Вы тут

Карэспандэнт «Звязды»: Водар бульбы і пах мамчыных рук дапамог аднавіць памяць


Так атрымалася, што крыху больш за два гады таму са мной здарылася няшчасце. Я перажыў інсульт. Кровазліццё ў мозг было не смяротным, але падзяліла маё жыццё канкрэтна на «да» інсульту і «пасля». Пашанцавала, што трапіў у бальніцу хуткай дапамогі, дзе мяне чатыры дні выходжвалі ў рэанімацыі. Потым два тыдні пракапвалі (прыводзілі ў кандыцыю галаву), вучылі хадзіць, есці, трохі гаварыць, а затым адправілі на месяц на рэабілітацыю ў Аксакаўшчыну (спецыялізаваны санаторый пад Мінскам).


З санаторыя я выйшаў амаль што новым чалавекам. Справа ў тым, што пасля перажытага «ўдару» мой слоўнікавы запас зменшыўся ў разы, а ў галаве ўтварыліся досыць вялікія кавалкі майго жыцця «без памяці». Калі са слоўнікавым запасам мы сумесна з санаторным лагапедам праблему вырашылі — мяне выдатна падцягнулі, то з памяццю ішло ўсё нашмат складаней. Апрыёры я ведаў, што жанаты, што ў мяне трое дзяцей, што старэйшую дачку клічуць Паліна. І... амаль усё на гэтым. Аб тым, што другую дачку завуць Насця, а сына Аляксей, расказала мне жонка. Яна ж нагадала, што яе завуць Святлана. «Гэтак жа, як маю маму?» — спытаў я. Маму я не забыўся. Усё, што датычылася бацькоў, — я памятаў.

Потым, пасля санаторыя, быў адпачынак. Гэты час я правёў на сваёй малой радзіме ў Ляхавічах, дзе зноў вучыўся ездзіць на ровары, збіраць грыбы, лавіць рыбу і... размаўляць з людзьмі. Гэта наўпрост датычылася маёй работы. Я, як вы зразумелі, журналіст.

А размаўляць было цяжэй за ўсё. Не таму, што я тады стаў трохі заікацца, не. Галоўнае, трэба было спачатку скласці правільную фразу (сказ) у сябе ў галаве, і толькі пасля гэтага вымавіць яе ўслых. Паколькі я ў нашай газеце пішу ў асноўным пра эканоміку, мне трэба было складаныя рэчы «перакладаць» на даступную, чалавечую мову.

І тады я пачаў тлумачыць сваёй 80-гадовай маме складанасці карыстання банкаўскай карткай. Мілая мама, ты слухала мяне ўважліва — не перабіваючы, нічога не ўдакладняючы, толькі ў кутку тваіх вачэй блішчэлі слязінкі. І кожны раз, пасля нашых сумесных заняткаў, ты падыходзіла да мяне, абдымала маю галаву сваімі маленькімі далонямі і гладзіла па валасах шурпатымі рукамі.

А галоўнае, у нас усё атрымалася! У канцы адпачынку мама ўжо цалкам самастойна магла здымаць грошы ў інфакіёску, разлічвацца карткай ва ўсіх крамах, а я стаў досыць бегла і ўцямна гаварыць на часам заблытаныя тэмы.

...Прайшло два гады. Лекары сказалі мне, што працэс аднаўлення памяці пражытых перыядаў жыцця быў магчымы ў першы год непасрэдна пасля інсульту. Што не ўспомніў — значыць, не лёс. У мяне ў галаве адсутнічаў велізарны кавалак часу, майго часу — з 30 да амаль 50 гадоў. У маёй памяці захаваліся толькі ўспаміны пра апошні месяц напярэдадні інсульту, а што перад гэтым? Адрывістыя імгненні... Так было да цяперашняга лета...

А летам я зноў праводзіў свой адпачынак у Ляхавічах. Неяк раніцай мы разам з мамай рабілі дранікі. Я цёр бульбу, а матуля дадавала ў яе патрэбныя інгрэдыенты і чытала на памяць вершы Ясеніна. Я яе паправіў, і ў адказ яна весела паправіла мне прычоску. І тут у маёй галаве штосьці пстрыкнула — гэта памяць маю разбудзіў водар маладой бульбы ўперамешку з кісла-салодкім пахам мамчыных рук. Я ў адно імгненне ўспомніў цэлы пласт таго, што было згублена амаль назаўжды.

Аднаўленне памяці цяпер стала адбывацца вялікімі часткамі пад уздзеяннем новага, ці дакладней, забытага водару. Успамінаў такія падрабязнасці, якія і ў здаровым стане забываюцца ўжо праз тыдзень.

Мне 52 гады з хвосцікам. Цяпер я ведаю дакладна, калі і дзе мы пазнаёміліся са сваёй жонкай. Я памятаю ўсіх выкладчыкаў ва ўніверсітэце, усе бяссонныя ночы, калі ў дзяцей маіх рэзаліся зубкі. Я ўспомніў усё, і гэтая велізарная радасць — ведаць і ўсведамляць, што ні за адзін дзень пражытага жыцця табе не сорамна.

Я ведаў, што дапамога прыйдзе. Насуперак усяму, нягледзячы ні на што. Трохі містыкі, беззапаветная вера ў маму і самаадданая яе любоў да мяне.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв'ю: stormposter.se

Загаловак у газеце: Гэта маміны рукі ратуюць мяне...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.