Вы тут

«Калі я была маленькая, хадзіла ў гэты садок, а цяпер хачу ў школу!»


«Калі я была маленькая, хадзіла ў гэты садок, а цяпер хачу ў школу!» — звонка, на ўсю вуліцу, распавядае мая малодшая. І мінакі міжволі ўсміхаюцца, бо гэтай «ужо амаль дарослай» чатыры гады ад нараджэння, і да школы ёй амаль палова жыцця.


Дзяцей — маленькіх, не вельмі і нават даўно ўжо не маленькіх — заўжды цікава распытваць пра мінулае і кожны раз здзіўляцца, як па-рознаму бачацца адны і тыя ж рэчы. «Калі я была маленькая, ніхто нас так не захутваў з ног да галавы, каб толькі не чхнулі — што было, тое і насілі. Адзін хлопчык, памятаю, так хацеў коўзацца на горцы, што басанож з дому выбег, пару разоў пракаціўся і бегма дадому, пакуль мамка не ўбачыла і не насварылася», — дзеліцца, бадай, найстарэйшая супрацоўніца рэдакцыі, дзяцінства якой выпала на суровыя пасляваенныя гады. «Калі я быў зусім маленькі, катаўся, як усе, на звычайных санках, а потым тата мне спецыяльны дзіцячы снегаход купіў, так было крута!» — гэта ўжо суседскія хлопчыкі гадоў 10—12 абмяркоўваюць.

«Адзін з самых яркіх успамінаў дзяцінства — як шалёна я хацеў з дзедам і дарослымі мужыкамі паехаць на сенакос. А бабка паставіла ультыматум — нацягнуць на мяне калготкі. Каб не замерз раніцой. Я закаціў скандал, але не пагадзіўся. Тады, зразумела, дарослыя мяне нікуды не пусцілі, і я пакрыўдзіўся так моцна, што ўсё лета свавольнічаў, як толькі мог», — згадвае муж. А ў яго аднагодка, толькі выключна гарадскога, успаміны зусім іншыя: «У сваякоў на вёсцы мы былі рэдка, але затое кожныя «госці» станавіліся вялікім святам, і бабуля пякла такія смачныя аладкі, што яе ўжо больш трыццаці гадоў, як няма, а смак і рукі, якія нясуць смятану, дагэтуль помню...»

«Калі я была маленькая, мы не святкавалі Новы год, у мяне ў галаве зусім не адклалася падрыхтоўка да яго, хіба школьная ёлка, — расказвае калега. — Галоўным святам у нас былі Каляды, з падарункамі ўсім родным, са спецыяльнымі пачастункамі, з паходам у царкву. Цяпер стараюся ўжо сваім дзецям падарыць гэта казачнае адчуванне, але не ведаю, ці атрымліваецца, бо ў нас быў дэфіцыт, а ў іх — празмернасць усяго, ласункаў, цацак, упрыгожанняў...» «Я, калі быў маленькі, моцна пасварыўся з братам, бо прапала прывезеная татам з Германіі металічная машынка, і я вырашыў, што гэта ён узяў і з зайздрасці схаваў. А праз добрыя дзесяць гадоў прапажа знайшлася, калі разбіралі «на выкід» вялізную, яшчэ дзедаву, дубовую шафу — там ззаду нейкая фанерка адышла, і машынка правалілася ў адтуліну. Уяўляеш, як ідыёт, я крыўдаваў на брата, а схаваў, хутчэй за ўсё, сам! Мы рагаталі, як дурні. Падарыў машынку ягонаму сыну», — падзяліўся ўспамінамі знаёмы фатограф.

Такіх пазлаў-успамінаў насамрэч вельмі шмат. І ведаеце, што, на мой погляд, іх аб'ядноўвае? Шчырасць і памеры перажытых пачуццяў. Калі радасць, то ўсёпаглынальная, калі крыўда, то на цэлы белы свет, калі вера, то непарушная. Дзеці, пакуль яшчэ маленькія, наогул вераць блізкім, як нікому: што калі доўга не класціся спаць, то прыйдзе шэранькі ваўчок, што зубная фея мяняе малочныя зубкі на манеткі, што падарункі пад ёлку кладуць не мама з татам, а сапраўдны Дзед Мароз, які атрымаў ліст, пакладзены ў лядоўню... А ўжо мы, дарослыя, ведаем, колькі для цуда трэба прыкласці намаганняў, сіл і часу. Але хіба гэта нагода, каб, ідучы запаветамі Надзеі Крупскай, пазбаўляць дзяцей казкі, якая «ўводзіць ад рэальнага жыцця»? Паверце, крытыкаў, скептыкаў і выкрывальнікаў на іх жыццёвым шляху будзе значна больш, чым чараўнікоў. Таму не спяшайцеся раней часу разбіваць веру, чаканні і надзеі на цуды. Тым больш, яны сапраўды часам здараюцца — і калі вельмі пастарацца, і нават калі гэтага не чакаеш. У далёкім 1942 годзе Аляксандр Грын уклаў у вусны свайго героя простую мудрасць: «Ёсць не меншыя цуды, чым зробленыя сваімі рукамі. Усмешка, весялосць, дараванне, і — у час сказанае, патрэбнае слова. Валодаць гэтым — значыць, валодаць усім». Ну як, хочаце пабыць крыху чараўнікамі?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: pikabu.ru

Загаловак у газеце: Каб верылі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

​Што такое каранавірус і чым ён небяспечны

​Што такое каранавірус і чым ён небяспечны

Хто ў групе рызыкі і як лячыць інфекцыю?