Вы тут

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы


Як варатар зборнай Беларусі па пляжным футболе сумяшчае гульню з роляй настаўніка і бацькі.


Фота Ганны Занкавіч.

Валерый Макарэвіч ужо доўгія гады надзейна абараняе вароты нашай дружыны, хоць пачынаў свой шлях у спорце ён у звычайным футболе. Гульню ў «пляжку» сумяшчае з трэнерскай дзейнасцю, у яго актыве ўжо некалькі гадоў вопыту работы трэнерам варатароў у «Крумкачах» і «Тарпеда». Менавіта ў гэтай прафесіі Макарэвіч бачыць сваю будучыню. Пра вынікі чэмпіянату свету ў Парагваі, пра тое, як развіваецца пляжны футбол у Беларусі і дзе працягне сваю кар'еру, Валерый расказаў у інтэрв'ю «Звяздзе».

— Валерый, спачатку хацелася б даведацца пра вашы ўражанні ад чэмпіянату свету...

— Яны неверагодныя, не толькі ад таго, што гэта было ўпершыню, але і ад самой арганізацыі. Зборы перад паездкай у Парагвай былі арганізаваны ў Бразіліі, гэта дало магчымасць не толькі правесці добрыя трэніроўкі, але і паглядзець іншую краіну. Усё ж такі Капакабана для пляжнага футбола — гэта крута, Бразілія — найлепшае месца, дзе можна рыхтавацца да чэмпіянату. Там жа мы прайшлі акліматызацыю, не ўяўляю, што было б, калі б яна выпала на сам турнір, бо гэта нервы, недасып, спрэчкі паміж сабой. Што датычыцца надвор'я, то арганізатары добра падабралі час для правядзення турніру. Цяпер у Парагваі стабільнае надвор'е, якое не перашкаджала. Падчас гульняў спякота спадала, таму мы адчувалі сябе камфортна. Але на трэніроўках перад чэмпіянатам свету пясок на полі быў настолькі гарачы, што прыходзілася яго паліваць, а некаторыя нават завязвалі ступні, каб не спаліць скуру на падэшве. Бывалі і адваротныя выпадкі з надвор'ем: на САК «Алімпійскі» ў Мінску, напрыклад, мы трэніраваліся і падчас снегападу. Пляжны футбол — гэта самы неверагодны від спорту, які прыносіць толькі задавальненне (усміхаецца).

— Ад саміх гульняў і іх выніку ўражанні, напэўна, засталіся дваякія?

— Кіраўніцтва не ставіла перад намі неверагодных задач, але ўсе хлопцы былі настроеныя на тое, каб, як мінімум, выйсці з групы і пазмагацца з сапернікамі, якія трапяцца ў чвэрцьфінале. Разумелі, што там нас чакалі альбо бразільцы, альбо партугальцы. Вядома, мы разлічвалі на большае, але з некаторых прычын не атрымалася. Гэта, усё ж такі, першы вопыт выступлення на чэмпіянаце свету, таму, магчыма, паўплывала нейкае напружанне. Мы сустрэліся з невядомымі сапернікамі, такімі, напрыклад, як Сенегал. Раней у каманды не было вопыту настолькі адказных гульняў.

— Што стала самым нечаканым на гэтым чэмпіянаце?

— Гульня з Сенегалам. Здаецца, трэнер падказаў, як правільна паводзіць сябе, але мы сустрэліся з нечаканасцю ў тым плане, што сенегальцы вельмі моцныя фізічна. Здаецца, выконвалі ўсё, аб чым нас прасіў трэнер, але так атрымалася, што гэтага не хапіла, і ўдача была не на нашым баку. Па статыстыцы гульня з Сенегалам — адна з найлепшых у плане атакі, але то варатар выратоўваў, то мяч трапляў у каркас варот. Таксама паўплывалі памылкі, якія з'явіліся ад таго, што мы імкнуліся хутчэй забіць, мабыць, трэба было быць спакайнейшымі. Гульня выслізнула з нашых рук, асабліва ў трэцім перыядзе, мы ўжо не верылі, што можам вярнуцца.

— Раскажыце, у чым адрозненне гульні варатара ў звычайным футболе і пляжным?

— У пляжным футболе ён заўсёды ў справе, не выключаецца ні на секунду, таму што ад яго залежыць і развіццё нападзення, і яго падрыхтоўка, і абарона, гэта значыць, кожную секунду трэба быць напагатове. У вялікім футболе, калі мяч на іншай палове поля, ты можаш проста назіраць або заняцца кіраваннем камандай. Таксама ў варатара пляжнага футбола павінна быць вельмі добрая тэхніка, бо ў нас больш гульні нагамі.

— Што скажаце пра развіццё пляжнага футбола ў Беларусі?

— Што датычыцца зборнай, яе рост і развіццё відаць няўзброеным вокам, нават па выніках. Што датычыцца чэмпіянату краіны, ён губляе ўзровень, які быў калісьці, і з гэтым трэба нешта рабіць. Напрыклад, запрашаць маладых людзей, каб займаліся футболам, каб расло новае пакаленне. У краіне сёння няма прафесійных камандаў, якія маглі б утрымліваць хлопцаў хоць бы паўгода, не кажучы ўжо аб поўным сезоне. На жаль, я не бачу руху ў гэтым напрамку і ў найбліжэйшай будучыні, калі сыдуць цяперашнія гульцы, думаю, зборная страціць шмат пунктаў у рэйтынгу.

— Казалі, што папулярызацыі вашага віду спорту могуць паспрыяць Еўрапейскія гульні ў Мінску...

— Але наш вынік там быў не вельмі ўдалы. Калі па праўдзе, гуляць перад сваімі балельшчыкамі вельмі складана, адказнасць за вынік не вельмі станоўча адбіваецца на нашай гульні. Пасля няўдалага выступлення, вядома, ніхто і не кажа пра будаўніцтва манежа ці новых пляцовак.

— Усе гульцы зборнай па пляжным футболе акрамя спорту яшчэ і працуюць?

— Не, толькі некаторыя, напрыклад, у нашай камандзе ёсць чалавек з МНС, які ратуе людзей, ёсць дырэктар буйной фірмы і яшчэ шмат розных прафесій.

— Перад Еўрапейскімі гульнямі вы спынялі сваю кар'еру...

— Так, але пасля размовы са старшынёй федэрацыі пляжнага футбола, вырашыў вярнуцца, каб выступіць на Еўрапейскіх гульнях. Потым у нас быў адбор на чэмпіянат свету, так супала, што якраз у гэты час з-за фінансавых праблем быў ліквідаваны мінскі клуб «Тарпеда», у якім я працаваў. Мы ўпершыню атрымалі пуцёўку на чэмпіянат свету, таму мне не хацелася спыняцца, была дамоўленасць да канца гэтага года ўсё ж такі дагуляць у пляжны футбол і вярнуцца да размовы пра маю далейшую перспектыву ўжо пасля чэмпіянату свету. Што датычыцца клубнай кар'еры, то сёлета я быў гульцом «Крылаў Саветаў», але трэнер, які кіраваў камандай, сыходзіць. Ён ужо паведаміў, што хацеў бы бачыць мяне ў складзе сваёй новай каманды, але канкрэтыкі пакуль няма, да старту чэмпіянату Расіі яшчэ далёка. Спадзяюся, што знайду каманду, але хацелася б нейкай падтрымкі ад нашай федэрацыі і Мінспорту, каб мы ўсё ж такі былі не аматарамі. Калі гэта атрымаецца, думаю, застануся, калі не, то буду шукаць месца работы ў вялікім футболе, усё ж такі, у мяне ўжо ёсць два гады вопыту працы трэнерам варатароў.

Фота Ганны Занкавіч.

— Шкадуеце, што ў вялікім футболе ў вас не атрымалася доўгай кар'еры?

— З аднаго боку, так, а з другога, не. Таму што, тое, чаго я дасягнуў у пляжным футболе, пераважвае. Я ўбачыў шмат краін, і ў плане развіцця светапогляду гэта вельмі паўплывала на мяне. Я сустрэў пэўных людзей у жыцці, дзякуючы гэтаму віду спорту. Не ведаю, кім бы быў, калі б не пляжны футбол, думаю, пра гэта нават не трэба разважаць. Лічу, што калі ў мяне не атрымалася ў ролі гульца, то атрымаецца рэалізаваць сябе ў ролі трэнера.

— У трэнерскай дзейнасці вы адчуваеце сябе на сваім месцы?

— Так, мне вельмі падабаецца. За гэтым, хутчэй за ўсё, мая будучыня. Вельмі ўплывае тое, што я не забіў усе эмоцыі, якія адчуваеш, калі сам гуляеш у футбол, таму цалкам яшчэ не пераключыўся. Думаю, трэнерства — гэта маё прызначэнне. З дзецьмі працаваць вельмі цяжка, я ўжо спрабаваў, хоць усё залежыць менавіта ад дзіцячых трэнераў, якія павінны навучыць гульца ўсяму таму, што ён павінен умець ужо ў прафесійным футболе. Дзіцячыя трэнеры павінны быць вельмі адукаванымі, фанатычна адданымі сваёй працы. У рабоце з дарослымі больш тэхнічных момантаў, ёсць свае асаблівасці, складанасці, душа ў мяне ляжыць больш да дарослага футбола. Не ведаю, як атрымаецца, буду я працаваць толькі з варатарамі або стану калі-небудзь галоўным трэнерам. Пакуль збіраюся атрымліваць яшчэ адну адукацыю ў трэнерстве. А мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы. Каб людзі, з якімі я працую, мелі пэўны прагрэс і рухаліся далей, а не сказалі: маўляў, трэнер зрабіў усё, каб я скончыў сваю кар'еру. Буду старацца, каб маіх ведаў станавілася больш, і было, што перадаць падначаленым.

— На ваш погляд, якую ролю трэнер адыгрывае ў кар'еры спартсмена?

— Не скажу, што самую галоўную, але гэта чалавек, які вельмі ўплывае. Я ўсё ж такі схіляюся да таго, што ўсё залежыць ад спартсмена, але трэнер дае напрамак, у якім рухацца. Калі футбаліст прыслухоўваецца, калі ён адказны і сам прагне прагрэсу, то заўсёды даможацца сваёй мэты.

— У вас трое дзяцей, наколькі атрымліваецца сумяшчаць кар'еру спартсмена, трэнера і ролю бацькі?

— Вельмі сумую па дзецях у доўгіх паездках, напрыклад, як цяпер падчас чэмпіянату свету. Гэта цяжка і для іх, і для мяне. У нашай сям'і так склалася, што мы з жонкай разам займаемся іх выхаваннем, я больш часу аддаю асвеце. Мне прыносіць гэта вялікае задавальненне, падабаецца чытаць кнігі з дзецьмі, хадзіць у тэатр і кінатэатр. Гэта вельмі цяжкая праца, але калі я дома, то імкнуся ўсім гэтым займацца.

Зборная Беларусі па пляжным футболе ў 2019 годзе ўпершыню ў сваёй гісторыі прабілася на чэмпіянат свету. Згуляўшы з сапернікамі з Расіі, ААЭ і Сенегала, беларусы не змаглі выйсці з групы. Тым не менш на сённяшні момант зборная займае 19-е месца ў міжнародным рэйтынгу, апярэджваючы такія краіны як Польшча, Францыя, Германія, Англія і іншыя. Для параўнання: зборная Беларусі па звыклым для балельшчыка, вялікім футболе, знаходзіцца далёка за першай паўсотняй.

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.