Вы тут

Прэзідэнт патрабуе максімальную аддачу ад кожнага ўкладзенага ў эканоміку рубля


Урад традыцыйна да канца года падрыхтаваў прапановы аб аказанні чарговай дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам. Яны былі агучаны сёння на нарадзе аб рэалізацыі найбольш праблемных інвестыцыйных праектаў.


Па словах Аляксандра Лукашэнкі, яна будзе рэалізавана пасля пераканаўчых доказаў, што ў гэтай падтрымцы маецца патрэба і не правалены план мадэрнізацыі і інвеставання, даведзены раней. 

Менавіта інвестыцыі разам з экспартам з’яўляюцца галоўнымі фактарамі росту нацыянальнай эканомікі. Пытанні, на якія хацеў пачуць адказы Прэзідэнт, гучалі наступным чынам: чаму ўкладанне значных сродкаў па асобных праектах аказалася малаэфектыўным? Якія рашэнні прынятыя ўрадам для стабілізацыі работы прадпрыемстваў? Што зроблена новым урадам па запуску вытворчасцей на новых прадпрыемствах? Што неабходна зрабіць для выключэння ў далейшым пралікаў? Адрасаваліся яны прадстаўнікам урада, старшыням абласным выканаўчых камітэтаў і, безумоўна, кіраўнікам гэтых складаных прадпрыемстваў, якія таксама былі запрошаны на нараду. 

«З моманту здабыцця незалежнасці, як бы ні было цяжка, мы не закрылі, а падтрымалі і пастаянна развіваем прамысловую вытворчасць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асабліва Прэзідэнт спыніўся на тым, што ўжо зроблена: захаваны найбуйнейшыя ў сусветным маштабе прадпрыемствы машынабудавання, нафтаперапрацоўчай і хімічнай прамысловасці, значна мадэрнізаваны дрэваапрацоўчая, цэментная і харчовая галіны, створаны новыя высокатэхналагічныя магутнасці ў традыцыйнай энергасістэме. Пры гэтым актыўна развіваецца аднаўляльная і атамная энергетыка. Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі арганізавана вытворчасць лінейкі легкавых аўтамабіляў і рэалізуецца маштабны біятэхналагічны праект па вытворчасці амінакіслот.

Але галоўнае: нягледзячы на складанасць эканамічнай сітуацыі, штогод атрымлівалася захоўваць абгрунтаваны ўзровень інвестыцый у эканоміку.

«Пры гэтым галоўнае патрабаванне нязменнае — максімальная аддача ад кожнага ўкладзенага рубля. У выніку павінны быць забяспечаны эфектыўная занятасць і годны заробак. Мэта інвестыцый — стабільнае рэгіянальнае развіццё і павышэнне ўзроўню жыцця чалавека. Гэта значыць, укладаючы грошы ў эканоміку, мы арыентаваліся перадусім на тое, каб з’яўляліся і развіваліся традыцыйныя прадпрыемствы, якія заснаваны на пераапрацоўцы сыравіны, што маецца ў наяўнасці ў нашай краіне», — паведаміў кіраўнік краіны. Напрыклад, дрэваапрацоўка, цэментная вытворчасць.

Але чаканыя вынікі атрыманы не паўсюль. Запланаваныя бізнес-планамі паказчыкі не дасягнутыя, увод у прамысловую эксплуатацыю асобных новых вытворчасцей, якія даўно павінны працаваць і прыносіць прыбытак, наогул спынены.

«Мной былі дадзены канкрэтныя даручэнні дэталёва разгледзець праблемныя пытанні як на месцах, так і ва ўрадзе пад персанальную адказнасць службовых асоб выпрацаваць сістэмныя рашэнні, якія дазволяць прадпрыемствам эфектыўна развівацца. Тым не менш урад да канца года традыцыйна падрыхтаваў прапановы аб аказанні чарговай дзяржаўнай падтрымкі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Акрамя пытанняў, звязаных з развіццём вытворчасці, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся забеспячэннем экалагічнай абароны беларускай прыроды: «Гэта наша галоўнае багацце. Бясцэнная спадчына, якая належыць не толькі нам, але і дзецям і якую абавязаны захаваць. А прэтэнзіі ў ведамстваў па ахове прыроды да інвестараў дастаткова».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нарада вельмі важная, — на кон пастаўлены сотні мільёнаў долараў, якія ўкладзены ў вытворчасць. «Таму давайце без лішніх слоў, пакут,стогнаў, заклінанняў вызначацца, што будзем рабіць далей асабліва з некаторымі асобнымі прадпрыемствамі, якія даўно павінны працаваць і прыносіць прыбытак», — завяршыў Прэзідэнт.

Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас расказаў, што ўрад працуе над завяршэннем асабліва значных для краіны інвестыцыйных праектаў. З 34 праектаў 22 уведзены ў эксплуатацыю (па 12 забяспечаны выхад на праектныя магутнасці). Па чатырох з іх, самых складаных, неабходна рашэнне кіраўніка краіны ў выглядзе ўказаў. 

«Прэзідэнт не падтрымаў гэтыя дакументы ў працоўным парадку, а адправіў іх на нараду, каб яшчэ раз пераканацца, што меры, якія просяць прадпрыемствы ў выглядзе дзяржпадтрымкі для заканчэння гэтых праектаў, пралічаны і аптымальныя. Гэта тры праекты ў сферы цэлюлозна-папяровай прамысловасці — „Светлагорскі ЦКК“, завод у Добрушы, завод у Шклове. І чацвёрты праект, гэта наша мінскае прадпрыемства „Камволь“ — новы праект па вытворчасці суконнай тканіны», — паведаміў Сяргей Румас.

На рэалізацыю гэтых праектаў прадпрыемствы і канцэрны запрасілі дадатковыя бюджэтныя сродкі і перанос тэрмінаў звароту раней выдадзеных сродкаў.

У завяршальнай стадыі знаходзіцца праект па будаўніцтве завода сульфатнай бялёнай целюлозы на базе «Светлагорскі ЦКК». Па словах Сяргея Румаса, з 2018 года гэты праект заканчваецца «сваімі сіламі» без дапамогі інвестараў. Сярэдняя сучатная вытворчасць знаходзіцца на ўзроўні 80% ад праектных. З пачатку года выпрацавана 135 тысяч тон цэлюлозы, якая адпавядае ўсім міжнародным стандартам. «Зараз мы працуем над загрузкай вытворчых магутнасцей у рамках стабільнага тэхналагічнага працэсу», — адзначыў кіраўнік урада. Каб скончыць усе працэдуры і ўвесці завод у эксплуатацыю, неабходна прыняцце указаў, унесеных на разгляд кіраўніку краіны.

Абавязкі інвестараў па будаванні прадпрыемства ў Добрушы па вытворчасці мелаваных і немелаваных відаў кардону пад ключ не былі выкананыя. Захавана абсталяванне, праведзена інвентарызацыя, аб’ект закансерваваны. Урад выпрацаваў схему завяршэння праекту асобнымі пускавымі комплексамі і ўхваліў яе на пасяджэнні Прэзідыума Савета міністраў. «Для таго, каб увесці гэты праект, які ўжо амаль два гады закансерваваны, патрэбна 83 мільёны еўра», — адзначыў кіраўнік урада.

Трэці праект—вытворчасць паперы-асновы для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў «Завод газетнай паперы» (горад Шклоў). Вытворчасць уведзена ў эксплуатацыю ў 2016 годзе, але на кантрактныя параметры не выйшла. Падрадчык не забяспечыў выпуск якаснага прадукта. Сёння лінія працуе кругласутачна, але стварае альтэрнатыўныя віды паперы. Для рэалізацыі магчымасцяў неабходна дапрацоўка пэўных вузлоў і агрэгатаў. 

На плошчах «Камволя» ствараюць вытворчасць суконнай тканіны. Разглядаліся розныя варыянты, але рэалізацыя праекта менавіта па пляцоўцы «Камволя», па меркаванні ўрада, з’яўляецца найбольш аптымальнай. Рэнтабельнасць новай вытворчасці павысіцца за кошт эфектыўнага выкарыстання энергетычных рэсурсаў, актывізацыі кіруючага і дапаможнага персаналу. Сярод прычын непаспяховасці праекта — невыкананне дагаворных абавязкаў замежнымі партнёрамі па рэалізацыі прадукцыі. Зараз «Камволь» самастойна выходзіць на сусветны рынак. Асноўная праблема «Камволя» сёння — складанасці ў закупцы сыравіны і матэрыялаў ва ўмовах закрэдытаванасці. 

Па астатніх 30 праектах рашэнне кіраўніка краіны не патрэбна — яны ляжаць у кампетэнцыі ўрада ці прадпрыемстваў. Па словах Сяргея Румаса, дзяржаўная падтрымка ў краіне выдзяляецца толькі па рашэнні кіраўніка краіны: «Калі мы па 30 праектах не выходзім на кіраўніка краіны— значыць, яны спраўляюцца сваімі сіламі».

Аб важнасці своечасовага ўвядзення ў строй гэтых праектаў і выхада на праектную магутнасць гаворыць адна лічба. «Калі б гэтыя прадпрыемствы працавалі па раней зацверджаных бізнес-планах, то рост ВУП толькі па гэтай групе прадпрыемстваў быў бы на 0,3% больш, чым мы маем сёння. Таму такія адносіны і ўвага кіраўніка краіны да гэтых 34 найважнейшых інвестыцыйных праектаў», — пазначыў прэм’ер-міністр.

Па выніках нарады па праблемных інвестыцыйных праектах Прэзідэнт даручыў стварыць міжведамасную працоўную групу 

Яна павінна падцвердзіць, што ўнесеныя ўрадам дакументы, тэрміны і сумы абаснаваныя і ў прадпрыемстваў вычарпаны ўсе магчымасці для самастойнай рэалізацыі незавершаных інвестпраектаў. Група на працягу двух тыдняў завершыць гэту працу, і Указы выйдуць у 2019 годзе.

У склад групы ўвойдуць прадстаўнікі Акадэміі навук, Белстата, Адміністрацыі Прэзідэнта, эканамісты з урада і дзяржаўных органаў.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.