Вы тут

Пабачыў свет чарговы шыкоўны дапаможнік для моладзі


У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пабачыў свет чарговы шыкоўны дапаможнік для моладзі. Восьмы том «Энцыклапедыі для школьнікаў і студэнтаў» прысвечаны беларускай літаратуры.


Гэта кніжка дапаможа рыхтавацца да ўрокаў, іспытаў, тэстаў, і нават алімпіяд, бо ў ёй можна знайсці як матэрыялы, звязаныя са школьнай праграмай, так і багата дадатковай інфармацыі. Том падрыхтаваны выкладчыкамі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта на аснове парад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па вывучэнні гэтага прадмета вучнямі старэйшых класаў сярэдніх школ, гімназій, ліцэяў, а таксама студэнтамі першых курсаў філалагічных факультэтаў ВНУ.

У ёй змешчаны матэрыял, які датычыцца развіцця беларускай літаратуры ад старажытнасці да нашых дзён, артыкулы пра пісьменнікаў, кароткі аналіз некаторых з іх твораў. Таксама ў энцыклапедыі надрукаваны слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў, падрыхтаваны доктарам філалагічных навук, прафесарам, выкладчыкам філалагічнага факультэта БДУ Вячаславам Рагойшам.

Юныя чытачы, якія дзякуючы энцыклапедыі адкрыюць для сябе шмат новага, знойдуць не толькі дзесяць, а нават болей прычын для таго, каб палюбіць беларускую літаратуру. Ірына Мішчанчук — кандыдат філагічных навук, загадчык кафедры беларускай і замежнай літаратуры філфака БДПУ заўважыла, што выхад такой энцыклапедыі — пэўны крок у піяры беларускай літаратуры.

Да таго ж аўтары кнігі звярнулі ўвагу на тое, што на нашай зямлі творы ствараліся не толькі на беларускай мове, але і на польскай, і рускай, і што развіццё літаратуры можа ісці па розных кірунках. Асобныя артыкулы распавядаюць і пра станаўленне беларускай драматургіі.

«Мы вывучылі абагулены вопыт папярэдніх даследчыкаў і далі тое, што палічылі неабходным і самым істотным, — расказвае адзін з аўтараў энцыклапедыі, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце філфака БДПУ, старшы выкладчык кафедры беларускай і замежнай літаратуры Святлана Сычова. — Важна яшчэ і тое, што літаратура падаецца як частка культуры, развіцця грамадства. Яна адлюстроўвае подых часу, і мы імкнуліся гэта паказаць, пісалі пра тое, якія змены адбыліся ў свядомасці людзей і, адпаведна, як яны адлюстраваліся ў літаратуры».

Наогул усе тамы серыі «Энцыклапедыя для школьнікаў і студэнтаў» будуюцца па аднолькавым прынцыпе — з аднаго боку, гэта папулярнае выданне, у якім вялікая ўвага аддаецца афармленню (адзначым, што восьмы том багата праілюстраваны), з другога — аўтары ствараюць кнігу на высокай навуковай аснове, каб павышаць узровень навучэнцаў і студэнтаў, паказваць, што рыхтавацца да заняткаў можна не толькі па «Вікіпедыі», але і па сур'ёзных выданнях.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв'ю: tokkoro.com

Загаловак у газеце: «Энцыклапедыя» замест «Вікіпедыі», альбо Дзесяць прычын палюбіць беларускую літаратуру

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

У 2019 годзе медыцынскую дапамогу ў Беларусі аказвалі на належным узроўні.

Грамадства

У чым сутнасць вішынгу — аднаго з відаў махлярства

У чым сутнасць вішынгу — аднаго з відаў махлярства

З выкарыстаннем сацыяльнай інжынерыі. 

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.