здароўя, умацаванне айчыннай фармацэўтычнай вытворчасці і забеспячэнне даступнасці лекавых сродкаў.

З натхнёнай прамовай звярнуўся да ніжняй палаты парламента дэпутат ад Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акругі № 84 Ігар Марзалюк з нагоды вылучэння на пасаду старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы.

Старшынёй Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце абраны дэпутат Слонімскай акругі № 58 Валянцін Семяняка. Дэпутат Аляксандр Сонгін адзначыў, што калега — шматгранная і творчая асоба — таксама і член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Працоўная дзейнасць Валянціна Семянякі звязана з Зэльвенскім раёнам Гродзенскай вобласці. Ён прайшоў шлях ад настаўніка да старшыні раённага Савета дэпутатаў. «Працуючы дырэктарам Князеўскай сярэдняй школы, ён адзін з першых у краіне ўкараніў сістэму знешняй дыверсіфікацыі навучання ў сельскай мясцовасці, профільныя групы для вучняў старэйшых класаў. На пасадзе начальніка аддзела адукацыі актыўна займаўся навуковай дзейнасцю. Пад кіраўніцтвам Валянціна Міхайлавіча аддзел выйшаў на вядучыя пазіцыі ў вобласці і краіне», — канстатаваў Аляксандр Сонгін.

Сярод галоўных задач для сябе на пасадзе Валянцін Семяняка адзначыў павышэнне ролі органаў мясцовага кіравання ў сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў, карэкціроўку Закона аб дзяржаўнай службе. І асабліва адказны этап дзейнасці — удзел у сумеснай рабоце па ўдасканальванні Канстытуцыі. Дэпутат упэўнены, што заканатворчая работа ў камісіі павінна будавацца ў цесным кантакце з усімі галінамі ўлады, у тым ліку Адміністрацыяй Прэзідэнта, Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў. «Выкажу ўпэўненасць, што выніковасць нашай камісіі будзе залежаць ад канструктыўных прапаноў іншых пастаянных камісій і кожнага з вас», — звярнуўся да парламентарыяў Валянцін Семяняка.

У інтэрв'ю «МС» ён расказаў, што ў першую чаргу камісія зоймецца Законам аб дзяржаўных геральдычных сімвалах. «Калі казаць пра больш далёкую перспектыву, то для мяне вельмі цікавы наяўны вопыт рэгіянальнай дзейнасці. Неабходна яго вывучыць, абагуліць і разабрацца, якія ёсць станоўчыя і адмоўныя моманты, каб іх падкарэктаваць, а лепшае ўнесці ў закон», — паведаміў дэпутат.

Адноўленая Канстытуцыя, на думку старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, павінна павялічыць паўнамоцтвы рэгіянальных органаў па размеркаванні бюджэту, распараджэнню маёмасцю. «Разумееце, сітуацыя складваецца такім чынам, што адказнасць мясцовых органаў кіравання перад вышэйшымі органамі і грамадзянамі вялікая, а паўнамоцтвы часам абмежаваныя. І яны не могуць у поўнай ступені рэалізаваць тыя запыты, якія да іх прад'яўляюцца. Таму наша задача як парламентарыяў — якраз стварыць ім такія ўмовы, каб яны маглі сваю адказнасць рэалізаваць у паўнамоцтвах», — падзяліўся думкамі Валянцін Семяняка.

Старшынёй камісіі па эканамічнай палітыцы абраны дэпутат ад Брэсцкай-Заходняй акругі № 1 Леанід Брыч. Прынцып работы дэпутата — з людзьмі і для людзей.

Гэта ўжо другі тэрмін Леаніда Брыча на пасадзе дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Выхадзец з бізнесу, ён добра разумее праблемы і чаканні гэтай часткі грамадства. На думку парламентарыя, мэтамі і прыярытэтамі дзейнасці Пастаяннай камісіі на найбліжэйшую перспектыву павінны стаць паляпшэнне ўмоў бізнесу, узмацненне гарантый правоў прыватнай уласнасці, павышэнне эканамічнай эфектыўнасці дзяржаўных арганізацый, стымуляванне інвестыцыйнай актыўнасці, забеспячэнне патрэб эканомікі ў фінансавых рэсурсах і павышэнне іх даступнасці ў тым ліку для суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Нагадаем, Палата прадстаўнікоў сфарміравала 14 Пастаянных камісій. Іх кіраўнікі:

  • па заканадаўстве — Святлана Любецкая (Старавіленская акруга № 105)
  • па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце — Валянцін Семяняка (Слонімская акруга № 58)
  • па нацыянальнай бяспецы — Алег Белаконеў (Пухавіцкая акруга № 65 )
  • па эканамічнай палітыцы — Леанід Брыч (Брэсцкая-Западная акруга № 1)
  • па бюджэце і фінансах — Людміла Ніжэвіч  (Капыльская акруга № 66)
  • па аграрнай палітыцы — Мікалай Шаўчук (Полацкая сельская акруга № 28).
  • па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы —  Мікалай Васількоў (Буда-Кашалёўская акруга № 38)
  • па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі — Генадзь Давыдзька (Усходняя акруга № 107)
  • па адукацыі, культуры і навуцы — Ігар Марзалюк (Магілёўская-Ленінская акруга № 84)
  • па працы і сацыяльных пытаннях — Людміла Канановіч (Маладзечненская гарадская акруга № 72)
  • па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы — Людміла Макарына-Кібак (Грушэўская акруга № 98)
  • па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарту і сувязі — Ігар Камароўскі (Паўднёва-Заходняя акруга № 99)
  • па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве — Віктар Мікалайкін (Віцебская-Горкаўская акруга № 17)
  • па міжнародных справах — Андрэй Савіных (Чкалаўская акруга № 96)

Варвара МАРОЗАВА, Марыя ДАДАЛКА

Прэв'ю: ekburg.ru

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?