Вы тут

У Нясвіжскім раёне налічваецца больш як 200 асобін суслікаў


«Суслікі на Міншчыне? Ды не можа быць, яны жывуць у стэпах Казахстана, Паволжа! — такая першая рэакцыя была ў маёй сяброўкі, калі я расказала пра тое, што ў Нясвіжскім раёне прадстаўнікі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» выявілі вялікую калонію гэтых звяркоў. Наогул, суслікі рэдкасцю не былі для Беларусі. Яны вадзіліся не толькі на Нясвіжчыне, але і ў Капыльскім, Баранавіцкім, Навагрудскім, Карэліцкім і іншых раёнах. У былым Савецкім Саюзе з гэтымі грызунамі вялі непрымірымую барацьбу, яны лічыліся патэнцыйна небяспечнымі для сельскай гаспадаркі, паколькі нішчылі азімыя на палях. У выніку неаб'яўленай вайны іх колькасць пастаянна зніжалася, таму суслік рабы спыніўся ў Чырвонай кнізе Беларусі. Аднак цяпер даказана, што гэтыя звяркі прыносяць мінімальную шкоду на палях. Яны харчуюцца звычайнай травой, пры гэтым не адыходзяць ад сваёй норкі.


Упершыню мне расказалі жыхары Нясвіжа, што неаднойчы бачылі на палях гэтых экзатычных для Беларусі звяркоў. А пасяліліся яны тут нібыта дзякуючы князям Радзівілам у ХVІ стагоддзі. Менавіта Мікалай Крыштоф Сіротка прывёз іх са сваёй вандроўкі па Блізкім Усходзе. Але, на думку вучоных, у тамтэйшых краях Сіротка набыў не суслікаў, а мангустаў, або як іх называлі, фараонавых пацукоў. А вось суслікі з'явіліся тут значна пазней. Іх падарылі Пане Каханку — у ХVІІІ стагоддзі. З часам яны прыжыліся ў дзікай прыродзе і моцна распладзіліся. Пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля ў сваім нарысе за 1853 год «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» пісаў наступнае: «Суслік вельмі распаўсюджаны ў Расіі ды іншых краінах. На Літве — толькі ў ваколіцах Нясвіжа. Паводле падання, нехта з Радзівілаў — Сіротка ці Караль, упадабаўшы за мяжой гэтага прыгожага звярка, прывёз пару суслікаў у Нясвіж. Уцёкшы з замка, яны пачалі размнажацца ў навакольных палях, і праз нейкі час іх стала як зорак на небе. Сёння за некалькі міляў адсюль ужо можна сустрэць калоніі суслікаў, але галоўная іх сталіца — гэта прылеглыя да Нясвіжа палі».

На сённяшні дзень суслікаў у Нясвіжскім раёне налічваецца больш як 200 асобін. Магчыма, гэта — адна з самых буйных папуляцый у Еўропе. А знайсці новыя калоніі ўдалося дзякуючы экалагічнай ініцыятыве праекта «Экаманіторынг», якая фінансуецца Еўрасаюзам, і рэалізаванай у Беларусі Праграме развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У 2019 годзе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» сумесна з Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук аб'явіла аб пачатку праекта «Хамяк, суслік і вавёрка-палятуха: выратаваць супергрызуноў».

Сёння выжыванню суслікаў пагражаюць многія фактары. На іх палююць бадзяжныя каты, сабакі, драпежныя птушкі і звяры. І тут нічога не парадзіш — натуральны адбор, выжывае хітрэйшы, мацнейшы. Але, бадай, найпершая пагроза сыходзіць ад чалавека, яго гаспадарчай дзейнасці ў выніку бяздумнага заворвання сельскагаспадарчых зямель, асабліва лугоў, дзе звычайна селяцца асцярожныя звяркі, выкарыстанне ядахімікатаў. Усяго ж па папярэдніх падліках на тэрыторыі нашай краіны налічваецца некалькі тысяч асобін суслікаў. І іх папуляцыя катастрафічна змяншаецца. Нягледзячы на тое, што гэты від грызуноў знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, неабходныя дадатковыя меры па іх захаванні з боку грамадскасці, жыхароў. Трэба прывіваць людзям экалагічную культуру, даць неабходныя веды, каб яны цанілі і шанавалі гэтых цікавых і гожых звяркоў.

На думку экспертаў, усе землі, дзе пражываюць грызуны, неабходна ўзяць пад абарону. Тэрыторыю плануюць агароджваць, а таксама — ладзіць сюды спецыяльныя экскурсіі. Напрыклад, у Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе распрацоўваюцца экалагічныя тэматычныя маршруты «У госці да суслікаў». Аднак, як папярэджваюць эксперты, іх неабходна праводзіць вельмі акуратна, далікатна, каб не нашкодзіць грызунам. Мяркуецца таксама выпускаць сувенірную прадукцыю з выявай сусліка і рэалізоўваць яе ў Нясвіжскім палацы: міні-скульптуры, дэкаратыўны посуд і іншае.

Суслікі — прыроднае багацце, якое нельга страціць. Грызуны могуць стаць сапраўдным брэндам Нясвіжчыны, што прыцягне больш айчынных і замежных турыстаў. Сапраўды, у дзікай прыродзе ўбачыць гэтых звяркоў надзвычай цяжка. Небяспечнае існаванне прымусіла іх быць вельмі асцярожнымі і недаверлівымі. Мяркую, і дарослым, і дзецям было б цікава паназіраць за жыццём гэтых істот пад кіраўніцтвам прафесіяналаў, набыць сувеніры. Магчыма, гэта стала б дадатковым заробкам для мясцовых жыхароў, стварыла б новыя рабочыя месцы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Аляксандра Вінчэўскага

Загаловак у газеце: У госці да Радзівілаўскага сусліка

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.