Вы тут

Як дзеці становяцца наркаманамі?


Калі Максіму было дзесяць, яго мама і тата разводзіліся — хлопчык пачаў ужываць наркотыкі. Бацькі звярнуліся да нарколагаў, калі сыну ўжо споўнілася 14, ды і то толькі калі з хаты зніклі залатыя рэчы і грошы... Вікторыі, маці 11-класніка Мішы, пазваніла мама яго сябра з пытаннем «Ці не сябруе твой з Сашам? Бо ён, аказваецца, наркаман». Яна павярнулася да сына і спытала «Ты выпадкова не ўжываеш?» — на гэта хлопец заявіў: «Ты што, звар'яцела? Канешне, не». Аднак на просьбу здаць аналізы адмовіўся. Пасля настойлівых роспытаў прызнаўся, што раз такі паспрабаваў. Калі маці з сынам прыйшлі да нарколага, высветлілася, што Міша прымае наркотыкі з 8 класа і мае поўны сіндром залежнасці... У яшчэ адной сям'і бацькі, якія разводзіліся, наадварот, сышліся ізноў, пакуль ратавалі дзіця ад наркаманіі.


Паспрабаваць можа кожны

Такіх прыкладаў процьма, але яднае іх адно — наркатычная бяда, заўважыць, а тым больш прызнаць якую духу хапае не ва ўсіх. Прасцей прамаўчаць, заплюшчыць вочы, адмахнуцца... пакуль не стане позна.

— Гэта страшнае захворванне з распадам асобы, маральнымі, этычнымі, фізічнымі і псіхалагічнымі парушэннямі. Паспрабаваць можа кожны. Асабліва ў падлеткавым узросце. Адзін пакаштаваў — не спадабалася, а іншаму прыйшлося даспадобы. І тут толькі ў тэрміне адрозненне, калі каго зацягне ў залежнасць, — кажа Людміла ШПАКОЎСКАЯ, загадчык падлеткавага аддзялення Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера. — Нават калі дзіця ведае, што гэта кепска, яно можа паспрабаваць. Вось хлопец пасварыўся з маці, выйшаў з хаты, грукнуўшы дзвярыма. А ў пераходзе яму прапанавалі псіхатроп, і ён узяў. І ён не будзе лічыць, што зрабіў нешта катастрафічна непапраўнае і няправільнае.

Часта бацькі баяцца, што іх дзіця паставяць на ўлік і гэта ляжа нязмыўнай плямай на ўсё яго жыццё, таму не звяртаюцца да спецыялістаў, нават калі бачаць праблему і разумеюць, што самі з ёй не справяцца. Сацыяльныя наступствы праблемы часам пужаюць больш, чым яна сама, таму ў першую чаргу трэба працаваць з бацькамі, а пасля ўжо з дзецьмі, упэўнены спецыялісты. Хоць насамрэч усё не так жорстка, як здаецца.

— Калі вы звернецеся да нас да таго, як вас затрымалі, то ўся інфармацыя будзе ананімная і нікуды не пойдзе. Дапамога наша бясплатная, — запэўнівае Людміла Шпакоўская. — Тым больш што падлетак здымаецца з уліку, калі на працягу года не заўважаны ва ўжыванні наркатычных сродкаў, і ў яго біяграфіі не застаецца гэтага факта. І ўрэшце, што лепш: калі дзіця будзе стаяць на ўліку або калі яно памрэ?

Дзеці крычаць пра дапамогу

У дыспансеры існуе такая форма работы, як школа стасункаў з дзецьмі для бацькоў. Прычым яна для бацькоў усіх дзяцей, а не толькі залежных, каб таты і мамы ведалі, на якія праявы і асаблівасці пераходнага ўзросту варта звярнуць увагу, што адбываецца з дзіцем, якія ў яго перыяды сталення.

— Калі да нас ананімна прыходзяць бацькі, якія падазраюць, што іх дзіця ўжывае псіхатропы, яны акрэсліваюць пэўныя аспекты. Аднак практыка паказвае, што тата і мама кажуць адно, а калі прыходзіць дзіця, карціна можа стаць зусім іншай, — кажа спецыяліст. — Маці сцвярджае, што толькі аднойчы застала малога, а ён насамрэч ужо год ужывае. Нават тым дзецям, якія ў нас назіраюцца, мы не можам дапамагчы паўнавартасна, бо палову інфармацыі ўтойваюць бацькі, палову — дзеці.

Дзіця сваімі паводзінамі спрабуе прыцягнуць да сябе ўвагу бацькоў, асабліва калі гэта падлетак ці ў сям'і пэўныя праблемы. Дзеці літаральна крычаць пра дапамогу, але родныя іх не чуюць, сцвярджае Людміла Шпакоўская:

— Бацькі часта не хочуць ісці да спецыялістаў. Нават калі яны разам з малым прыходзяць у камісію па справах непаўналетніх і нарколаг дае ім запрашэнне прыйсці да нас, дзіця ў дыспансеры з'яўляецца адно. У выніку хоць падлетак і гатовы мяняцца, праз тры дні ён прыходзіць і кажа, што ў яго ўсё добра і нічога больш не трэба. Значыць, сітуацыя ў сям'і не мяняецца.

Замена цыгарэт ці замах на жыццё?

Пакуль у Беларусі не з'явіліся спайсы (у 2013-м), з праблемай наркаманіі сітуацыя была больш-менш спакойная, кажуць спецыялісты. Спайсавая ж хваля на парадак павялічыла колькасць залежных падлеткаў. Дзякуючы прынятым на дзяржаўным узроўні жорсткім мерам, рабоце псіхолагаў, педагогаў, нарколагаў і іншых спецыялістаў, а таксама прафілактычным праектам для дзяўчат, юнакоў, першакурснікаў ВНУ і іншых навучальных устаноў яна паступова адступіла.

Аднак цяпер з'явілася новая навала — снюсы, якія замяняюць цыгарэты і нібыта шкодзяць менш, бо не дымяць.

— Снюсы, як і спайсы калісьці, сёння не забаронены. У іх няма тытуню, але ёсць нікацін — тое самае наркатычнае рэчыва, якое фарміруе залежнасць. У адным такім пакеціку нікаціну больш, чым у самай моцнай цыгарэце, — папярэджвае прадстаўніца дыспансера. — А ўтрымліваюць за губой яго 20—30 хвілін, што таксама значна даўжэй, чым проста пакурыць, — значыць, нікаціну трапляе больш, і залежнасць яшчэ горшая. Акрамя таго, ніхто не ведае, якія араматызаваныя дабаўкі ўваходзяць у склад снюсаў. А яны могуць выклікаць у тым ліку алергічную рэакцыю: і гіпертанічны крыз, і анафілактычны шок. У снюсы дадаюцца рэчывы, якія валодаюць канцэрагеннымі ўласцівасцямі: каля 30 хімічных рэчываў, здольных выклікаць анкалогію.

Ужыванне снюсаў небяспечнае менавіта для падлеткаў, бо ўздзеянне гэтай «хіміі» замаруджвае рост, парушае кагнітыўныя функцыі, зніжае памяць і фізічную цягавітасць. Дзіця можа знаходзіцца ў стане эйфарыі, якая нагадвае наркатычнае ап'яненне, пасля чаго пераходзіць у агрэсію і змяняецца пасіўнасцю. У малога зніжаюцца апетыт і паспяховасць.

— Ніхто не ведае дзіцяці лепш, чым мама, і як толькі яна западозрыць, што нешта не так, — адразу трэба ісці менавіта да нарколагаў, — раіць Людміла Шпакоўская. — Быў выпадак, калі да нас прыйшла мама сямікласніцы, якая трапіла ў рэанімацыю. У арганізме дзяўчыны знайшлі амфетаміны і алкаголь. Калі спыталіся ў матулі, як яна нічога не заўважыла, аказалася, што звярталіся да псіхолага. А той сказаў не турбавацца, бо гэта пераходны ўзрост. У нашых жа псіхолагаў у дыспансеры ўжо спрактыкаванае вока, яны нават проста ў транспарце могуць заўважыць такіх падлеткаў.

Наркотык — спажывец — наваколле

Дарослыя наркаманы, якія лечацца ад залежнасці, — гэта ў асноўным працаздольныя людзі ад 25 да 35 гадоў. Большасць з іх кажа, што пачалі ўжываць яшчэ падлеткамі. Вельмі рэдка чалавек, якому за 30, ужо сфарміраваны як асоба, мае пэўныя жыццёвыя ўстаноўкі, сям'ю, пачынае ўжываць наркотыкі, гавораць спецыялісты.

— Дарослыя праз залежнасць атрымліваюць масу медыка-сацыяльных праблем. Гэта распаўсюджванне ВІЧ-інфекцый, зніжэнне працаздольнасці, спосаб жыцця, які спрыяе крымінальным дзеянням, страта сацыяльных сувязяў і былога кола зносін, разбурэнне сем'яў, урэшце, ранняя смерць, — характарызуе сітуацыю Алена СВІРЫДАВА, загадчык 17-га наркалагічнага аддзялення для лячэння асоб, якія пакутуюць на залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя. — Атрымліваецца кола з трох удзельнікаў: псіханаркатычнае рэчыва — наркаспажывец — навакольнае асяроддзе (сям'я, сябры). Падчас прафілактычнай работы трэба ўздзейнічаць на ўсіх. А бацькі прыводзяць да нас 18-19-гадовых людзей і кажуць: маўляў, хворы ён, лячыце яго, а мы ў гэтым удзельнічаць не будзем.

З дзецьмі-падлеткамі трэба гаварыць пра наркотыкі да таго, як яны пачалі іх ужываць. Лепш шчыра расказаць, што такая праява ёсць і яна кепская, каб у малога выпрацаваўся свой погляд на гэтае пытанне, чым рабіць выгляд, што ўвогуле не існуе ніякай праблемы і бяда іх міне, раіць урач.

Працатэрапія па жаданні

А яшчэ варта заняць падлеткаў працай, каб у іх не было думак, што ім няма чаго рабіць, упэўнена Жана ШЧАМЯЛЁВА, кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі. Ведамства актыўна падключылася да прафілактыкі наркаманіі шляхам дапамогі ў працаўладкаванні падлеткам падчас канікул і дарослым, якія пакутуюць ад залежнасці.

— Залежныя ад наркаманіі і п'янства людзі звычайна маюць досыць нізкую працоўную матывацыю. Іх ледзьве не за руку трэба вадзіць. Сёлета да нас звярнулася дзевяць чалавек-наркаманаў (людзі ад 40 да 50 гадоў). З дзевяці дайшлі да работадаўца толькі двое, — падкрэслівае яна.

Падчас летніх канікул падлеткам прапануюць часовае працаўладкаванне. Сёлета 135 хлапцоў і дзяўчат, якія звярнуліся ва ўпраўленне, атрымалі пастаянную работу. А ўсяго за 2019-ы намаганнямі органаў па занятасці насельніцтва атрымала работу 28,9 тысячы навучэнцаў. 90 % з іх — гэта школьнікі да 18 гадоў.

— Наша работа скіравана на працаўладкаванне менавіта вучняў. На гэта штогод выдзяляюцца грошы. У сярэднім школьнікі атрымліваюць каля 250 рублёў, — удакладняе Жана Шчамялёва. — Рабочые месцы даюцца перш за ўсё катэгорыям дзяцей, якія патрабуюць павышанай увагі: стаяць на ўліку, са шматдзетных або няпоўных сем'яў, маюць праблемы з паводзінамі. І такая работа праводзіцца ва ўсіх раёнах краіны.

Ірына СІДАРОК

Прэв'ю: gorodkirov.ru

Загаловак у газеце: Пра наркотыкі з дзецьмі трэба гаварыць раней, чым яны паспрабуюць атруту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.