Вы тут

Што «Беларусь 3» прапануе да 95-годдзя беларускага кінематографа


17 снежня краіна адзначыць 95-годдзе беларускага кінематографа. Сацыякультурны канал увесь год рыхтаваўся да свята, прадстаўляючы тэматычныя праекты і не абмінаючы ўвагай знакавых дзеячаў нацыянальнага кіно і найлепшыя карціны айчыннай вытворчасці.


У новым вяшчальным сезоне «Беларусь 3» паказаў ужо шмат любімых тэлегледачамі беларускіх фільмаў, многія з якіх па праве можна надзяліць «залатым» статусам, а праграма «Час кіно» пазнаёміла прыхільнікаў дакументалістыкі з сучаснымі беларускімі аўтарамі і іх работамі. 20 снежня госцем праекта стане Уладзімір Бокун, а адразу пасля інтэрв'ю ў эфір выйдзе яго дакументальная стужка «Жанін».

У пачатку снежня сацыякультурны тэлеканал запусціў новы штодзённы цыкл праграм ад рэжысёра Белтэлерадыёкампаніі Сяргея Кацьера «Кіно маёй краіны», у якім іншы вядомы рэжысёр і сцэнарыст Уладзімір Арлоў дзеліцца сваім прафесійным поглядам на гісторыю беларускага кіно. Здымкі праекта вяліся на працягу года на шматлікіх лакацыях, якія маюць дачыненне да кіно, а асаблівы антураж гэтым аповедам надаюць архіўныя відэаматэрыялы з фондаў Белтэлерадыёкампаніі і нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

З 16 да 20 снежня «Беларусь 3» прапануе гледачам падборку выпускаў праграм «Майстры і куміры» з удзелам кінаакцёраў Уладзіміра Мішчанчука, Арнольда Памазана, Зінаіды Зубковай і Андрэя Душачкіна. Вядучая праекта «Тэатр у дэталях» Наталля Бібікава раскажа пра спектаклі сталічнага Тэатра-студыі кінаакцёра, сярод якіх «Пігмаліён», «Безыменная зорка» і «Механічны чалавек».

У Дзень беларускага кіно ў эфіры будзе прадстаўлены тэматычны паказ фільмаў айчыннай вытворчасці — першая частка міні-серыяла «Снайпер. Зброя помсты» (08.30 і 18.20), «Анастасія Слуцкая» (09.20 і 16.15) і «Кур'еры страху» з цыкла «Дзяржаўная граніца» (12.45 і 21.05). У дзённым эфіры на «Беларусь 3» выйдзе новы выпуск праграмы «Камертон», героем якога стане рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў, а вечарам гледачоў чакае канцэртная праграма «Яўген Глебаў. Музыка з кінафільмаў» з любімымі і знаёмымі кожнаму кампазіцыямі.

Алена ДРАПКО

Прэв'ю: cinelifes.blogspot.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.