Вы тут

Што хвалюе жыхароў Брэсцкай вобласці?


Гандаль у вёсцы, транспарт, добраўпарадкаванне. Гэтыя і іншыя пытанні ўздымаліся на прамой тэлефоннай лініі жыхароў вобласці са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Анатолем ЛІСАМ.


На прамую лінію, якая адбылася ў суботу, дазваніўся 31 чалавек. Пытанні і праблемы аўтары зваротаў агучылі самыя розныя. Размова ішла пра новае будаўніцтва і добраўпарадкаванне гарадоў і вёсак, спорт, ахову здароўя. Шэраг званкоў з глыбінкі датычыўся вясковых магазінаў. Людзі скардзяцца, што крамы закрываюць.

Іх не задавальняе работа аўтамагазінаў. Адразу два звароты на гэтую тэму паступілі з розных канцоў Баранавіцкага раёна. Напрыклад, у вёсцы Гута цагляны будынак стаіць закрыты, бо не змаглі знайсці прадаўца. А ў вёсцы Добры Бор згарэў магазін, цяпер гандаль вядуць у прыстасаваным памяшканні.

З аналагічнай праблемай звярнуліся жыхары вёскі Рудая Івацэвіцкага раёна. «Аўтакрама заўсёды спяшаецца, ёй трэба за дзень аб'ехаць дзясятак ці больш вёсак. А я аднойчы не паспеў нават хлеба купіць», — даводзіў адзін пенсіянер губернатару. Кіраўнік вобласці настойліва рэкамендаваў старшыням райвыканкамаў разабрацца ў кожнай сітуацыі. Калі стаіць цагляны будынак, то не варта за яго трымацца, можна прадаць за адну базавую прадпрымальніку — мясцоваму фермеру з умовай, што ён будзе разам са сваёй прадукцыяй прадаваць тавары першай неабходнасці. Падобныя прыклады ёсць. Трэба разгледзець усе варыянты, перш чым павесіць замок на магазін.

Жыхар вёскі Малеч Бярозаўскага раёна скардзіўся на недахоп прыпынкаў па маршруце аўтобуса, які ходзіць з горада. Малеч — вёска немалая, расцягнутая больш за кіламетр уздоўж асноўнай дарогі, але аўтобус робіць толькі адзін прыпынак. Пажылым і хворым людзям цяжка бывае дабрацца. З Літвы Ляхавіцкага раёна людзі паскардзіліся на будаўнікоў, якія пракладвалі трубы водаправода, а выкапаны грунт пакінулі ўздоўж вуліцы. На выпраўленне хібаў губернатар адвёў тыдзень.

Асобныя пытанні датычыліся далейшага развіцця абласнога цэнтра. Старшыня аблвыканкама паведаміў пра пачатак будаўніцтва новага корпуса абласной дзіцячай бальніцы, а таксама пра работу па праектаванні новай паліклінікі ў паўднёва-заходнім мікрараёне Брэста. Будуць узводзіцца школы і дзіцячыя садкі. Перад кіраўнікамі рэгіёнаў, якія былі на відэа-канферэнц-сувязі падчас прамой лініі, губернатар узняў пытанне напаўняльнасці дзіцячых садкоў. Як паказвае практыка, у цэнтры вялікіх гарадоў садкі часта не запаўняюцца, а ў новых мікрараёнах месцаў крытычна не хапае. Таму ў шэрагу выпадкаў ёсць падставы арганізаваць падвоз дзяцей, каб выраўняць запаўняльнасць дзіцячых дашкольных устаноў.

А ў ліку першых на прамую лінію дазваніўся фанат брэсцкай футбольнай каманды. Балельшчык цікавіўся, ці будзе ўзводзіцца новы стадыён, пра які даўно ходзяць размовы. Пытанне выглядае асабліва актуальным цяпер, калі каманда выйшла на еўрапейскі ўзровень. Вунь нават ёлку ў Брэсце сёлета ўпрыгожваюць вялікім футбольным мячом у гонар перамогі «Дынама». Губернатар паведаміў, што падбіраецца пляцоўка для будучага аб'екта. Ён задуманы не толькі як стадыён, але і як вялікі культурна-забаўляльны цэнтр. Калі знойдзецца фінансаванне, налета пачнецца работа па праектаванні і будаўніцтве.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?